Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Якая музыка грала на танцах дзвесце год таму

А ці чулі вы, як грае жытнёвая саломінка? Яна грае прыгажэй за кларнет! А дуда? А лера? А жалейка? Далібог, як пачуеш галасы гэтых дзівосных інструментаў, якія чамусьці ніколі і нідзе не паказвалі нам раней, дык ногі самі ідуць у скокі, а вочы лезуць на лоб: во дык музыка, во дык музыкі!

Мо, таму і забаранялі іх, таму і выціскалі з нашай памяці і свядомасці, каб хадзіў беларус «сівы сам, белы вус», самотным буслом па няўтульным балоце…

З нашымі здзіўленнямі, здагадкамі, пытаннямі і неспадзяванкамі мы звярнуліся да беларускага рок-музыкі Яраша Малішэўскага: каб апавёў, паказаў, праспяваў дый патлумачыў. 


Ці шмат у Беларусі людзей, якія аднаўляюць старажытныя беларускія інструменты? Як гэта наогул адбываецца: узнаўляецца паводле кніг і здымкаў, ці перадаецца з пакалення ў пакаленне?

Людзей, якія займаюцца стварэннем, рэканструкцыяй народных інструментаў не гэтак і шмат — некалькі дзясяткаў. Але ўсё ж, калі параўноўваць з тым, што адбывалася яшчэ гадоў дваццаць таму — прагрэс відавочны.

З аднаго боку зараз паміраюць апошнія тыя, старыя майстры, што дажылі да нашых дзён.

З другога боку, са знікненнем гэтай генерацыі на змену ім прыйшло новае пакаленне. І працягвае прыходзіць. Почасту гэта зусім маладыя людзі, апанаваныя гэтай тэмай.

А як усё тое адбываецца? Тут два шляхі. Першы з іх — калі традыцыя перадаецца. Калі моладзь мае магчымасць пераймаць яе, так бы мовіць, жыўцом — кантактуючы з носьбітамі тых самых традыцыяў, прыёмаў, напрацовак і самога духу. Другі шлях — калі ўсё тое аднаўляецца паводле кніг, малюнкаў, схемаў, фіксацый, разгляду старых інструментаў, якія захаваліся, скажам, у музеях. Альбо ў нас нешта не захавалася, але ацалела ў суседзяў.

Праз знішчэнне беларускай культуры почасту менавіта гэтак і даводзілася ў васьмідзясятыя-дзевяностыя гады і рабіць.

velvet_1.jpg

Як вы прыйшлі да народных інструментаў?

Да іх прыйшоў не адразу. Напачатку гэта была рок-музыка (зрэшты, яна і сёння нікуды не падзелася). А ўжо значна пазней мяне зацікавіў і фальклор — напачатку ў якасці слухача. Пасля закарцела паспрабаваць нешта граць. Першым інструментам сталася старая дудка, якая ў літаральным сэнсе звалілася на мяне з паддашка аднае хаты. Добра-такі выцяўшы па галаве.

Зрух у мазгах — і пачалося!

Зрэшты, нічога выпадковага ў гэтым нямашака… Гэтыя рэчы — яны ж у крыві. Займаючыся беларускай гісторыяй, культурай, цяжка застацца наўзбоч. Дый мае продкі мелі дачыненне да музыкі — святой памяці дзед мой Антось узгадваў, як у нашых шляхецкіх засценках ладзіліся вечарынкі, і мае крэўныя там гралі ў капэлі: скрыпка, бубен, басоля.

Грамада танчыла гэтак, што апавядаў дзед — «падкоўкі ў столь пырхалі!» Памалу загарэўшыся, я стаў шукаць запісы, ноты, майстроў.

Стваралася і пашыралася кола «пэўных» людзей. Наперадзе былі вандроўкі, падарожжы, экспедыцыі, знаходкі…

velvet_2.jpg

Узгадаю адну з шматлікіх гісторый, што са мною адбываліся.

У адным Богам забытым фальварку давялося пазнаёміцца з дзедам, які вырабляў дудкі з… трунаў.

Так-так, менавіта. У іх там быў звычай ладзіць труны дубовыя. І вось рака ўсцяж падмывала могілкі. А дуб не парахнее. І гэты адмыслоўца з дамавінаў халера ведае якіх часоў штукаваў дудкі. Паводле ягоных перакананьняў яны мелі магічную моц. У працэсе вырабу гэты чалавек яшчэ і пэўныя заклёны прамаўляў…

Адзін палескі майстра апрача музычнага кірунку займаўся яшчэ і напоямі — смачнымі, але моцнымі. І вось прыехаўшы да яго ў суботу забіраць акарыну, я саступіўшы і пакаштаваўшы «тры кроплі вунь таго ліквору» апамятаўся ажно ў аўторак, безнадзейна спазніўшыся паўсюль…

Бывала гэтак, што я апынаўся апошнім, хто замаўляў той ці іншы інструмент у майстра, якому было пад сто гадоў. Чаго толькі не было…

Як вы першы раз сустрэліся з лерай? Хто робіць у Беларусі  леры? Ці шмат гэтых інструментаў у працоўным стане ёсць сёння ў Беларусі? Ці шмат хто ўмее на леры граць?

Леру я пабачыў ды пачуў яшчэ ў маленстве. Узгадаем «Песняроў», якія аджывілі і рэанімавалі яе ў 1970-х. А ўжо дзевяностыя-двухтысячныя гады — час, калі лера конча выйшла «з падмосця» і зноўку заняла годнае месца ў арсенале нашых музыкаў.

Інструмент надзвычай цікавы, і калі я ўцягнуўся ў гэтае кола, то пастанавіў, што ён у мяне абавязкова мусі быць.

Вядомы майстар Тодар Кашкурэвіч выштукаваў для мяне корбавую леру. І стала яна граць на маіх выступах, а таксама гучаць на канцэртах і запісах розных музычных калектываў, дзе я граю. Яшчэ адзін знаны майстар лерніцкі — Алесь Лось.

velvet_3.jpg

У тыя «вясёлыя часы, калі беларусам настойліва даводзілі, што іхныя народныя традыцыі — гэта какошнікі і балалайкі, лера выводзілася з ужытку і практычна знікла. Зрэшты гэта датычыцца і многіх іншых інструментаў.

Дзякуй Богу, сёння нашае вяртаецца. Асабліва паказальны ў гэтым сэнсе рэнесанс дуды. Лера ж засталася інструментам і сёння досыць малавядомым. Бо інструмент спецыфічны, з адметнай энергетыкай — не кожнаму адчыняецца. Старых лераў літаральна колькі асобнікаў ёсць у музеях, а новых таксама няшмат, але ёсць.

Ніша гэтая сёння нешырокая, але ж якая файная! Бо здаўна гучалі лерніцкія песні ў каралеўскіх палацах, у корчмах, на кірмашах і застоліцах-бяседах. А якія песні дзівосныя старажытныя — жывая гісторыя!

Што вам як музыку больш даспадобы: дуда ці жалейка?

Параўноваць іх цяжка. Жалейка — інструмент аднагалосны. У гэтым ёсць, безумоўна, свой «цымус» і выразнасць. Нездарма Янка Купала назваў гэтак сваю першую кнігу.

А дуда — гэта ж цэлы сусвет. У ёй ёсць і жалейка, на якой дудар грае мелодыю, і бурдоны, што даюць пэўныя ноты, і скураны мех, дзе жыве душа дуды. Дуда — інструмент сакральны. У ім гэтак шмат усяго ўкладзена ды закручана! І нябёснага і зямнога. Зазвычай кажучы пра дуду, маюць на ўвазе Шатландыю. Але ж як там, гэтак і ў нас дуда была знакавым інструментам.

velvet_4.jpg

На ёй гралі і як чалавек народзіцца, і на хаўтурах, і на скоках, і на вяселлях. Дуда гучала і на полі бітвы, і падчас магічных рытуалаў.

Дуда адлюстроўвае душу беларуса папросту ідэальна — гэткі наш код. Чалавек, які проста возьме колькі нотаў на дудзе, ужо стварае моцнае ўражанне, не кажучы пра нешта большае. Ды сам ты, як пачынаеш граць, адчуваеш сваю далучанасць да космасу. Беларускага і не толькі. Адным словам — наркотык. Станоўчы.

Так што трэба быць гатовым: ступіўшы на гэты шлях, назад ранейшым ты ўжо не вернешся. Вось і я не вярнуўся...

Як вы навучыліся рабіць пішчык і граць на ім? Ці можа гэта зрабіць кожны з нас?

Пішчык — інструмент просты, і ў той самы час выраб ягоны вымагае ведання розных сакрэтаў. Нагадаю, што вырабляецца пішчык са сцябліны жыта. Па-першае, гэтая сцябліна мусіць мець пэўныя параметры і «ўзрост». Зразаць трэба і не раней, і не пазней пэўнага тэрміну. Тады трэба яго адмысловым чынам высушыць, выразаць язычок, прыпаліць яго, зрабіць адтуліны. Усё тое — праца дужа дэталёвая. Міліметр залішны не ў той бок і ўсё — трэба браць іншую сцябліну. А тады яшчэ розныя лакі!

Так што ў некаторых безліч часу сыходзіць на тое, што, здавалася б, за дзесяць хвілін ажыццявіш. Дах з’яжджае — так што небяспечная гэта рэч…

Навучыў мяне «пішчыкоўству» майстар Віктар Кульпін. І цяпер я сам раблю гэты дзівосны інструмент, які здзіўляе і агаломшвае слухачоў — і нашых, і замежных.

І сапраўды: здавалася б, простая сцябліна — а грае, ды яшчэ гэтак эфектна й каларытна. «Ніколі б не мог падумаць!» — часцяком даводзіцца чуць. Памятаю, як выступалі мы ў Даніі, то па канцэрце адна кабета марна намагалася знайсці сярод маіх інструментаў «ну той, што гэткі гук забойны выдае». Яна была перакананая, што ён мусіць быць таксама вялізным і ніяк не давала веры, што гэта пішчык — ценкі, маленькі, які можна зламаць, калі крыху мацней сціснуць пальцы.

Відэа N.R.M. feat. PAPARAĆ — Сродакі Мэта (Metallica — Nothing Else Matters cover)

Вы граеце ў сучасных рокавых ансамблях. А якая карысць року ад старажытных інструментаў?

Рок-музыка — жанр, які намагаецца ўзбагаціцца, выкарыстоўваючы самыя розныя колеры і адценні. Вазьміце вядомыя, класічныя, ну хоць бы ангельскія гурты: The Beatles, The Rolling Stones, Led Zeppelin, Jethro Tullі гэтак далей. Тое, што яны ангельскія, відаць не толькі з мовы, але і з музыкі. Свае традыцыі тут наскрозь і ўсцяж. І гармоніі, і атмасфера, і традыцыйныя інструменты сустрэнеш…

І гэтак у амерыканцаў, палякаў, шведаў, украінцаў ды іншых.

Найлепшыя вынікі дае свой, нацыянальны каларыт. Вялікая частка нашых найлепшых музычных калектываў таксама намагаецца працаваць у гэтым кірунку. І сапраўды — з’яўляецца адчуванне падтрымкі, якую дае свая глеба. Я ўжо не кажу пра тое, як гэта прыгожа! Так што заклікаю прыходзіць на нашыя канцэрты — ну, вось хаця б капэля «ПАПАРАЦЬ», ці акустычны NRM — самі пабачыце ды пачуеце. Так што карысці, як той казаў, з коптурам.

Відэа Pete Paff — Кузнічка

Ці граеце вы на леры, дудзе, жалейцы сябрам і сваякам, не на канцэртах, а ўдома, вось як, бывае, граюць на гітары?

На гітары, дарэчы, я таксама граю. І ў хаце, і на канцэртах. І як жа без музыкі, асабліва, калі вакол багата інструментаў! Варганамі лекую, акарынамі зачароўваю, мандалінаю закалыхваю. Калі трэба выцьверазіць — бяру шархуны.

Але які эфект, скажам, дае прыроднае атачэнне!

Як гучыць дуда на знакамітай Лысай Гары, пад Заслаўем! Мейсца там дзівоснае — дагэтуль святыя камяні ляжаць. Укладалі іх там болей за тысячу гадоў таму. Уначы, вогнішча палае, ды ў таварыстве добрым…

Альбо як разлягаюцца гукі флейты на «полі пяці дубоў» у купальскую ноч! Калі граеш, спыняешся, і чуеш, як здалёк адгукаецца і ляціць-вяртаецца да цябе рэха. Казка дзівосная!

velvet_7.jpg

Ваша ўлюбёная беларуская песня — з народных, з сучасных?

Во пытанне, на якое надта цяжка даць адказ! Песень я ведаю багата, пэўную колькасць і сам напісаў… З народных я назваў бы «Ой, сівы конь бяжыць». А можа — «Як вазьму я ружу-кветку». Альбо «Усе лугі». Але ж іх гэтак шмат! Галава круціцца.Тут ужо ўсё ад настрою залежыць.

Калі спяваеш сам сабе, альбо ў якім падарожжы, на памяць прыходзяць песні старыя, народныя, традыцыйныя. Якія і ствараліся, каб іх мог праспяваць кожны, і без усялякіх інструментаў. Адчуць тое, што закладзена ў іх здаўна. 

Які з старажытных інструментаў больш за ўсё любіць ваша дачка?

Альжбэта ад нараджэння чуе інструменты. Ды што ад нараджэння — яшчэ і перад ім чула. Калі я прыехаў забіраць Аксану і дачку з радзільні, і як яны выходзілі на ганак, гучала дуда. Перакананы, што ўпершыню ў гэтай установе. Бо выразы твараў, прыліплых да шыбаў на ўсіх паверхах — гэтага не забудзеш.

Былі чуткі, што адразу пасля гэтага невялічкага канцэрту колькі кабет і нарадзілі…

Дарэчы, адно з першых словаў, прамоўленых дачкою, і было — «дуда». А найбольш яна любіць цымбалы. Яны — па-за канкурэнцыяй. Іншага варыянту папросту не было.

Калі Альжбэта ўпершыню пабачыла ды пачула іх, было прамоўлена: «Толькі яны!» і тут ужо нікуды бацькі падзецца не маглі. Ледзьве ейныя рукі ад чужога інструмента адарвалі, паабяцаўшы ёй такі самы. А як ужо мы шукалі яго… І знайшлі!

velvet_5.jpg

Да таго ж у некаторых калектывах, дзе я маю гонар браць удзел, цымбалы ёсць. І Альжбэта, прысутнічаючы на канцэртах, а часам на рэпетыцыях, мела магчымасць да ўсяго прыглядацца ды прыслухоўвацца.

Зараз дачка ходзіць у музычную школу. Першы свой канцэрт Альжбэта, дарэчы, наладзіла там, на Лысай Гары, для святых камянёў. Тыя слухалі яе, як, магчыма, некалі чулі і бачылі княгіню Рагнеду. Асвяціла, можна сказаць, інструмент.

Дачка нас з Аксанаю і натхніла на стварэнне супольнай кнігі — «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх музычных інструментаў». Зараз яе знойдзеш хіба ў камісійных…

Цешыць тое, што зараз мы з Альжбэтаю часам выступаем разам. А найлепшы наш слухач і крытык — вядома ж, Аксана. Жонка і мама.

velvet6.jpg

Відэа Pete Paff у Дунілавічах Магутны Божа

Фота з асабiстых архiваў героя

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (1) Последнее сообщение
Тати аватар

Я слышала))) Именно в его исполнении))) До сих пор под впечатлением))) 

Плюс еще столько сразу нового узнала и услышала)))

Влюбленные в свое дело, увлеченные, "болеющие" за Беларусь - Аксана и Яраш!!! 

#
Система Orphus