Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETОВое интервью. «Жыць тут і змяняць да лепшага тое, што магу»

Беларус Арамаіс Міракян зацікавіў мяне з першага погляду. Чорнабровы малады чалавек з відавочна небеларускім прозвішчам каментаваў беларускамоўныя тэксты ў сацсетцы на выдатнай беларускай мове.

Нехта хаваецца за псеўданімам? — падумала я. Аднойчы мы абмяняліся рэплікамі датычна Уладзіміра Дубоўкі — і гэта была размова на роўных.

Ну нічога сабе! — не на жарт здзівілася я.

Гэта нехта няпросты хаваецца за псеўданімам! А калі жанчыну хто-небудзь зацікавіць — няўжо яна спыніцца перад невядомым? Аказалася — і сапраўды, не надта просты чалавек гэты беларус Арамаіс Міракян.

velvet_1.jpg

Арамаіс, вы ж па крыві — не беларус?

Не беларус. Напалову армянін, напалову рускі. Бацька прыехаў з Арменіі ў 1993 годзе, яго родны горад вельмі моцна пацярпеў ад Спітакскага землятрусу ў 1988 годзе.

Цікавая гісторыя: бацька не збіраўся жыць у Беларусі, ен прывез нейкі тавар, каб прадаць яго тут. Тавар не прадаўся, бацька быў вышумашаны правесці тут зіму. У выніку пазнаеміўся з маей маці (здаецца, на дыскатэке), а праз два гады нарадзіўся я.

Маці нарадзілася у Мінску, але мае бабуля з дзядулем — са Смаленскай і Пскоўскай вобласці адпаведна. Бабуля жыве тут з 1955, прыехала ў 14 гадоў да свайго бацькі, які тут працаваў. А дзядулі, нажаль, больш за 20 гадоў няма з намі, ен рана пайшоў з жыцця. 

А калі вас пытаюцца пра нацыянальнасць, што адказваеце?

Сцісла распавядаю тое, што распавеў вышэй. Сам сябе я лічу беларусам, і толькі ў апошнія колькі гадоў я зразумеў, што ўва мне есць нешта армянскае. А вось нічога, што далучала б мяне да рускіх — я ў сябе не бачу.

Вы даволі бойка пішаце і размаўляеце па-беларуску. Як вы авалодвалі мовай?

З-за некаторых праблем са здароўем (Арамаіс хварэе на ДЦП — Г.С.) школьную адукацыю я атрымліваў дома, у мяне былі цудоўныя настаўнікі гісторыі, мовы і літаратуры — Наталля Уладзіміраўна Мазалевіч, Наталля Леанідаўна Карабіцына, Марына Аляксандраўна Тарашкевіч.

Гэтыя людзі вельмі моцна паўплывалі на мае пачуцце беларушчыны, пачуцце таго, хто я есць і дзе мае месца у гэтым свеце, за што я ім кажу вялікі «Дзякуй!». Заўседы любіў чытаць, літаратура таксама моцна на мяне паўплывала.

velvet_3.jpg

Ну добра, настаўнікі. Але шмат у каго — прафесійныя настаўнікі, і людзі не могуць пераступіць моўны бар’ер. А ў вас — нязмушаная, прыгожая мова… З кім практыкуецеся? Можа, у вас есць беларускамоўныя сябры? Ці гэта — нейкія асаблівыя моўныя здольнасці?

Сяброў беларускамоўных, асабліва пасля таго, як трапіў на журфак, хапае. Гэта адзіны факультэт, на якім амаль палова дысцыплін выкладаецца па-беларуску. Без ведання мовы там часам бывае даволі складана.

Напрыклад, кафэдра стылістыкі і латаратурнага рэдагавання патрабуе, каб усе працы, курсавыя, дыпломныя былі напісаны па-беларуску. І гэта — правільна. З чатырох абароненых мной на гэты момант курсавых на беларускай напісаны тры. І дыплом буду таксама па-беларуску пісаць.

Здольнасці, напэўна, есць. Некалькі год таму мне вельмі моцна захацелася вывучыць сербскую. Зацікавіўся культурай, мовай, набыў падручнік. Разумею мову амаль выдатна. Разумею па-польску, вольна валодаю украінскай. Магу нейкія банальнасці нават на арабскай сказаць — маці працавала ў Егіпце некалькі гадоў, а я праводзіў там лета. 

А як ставяцца бацькі да вашай беларушчыны?

Са здзіўленнем. Бацька падтрымлівае, ен сам з вялікай цеплыней ставіцца да мовы, яго ўлюбенае беларускае слова «хлопец», не ведаю, чаму, спытаю пры нагодзе.

Маці з бабуляй не ставяцца адмоўна, але іх бянтэжыць той факт, што я не адчуваю ў сябе нічога рускага, толькі беларускае і крыху армянскага. Але, варта аддаць належнае, у самаідэнтыфікацыі мне ніхто ніколі не парашкаджаў.

velvet_4.jpg

Але ж, напэўна, нельга сказаць, што ваша самаідэнтыфікацыя абмяжоўваецца словам «беларус». Хто вы яшчэ, апроч таго, што — беларус?

Бацька, сябар, грамадзянін, цікаўны да ўсяго новага чалавек.

Як вы наогул лічыце, пытанне нацыянальнасці — ці не састарэла яно ў сучасным свеце? Ну якая розніца, хто ты — рускі, армянін, беларус?

Яно не састарэла, але яно робіцца вельмі небяспечным у той момант, калі выходзіць на першы план, пакідаючы недзе далека агульначалавечае. Няма нацыі, якая была б лепш за іншую. Калі мяне спрабуюць пераканаць у адваротным — я не згаджаюся. Але пытанне нацыянальнасці ўсе яшчэ істотнае.

А ў чым яго істотнасць менавіта для вас? Што для вас — называць, лічыць сябе беларусам? Што гэта вам дае?

Прыналежнасць да народа, без якога я сябе не бачу, не ўяўляю і не магу асэнсоўваць сябе ў адрыве ад Беларусі. Нават думка пра тое, што мне давялося б некуды з’ехаць назаўжды, прычыняе толькі боль.

Беларусь — гэта ў значнай ступені тое, што зрабіла мяне — мной. Не ўяўляю жыцце без нашых краявідаў, без нашай архітэктуры. Адзін Чырвоны касцел чаго варты. А Гародня? А Гомель? Спіс можна працягваць бясконца. Беларусь — гэта мае сэрца, душа і любоў назаўжды.

Каго з беларусаў чытаеце? Хто з класікаў вам найбольш блізкі? А з сучаснікаў?

Чытаў я заўжды вельмі шмат. Мой улюбены пісьменнік з класікаў — гэта Караткевіч. У істотнай ступені я зразумеў сябе беларусам пасля «Каласоў», «Хрыста», «Нельга забыць» і шматлікіх іншых твораў Уладзіміра Сяменавіча.

Гілевіча люблю, Барадуліна. Дубоўку, Быкава — вельмі. Купалу, Ластоўскага, Цетку. З сучаснікаў — Людмілу Рублеўскую, нядаўна адкрыў для сябе вершы Насты Кудасавай. Зараз чытаю новы раман Віктара Марціовіча «Возера Радасці». Потым за Бахарэвіча сяду.

velvet_5.jpg

З пісьменнікам Віктарам Марціновічам

І як вам Марціновіч?

Моцны празаік еўрапейскага ўзроўню. Ен піша пра нас сучасных, і на яго герояў глядзіш — як у люстэрка. Літаратура і павінна быць такой. Адлюстроўваць і хваляваць.

А ці чытаеце армянскую літаратуру? Каго можаце параіць пачытаць?

Нажаль, мовай не валодаю, таму абыходжуся перакладамі. Улюбены армянскі пісьменнік — Даніэл Варужан. Ен загінуў у часы армянскага Генацыду. Шмат беларускіх пісьменнікаў мы страцілі у час сталінскіх рэпрэсій, але гісторія армянскай літаратуры — гэта гісторыя ці не большай крыві і пакут. Геніяльныя Сіаманта, Рубэн Севак, вышэйзгаданы Варужан — загінулі падчас генацыда. Неймаверна таленавіты лірык Егішэ Чарэнц — забіты у 1937. Ваан Тэр’ян — памер зусім маладым.

Гэта найбольш знакавыя імены армянскай літаратуры. Дарэчы, адзін з маіх продкаў, Ваан Міракян, таксама быў паэтам. Яго паэму «Паляванне на Лалвары» я нядаўна адшукаў у Націянальнай бібліятэцы.

Уяўляю сабе вашы эмоцыі! А ці не адчуваеце ў сабе жадання рыфмаваць? Калі пісалі б вершы — то на якой мове?

Так, эмоцыі сапраўды былі неверагодна моцнымі.

Я пішу. Як вершы, так і аповеды. Нядаўна стаў фіналістам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Брамамар» у намінацыі «Проза». Пішу па-руску, па беларуску есць толькі некалькі вершаў пакуль што.

Нядаўна прайшоў адбор у «Школу маладога пісьменніка» пры СБП і гэта для мяне вялікі гонар. Дакладна ведаю, што наступны мой празаічны твор будзе напісаны па-беларуску. І адгэтуль я пачну іх чарадаваць.  

velvet_2.jpgСям’я Міракянаў: бацька Арамаіс, мама Алена і дачушка Ніка

Ці легка вам пачаць размаўляць па-беларуску ў незнаемай кампаніі? Не баіцеся паказацца «белай варонай»?

Легка. Я нават магу «справакаваць» чалавека на такую размову. Шмат што пра чалавека кажа яго стаўленне да мовы, на мой погляд. 

Часцяком размаўляю па-беларуску ў грамадскіх установах, звяртаюся да людзей, калі, напрыклад, хачу спытаць шлях куды-небудзь. Цікава назіраць за «кагнітыўным дысанансам», калі людзі бачаць, што чалавек з тыповай каўказскай знешнасцю звяртаецца да іх... па-беларуску! Аднойчы мяне прынялі за паляка, было смешна.

Можа, такой смеласці вас навучыла па жыцці ваша хвароба?

Можа, і яна. Паўплывала на светапогляд дакладна. Але я сябе лічу здаровым чалавекам, таму яна мне не перашкаджае жыць ніяк. Абсалютна.

Такой пазіцыі можна пазайздросціць. Ведаю абсалютна здаровых людзей, якім падабаецца лічыць сябе хворымі. Але ж ці гэта не сыход ад сапраўдных праблем, якія, мяркуючы па ўсім, усе ж такі існуюць у беларусаў з хранічнымі дыягназамі?

Гэта цяжкае, балючае, але вельмі важнае пытанне. Скажам, для грамадскай дыскусіі. У гэтым накірунку есць агромністы пласт праблем. Напрыклад, мне не хапае у Мінску поручняў, за якія можна ухапіцца, каб падняцца па лесвіцы. Яны што, баяцца архітэктурны воблік сапсаваць поручнямі? Смешна. Прыходзіцца выкручвацца. Напрыклад, адольваць іх хутка, бо так шанс утрымацца на нагах узрастае. Як у нашам грамадстве адчуваюць сябе людзі на калясках, мне і уявіць цяжка.

Канешне, праблемы есць, але яны есць ува ўсіх. Не толькі ў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і ў здаровых таксама. Есць над чым працаваць. Я б стварыў дзяржаўную камісію, у якую уключыў па некалькі чалавек з рознымі абмежаваннямі здароўя, ад зроку да апорна-рухавага апарату. Сабраў бы іх разам і спытаў у кожнага — як менавіта ты хацеў бы палепшыць свой стан? Што дзяржава можа зрабіць для цябе?

Але тое, што есць зараз, усе гэтыя ассацыяцыі інвалідаў — гэта фікцыя, знявага і здзек! Калі ў самой назве арганізацыі есць слова «інвалід» — гэта ўвогуле нівеліруе сэнс. Гэта ганьба. Людзей трэба інтэграваць у грамадства, а ў нас робіцца ўсе, каб іх адтуль выціснуць, хаця на словах… Гэта тэма для вялікай дыскуссіі, яе не ўкласці ні ў пяць слоў, ні ў дзесяць сказаў.

velvet_7.jpgЗ аднагрупнікамі Мікітам Аўраменкам і Паўлам Аксіновічам

Меней чым праз год вы выпусціцеся з журфаку. Якія планы на будучыню?

Хацелася б трапіць у магістратуру. Але з-за таго, што ў нас выпускаюцца два курса (мы першыя, хто вучыцца чатары гады), верагодна, конкурс будзе высокім.

Калі не давядзецца трапіць у магістратуру журфака — буду шукаць іншыя мажлівасці. Журналістыка менавіта ў якасці навуковай працы не вельмі мяне цікавіць.

Хацелася б паспытаць сябе ў літаратуразнаўстве, гісторыі ці культуралогіі. Але як яно будзе — пакуль казаць вельмі рана. Гэта цэлы год у асяроддзі дарагіх сяброў, і скарыстаю я яго на 100 адсоткаў — адзінае, што пакуль ведаю дакладна.

Як выглядала б СМІ, у якім вы былі б галоўным рэдактарам?

Нагадала тэму для ўступнага сачынення на журфаку. Напрыклад, мне вельмі падабаецца расейская «Медуза». Гэта было б ліберальнае СМІ. Спадзяюся, у мяне атрымаецца калі-небудзь такое пабудаваць.

Цікава, а што вы пісалі ў адказ на гэта пытанне ва ўступным сачыненні пяць год таму?

Я абраў іншую тэму (прапануецца тры), выдатна разумеючы, што чалавек у 17 год на такое пытанне можа, бадай, толькі глупства якога накрэмзаць.

Дзе і як вы марыце жыць: геаграфічна, эканамічна? Ці есць нейкая сфармуляваная мара?

Я не магу жыць нідзе, акрамя Беларусі, праз тыдзень мяне забівае страшэнны сум. Я люблю падарожнічаць, але сэрца заўжды тут. Таму мая мара — увасобленая. Жыць менавіта тут. І змяняць да лепшага тое, што я магу змяніць. Гэта задача — максімум. Напэўна — на ўсе жыцце.

velvet_6.jpgАрамаіс — заўзятар клуба «Крумкачы». На фота — з брамнікам клубу Яўгенам Касцюкевічам

Вы нават не ўяўляеце сабе, як узрушылі мяне вашы словы. Нібыта іх напісала я сама. А скажыце тады: што вам тут падабаецца? Клімат — не з камфортных, матэрыяльная гістарычная спадчына — бедненькая, людзі — хмурыя… У Арменіі, напэўна, лепш?

А што падабаецца ў родным доме? А ў бацьках? Яны проста есць. І іх проста любіш, бо яны — даражэй за ўсе. А ўжо потым вартасці ды здольнасці.

Так і з краінай. Людзі у нас цудоўныя, ніколі не адкажуць дапамагчы, гістарычная спадчына багатая, есць на што паглядзець, а клімат — нармалевы. Напэўна, малодшай сястры майго бацькі, якая шмат год жыве і працуе у Ханты-Мансійску, на самай поўначы Расіі — значна цяжэй у плане клімата.

Нельга абіраць тое, што лепш. Варта абіраць тое, што ў сэрцы. Інакш схлусіш самому сабе.

Фота з асабістага архіву А.Міракяна

VELVET: Анна Северинец
Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы получить возможность отправлять комментарии.
#
Система Orphus