Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае інтэрв’ю. У гасцях у гісторыі

У гэтым доме няма музея, хаця менавіта музеем яму і трэба быць.

Гэта звычайны дом у прыватным сектары ля станцыі метро Маскоўская — хата, клумба, агарод. Побач — высачэзныя катэджы, пабудаваныя апошнім часам.

Дамок — акуратны, дагледжаны, толькі-толькі  адрамантаваны.

«Але ж унутры ўсё амаль так, як раней было. І мэбля, і абстаноўка, і назначэнне пакояў.

Вось тут зараз пліта — а раней печка была руская, мама тут гатавала, а Дубоўка вось тут, на гэтым месцы, дзе вы зараз, сядзеў — і чакаў, пакуль нагатуецца ўся гэтая смаката».

Мы прыехалі на інтэрв’ю да Таццяны Юльянаўны Пшырковай, дачкі славутага беларускага літаратуразнаўцы Юльяна Сяргеевіча Пшыркова, які першым распачаў вяртанне рэпрэсаваных беларускіх пісьменнікаў у беларускую навуку.

Таццяна Юльянаўна Пшыркова.

velvet____1.jpg

Ягоная доктарская дысертацыя, прысвечаная ў тым ліку і ўзвышэнцам, нарабіла вялікага шуму ў навуковым асяроддзі: калі звычайна на абарону прыходзіць два-тры слухача, тут была бітком набітая актавая зала ўніверсітэта.

Тацяна Юльянаўна памятае ледзь не ўсіх беларускіх класікаў, якія прыходзілі да бацькі ў госці.

У свой час яна зрабіла вялікую справу — зняла на аматарскую камеру многіх вядомых пісьменнікаў і літаратараў. Каб не сапсавалася якасць адзнятага матэрыялу, яна ўжо сёнешнім часам перавяла на «лічбу» гэтыя каштоўныя кадры.

І вось з экрана сучаснага тэлевізара нас вітае гаспадар дома, а вось — ва ўласным садку прымае Уладзіміра Дубоўку, чалавека, па словах Таццянцы Юльянаўны, казачнай унутранай і знешняй прыгажосці.

velvet____1a.jpg

Мы разглядаем альбомы — сярод іх трапляюцца фота аднакурснікаў, копія дыплома Юльяна Сяргеевіча.

Вось што цікава: філолаг-русіст, выпускнік Ленінградскага ўніверсітэта — а стаўся выбітным беларускім літаратуразнаўцам.

А гэта, ведаеце, такая палітыка была на філфаку ў Ленінградзе — каб кожны займаўся сваім. Там была выдатная літаратуразнаўчая школа, перадавыя выкладчыкі, і гэта яны падказалі Юльяну Сяргеевічу распачаць працу менавіта над творам беларускага пісьменніка.

Дыплом бацька абараняў па Коласу, і ягоныя рускія настаўнікі — П.Н.Беркаў, І.П.Яромін, — вельмі падтрымлівалі яго ў гэтай працы. Болей за тое — калі бацька абараняў доктарскую, а тэма ў яго была небяспечная, паэты-узвышэнцы, яны толькі-толькі вярталіся з высылак, а нехта пакуль і не вярнуўся, іншыя яшчэ і вітацца з Дубоўкам баяліся, а Пшыркоў ужо доктарскую абараняў, — дык ленінградцы прыехалі на абарону, каб бацьку падтрымаць.

Мне падаецца, гэта была вельмі патрэбная і рэзультатыўная падтрымка, бо яшчэ ж былі жывыя, пры тытулах, пры месцах тыя, хто калісьці таго ж Дубоўку і таго ж Бабарэку, і Пушчу кляйміў як ворагаў народа.

Адкуль жа браліся такія смелыя людзі ў тыя няпростыя часы?

Па-першае, бацька мой — франтавік.

Юльян Сяргеевіч Пшыркоў.

velvet____2.jpg

Ён прайшоў усю вайну, і не пры штабе, а пехатою, мінамётчыкам, быў тройчы паранены, і нават пачаў службу не ў 41м, а ў 1940м — іх прызыў не паспеў дэмабілізавацца, пачалася вайна.

Па-другое, у іх уся сям’я такая была — дзед, прадзед. Расказваюць, дзед мой, Сяргей Якаўлевіч, бацька Юльяна Сергеевіча, падчас вайны ў акупаваным Рагачове заўсёды бег на дапамогу суседзям, калі чуў крыкі са двара — там, ведаеце, нямецкі патруль кагосьці волакам цягне за нейкія правіннасці, а ён з голымі рукамі імчыцца вызваляць.

Па-трэцяе — і гэта галоўнае — бацька проста лічыў сумленную літаратуразнаўчую працу сваім абавязкам. Ён, ведаеце, і памёр так. Вось яна, заключная кніга пра Коласа «Летапісец свайго народа». Ён дапісаў яе, паставіў кропку, выйшаў на кухню — і ўсё. Дарабіў справы — і пайшоў з жыцця. Ужо рэдактарскую працу над кнігай рабілі мы з сястрой, а рукапісную частку ён завяршыў у дзень смерці.

Таццяна Юльянаўна, а як так здарылася, што просты вясковы хлопец — і стаў літаратуразнаўцам? Ён жа свядома ў Ленінград на філфак ішоў, а не так, як зараз модна — куды балаў хопіць… Чаму не інжынер, не касманаўт, адкуль гэта — літаратуразнаўства?

Я думаю, па-першае, ён, канешне, цягу да літаратуры адчуваў. У іх бацькоўскайсям’і ведаеце, як было? Бацька ягоны, мой дзед, чалавекам быў адукаваным, шмат чытаў, і усе кнігі чытаў услых жонцы, маёй бабулі Ксеніі Якаўлеўне.

Вось яна ўвечары там нешта цыруе, нешта вяжа — а ён чытае ёй. Талстога, Пушкіна. І яна не проста слухала — яна па кожнай кніжцы потым мела сваю экспертную думку, выносіла прысуд, такі, ведаеце, жыццёвы, жаночы.

Ужо потым, калі бацькавы сябры і калегі, пісьменнікі, філолагі, ездзілі да нас у госці, яны сапраўдныя літаратуразнаўчыя бяседы з бабуляй вялі.

А памяць у яе была выдатная, усё памятала, кожную кніжку, кожнага героя, вельмі шкадавала Кацюшу Маславу…

velvet____7.jpg

Але гэта не ўсё. Бацька мой вучыўся у Кісцянёўскай школе, а побач была Свержаньская школа, дзе працаваў настаўнікам Міхась Лынькоў.

Прыйшоў у бацькаву школу Лынькоў з інспектарскай праверкай. Заўважыў таленавітага вучня. Ну, і распачаў над ім апеку. Бацька потым усё жыццё з Лыньковым сябраваў, ніколі не забываў, і калі той ужо быў зусім стары, хворы, дапамагаў, чым мог.

Ну, канешне, на Беларусь з Ленінграда Юльян Сяргеевіч прыехаў ужо зоркай…

Тады не было такога паняцця — зорка. Галоўнае, ён прыехаў, ужо ўсведамляючы, што яму трэба рабіць. Быў зразумелы шлях, па якім трэба ісці. Гэта быў 1939 год, і ён спярша па размеркаванні прыехаў не ў Мінск, а ў Магілёў, у Магілёўскі педінстытут, і дзе сустрэў маю маці Нону Іванаўну.

Гісторыя, дарэчы, цікавая. Бацька прыйшоў на лекцыю — яшчэ самы пачатак, першая ці другая лекцыя ў гэтай групе — бачыць, дошка брудная.

Ну, ён вырашыў строгасці напусціць.

Наогул бацька быў вельмі добрым чалавекам, і калі, крый божа, яму трэба было на нейкім экзамене ставіць студэнту тройку, ён потым увесь вечар дома перажываў.

Студэнты дасведчаныя, канешне, тое ведалі, але тут  новая група… Трэба падпусціць страгача. І ён так насупіўся і кажа: «Хто дзяжурны?!» Ну, дзяжурны сядзіць, як мыш, нос у варатнік.

«Хто стараста?!» — стараста таксама недзе зашыўся. І тут моўчкі ўстае з першай парты дзяўчына, хуценька выцірае дошку — і сядае на месца.

Бацька казаў, што менавіта ў гэтую хвіліну ён у яе закахаўся.Раз і назаўжды.

Яны знешне такія падобныя…

Яны і характарамі былі падобныя. Толькі мама па жыцці — больш моцная, больш энергічная, старалася асноўную частку работы па дому браць на сябе, каб у бацькі было больш часу для навуковай дзейнасці.

Нонна Іванаўна Пшыркова.

velvet____3.jpg

Яна Юльяна Сяргеевіча з дому ніколі не выпускала, пакуль касцюм не будзе ідэальна адпрасаваны, усе пылінкі знятыя, усе стрэлачкі на месцы. І дома ў мамы ўсё і заўсёды было як след: і нагатавана, і памыта, і пасеяна, і праполата, і ў слоікі закатана.

Мама працавала настаўніцай, але ж гэта ўжо пасля вайны, а падчас вайны мама мая была актыўнай удзельніцай групы «Непакораныя» магілёўскага падполля.

Яна не распавядала пра гэтае, я даведалася пра маміны гераічныя ўчынкі ўжо дарослай, ледзь не ва ўніверсітэце, калі яе запрасілі паўдзельнічаць у тэлеперадачы пра магілёускае падполле.

Калі рэдактары тэлебачання збіралі матэрыялы да перадачы, усе былыя падпольшчыкі як адзін казалі: «І абавязкова Нону Пшыркову паклічце».

Так і дазналіся, што яна была адной з самых актыўных падпольшчыц — сама яна ніякіх унагарод сабе не шукала.

Мама працавала санітаркай у нямецкім шпіталі — спачатку, падчас абароны горада, ён быў савецкім, а калі немцы ўсё ж занялі Магілёў, туды звезлі ваеннапалонных, і былыя медработнікі, канешне ж, за імі хадзілі.

Што рабілі ўрачы: яны афармлялі на жывых нашых чырвонаармейцаў дакументы, маўляў, памёр ад тыфу, немцы тыфу вельмі баяліся і памерлых не чапалі, мама з сябрамі накрывалі іхпрасцінёй — і выносілі, нібы мёртвых, на задні двор, збіралі адзенне і перапраўлялі ў лес, у партызанскі атрад.

Потым па заданні кіраўніцтва групы мама працавала на хлебазаводзе, рызыкуючы жыццём, арганізавала штодзённую перадачу хлеба для раненых і выратавала сотні жыццяў ад галоднай смерці — хлеб яна хавала ў пялюшкі сваёй маленькай дачкі, якая нарадзілася якраз на пачатку вайны. Дзяўчынка, нажаль, памерла.

А зараз у Магілёве, у самым цэнтры, ёсць бульвар Непакораных — ён названы ў гонар той групы падпольшчыкаў.

А потым, ужо ў Мінску, куды бацька пераехаў на працу ў Акадэмію Навук, яны пабудавалі вось гэты самы дом, тут жылі, тут нас гадавалі, трох дзяцей, гападарку вялі, працавалі, тут сустракалі гасцей, а іх заўсёды было вельмі і вельмі шмат.

Хто толькі ня быў тут на кухне! І Навуменка, і Караткевіч, і, вядома ж, Дубоўка, і Лойка, уся беларуская літаратура і літаратуразнаўства.

Стол у працоўным кабінеце Ю. С. Пшыркова.

velvet____4.jpg

Але ж пра маму. Мама вяла ў школе геаграфію і працоўнае навучанне. Геаграфію выкладала не толькі на ўроках — разам з вучнямі шмат хадзілі ў паходы — пешшу і на лыжах, вывучалі расліны, глебу, рабілі калекцыі.

Аднойчы быў такі выпадак: мама дамовілася з дзецьмі ісці на лыжах у Астрашыцкі гарадок. А дзеці, ведаеце, не самыя паслухмяныя — якія тут сем’і жылі, простыя, акраінныя. Прыходзіць мама ў дамоўленае месца — дзяцей няма. Толькі лыжня. Вырашылі яе напужаць — паехалі самі.

А гэта ж — ну вы ж сама настаўніца, разумееце ўсё — такая адказнасць! Зіма, цемень, дзяцей няма…

Але ж гэтыя падшыванцы не ведалі, што мама мая была падчас навучання ў педтэхнікуме чэмпіёнам Віцебскай вобласці па лыжных гонках. Канешне, яна іх дагнала. І з таго часу карысталася бясконцым аўтарытэтам ва ўсіх хуліганаў раёна.

Якія яны абодва бесстрашныя, моцныя людзі…

Так, бесстрашныя і моцныя. Але ж, безумоўна, не да глупства. Калі ў гэтым доме ў першы раз з’явіўся Дубоўка, нас, дзяцей, проста выгналі за дзверы, каб раптам чаго не пачулі непатрэбнага, каб не ляпнулі нічога на вуліцы.

Мы не ведалі, ні хто гэта, ні як клічуць. І толькі ў старэйшых класах мне расказалі, хто такі Дубоўка, і патлумачылі, што кожнае маё неасцярожнае і нават асцярожнае слова можа прынесці гора гэтаму чалавеку.

І я ведала, што я ў адказе за нашых гасцей.

velvet____5.jpg

А якім вы памятаеце Дубоўку?

О, я памятаю яго проста як члена сям’і. Вось тут стаяла канапка, на якой ён спаў, калі прыяжджаў у Менск, гэты дом быў без усялякіх акалічнасцяў і ягоным домам.

Пазнаёміліся яны з бацькам так. Саюз пісьменнікаў ладзіў вечарыну з нагоды 60-годдзя Дубоўкі — у памяшканні на Энгельса.

Запрашэнне на юбілейны вечар, прысвечаны 60-годдзю Ул. Дубоўкі.

velvet____6.jpg

 І хоць Уладзімір Мікалаевіч быў на той час ужо рэабілітаваны, аднесліся да яго неяк насцярожана, не па-людску. Вось скончылася ўрачыстая частка — і ўсе разышліся, хто куды, ніхто з Дубоўкам не застаўся, нават гасцініцу яму не заказалі…

А бацька мой затрымаўся ў зале — пакуль там усіх наперад прапусціў, пакуль паліто жанчынам падаў… Выходзіць — і бачыць: стаіць ля выхаду такі разгублены адзінокі Дубоўка на гэтым пляцы перад домам Саюза Пісьменнікаў. Ну, безумоўна, бацька кінуўся да яго, кажа:

«Калі вы не пагрэбуеце простым домам на самай ускраіне — дык запрашаю»…

Дубоўка ўсміхнуўся:

«Якіх толькі дамоў я ў жыцці не бачыў!» І яны паехалі да нас. І так тут Дубоўку спадабалася, што ён прабыў у нас цэлы месяц. Хаця сястра мая, Вольга Юльянаўна, кажа, што толькі тыдзень. Але мне падаецца — доўга ён у нас тады жыў.

Нешта ж было паміж імі родаснае, светлае, паміж вашым бацькай, мамай, Дубоўкам, што яны так паразумеліся, так сышліся, былі ў такім цесным сяброўстве..

Вось ведаеце… Калі Дубоўка быў у сваіх высылках — у Яранску, у Чэбаксарах, у Почэце — яны з жонкай заўсёды мелі свой гародзік, заўсёды нешта саджалі, ён прывозіў невядома адкуль яблыні, прышчапляў сам.І вось мае бацькі – дом пабудаваны сваімі рукамі, гародзік, сад, рабілі прышчэпкі на дрэвах… разумееце, яны былі людзі глыбінна ад зямлі.

Узгадваю, калі першы раз нас, дзяцей, пасадзілі за адзін стол разам з Дубоўкам, чамусьці я звярнула ўвагу на яго зусім не пісьменніцкія рукі. Дужыя рукі працаўніка.

Потым бацькі расказалі, колькі яму давялося перажыць у ссылцы і лагеры, колькі фізічнай працы перарабіць — быць будаўніком, печніком, цесляром, муляром, садоўнікам. Ёсць такі выраз — лад.

Яны аднолькава разумелі лад жыцця, тыя сапраўдныя крыніцы, якія даюць сілу чалавеку ў любых выпрабаваннях. Не гэтае вось наноснае, палітычнае, а галоўнае: зямля, яблыня, зёлкі, неба…

Ну, і іншае супадала: адносіны да людзей, літаратуразнаўчыя падыходы, літаратурныя погляды.

А які шчыры ён быў! Як адчуваў кожную клетачку душы іншага чалавека…

А напрыклад?

Ну вось напрыклад. Я ў свой час была такая хваравітая, такая нягеглая, што ад мяне за маё дзіцячае жыццё  тры разы адмаўляліся ўрачы, выпісвалі дамоў з лякарні паміраць, толькі мама ставіла мяне на ногі зёлкамі рознымі, карацей, такая была ўся слабенькая — але што мне і маёй сястры прысылаў у падарунак з Масквы Дубоўка?

Сапраўдную шарсцяную англійскую бялізну. Танюсенькую, выкшталцоную, ну такую неверагодную — мы нават не ведалі, што такая бывае.

Сам, я так думаю, выбіраў, планаваў, што ён дашле…

velvet____8.jpg

Вось, паглядзіце, які ліст ад яго: «Дарагая Таня! Учора ўвечары атрымаў ліст з сумнай навіной і радасным канчаткам. Які жах! Гэта на самы Новы год былі ў шпіталі, ды яшчэ з цяжкімі ўскладненнямі!

Ад душы жадаем Вам хутчэй стаць дужай, жыццярадаснай. Няхай такая хвароба ідзе ад вас «на сухія лясы, на густыя верасы» — як кажа наша старая замова.

А якое ж там свята было для вашых родных! Усё ж самае прыемнае, Вашая пакута скончылася.

Няхай больш ніколі яна не пройдзе па светлай вуліцы, няхай усе 365 дзён новага года будуць для Вас бясхмарнымі, сонечнымі, сапраўды светлымі. Нізкі паклон тату, маме. Бывайце здаровы і шчаслівы! З вялікай пашанай Ул. Дубоўка. 25 студзеня 1975 года».

Уладзімір Дубоўка і ягоныя бацькі.

velvet____11.jpg

А з ананасамі гісторыя? У Мінску, канешне, ніхто не ведаў, што за такія ананасы. Вось ён едзе да нас с Масквы — абавязкова вязе ананасы і сыр равіёла. Ананасы гэтыя з’віліся не проста так.

Неяк я з сяброўкай ЛюдайМарушкевіч я адпачывала ў санаторыі ў Звенігарадзе. Уладзімір Мікалаевіч запрасіў нас да сябе ў госці — яны з Марыляй Пятроўнай жылі ў Новых Чаромушках, у звычайнай малюсенькай хрушчоўцы.

А была такая спякота-спякота, ліпень, вельмі горача. І ў Маскве, між іншым, таксама ананасы не на кожным прылаўке. І ён — стары ўжо чалавек, 72 гады! — раніцай паехаў на другі канец горада са сваіх Чаромушак у рэстаран «Гавана», замовіў там ананасы, а потым у абед зноў паехаў — забіраць сваю замову, і ўсё гэта для таго, каб пачаставаць нас заморскім фруктам.

Так я ўпершыню іх паспытала — ну, і ўжо потым ён нам ананасы кожны раз прывозіў.

Бацька мой такім жа шчодрым быў. Мама смяялася, што ён палову зарплаты раздаваў — то студэнту стыпендыю не далі, то ў кагосьці з аспірантаў сапагі знасіліся…

Дубоўка, канешне, быў вельмі ўдзячны бацьку за ягоную грамадзянскую пазіцыю, а Юльян Сяргеевіч, акрамя таго, што па-чалавечы захапляўся Дубоўкам, заўсёды адчуваў масштаб гэтай асобы, масштаб таленту.

Але ж масштаб гэты адчувалі нават і простыя людзі. Вось, паглядзіце, які фотаздымак.

Я нават не памятаю, якой была ягоная манера чытання — ці громка ён чытаў, ці не, вось сядзіш у такім зачараванні і слухаеш.

velvet____9.jpg

У Юльяна Сяргеевіча наогул было такое — адразу разгледзець талент. Раскажу вам такую гісторыю. Я яе памятаю на свае вочы.

Аднойчы Адам Мальдзіс прывёў да нас у госці Уладзіміра Караткевіча — ён тады яшчэ толькі-толькі пачынаў. Яны прыйшлі не вельмі да часу: мы займаліся нейкімі гаспадарчымі справамі.

Мальдзіс з Караткевічам таксама падключыліся, канешне, ніякай размовы не атрымалася ў той раз, але ж было вельмі нам усім весела.

Але менавіта ў гэты дзень бацька ў дзённіку запісаў, што, маўляў, прыходзілі Мальдзіс, запрашаў на наваселле,  з ім быў Караткевіч, і далей: «На небасхіле беларускай літаратуры ўзышла зорка сусветнай велічыні».

А тады ж яшчэ нічога не было — ні «Каласоў», ні «Ладдзі», ні «Караля Стаха», нічога. А бацька ўжо ўсё зразумеў. Так і з Дубоўкам: бацька добра ведаў і адчуваў, што гэта за волат, што за фігура.

velvet____10.jpg

З кожным з нас Дубоўка вёў сваю перапіску. Вось — лісты да мяне, вось — да сястры, вось — да маці, асобна, канешне, ліставаўся з бацькам.

Я выконвала нейкія ягоныя рэдакцыйныя просьбы, ён мяне прасіў то забраць кантрольны экзэмпляр, то аднесці карэктуру, то даслаць нейкія кнігі і артыкулы, кіраваў мной з Масквы.

З маці ў яго іншыя былі справы. Яны абодва былі заўзятыя грыбнікі — і мама, і Дубоўка.

Грыбы, зёлкі розныя, лес — гэта іх цікавіла неверагодна. Дарэчы, калі нехта з нас ехаў у Маскву, заўсёды бралі падаруначак для Уладзіміра Мікалаевіча — белые грыбы, бо ён вельмі ж любіў соус з белых грыбоў, і суніцы, перацертыя з цукрам.

Кніжкі для маці спецыяльна перасылаў з Масквы — рэдкія кніжкі пра расліны. «Даражэнькая» — так ён да яе звяртаўся.

Любіў вельмі такі зварот — усе ў яго былі «даражэнькія». Але так наогул — вельмі сціплы на выказванне пачуццяў быў чалавек.

velvet____12.jpg

Я здзіўляюся насамрэч. Трое дзяцей, тытанічная праца, агарод, госці, і ўсё гэта без сёняшніх пабытовых магчымасцяў, без пральных машын, без кампутараў, як яны паспявалі ўсё? На вас, на дзяцей, часу ім хапала?

Канешне. А як не хапала? Як толькі што робяць — і мы побач. У агародзе, па хатніх справах. Заўсёды цікавіліся патрэбамі нашымі, бацька наогул стараўся, каб у нас усё было, што патрэбна дзецям для выхавання: і літаратура навуковая, і прыгодніцкая — ўся, і прылады.

Вось тая камера, на якую я Дубоўку здымала — найлепшая камера, на той час нейкі цуд, але ж Таня захапілася кіно, трэба, значыцца, Тане камеру…

У нас не было адчування, што бацькі нас не глядзяць. Такое выхаванне — побач з дарослымі, ува усіх іхных справах — яно ж найлепшае з выхаванняў.

Адкуль жа яны браліся, такія неверагодныя людзі?

Я думаю, людзі заўсёды аднолькавыя, проста бывае такі час, такія падзеі, калі яны неяк па-асобаму раскрываюцца.

Мы ж с вамі не ведаем, як бы мы паводзілі сябе ў тых абставінах. Былі б і сярод нас і героі, і здраднікі, і волаты, і слабакі. Мо і добра, што мы не ведаем сваіх рэзерваў. Ня ў добры час яны становяцца зразумелымі, тыя рэзервы.

Фота Аліны Арловай 

з асабiстага архiва Т.Ю. Пшырковай

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (6) Последнее сообщение
OLIA аватар

Joyful аватар

Цудоўна. А дзякуючы Таццяне Юльянаўне яшчэ бліжэй свет роднай літатаруры, яшчэ любімей Караткевіч, яшчэ цікавей Дубоўка і яшчэ больш зразумела, што няма анічога больш значнага, чым людзі. Такія людзі.

Мае асабістае шанаванне Таццяне Юльянаўне. 

ma_marina аватар

Гэта неверагодна неяк... Вельмі цікава, дзякуй.

 

Чытала біяграфію Дубоўкі - плакала. Колькі пакуты, болю. А колькі мог напісаць, стварыць, колькім мог падзяліцца. 

Ганна, вы ня ведаеце, дзе можна набыць казкі Дубоўкі і аповесці для дзяцей?

 

 

 

 

Анна Северинец аватар

Марына, я пакуль не бачыла ў кнігарнях, але як пабачу, маякну, бо я сама шукаю. У Сеціве, нажаль, Дубоўкі вельмі мала - і гэта паэт, які стаіць у гісторіі літаратуры ў адным шэрагу з Купалам і Багдановічам... Па сёняшні дзень не навёрстана тое, што адабрана. 

Але хутка выйдзе двухтомнік, сучасны, якасны, з каментарамі - я адразу ж паведамлю:) 

Ну, і ў канцы траўня я паеду па родных мясцінах Дубоўкі - Агароднікі, Манькавічы, чакайце рэпартаж:) І яшчэ будзе адна публікацыя - у журнале "Дзяслоў" да юбілея Дубоўкі, там будуць архіўныя матэрыялы, якія раней нідзе не друкаваліся - на апошнім здымку я менавіта над імі ўжо схілілася, як Цар Кашчэй над златам:) 

Веранда аватар

Отличный душевный материал...вам такие вещи, Анна, удаются на все 200проц. Спасибо!!!

Тати аватар

Замечательное интересное интервью)))) Особенно учитывая, что эту женщину я слышала и видела вживую))))

#
Система Orphus