Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае інтэрв’ю. Слова чытачу

Ці чытаюць беларускую літаратуру сёння людзі, не ангажаваныя філалагічнай адукацыяй, родам заняткаў ці сяброўскімі адносінамі?

Быў грэх: нейкі час я па праўдзе думала, што сучасную беларускую літаратуру чытаюць адныя журналісты, пісьменнікі, іхныя сябры і родныя. Астатнія ж чытачы, згвалтаваныя ў дзяцінстве беллітам, беларускай кніжкі пазбягаюць. Тым больш што сёння, дзякуй богу, ёсць што чытаць: уся міравая літаратура ў кнігарнях і электронных бібліятэках.

Але ж на мой заклік у соцсетках адгукнуліся інжэнеры і праграмісты, маркетолагі і прадпрыймальнікі — людзі, якія чытаюць сучасную беларускую літаратуру не з прафесійных абавязкаў, а проста таму, што падабаецца.

Я запытала ў чытачоў:

1) Што, на ваш погляд, ёсць у беларускай літаратуры такога, чаго няма ў іншых?

2) Чаго вам не хапае ў беларускай літаратуры?

3) Якую найлепшую беларускую кніжку вы прачыталі апошнім часам?

Язвінская Віка, маркетолаг, маладая мама

vika.jpg

Што ёсць у беларускай літаратуры такога, чаго няма ў іншых? Складана сказаць, я не спецыяліст у літаратуры. Кожны аўтар як беларускі, так і любы іншы, унікальны: свой стыль, свае тэмы, свая рамантыка — складана параўноўваць.

Хіба, у нас ёсць у нас нераспешчаны чытач, які чакае новых аўтараў і твораў, і гэтага сапраўды няма, да прыкладу, у сегменце рускамоўнай літаратуры.

Ёсць праблема маркетынгавага характару, прасоўвання як асобных кніг і выдавецтваў, так і ў цэлым беларускамоўнай літаратуры, але гэта ўжо іншая размова.

Мне, як маме, бракуе якаснай дзіцячай літаратуры, асабліва для малодшага дашкольнага ўзросту. Тут я маю на ўвазе, ў першую чаргу, не мастацкую літаратуру, казкі ці аповяды для дзяцей, а менавіта дзіцячыя кнігі, якія развіваюць, з яркімі малюначкамі і кароткімі тэкстамі.

Кніжак на рускай мове такога кірунку вельмі шмат, на любы густ і ўзрост «чытача». Пакуль дзіця маленькае і не цікавіцца тым, што напісана, можна і іх выкарыстоўваць, але як толькі ён пачынае цікавіцца літарамі, такія кніжкі асабіста нам ужо не зусім падыходзяць.

Вельмі мала кніг у перакладзе на беларускую мову для дзяцей. Хоць ёсць выключэнні. Нам вельмі падабаецца серыя пра Мумітроляў выдавецтва Зміцера Коласа. Чытаем іх усёй сям'ёй.

Простаму беларускаму чытачу бракуе лёгкасці ў сучаснай беларускай літаратуры. Усё, што пішацца ў апошні час, на мой погляд, мае нейкі налёт элітарнасці, для вузкага кола чытача, тыпу «для сваіх». Гэта, на мой погляд, у корані няправільная пазіцыя. Акрамя гэтага, патрэбныя кнігі з разраду «што пачытаць у электрычцы».

І апошняе, чаго, на мой погляд бракуе, гэта прафесійнай і бізнэс-літаратуры. Спадзяюся, з часам убачыць, як Котлера ў перакладзе на беларускую мову, так і бэстсэлеры айчынных гуру з розных абласцей жыцця і бізнэсу.

Пра найлепшую беларускую кніжку, якую я прачытала апошнім часам. Цяпер чытаю «Хвілінку» Ігара Бабкова. У поўным захапленні ад стылю аўтара, манеры выкладу! І яшчэ «Рыбін горад» Наталкі Бабіной. З гэтай кнігі некалькі год таму наогул пачалося маё знаёмства з сучаснымі беларускімі аўтарамі, і па сённяшні дзень яна ў маіх фаварытах.

Сяргей, БДУ, радыёфiзiк, інжынер.

Што, на ваш погляд, ёсць у беларускай літаратуры такога, чаго няма ў іншых? А нiчога. Нiчога няма. Мо, толькi тое, што ў нас амаль усiх лiтаратараў расстралялi ў 30-х. З дзьвух соцен засталося дваццаць....

Пра гэта нам яшчэ за савецкім часам на ўроках лiтаратуры расказвала настаўнiца Тамара Лявонцяўна Круцько — даўняя БДУшная знаёмая Мiколы Гiля...

Чаго мне не хапае ў беларускай літаратуры? Данцовай. Так, мне не хапае Данцовай беларускай. У ўкраiнцаў маецца свая болей жорсткая нават Люка Дашвар. У нас — не. Чаму? Няма масавасцi.

Мой доступ да кнiжак крыху абмежаваны i маiм часам, i некаторымi прынцыпамi — кнiжак новых не дакупаць. Што маецца ў бiблiятэках цi ў вольным доступе. Таму... Кола абмежавана....

Усё ж такi Пранцiшак Вырвiч — лепшае. Дзякуй Людмiле Рублеўскай.

Марина Салова, экономист.

ma_marina20-thumb.jpg

В белорусской литературе я уловила одну тему, которая прямо и косвенно присутствует в каждой книге, которую мне довелось прочитать — это тема белорусского языка, белорусской истории и белорусской «самасвядомасці». Т.е. все, что связано с беларускасцю.

Даже сквозь строки «походных записок на коленке» Ромы Свечникова сквозит эта тема. А уж тем более она прямо кричит со страниц романа Мартиновича «Мова». Где-то это именно проблема, где-то — боль сродни физической, где-то — душевная рана, где-то — волнение. Но такого больше нет в литературе других стран. Или мне не встречалось.

Мне двух моментов не хватает. Первое, ощущение от книг: что-то не доработано, не проверено, не совпадают детали, не сходятся факты. Не часто, но бывает.

И даже, если я, читатель-обыватель, заблуждаюсь, то задача писателя, на мой взгляд, позволить мне поверить в написанное безоговорочно, не отвлекаться на детали, а уловить цельный смысл происходящего в книге.

И второе, которое как бы к литературе косвенно относится — отсутствие рекламы, если это слово уместно в данном контексте.

Нет рекламы — а откуда о новой белорусской книге, о белорусском писателе узнает простой обыватель, который еще не забыл беларускую мову и помнит хотя бы пяток белорусских писателей из школьной программы?

У меня нет, к сожалению, гениальной идеи по развитию программы «Белорусская литература в каждый дом», но, как минимум, в своем доме, в своей семье и своем окружении продвигаю и рекламирую.

Как ни странно, лучшей для себя определила «Код адсутнасці» В.Акудовіча. Она тяжело мне давалась в прочтении, но, тем не менее, оставила самый заметный отпечаток в моем сознании, в моей душе.

Клімович Ганна, выкладчык.

Самая лепшая рыса беларускай літаратуры — шчырасць. Можа, я ідэалізую, але мне падаецца, што беларускiя аўтары не працуюць дзеля камерцыйнага поспеху. Творы ідуць ад сэрца.

Беларускай літаратуры, на мой погляд, не хапае зараз аптымизму и лёгкасці быцця — нешта накшталт бурбалак ад шампанскага. И болей рамантыкі хочацца часам.

Безумоўна, самае цікавае за апошні час — В. Марціновіч «Мова». Але мне таксама спадабаўся, напрыклад, Ул. Гніламедаў «Уліс з Прусікі» і кніга гумарыстычных вершаў «Жартачкі».

Віталь Рудак. Па адукацыі гісторык. Зараз працуе не па спецыяльнасці на адным з буйных мазырскіх прадпрыемстваў.

rudak.jpg

Што ёсць адметным? Тут, пэўна, трэба быць больш падкаваным, каб адказаць нешта ўцямнае. Мяне б і ў курылцы на смех паднялі, а што ж, калі заўважаць спецыялісты?  Меркаванне простага чытача скрозь успрымаецца, як тая чырвоная ануча.

На другое пытанне можна было б адказаць нешта кшталту: «Ды ўсяго хапае — на тое што ўжо ёсць знайсці б часу і грошы».

І я ня дужа б пакрывіў душой. Але многа не мала, таму асабіста мне хочацца больш масавай літаратуры, больш таго ж нон-фікшну, больш рэкламы. У нас, напрыклад, зусім забыліся на дэтэктывы. А чым яшчэ, як не дэтэктывамі, заманіш звычайнага чытача?

Неяк узяў з сабой на працу зборнік Міраслава Адамчыка, там ёсць колькі дэтэктыўных аповесцяў, напісаных як самім аўтарам, так і пры ўдзеле Максіма Клімковіча і Адама Глобуса. І што б вы думалі?

Нехта з калег выпадкова прачытаў пару старонак падчас перакура, папрасіў кнігу. Дык яна потым абыйшла яшчэ чалавек сем-восем, пакуль вярнулася на маю паліцу.

Ці во яшчэ фэнтэзі, навуковая фантастыка, касмічная фантастыка і г.д. Жанры можа і не модныя сярод інтэлектуалаў, але попыт сярод чытачоў на іх заўжды ёсць.

Быў у мяне на мінулай рабоце адзін малады напарнік, жыць не мог без касмічнай фантастыкі. Даў яму пачытаць «Век вадаліва» Аляксандра Аляшкевіча. Здавалася б, нічога асаблівага: стандартны сюжэт, стандартныя вобразы, ніякіх асобых «фішачак».

А чалавек быў так узрушаны, прызнаўся, што гэта была першая беларуская кніжка, прачытаная ім ад коркі да коркі. А колькі ў Беларусі яшчэ такіх «непрыкаянных» чытачоў? Думаю, многа.

Гэта ўсё гучыць, можа, і банальна. Але так найчасцей гучыць ўсякая праўда жыцця. А яшчэ праўда жыцця ў тым, што ў Беларусі з літаратуры нельга жыць. Таму пісьменніцтва для большасці аўтараў — гэта хобі. І праўда, што ты заробіш з кніжкі накладам у 300 — 500 асобнікаў?

Попыт, прапанова, рынак, «паўкабана» — усё гэта я разумею. Але так быць не павінна! З іншага боку, за апошнія год-паўтара выйшла з пяток дабротных кніжак, якія можна аднесці да той самай памянёнай «масавай літаратуры». Гэта і две часткі з прыгодаў студыёзуса Вырвіча, і «Праклён», і «Мова», і г.д.

Сярэдні чытач гэтулькі і за год не асіліць. Дык можа ня ўсё так кепска? А яшчэ ў мяне ёсць, можна сказаць, мара: аднойчы прыйсці ў шапік і набыць сапраўды класны беларускі літаратурны часопіс. Не хачу пакрыўдзіць, напрыклад, ні той жа «Дзеяслоў», ні «Маладосць», але незаангажаваны чалавек ніколі іх не набудзе. Гэта выданні хутчэй ужо для аматараў і знатакоў белліту.

Я ж уяўляю сабе выданне тыпу расійскага «Мира фантастики», дзе пад адной вокладкай былі б сабраныя кніжныя агляды, рэйтынгі, рэцэнзіі, абмеркаванні, аўтарскія калонкі, думкі спецыялістаў, творы маладых аўтараў, конкурсы, пераклады, коміксы. Ну не штомесяц — хаця б разы чатыры на год. Пакуль жа прыходзіцца ўсё гэта збіраць у галаве з розных інтэрнэт рэсурсаў і сацсетак.

Што спадабалася. Гэта на жаль, а можа і на шчасце, не сучасная кніга, а трылогія Кастуся Акулы «Гараватка». Аўтар у трох кніжках без купюр расказвае пра жыццё маленькай заходнебеларускай вёскі і ўсёй Беларусі ў перыяд ад сярэдзіны 1930-х і да 1944 гг.

Як па мне, то гэта ці не найлепшае ў беларускай літаратуры пра гэныя часы. А можа і ўся штука ў тым, што напісана маёй паўночна-заходняй гаворкай і пра мае родныя мясціны? Усім рэкамендую разабрацца асабіста.

Сяргей Чарнавокі, 41 год, інжэнер па ІТ.

charnaoki.jpg

Літаратура заўсёды адказвае на грамадскія запатрабаванні, таму адметнасць беларускае літаратуры таксама абумоўлена нашым грамадствам. Я не буду кранаць афіцыёз, што сам фармуе запыты і потым адказвае на іх, але вельмі хачу сказаць пра тое, што ёсць па-за межамі  тэлевізійнага прайм-тайму, навінавых радкоў і гучных мерапрыемстваў.

Наша грамадства мае попыт на альтэрнатыўныя погляды і прапановы, які сфармаваўся яшчэ ў познесавецкі час і дагэтуль не задаволены. Таму ў нас ёсць вялікая цікавасць і водгук да незалежнае публіцыстыкі. Гэта першая адметнасць сучаснае беларускае літаратуры.

Другая адметнасць, напэўна, ў тым, як кніга трапляе да чытача. Гэта можа адбыцца праз асабістае знаёмства з аўтарам, праз прэзентацыю новага выдання ў нейкім перапоўненым пакойчыку, ці проста ў падарунак ад сябра, што знаёмы з аўтарам ці пабываў на прэзентацыі.

Канешне, гэта мой асабісты досвед, але ён наўрад ці ўнікальны. Паспрабуйце адшукаць у кнігарнях «Пакутны век» В. Якавенкі і зразумееце, чаму. Там можа не быць нават класікі, уключанай у школьную праграму.

Ну і трэцяя адметнасць, на жаль, гэта афіцыйнае непрыняцце альтэрнатываў з забаронамі выданняў, канфіскацыямі накладаў і карнымі захадамі да аўтараў.

Я не магу адсачыць усе кнігі і часопісы, што выдаюцца ў нас, таму мне не хапае крытычных артыкулаў, аналітычных эсэ і культурнага асяродку, дзе можна даведацца і пачуць меркаванні аб новых выданнях, альбо пабачыць і пачуць аўтара.

Найлепшая беларуская кніжка, якую я прачытаў апошнім часам, — гэта зборнік Алеся Спіцына «Цені верасоў». Ён адметны тым, што гэта не публіцыстыка і ўвогуле не проза, але добры прыклад сучаснае беларускае хрысціянскае паэзіі.

Алег Грушэцкі, 40 год. Па адукацыі — мэнэджар-прадпрымальнік.

gruhechki.jpg

Лічу, што нашу літаратуру вылучае дух таямнічасці і загадкавасці, пэўнай містычнасці і міфалагічнасці. Беларуская літаратура будавалася на сюжэтах беларускага фальклору, які грунтуецца на моцнай і багатай міфалагічнай аснове. Паводле Міжнароднага паказальніка класіфікацыі казачных сюжэтаў у беларусаў 500 казачных сюжэтаў (у рускіх 87), прычым 50 беларускіх казачных сюжэтаў не паўтараюцца нідзе.

Безумоўна, наша літаратура савецкага перыяду, ды дзесьці і постсавецкага, моцна вылучаецца ваеннай тэматыкай. Гэтым яна моцная, з гэтай тэмай вылучыўся шэраг нашых класікаў, гэтай тэме прысвечана вялікая колькасць твораў менавіта беларускіх аўтараў. І тут нам ёсць чым насамрэч ганарыцца.

Адно імя Васіля Быкава чаго варта! Але гэта літаратура пэўнага гістарычнага прамежку часу, водгук на балючы адбітак у нашай гісторыі. Дарэчы, шчыра веру, што імя нашай сучасніцы Святланы Алескіевіч стане з цягам часу ў адзін шэраг з Быкавым. Хаця гэта, можа, маё меркаванне.

Але ж беларуская літаратура мае больш багатую гісторыю, і яе развіццё, прашу мяне правільна зразумець, не абмежавана толькі гістарычнымі рамкамі ваеннага перыяду.

Абагульняючы, лічу што менавіта звязак перапляцення элементаў містыкі, міфалогіі, выкарыстанне багатых сюжэтаў беларускай гісторыі і фальклора, удалае спалучэнне ўсяго гэтага, і вылучае нашу літаратуру на фоне літаратуры іншых краін.

Тое, чым характарызуецца менталітэт нашай нацыі, нашага этнаса. Так, падобнае нешта можна знайсці і ў іншых. Але ж усё-ткі свая адметнасць у нашай літаратуры ў гэтым накірунку выразна прысутнічае, вылучаецца.

Па-праўдзе, лічу, што ў нашай літаратары хапае ўсяго. Шчыра. Ніколі не разумеў тых, хто кажа, што нашай літаратуры не хапае цікавых твораў. Паверце — хапае, і багата.

Наведайце буйныя кніжныя крамы, кнігарні. Выбар — шырокі. І для дзяцей, і для падлеткаў, і для дарослых. Наведайце бібліятэкі. У нашых бібліятэках працуюць дастаткова прафесійныя людзі, якія любяць і ведаюць сваю справу. Яны знойдуць, што вам параіць.

Падпішыціся на газету «Літаратура і мастацтва», там увесь час друкуюцца анонсы кнігавыдання, выдатныя крытычныя артыкулы і артыкулы-агляды творчасці сучасных пісьменнікаў. Іншая справа, што ў нас, на маю думку, неправільны падыход да кнігавыдання, які кардынальна трэба змяняць.

Тут можна было б звярнуцца да вопыту Швецыі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, і ад пісьменнікаў не залежыць. Мяркую, што нашым пісьменнікам трэба проста помнікі пры жыцці ставіць і насіць іх на руках за тое, што прымудраюцца дзейнiчаць у такіх умовах, працуючы амаль у духе валанцёрства.

Лепшая кніга? О, гэта «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» Людмілы Рублеўскай! Прыгоды маладога шляхцюка на фоне магнацкіх інтрыг і барацьбы за трон Рэчы Паспалітай. Першая частка з трылогіі.

Вось дзе вам і сапраўдныя прыгоды, і гісторыя, а часам і містыка, і міфалогія. Купіў сыну на леташняй кніжнай выставе з подпісам аўтара. Перачытаў усё, што браў для сябе, і захацелася пачытаць добрую прыгодніцкую кнігу. Прыйшлося ўлезці ў бібліятэку дзяцей.

Набыў зусім нядаўна і трэцюю частку, на прэзентацыі Людмілы, таксама з подпісам. Але пакуль не чытаў, бо яшчэ не набыў другую частку. Ну, вось так атрымалася.

Выходзяць у Рублеўскай творы хутчэй, чым яе прыхільнікі маюць час іх прачытаць. Жартую. Таму зараз чакаю кніжнай выставы, што адбудзецца сёлета, каб набыць другую частку, і таксама, вядома ж, з подпісам аўтара. Дарэчы, і ўсіх аматараў літаратуры запрашаю.

Гэта і класічная літаратура, і навінкі кнігавыдання. Але галоўная — магчымасць сустрэцца ў жывую з сучаснымі аўтарамі, набыць іх творы з іх пажаданнямі і подпісамі, паразмаўляць з імі, пачуць іх. Бо прэзентацый з аўтарамі, як з нашымі, так, між іншым, і з замежнымі, адбываецца падчас выставы вельмі і вельмі шмат.

Селёта адбудзецца ўжо дваццаць другая выстава, пройдзе 11–15 лютага ў павільёне нацыянальнага выставачнага цэнтру БелЭКСПА (г. Мінск, пр. Пераможцаў, 14). Я буду. Прыходзьце і вы!

Святлана Жукава, дырэктар салона прыгажосці.

gukova.jpg

На мой погляд, ні ў якой iншай літаратуры няма, па-першае, такой прагі вяртацца ў мінулае і шукаць там тлумачэнне цяперашняму і, па-другое, такой канцэнтрацыі на цяжкіх, пакутлівых старонках жыцця.

Для мяне асабіста гэта абарочваецца тым, што пачынае балець сэрца і немагчыма заснуць, бо я чытаю звычайна перад сном.

Не хапае мне разнастайнасці жанраў, таму вельмі цаню Вінцэся Мудрова, чытаючы якога, смяюся да калацця.

З найлепшых не магу выдзеліць нейкую адну. «Чазенія», «Лісты не спазняюцца ніколі» Караткевіча. І зноў, як ў дзяцінстве, уразілася тэмай кахання ў кнiзе Мележа «Людзі на балоце».

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (2) Последнее сообщение
Нежность аватар

Ганна, дзякуй Вам за гэтую працу! Гонар бярэ за Вас і за чытачоў!

Веранда аватар

КЛАСС Happy  И Марина

#
Система Orphus