Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае інтэрв’ю. «Пераклад — гэта тое, што мы б хацелі даць гэтаму свету»

Беларускі варыянт «Шэрлака Холмса» — навошта ён сённяшняму чытачу?

На мае прафанскія пытанні пра мову, літаратуру і беларускі пераклад адказвае перакладчыца Ганна Янкута.

peraklad___1.jpg

Ганна, пытанне, напэўна, прафанскае, але ж, мне падаецца, у звычайнага чытача менавіта яно ўзнікае першым: ну навошта перакладаць Дойла на беларускую мову, калі кожны з нас, сто адсоткаў сучасных беларусаў, здольныя прачытаць Шэрлака Холмса па-руску? І не толькі здольныя, але й прачыталі ўжо, і не раз?

Ну, па-першае, перакладчыкі ў гэтым выпадку думаюць не толькі пра тых чытачоў, якія ўжо прачыталі Холмса, але і пра тых, якія яшчэ прачытаюць — па-беларуску. Сярод бацькоў, якія самі чыталі Дойла па-руску, напэўна знойдуцца такія, якія захочуць прапанаваць сваім дзецям беларускую версію. Цяпер цікавасць да беларускай мовы павышаецца, адчыняюцца курсы, спадзяюся, і наш беларускі Холмс будзе цікавы сучаснаму чытачу.

Па-другое, рускі Холмс і беларускі Холмс — гэта ўсё ж такі трошкі розныя рэчы, стары Холмс і новы Холмс — таксама разныя рэчы. Кожны пераклад прывязаны да таго часу, калі ён зроблены, напрыклад, за савецкім часам з перакладных кніжак прыбіраліся згадкі пра рэлігію, і сучасны перакладчык мае магчымасць вярнуць сапраўдны змест чытачам.

Існуе меркаванне, што ў ідэале кожнае пакаленне павінна рабіць пераклады класікі наноў. Таму маю надзею, што перакладзены нядаўна беларускі Холмс больш адпавядае нам і нашаму часу, чым даўнавата перакладзены рускі. Мы спрабуем паказваць рэчы, якія зніклі ў рускіх перакладах.

Напрыклад, раней не асабліва зважалі на дэталі віктарыянскай эпохі, якімі насычаны арыгінальны тэкст Дойла. Мы ж спрабуем захаваць у перакладах гэты віктарыянскі свет з яго рэаліямі і пішам каментары, каб чытачы лепш зразумелі гэты незвычайную для нас эпоху.

peraklad___2.jpg

Даруйце мне яшчэ адно прафанскае пытанне, але ж я ўвесь час думала, што пераклад — гэта вельмі дакладная праца. Ну навошта некалькі разоў перакладаць адзін і той жа нязменны тэкст? Слова «love» як азначала «каханне», так і азначае, ці не так?

Ну вось глядзіце, возьмем рускі пераклад Дойла, на якім усе мы выраслі і які вельмі любім. Калі параўнаць яго з арыгіналам, бачна, што нейкія вельмі канкрэтныя словы перакладзеныя недакладна.

Напрыклад, «ольстэр» — спецыфічны тып моднага ў тыя часы паліта з адметным фасонам — у рускім перакладзе так і застаецца «паліто». Але на сённяшні час гэта амаль экзатызм, і, мне здаецца, такія дэталькі набліжаюць чытача да тагачаснай эпохі.

peraklad___3.jpg

Але ж ваш Холмс перакладзены з арыгіналу. Ці вы карысталіся таксама і рускім перакладам?

Безумоўна, перакладаем мы толькі з арыгіналу. Аднак я, напрыклад, час ад часу з цікавасці зазіраю ў рускі пераклад — паглядзець, як тую ці іншую складаную задачу вырашылі іншыя.

І не толькі ў рускі, але і ў украінскі ці польскі. Галоўнае — рабіць гэта пасля таго, як вынайдзеш сваё рашэнне, каб не было спакусы скарыстацца падгледжаным.

peraklad___4.jpg

Ваш беларускі пераклад «Прыгодаў Шэрлака Холмса» — першы?

Я чула пра існаванне ранейшых беларускіх перакладаў Шэрлака Холмса, але нешта знайсці ў мяне не атрымалася.

Магчыма, гэта нейкі літаратурны міф. У любым разе, усе тэксты, якія ўвайшлі ў нашае выданне, — свежыя, толькі-толькі перакладзеныя. Гэта дакладна.

peraklad___5.jpg

А часта абнаўляецца рускі Холмс?

Калі казаць пра нейкія класічныя творы, то па-руску яны могуць існаваць у некалькіх перакладах. Канечне, ёсць узорныя працы (напрыклад, пераклад «Боскай камедыі» Дантэ, зроблены Лазінскім), брацца за такія тэксты, мабыць, проста страшна.

Але не так даўно, напрыклад, Анастасія Грызунова зрабіла новы пераклад рамана Джэйн Остэн «Гордость и предубеждение», нягледзячы на тое, што класічны пераклад Імануэля Маршака ўжо трывала замацаваўся ў рускай традыцыі.

Што тычыцца твораў пра Шэрлака Холмса, то гісторыю іх рускіх перакладаў я проста не вывучала, таму не ведаю.

peraklad___6.jpg

А наш сённяшні чытач — ён патрабавальны да перакладу? Ці ўсё роўна, як перакладзена, галоўнае, каб было?

Чытачы, канечне, розныя. З аднаго боку, яны могуць быць патрабавальныя, бо ўжо чыталі рускія пераклады адпаведных твораў, і ім ёсць з чым параўноўваць. З другога боку, ёсць чытачы, якія проста радуюцца, што нешта новае выходзіць па-беларуску, і асабліва ні на што не наракаюць.

peraklad___7.jpg

А вам хапае беларускіх чытачоў? Ці не пакутуеце вы ад малой іх колькасці?

У кніжнай серыі часопіса «Прайдзісвет» выйшла ўжо некалькі кніг, і ўсе яны, наколькі я бачу, выклікалі цікавасць сярод чытачоў і атрымалі добрыя водгукі.

Напрыклад, мінулым летам мы падрыхтавалі зборнік дэтэктыўных апавяданняў «Злачынства, сэр!», які выйшаў у выдавецтве «Кнігазбор», і апошнім часам я гэтую кнігу ў мінскіх кнігарнях ужо не бачу.

Канечне ж, хочацца, каб чытачоў было больш і больш, і мы спадзяемся, што так з цягам часу і будзе.

peraklad___8.jpg

Ганна, а чым адрозніваецца рускі Шэрлак Холмс ад беларускага? Як літаратурны герой Холмс, які размаўляе з Ўотсанам па-беларуску, ён жа нечым адметны?

Безумоўна, яны чымсьці адрозніваюцца, і я спадзяюся, што беларускія чытачы змогуць прывыкнуць да беларускага «аблічча» Шэрлака Холмса.

Прывяду такі прыклад. Як любы ангельскі джэнтльмен, Шэрлак Холмс, выкарыстаем тут рускае слова, ходзіць з «тростью». Мы доўга думалі, які беларускі адпаведнік тут выкарыстаць. Пасля доўгіх спрэчак і развагаў не без ваганняў спыніліся на слове «кій». Паглядзім, як яно ўспрымецца і прыжывецца.

peraklad___9.jpg

А ці ёсць такая з’ява ў нашай літаратуры, як «беларуская школа перакладу»?

Увогуле мне цяжка казаць пра школу беларускага перакладу ў прозе, хоць якасных празаічных перакладаў у нас, безумоўна, нямала. Школа звычайна вырастае вакол пэўнай асобы, перакладчыка, які перадае сваім вучням досвед і веды.

У рускім перакладзе можна, напрыклад, згадаць «кашкінцаў», вучняў Івана Кашкіна. Калі ў фармаванні сучаснай беларускай школы паэтычнага перакладу (можа, аднойчы беларускія філолагі пачнуць такую вылучаць), важную ролю адыгрывае Андрэй Хадановіч, які акурат вядзе Перакладчыцкую майстэрню і вучыць перакладаць паэзію, то ў перакладзе прозы кожны хутчэй ідзе сваёй дарогай.

Акрамя таго, у нас не кожная нацыянальная літаратура добра прадстаўленая ў перакладзе. З французскай і нямецкай моваў перакладаў больш, з ангельскай — менш. Асабліва гэта тычыцца ангельскай літаратуры ХІХ стагоддзя.

У рускім перакладзе выпрацаваная лексіка для перадачы тагачасных этыкетных формулаў, нейкіх моўных штампаў, якія ў свядомасці чытача адразу ж атаясамліваюцца з ХІХ стагоддзем. Нам жа гэта ўсё даводзіцца прыдумляць самастойна, шукаць па слоўніках ці збіраць па творах беларускай літаратуры.

Гэта і плюс, і мінус. З аднаго боку, шмат дадатковай працы. З другой — застылыя моўныя формулы, якія пераходзяць з твору ў твор, з часам прыядаюцца, з’яўляецца ўражанне, што ўсё гэта калісьці недзе было, калі не ў Джэйн Остэн, дык у Тургенева. Беларуская мова дае нам у гэтым выпадку дадатковы эфект навізны, але гэта ўсё кожны стварае ў прозе самастойна.

peraklad___10.jpg

Ганна, вы ўвесь час кажаце — «мы», і ніколі — «я». А хто гэта — «мы»?

Мы — гэта перакладчыкі, якія арганізаваныя вакол інтэрнэт-часопіса «Прайдзісвет». Мы існуем пяць год, і «Прыгоды Шэрлака Холмса» — гэта ўжо пятая кніжка, падрыхтаваная нашым калектывам.

Хтосьці з нас больш цікавіцца англійскай літаратурай, хтосьці — французскай, хтосьці — сучаснымі творамі, хтосьці — класікай, і ў выніку ў нас атрымліваецца рабіць разам розныя праекты.

Рэдакцыя часопіса «ПрайдзіСвет» — гэта Кацярына Маціеўская, Юля Цімафеева, Алена Пятровіч, Алеся Башарымава, Уладзь Лянкевіч, Алена Казлова, Паліна Маслянкова, Наста Гвоздзева і я, часам да нас далучаюцца і дапамагаюць іншыя перакладчыкі.

peraklad___11.jpg

Так і з’яўляецца беларускі пераклад? Ці ёсць нейкая дзяржаўная замова, вялікія дзяржаўныя праекты, ці, можа, выдавецтвы замаўляюць вам той ці іншы пераклад?

Не, гэта нашая ўласная ініцыятыва.

peraklad___12.jpg

Але ж гэта не тая справа, якая дае вам сродкі на існаванне?

Не, канечне, не тая. Гэта хутчэй творчасць ці нават хобі, тое, што мы б хацелі даць гэтаму свету. Ну, і, найперш, тое, што цікава нам самім.

peraklad___13.jpg

А ці не ўзнікаюць падчас перакладчыцкай працы пісьменніцкія амбіцыі?

З перакладам часта бывае так: ёсць пісьменнікі, якія ў вольны час нешта перакладаюць. У нас жа ўсё інакш.

Ёсць сярод нас і тыя, хто сумяшчае пісьменніцкую і перакладчыцкую працу, напрыклад, Уладзь Лянкевіч, які выдаў летась кнігу вершаў «70% вады», і Юля Цімафеева, у якой нядаўна выйшаў зборнік вершаў і перакладаў «Кніга памылак».

А ёсць тыя, каму цікавы менавіта мастацкі пераклад. Я, напрыклад, займаюся перакладам і літаратурнай крытыкай.

А раскажыце якія-небудзь перакладчыцкія байкі.

peraklad___14.jpg

Перакладаючы нейкі твор, часам даводзіцца разбірацца ў рэчах, пра якія ты б ніколі нічога не дазнаўся, фактычна, рабіць амаль дэтэктыўнае расследаванне. Напрыклад, рыхтуючы каментары да зборніка выбраных твораў Эдгара По «Маска Чырвонае Смерці», мы з Кацярынай Маціеўскай паспрабавалі разабрацца, што за Ібн-Заят цытуецца ў эпіграфе да апавядання «Берэніка». Хто ён такі?

Сапраўды існаваў — ці яго прыдумаў Эдгар По, каб містыфікаваць чытачоў? Спачатку мы пачалі шукаць рускія каментары, але карыснай інфармацыі знайшлі няшмат. Пачалі глядзець каментары да старых выданняў, і ў адным з іх была адсылка да французскай энцыклапедыі «Усходняя бібліятэка» 1697 года. Пачалі шукаць гэтую энцыклапедыю, аднак у інтэрнэце была змешчаная вельмі кепская копія гэтага важкага выдання. Спампаваўшы яе, мы досыць доўга шукалі ў ёй артыкул, прысвечаны Ібн-Заяту, а, знайшоўшы патрэбную старонку, былі вымушаныя раздрукаваць яе, каб расчытаць даты яго жыцця.

Аднак у выніку мы не толькі дазналіся, хто гэта такі і адкуль Эдгар По яго ўзяў, але і прачыталі вельмі цікавую гісторыю самой фразы, абранай у якасці эпіграфа да апавядання «Берэніка». Цяпер гэтую гісторыю можна знайсці на старонцы 450 зборніка выбраных твораў Эдгара По «Маска Чырвонае Смерці».

peraklad___15.jpg

Нічога сабе! А чаму вы не кінулі пошукі адразу пасля няўдачы з рускім гуглам?

Магчыма, таму, што мы вельмі ўпартыя. Цяпер я даволі марудна перакладаю «Пыху і перадузятасць» Джэйн Остэн, і падобныя пошукі мне даводзіцца праводзіць прыкладна раз на дзесяць старонак. 

«Пыха і перадузятасць»? Это «Гордость и предубеждение»?

Так, гэта працоўная назва рамана па-беларуску. Увогуле назва твора перакладаецца ў апошнюю чаргу, таму напэўна сказаць, пад якой назвай гэты твор у нас выйдзе, я пакуль не магу.

У беларускай мове ёсць шмат сінонімаў да слова «пыха», кнігу можна назваць, напрыклад, «Гонар і перадузятасць», аднак сама Остэн часта абірала для назваў сугучныя словы: «Sense and Sensbility» (у рускім перакладзе «Чувство и чувствительность»), «Pride and Prejudice» («Гордость и предубеждение»).

Мне хацелася захаваць гэтую асаблівасць. Аднак канчатковае рашэнне будзе прынятае пасля заканчэння перакладу.

peraklad___16.jpg

А хто вас вучыў перакладу і ўпартым адносінам да яго? Хто вашыя настаўнікі?

Я скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай мовы і літаратуры, потым — магістратуру, спецыялізавалася у галіне ангельскай літаратуры, і маім навуковым кіраўніком была Ганна Міхайлаўна Бутырчык, цяпер яна — загадчык кафедры замежнай літаратуры. Менавіта яна навучыла мяне літаратуразнаўчай працы.

Ангельскую мову я вучыла ў школе, потым шмат чытала па-ангельску, ды і пераклад вельмі дапамагае вучыць мову і падтрымліваць яе ў працоўным стане.

Што тычыцца ўласна перакладу, то пры Беларускім Калегіюме ёсць Перакладчыцкая майстэрня, якая збіраецца раз на тыдзень і дзе пад кіраўніцтвам Андрэя Хадановіча маладыя (а часам і не вельмі) перакладчыкі разбіраюць складаныя выпадкі, абмяркоўваюць тыя ці іншыя рашэнні, вычытваюць пераклады і такім чынам адно аднаму дапамагаюць. Менавіта там, дарэчы, і сабралася нашая «прайдзісвецкая» суполка.

На сённяшні дзень гэта адзінае месца ў Беларусі, дзе можна навучыцца мастацкаму перакладу на беларускую мову. Таксама я лічу карысным знаёміцца з найлепшымі працамі рускіх і польскіх перакладчыкаў, бо хоць нашыя мовы і розныя, нам ёсць чаму ў іх павучыцца.

А як прыйсці на майстэрню таму, хто хацеў бы навучыцца перакладу?

Лепш за ўсё запісацца ў Беларускі Калегіюм і прыйсці на адну з сустрэч Перакладчыцкай майстэрні. Часам перакладчыкі таксама пішуць на электронную пошту часопіса «ПрайдзіСвет» альбо звязваюцца з кімсьці з нас наўпрост.

А ці ўсе беларускія перакладчыкі маюць адпаведную адукацыю?

Не. Сярод нас ёсць і інжынеры, і менеджары, і праграмісты.

Галоўнае, каб чалавек валодаў мовамі, любіў літаратуру і мастацкі пераклад і жадаў гэтым займацца.

peraklad___18.jpg

А хто — ваш любімы пісьменнік, перакладаць якога вам асабліва прыемна?

Я трошкі зайздрошчу тым перакладчыкам, у якіх ёсць любімы аўтар, на якім можна засяродзіцца. Напрыклад, Алеся Башарымава сур’ёзна займаецца фінскай шведскамоўнай пісьменніцай Тувэ Янсан, якая прыдумала мумі-троляў, вельмі добрае ведае яе творчасць і перакладае адну за адной яе аповесці, хаця, зразумела, цікавіцца творчасцю і іншых пісьменнікаў.

У мяне, на жаль, такога аўтара няма. Мяне хутчэй цікавіць уся літаратура як з’ява, а не канкрэтныя персоны. Хаця ёсць паэт, які захапляе мяне больш за іншых — гэта польскі аўтар першай паловы ХХ стагоддзя, які пісаў у міжваенны перыяд: Баляслаў Лесьмян.

Гэта надзвычай складаны для перакладу аўтар, які ўмудрыўся ўціснуць у вершы польскі фальклор і філасофію Платона, які распрацаваў уласную вусцішную міфалогію і давёў польскую рыфму ці не да дасканаласці. Гэты адзін з наймацнейшых прадстаўнікоў польскага мадэрнізму быў першым паэтам, якога мне калісьці даўно, яшчэ на пятым курсе, захацелася перакласці.

Тыя першыя пераклады, зразумела, ужо даўно на сметніцы, але жаданне справіцца з гэтай неверагодна складанай паэзіяй нікуды не знікла. Мая перакладчыцкая мара — зрабіць вялікую, сур’ёзную кніжку перакладаў Баляслава Лесьмана.

Ганна, яшчэ адно прафанскае пытанне. А ці хапае вам моўных магчымасцяў, калі вы перакладаеце з мовы больш старажытнай на нашу адносна маладую мову, якая актыўна распрацоўваецца і расце на нашых вачах?

Безумоўна, бываюць выпадкі, калі даводзіцца доўга шукаць беларускі адпаведнік таму ці іншаму замежнаму слову, аднак я перакананая, што па-беларуску можна выказаць любую думку, варта толькі добра падумаць і пакорпацца ў слоўніках.

Маладосць мовы, як на мяне, грае тут толькі на карысць. У нас яшчэ лёгка сказаць нешта новае і непаўторнае. Гадоў праз дзвесце гэта дакладна будзе больш складана.

А ці даводзілася вам ствараць новыя словы?

Калі іх стварае аўтар, то трэба ісці за ім і таксама нешта выдумляць.

Напрыклад, перакладаючы Баляслава Лесьмяна, добра вядомага ў польскай літаратуры сваімі неалагізмамі, я прыдумала на яго манер безліч словаў, інакш перакладу проста не было б.

Але калі ў арыгінале неалагізмаў няма, то пажадана таксама ровар не вынаходзіць і шукаць па слоўніках, ранейшых творах і г.д.

Бывае, каб не адшукалі?

Не, такога не бывае. Проста часам даводзіцца падымаць зусім рэдкія слоўнікі.

У беларускай мове ёсць усё — трэба гэта толькі знайсці.

Ганна, а якімі мовамі вы карыстаецеся ў жыцці?

Беларускай, рускай, таксама даволі шмат ангельскай і польскай. Раней крыху перакладала з нідэрландскай і шведскай.

Увогуле я пачынала вучыць шмат моваў, і пры неабходнасці магу з дапамогай слоўнікаў разабраць на іх тэкст.

peraklad___19.jpg

А вы сама — з беларускамоўнай сям’і?

Мае бацькі размаўляюць па-руску, але добра разумеюць беларускую і свабодна на ёй чытаюць. Аднак я вучылася ў школе у дзевяностыя, і ў нас усе прадметы выкладаліся па-беларуску.

Я выдатна памятаю, што тады і настаўнікі без цяжкасцяў выкладалі на мове, і вучні іх лёгка разумелі. Канечне, на перапынках мы размаўлялі па-руску, але ніякіх праблемаў для нас не складала адразу пасля званка перайсці на беларускую.

Ганна, парайце нам што-небудзь пачытаць з перакладных кніжак.

Па-першае, параю кнігу чэшскай пісьменніцы Ірэны Доўскавай «Моцны Жбуць», якую на беларускую мову пераклала Вераніка Бяльковіч.

Гэта аповед пра камуністычную Чэхаславаччыну, які вядзецца ад імя маленькай дзяўчынка і напісаны вельмі жывой дзіцячай мовай, абсалютна сапраўднай, мне здаецца, што ў дзяцінстве мы менавіта так і гаварылі. Гераіня кнігі па-дзіцячы расказвае пра смешныя і сумныя выпадкі з жыцця, і ад гэтага іх камізм і трагізм моцна ўзмацняецца.

Па-другое, з выдадзеных нядаўна перакладных кніг абавязкова трэба чытаць пераклад кнігі баснійска-харвацкага пісьменніка Міленкі Ергавіча «Іншала, Мадонна, іншала», зроблены Сяргеем Шупам.

Гэта зборнік апавяданняў, якія выраслі з баснійскіх песняў ці былі імі натхнёныя, калекцыя дзівосных балканскіх гісторыяў, якія расказваюць і пра гісторыю, і пра сучаснасць.

Па-трэцяе, дзецям вельмі раю беларускі пераклад кніг пра мумі-троляў, зроблены Алесяй Башарымавай. Мне здаецца, па-беларуску яны гучаць менавіта так, як і павінныя: весела, бадзёра і захапляльна.

Таксама запрашаю ўсіх пазнаёміцца з серыяй часопіса «ПрайдзіСвет», у якой выйшлі: зборнік выбраных твораў Эдгара По «Маска Чырвонае Смерці», зборнікі дэтэктыўных і містычных апавяданняў «Злачынства, сэр! » і «Вусцішны пакой», п’еса Оскара Ўайлда «Саламея» і «Прыгоды Шэрлака Холмса» Артура Конана Дойла. Бліжэй да Калядаў чакаецца таксама зборнік святочнага апавядання «Падарунак на Каляды».

Фота: Алiна Арлова

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (9) Последнее сообщение
ma_marina аватар

Как интересно! Обязательно поищу бел.перевод про мумми-тролей!

Анна Северинец аватар

А я бачыла яго ў сяброўкі. Мне падабаецца больш за рускую версію:) Дарэчы, нехта й Карлсана пераклаў - таксама вельмі годная кніжка:)  

 

ma_marina аватар

Дарэчы, тыя кнігі, што вы мне параілі для маленькіх, ужо набылі. Малым ппадабаюцца малюнкі, тэкст пакуль не ўспрымаюць.

А набыць можна ў Логвінаве?

Анна Северинец аватар

Мумітроляў бачыла там дакладна. Карлсана не памятаю:)

Мой Ілья таксамапакуль што малюнкі разглядае, але ж тэкст не успрымае. Але ж ён і рускія кніжкі не чытае асабліва. Барто - ніяк не ідзе. Толькі Хармс

Sapienti Sat аватар

интересное интервью, есть же такие влюбленные в свое дело энтузиасты! но... пыха... .... 

п.с. Анна Северинец, Вы такая милая и."прыўкрасная"  

ma_marina аватар

пыха мяне таксама "уразіла"... Я тры разы перачытала. Можа, памылка?

Анна Северинец аватар

Не, менавіта "пыха":))) Таму я і перапытала:) Але ж Ганна кажа, гэта пакуль працоўны варыянт:))) 

Анна Северинец аватар

 спасібо:)

Natali16 аватар

Цiкава i прыемна чытаць! Ганнам 

Р.S. Прыкiд у аутара

#
Система Orphus