Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае інтэрв’ю. «Паболей бы такіх фільмаў для людзей»

З амерыканскай беларускай Воляй Дземкай гутарым пра Амерыку, Беларусь і волю.

Усе проста. Частку грошай сабралі на краўдфандынгавай платформе, частку — большую — яна ўклала сама: сямейныя накапленні плюс банкаўскі крэдыт. Пяць год працы, некалькі фальклорных экспедыцый на Палессе. 102 песні, адабраныя і запісаныя начыста, і, нарэшце — фільм, які ў мінулым годзе перамог на на міжнародным фестывалі CIFF у Канадзе.

«Песні старой Еўропы — старажытныя беларускія народныя песні» — дакументальная лента пра спевы, народжаныя ў тыя ж часы, ў якія паўставалі егіпецкія піраміды.

Пра гэтую натхняльную перамогу і гэты неверагодны фільм шмат пісала беларуская прэса, калі стала вядома, які поспех мелі архаічныя беларускія спевы на міжнародным форуме.

«Мы і не ведалі, што краіна такая есць, а цяпер ведаем» — знакамітая формула здзіўлення, якую часцяком даводзіцца чуць нашым суайчыннікам за мяжой.

Яны там, у Амерыцы і Канадзе, цяпер ведаюць. Нажаль, значна менш і пра песні, і пра кіно, і пра краіну ведаем мы самі. Але мы з Воляй Дземкай, стваральніцай, рэжысерскай, прадзюсарскай ленты гутарым зусім не пра тое.

velvet__1.jpgВоля Дземка

— Спадарыня Воля, ці далека ад Палесся да Сіэтлу?

— Паўсвета. Літаральна амаль (каля 8 500 км), да Сіэтлу з Нью-Ёрку яшчэ 6-7 гадзін ляцець.

— А калі метафарычна? Цяжка вам давалася гэтае рашэнне — з’ехаць? Наколькі тэхнічна складана было памяняць месца жыхарства?

— Так атрымалася, што я з бацькамі разам пераехала. Яны кажуць, што пераехалі з-за нас, каб у нас з братам магчымасці былі хаця якія, а я ехаць не хацела, нават квіткі ў Мінск набыла, паўгода тут адбыўшы. Але засталася з-за іх і брата.

У тэхнічнай частцы я ўдзелу амаль зусім не брала, нічога тут не распавяду. Можа, з-за таго, што маладая была, мне адносна нескладана было прызвычаіцца да жыцця тут, не ведаю. 

— Што вам падабаецца там, дзе вы зараз жывяце?

— Тут дакладна мушу пра бары-лясы. Мы ля Каскадных гор жывем, Кардыльер. З аднаго боку горы і амаль джунглі з папаццю, секвоямі (лес імшысты, увесь час дождж ідзе) з горнымі рачулкамі, вадаспадамі, жывым вулканам, які ўсе ніяк не выбухне, а з дргугога — заліў, мора Саліш і Ціхі акіян. 10 хвілінаў — і ты ўжо ў парку лясным ці на заліве, 20 хвілінаў — у гарах, 2 гадзіны — на беразе акіяну.

Я пра каменчыкі магу гадзінамі расказваць. Касаткі ў нас тут разводзяцца, дзіцячы садок у іх тут. Учора за адзін дзень бачылі, як марскія коцікі сварыліся за месца на бую (амаль паводле «У пошуках Доры»), выдру марскую бачылі, вялічэзнага краба, анемонаў і жураўля.

Узімку +10, а калі снегу хочацца — ў гарах яго метры тры.

velvet__2.jpgВоля Дземка

— А што не падабаецца ў параўнанні з Беларуссю? Я не пра лясы і бары — у сэнсе камфортнага жыцця? Шмат хто з замежных беларусаў кажуць пра тое, што слова «настальгія» для іх — не пусты гук. А для вас?

— Я на гэтых два пытанні запар адкажу. Для камфортнага жыцця мне тут не хапае мовы, вечарын, сяброў, бабуляў, весак, праспекту Скарыны-Незалежнасці (ці як ен там зараз ізноў завецца).

— Беларусы замежжа — наколькі гэта аформлена? Ці адчуваеце вы сябе часткай нейкай згуртаванай, цеснай субкультуры?

— У Нью-Ёрку вялічэзная дыяспара, у Сан-Францыска таксама, у Чыкага, а ў Сіэтле няма. Я ведаю некалькі сем’яў беларускіх, але каб нешта кшталту дыяспары — не, далека мы, да нас ніхто ніколі не даяжджае.

Шчыра кажучы, я такі падкаменны бурундук, што сама нешта арганізоўваць-шукаць не буду; апошнія пяць гадоў фільм рабіла, увогуле галаву не высоўвала.

— Адкуль у вас такі цудоўны навык архаічнага спеву? Наогул ці можна навучыцца так спяваць — ці гэта нешта генэтычнае?

— Ніякай генэтыкі (усміхаецца). Гэта тэхніка, кшталту опернага спеву. Оперны спеў, дарэчы, пайшоў менавіта з народных песень. Калі слых есць, голас есць — здолееш і  архаіку пацягнуць. Чым больш займаешся, тым больш усяго можна зрабіць, аквеціць.

Таленавітыя спявачкі, спявая архаіку, усе роўна будуць таленавітымі і выбітнымі. У мяне ў гурце такая спявае — Дарынка, балгарка, якая вырасла ў Барнаўле і вывучала беларускія спевы старажытныя ў Піцеры, магістр этнаграфіі і фальклору. На яе ўзроўні спяваюць ўсяго 4-5 спявачак (з маладзейшых, не вясковых). Галасіна афігенская, дыяпазон — таксама.

Я сама пачала спяваць архаіку ў гурце Гуда, спяваю ўжо 16 гадоў, а за гэты час тое-сее адшліфавала.

volya_dzemka_5.jpgВоля Дземка

— А што, сапраўды можна вывучыць беларускую фальклорную песню ажно ў Санкт-Пецярбургу? Што рухае балгарскімі дзяўчынамі з Барнаўла, калі яны бяруцца вывучаць беларускую архаіку? Мо, яна распавядала вам?

— Дарынка спачатку навучалася ў Алтайскім каледжы культуры і мастацтва, вывучала гісторыю фальклору і этнаграфію. А ў Піцеры працягнула навучанне.

Наколькі я разумею, фальклор вывучалі па рэгіенах, і беларускі фальклор таксама там апынуўся. А мне проста пашанцавала з Дарынкай сустрэцца ў Сіэтле.

— Чаму менавіта архаічныя спевы?

— Ведаеце, мы звыкліся з бабулінымі спевамі, ніколі і не думалі, што яны нейкія зусім ледзь не іншапланетныя. А я калі пачула, як спяваюць маладыя дзяўчаты — усе. Зачапіла мяне і не адпусціла.

Спачатку хацела прыйсці на рэпетыцыю Гуды толькі паслухаць. Сама спяваю з пяці гадоў па харах усялякіх. Дзеўкі сказалі: «Канешне, прыходзь», а калі прыйшла, сказалі, што ў іх усе спяваюць і ніхто так не сядзіць. Ну і амаль прымусілі спяваць разам з імі.

Студэнцкі кліп Волі Дземкі, зроблены для заняткаў па мантажу

— А раскажыце, калі можна, крыху болей пра «Гуду». Што гэта за вопыт — для вас асабіста?

— На той момант, калі пазнаемілася з дзяўчатамі, была ледзь не маладзейшая з усіх. Напэўна, мяне не толькі песні-сугуччы захапілі, а таксама нейкая сапраўднасць — ні табе скамарохаў чужынскіх культпрасветніцкіх, ні аляпаватых строяў.

Дарэчы, строі рабілі самі, самі вышывалі. Зараз я ўжо ведаю майстрых беларускіх, якія такія рэчы касмічныя робяць, слоў ад захаплення не хапае. А тады яно яшчэ неяк нават адлегла ні ў якім ў мэйнстрыме не было. Сама назва пішацца як GUDA, але рэдактары ўвесь час яе перайначваюць. Як і наш сіэтлскі гурт VOLYA (нават з фэйсбукам спрачацца мусіла, каб пакінулі вялікімі літарамі).

— Зразумела, што гэтыя спевы вельмі патрэбныя вам. А ці сустракалі вы доказы, што яны патрэбныя слухачам? Такія доказы, якія даюць сілы працаваць з гэтым матэрыялам далей?

— Мне з фільмам усім светам дапамагалі, падтрымлівалі. Калі на tut.by артыкул надрукавалі, то падтрымка была неверагодная: за тыдзень назбіралі столькі, што хапіла на квіток, каб бабулям фільм гатовы прывезці паказаць.

Я за гэта вельмі хвалявалася, што не паспеюць паглядзець. Туды тэлефанаваць страшна, кожны званок — то той з намі няма, то гэтая ўжо з анtламі спявае... старэнькія ж.

velvet___6.jpgФото: Clean Earth Photography

— Такое важнае для мяне пытанне… Вось не было вашага фільма на свеце, а зараз — есць. Што змянілася? Для вас, для людзей, для Беларусі, можа быць?

— Пачну крыху здалек. Нават, калі фільм і аб самых старажытных песнях Еўропы, але ж яшчэ адна думка там — мы есць, мы існуем. Ведаеце, калі б жыхару Швецыі сказалі, што ен з маленькай краіны, ен бы з вас пасмяяўся. А нам чамусьці ўвесь час кажуць, і самі беларусы неяк да гэтай думкі прызвычаіліся, але якія ж мы маленькія? І песні ў нас касмічныя, і гісторыя складаная і каляровая.

У амерыканцаў звычайна рэакцыя на фільм такая: «Мы і не ведалі, што краіна такая есць, а цяпер ведаем». І гэта цудоўна, што цяпер ведаюць. Крыўдзіцца не мае сэнсу: Беларусь занадта далека знаходзіцца ад Штатаў. Гэта як чакаць, што беларусы клапоцяцца аб эканамічна-палітычным становішчы Белізу, напрыклад. Добра, калі ўвогуле ведаюць, дзе ен, той Беліз (не ведаюць, я наўмысна распытвала мінулым разам).

Пасля прагляду ў Мінску Алег Хаменка мне сказаў (даслоўна не памятаю, але сэнс такі): «Вось, калі зняла беларускае для амерыканцаў, то атрымалася так, як трэба беларусам». Дзяўчына ў міністэрстве кінематаграфіі ледзь чутна маей прадзюсарке беларускай сказала: «Паболей бы такіх фільмаў для людзей».

Мы есць, мы існуем, і песні ў нас адметныя. Гэта неверагодна істотна, мне падаецца, — ведаць, хто ты і адкуль ты. Мне было вельмі важна, каб фільм паспелі пабачыць мае бабулі, каб яны паглядзелі на сябе з боку і пабачылі, якія яны насамрэч крутыя. Каб пляменніцы і ўнукі іх ведалі, які скарб захавалі іх бабуля ці дзядуля.

Я наўмысна ў стужку не ўстаўляла нейкія цяжкія рэчы — шмат есць пра гэта, шмат напісана. Адное шкадую, што не запісала расповяд, як знішчалі запісы архіўныя песенныя, палілі касеты з неверагодным скарбам. Але пра гэта, можа, асобна неяк фільм зраблю. Цяперашні хай застанецца ўмытым і апранутым у святочнае, хай існуе і такая цаглінка беларуская ў свеце.

velvet___3.jpg

— А як наогул гэта адбывалася — ваша нацыянальная самаідэнтыфікацыя? Калі вы раптам зразумелі, што вы — беларуска? І што гэта вам давала дома, і што дае на чужыне?

— Адзін з такіх момантаў памятаю добра. Я шмат часу бавіла ў бабулі, пакуль маленькая была. Маці казала, я потым сваей беларускай мовай палохала выхавацелек у дзіцячым садочку. Таму ніколі яна мяне не палохала, мова нашая. 

Але ўсе роўна, праграма школьная белліту — гэта жах несусветны. Ну, ці была, калі я навучалася. Але нават яна мяне не напружвала, бо з настаўніцай нам проста пашанцавала. Тамара Уладзіміраўна Каркоцкая. Памятаю, калі яна да нас прыйшла, мы ўсе закахаліся ў тое, як вольна яна размаўляла і з якой любоў’ю ставілася да літаратуры і беларускай, і сусветнай. Яна, дарэчы, мне дапамагала рабіць рэдактуру беларускамоўнага тэксту для дакументалкі.

А аднойчы ў нас замена была. Не памятаю ўжо, як звалі настаўніцу гэтую, мы яе за вочы клікалі «Шыньен» і не вельмі любілі. А вось яе «Чяму ты не выканав хатняе заданіе» дагэтуль памятаю.

У класе пятым-шостым была справа. Чытала яна нашыя сачыненні на тэму «Чаму я люблю сваю краіну?». А ў мяне быў фотаальбом з Белавежскай пушчай. Ну і напісала я пра хараство гэтае ўсе, зуброў, балоты, чаравічкі Венерыны — як гэта можна не любіць? А яна мне: «Тебе это родітелі напісалі, зачем врать?».

Напэўна, у яе класе дзеці так не пісалі ніколі, не ведаю, але ж крыўда мяне ўзяла і злосць кіпучая. Вось стаю я чырвоная, зубы сціснула і думаю: «А я ўсе роўна буду любіць. І шыньен хай твой адваліцца». Вось і люблю дагэтуль. Крыху смешна, крыху пафасна.

t/blockquote>

Дома ўсе гэта мне давала галаўны боль, у асноўным. Зараз таксама. Тут няма магчымасці «размаўцяць ртом», таму калі даяжджаю да Беларусі, ужо адрываюся па-поўнай. І адразу ж пытанне:

— А вы почему по-белорусски?
— Фалькларыст. (Ужо задаўбалася нешта тлумачыць)
— Ааааа. Работа обязывает.

Хачу чытаць, а на беларускай мове кнігі замовіць амаль немагчыма. Да электронных чыталак я так і не прызвычаілася, таму паціху, як нахабнасці набяруся, мушу заляцацца да людзей добрых, каб мне кніжкі дасылалі, так і жывем. Калі б не мой характар «назло кандуктару», можа, я б ужо і здалася.

velvet___4.jpgВоля Дземка

— Як наогул у Штатах з нацыянальным пытаннем? Яны ж там усе амаль — «мяшанцы». Можа, і нам не варта так завастраць нацыянальнае ў сабе?

— У ЗША пад бокам няма ЗША. Мы можам сабе дазволіць не замарочвацца гэтым пытаннем. Усе адразу патрыеты і жывуць у найлепшай у свеце краіне, а самае галоўнае — свята ў гэта вераць.

А мы ў Беларусі не можам не звяртать ўвагі на нацыянальнае пытанне, там чырваточына ў сістэме знутры.

— На якіх мовах размаўляе ваш сын? Якая яму болей падабаецца? Што наогул ен ведае пра Беларусь?

— Дома ў Сіэтле мы на рускай размаўляем. Муж украінец, але ен сюды пераехаў так даўно, што я ўкраінскаю балакаю лепш за яго. Сынуле чытаю беларускія казачкі (дзякуй сяброўкам, яны мне на ніх палююць па мінскіх кнігарнях), яго любімая песенка — калыханка.

Ен добра разумее ангельскую мову, покуль яшчэ не гаворыць, але як у школу пойдзе, гэта, канешне, усе зменіцца. У яго дзвух дамоў (і падваення асобы), як у мяне, няма. Кажа: «Мама, я радився в Сиэтле и зиву тут», але дзе Беларусь знаходзіцца на мапе, ведае.

— Ці існуюць нейкія ўмовы, пры якіх вы прыехалі б назад?

— Пэўна, есць. Яшчэ не разважала над гэтым.

— «Хачу дамой» — для вас гэта куды?

— З сямьей быць. Я тут на месцы.

 Што з музыкі вы слухаеце дома ці ў машыне? Якія, прыкладам, тры песні зараз у вас у асабістым плэй-лісце?

— Рок слухаю. Фольк-рок, цяжкі, амерыканскі, украінскі, рускі, беларускі, — усялякі. І бабулечак запісы, канешне, бо трэба ж рэпертуар падбіраць.

Пад гэтую лепш за ўсе пераклады рабіць, калі шумна і трэба згуртавацца:

Гэтая любімая самая:

Троіцы «Козачэ» няма ў юцюбе, але ў фільме есць. Мяне на праглядзе ў Полацку спыталі студэнты, хто мне зацвердзіў песні для фільму. А там усе песні я сама зацвреджвала. Такі мой самы-самы любімы плэйліст, які складаецца з 102 кампазіцый, 101 з іх — беларускія. Тут есць

А тут вы знайдзеце шмат цікавай інфармацыі пра праект Волі Дземкі.

VELVET: Анна Северинец
Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы получить возможность отправлять комментарии.
#
Система Orphus