Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае інтэрв’ю. Мы далі дачцэ матчыну мову

Як жывецца дзевяцігадовай беларускамоўнай дзяўчынцы ў сталіцы Беларусі?

Не сказаць, каб надта лёгка. Дзіўна, але сёння бацькоўскае рашэнне выхоўваць дзіця па-беларуску выглядае на дзівацтва ці небяспечны сацыяльны эксперымент. Як адаптуецца беларускамоўнае дзіця ў рускамоўным асяроддзі? Ці не будзе пакутаваць ад адзіноты? Што будзе чытаць, з кім сябраваць? Пра гэта мы размаўляем з мамай Марынай Шодай, выкладчыцай універсітэту, перакладчыцай, жонкай старшыні беларускага ПЭН-цэнтру Андрэя Хадановіча, і іх дачкой Аленкай. 

velvet___1.jpg

Аленка, а твае аднакласнікі — яны таксама па-беларуску размаўляюць?

Неа. На перапынках — не. На ўроках дык па-беларуску, а так — па-руску.

А ты з імі як?

І я з імі па-руску. У нас толькі адзін яшчэ хлопчык ёсць, які па-за ўрокамі па-беларуску размаўляе, але я з ім  не гавару.

Размову падхоплівае маці:

Яны з ім у асноўным размаўляюць на мове тумакоў. Бо сядзяць за адной партай і ім ёсць, што дзяліць.

velvet___2.jpg

Спадарыня Марына, а вы ад нараджэння — беларускамоўная?

Ад нараджэння я — рускамоўная. Я нарадзілася ў звычайнай рускамоўнай сям’і інтэлігентаў, так бы мовіць, першага пакалення, якія з вёскі пераехалі ў мястэчка. Я нарадзілася ў Пружанах, куды з’ехаліся мае бацькі, мама — з-пад Каменцу, бацька — з-пад Ляхавічаў.

У бацькі першымі мовамі былі польская і беларуская, у маці — беларуская і руская. Яе маці, мая бабуля, добра ведала рускую, бо была падчас першай сусветнай сярод вымушаных перасяленцаў і пэўны час пражыла ў Расіі. Але ж, як вядома, у шасцідзясятыя кар’еру можна было рабіць пераважна на рускай мове, і мая маці, і мой бацька размаўлялі ўжо на ёй. І нас яны таксама выхоўвалі па-руску.

У вёску мы ездзілі толькі на выходныя, то бок даць нырца ў беларускамоўнае асяроддзе асаблівай магчымасці не было. Неяк у чатыры гады я раптам закамандавала бацьку: вучы мяне беларускай мове. Ён сказаў мне два словы: «дрэва» і «папера». Добра памятаю, як я прыйшла ў садочак з гэтай навіной і ўся група адгадвала, як загадку, што ж гэта такое — «дрова?», «Паперня?» (возера ў Пружанскім раёне).

Бацьку праняло: ягонае дзіця — і зусім не ведае мовы. І ён вырашыў чытаць мне на ноч «Новую зямлю» Коласа. Пра клёцкі ў бярозавым соку я памятаю менавіта з тых бацькоўскіх чытанак — мы вельмі весяліліся і планавалі вясной паўтарыць гэты кулінарны эксперымент.

А радкамі «Дзень быў святы. Яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне» бацька часта будзіў мяне ў нядзелю. Нават калі я ўжо студэнткай прыязджала дадому.

velvet___3.jpg

А хто па адукацыі ваш бацька?

Ён быў інжынер сельскай гаспадаркі. Бацька мой скончыў Жыровіцкі саўгастэхнікум, потым — Горы-горацкую сельскагаспадарчую акадэмію.

Дарэчы, менавіта там, у Жыровічах, яго і перавучылі на рускую мову. Згадваў, што настаўніца была вельмі суворая, здолела і мове навучыць, і акцэнт выправіць.

То бок вы ўсё ж раслі ў атмасферы цікавасці да беларушчыны?

Ну, я б не сказала, што гэта была нейкая асаблівая цікавасць, якую нехта абуджаў спецыяльнымі мерапрыемствамі. Беларуская проста існавала побач: па-беларуску размаўлялі сваякі з вёскі. Бацька заўсёды ганарыўся, што мова яго рэгіёну — тая самая, з якой пачалася літаратурная мова.

А мая цётка, маміна братавая, напрыклад, наогул размаўляла толькі па-паляшуцку — таксама цікавы досвед. Яшчэ было беларускае радыё: я прыходзіла са школы і ўключала і слухала дзіцячыя перадачы з цудоўнымі радыёспектаклямі. Да слова, сёння невялічкую колькасць тых радыёспектакляў можна адшукаць у сеціве.

Наша Алёнка — аматарка аўдыёкніжак, і гэтыя пастаноўкі слухае з задавальненнем.

velvet___4.jpg

Але ж рухавіком «беларусізацыі» вашай сям’і быў ваш муж.

Безумоўна. Мы з ім вучыліся на рускім аддзяленні філалагічнага факультэту, абодва былі рускамоўныя, па дыпломе — выкладчыкі рускай мовы і літаратуры, і да самага канца філфаку ніякіх памкненняў пераходзіць на беларускую не было. Мы абодва займаліся пры кафедры замежнай літаратуры, беларускія дысцыпліны цікавілі нас незначна. Але ж Андрэй пачаў пісаць па-беларуску вершы, перакладаць на беларускую, і ўжо замуж я выходзіла за беларускага паэта. Закахалася ў рускамоўнага хлопца, а пабралася шлюбам — з беларускамоўным літаратарам.

Спачатку мы размаўлялі па-руску, а па-беларуску я адказвала на тэлефонныя званкі мужавых калегаў. Але беларускамоўных сяброў рабілася ўсё больш. Мы сябравалі, напрыклад, з Юрасём Бушляковаым, і мне было, з аднаго боку, няёмка з імі размаўляць па-руску, а з другога — няёмка па-беларуску, бо Юрась быў такі адметны знаўца мовы…

Але ён быў чалавекам настолькі далікатным, настолькі асцярожным у дачыненнях з моўнымі неафітамі, так ветліва і добразычліва падказваў ці дапамагаў выбраць патрэбнае слова ці канструкцыю — дай Божа кожнаму такога настаўніка ў мове, якім быў Юрась.

Менавіта яго далікатнасць і была тым фундаментам, на якім грунтаваўся мой канчатковы пераход на беларускую мову.

velvet___5.jpg

А ці было вашае рашэнне гадаваць дзіця па-беларуску рашэннем, якое вы свядома разам прымалі?

Не, канешне. Мы проста так размаўлялі дома. На якой яшчэ мове мы маглі гадаваць дзіця? Беларуская мова ў якасці першай, роднай — гэта было зразумела нам абодвум апрыёры. Адзінае — мы не прытрымліваемся моўнай чысціні, калі кантактуем з бабуляй ці іншымі сваякамі.

Напрыклад, мама Андрэя — яна руская, пераехала ў Мінск у досыць сталым узросце, з Аленкай яна размаўляе па-руску, хаця гераічна чытае ёй беларускія кніжкі.

А ці не было ў вас сумневаў: вось пойдзе вашае беларускамоўнае дзіця ў садок, пойдзе гуляць на двор, а там дзеці, якія будуць смяяцца…

А вы ведаеце, наша Алёнка спачатку атрымалася двухмоўная. Яна вельмі хутка і без якіх праблемаў зразумела, дзе якой мовай варта карыстацца, і стала лёгка пераходзіць з адной мовы на другую ў залежнасці ад сітуацыі. У яе не было абсалютна ніякіх цяжкасцяў.

velvet___6.jpg

Слухай, Аленка, а раскажы нам, ці было табе цяжка пераходзіць з адной мовы на другую?

Не, не цяжка. Я ў садзіку з дзецьмі на рускай мове размаўляла. А калі якое слова беларускае сустракалася — дык яны не смяяліся і ўсё разумелі. А так увогуле я ў садку толькі па-руску размаўляла.

Размову працягвае маці:

Ой, ведаеце, там у іх у садку наогул такая сітуацыя была… Па праграме дашкольнага навучання ў кожнай групе раз на тыдзень (!) павінен быць занятак па беларускай мове. Але выхавацелькі ў нашай групе былі такія: адна — «навошта ім гэтая мова, лепш бы ангельскую вывучалі», другая — «я б і рада, але сама часам словаў не разумею, мне вашая Аленка перакладае». Пачуўшы нашыя з дачкой размовы, яны папрасілі мяне весці заняткі. І я заставалася раз на тыдзень у садку, дзеткі садзіліся на крэсліцы, і я з імі размаўляла і паказвала розныя картачкі: «вожык», «вавёрка»...

Добра памятаю: усе дзеці ціха сядзяць, слухаюць, і толькі мая Аленка падскоквае на сваім месцы, бо гіперактыўная, а я думаю: «Як жа выхавацелькам з ёю, напэўна, цяжка...» Канешне, не абыходзілася без смешных эпізодаў. Напрыклад, паўтараем мы ветлівыя словы, што вывучалі на папярэднім занятку.

«Прывітанне!», «Дабранач!», «І салодкіх вам сноў! »— дадае адзін аматар «Калыханкі», «Калі ласка!», «Прабач!». І тут адна дзяўчынка ціха кажа: «Дзяцел», — і сціпла перакладае, — это значит «спасибо».

velvet___7.jpg

Слухай, Аленка, а ў цябе ніколі не ўзнікала такога пачуцця, што ты — не такая, як усе? Усе дзеці адной моваю размаўляюць, а ты дзвюма, усе дома па-руску, а ты — па-беларуску?

Ну, узнікала. Я пра гэта падумала асабліва тады, калі пайшла ў беларускамоўную школу, але на перапынках мне няма з кім было па-беларуску паразмаўляць. І мне, канешне, гэта не вельмі падабаецца.

А калі б усе дзеці вакол цябе ўмелі б размаўляць і па-руску, і па-беларуску, на якой бы мове ты б хацела з імі сябраваць?

Я б хацела на беларускай, бо так лягчэй. Беларуская мова лягчэйшая, на ёй і размаўляць, і пісаць не складана.

velvet___8.jpg

А чытаць? Вось ты што зараз чытаеш?

Гары Потэра недаўна прачытала…

А на якой мове?

На беларускай. Але ж калі я прынесла кнігу ў школу, дзеці казалі, што нічога не разумеюць у маім Гары Потэры…

Яшчэ чытала «Хобіта», таксама па-беларуску, і па-руску я яго чытала. Яшчэ што па беларускай літаратуры задаюць, таксама чытаю.

velvet___9.jpg

А як настаўнікі ў гімназіі, ці падабаюцца вам, спадарыня Марына?

Канешне, праблемы ёсць, але яны агульныя для ўсёй адукацыі, на якой бы мове яна ні вялася. Дзякуй Богу, урокі ў нас ідуць па-беларуску, урокаў мовы ў нас дастаткова, больш, чым ува ўсіх, але ж астатняе жыццё школы — выключна рускамоўнае.

Ну, і настаўнікі не заўсёды адпавядаюць нашым бацькоўскім пажаданням. Да таго ж — настаўнікі мяняюцца, сыходзяць, хто на павышэнне, хто ў дэкрэт, хто па якіх яшчэ абставінах.

velvet___10.jpg

А ці ні халюецеся вы за лёс вашага дзіцёнка ў соцыюме? Раптам вырасце — і абярэ для далейшых стасункаў рускую?

Але ж гэта будзе яе выбар. Не варта абмяжоўваць чалавека, і тым больш — у мове. Мы далі ёй магчымасць мець матчыну мову. Так ва ўсім свеце: ёсць мова, з якой ты нарадзіўся, ёсць мова, на якой табе больш зручна працаваць. Не бачу тут нічога складанага ці вартага перажыванняў.

velvet___11.jpg

А на якой мове вы працуеце?

Я працую на рускай. Пакуль што не хапае сілы волі перайсці на беларускую. Пачынала я выкладаць свае дысцыпліны яшчэ тады, калі была цалкам рускамоўнай. Праграмы, нейкія ўдалыя моманты для лекцыяў — усё гэта па-руску. Акрамя таго, выкладаючы замежную літаратуру, абавязкова сутыкаешся з праблемай недахопу тэкстаў.

Нягледзячы на тое, што беларускія перакладчыкі працуюць, не пакладаючы рук, амаль увесь корпус замежнай літаратуры, якую мы выкладаем ва ўніверсітэце, на жаль, даводзіцца чытаць па рускіх перакладах. Да таго ж студэнты — яны, канешне, пакуль што не гатовыя вучыцца па-беларуску. Але ж муж мой працуе па-беларуску.

Напрыклад, для курса французскай літаратуры ён сам перакладае на беларускую вершаваныя радкі паэтаў, якіх яны вывучаюць, а нехта са студэнтаў чытае і на мове арыгіналу. А Ганна Міхайлаўна Бутырчык выкладае сучасную амерыканскую літаратуру — па-беларуску, і яе студэнты чытаюць на мове арыгіналу ці ўжо ў рускім перакладзе.

Спадарыня Марына, а вось наогул, для вас выбар беларускай мовы — гэта грамадзянскі акт ці натуральны ўчынак?

Для мяне гэта простыя і натуральныя паводзіны. Але ж у аўтобусе, канешне, можна нарвацца і на што-небудзь кшталту «вунь бэнээфаўка пайшла». Ведаеце, гэта не мы робім з нашай мовы грамадскі ўчынак. Стаўленне грамадства такое, што выбар матчынай мовы для свайго дзіцёнка выглядае грамадскім учынкам.

А я ўсё менш разумею: чаму так дзіўна, калі беларускае дзіця ў беларускім аўтобусе размаўляе па-беларуску? Але ж мы ўжо прызвычаілся і не рэагуем на погляды, на шэпт за спіной, на нервовую рэакцыю — уявіце сабе, трохгадовы дзіцёнак, які яшчэ дрэнна размаўляе, але ж дрэнна размаўляе па-беларуску.

velvet___12.jpg

Што б вы параілі рускамоўным бацькам, якія вырашылі пераходзіць на беларускую мову — але ж не ведаюць, як гэта зрабіць камфортна для ўласных дзяцей?

Я лічу, што першая ўмова — не прымушаць. Нічога добрага пад прымусам зрабіць немагчыма. А ўвогуле моўны пераход сёння можа быць вельмі й вельмі цікавы. Ёсць курсы «МоваНанова» і пры іх — «МоваНанова дзеткам». Ёсць цікавыя праграмы ў беларускіх музеях і тэатрах, гурткі для ранняга развіцця. Так што другая ўмова бацькам — не ленавацца даведвацца, шукаць і хадзіць. Трэцяя ўмова — кніжкі. Сёння патроху перакладаецца на беларускую тое-сёе з класічнай дзіцячай літаратуры.

Магу параіць шыкоўную «Маму Му», «Мумітроляў» і «Піпі Доўгуюпанчоху», усё гэта можна і неабходна прапаноўваць дзецям. Безумоўна, ёсць цікавыя беларускія аўтары. Не адно пакаленне з захапленнем чытае творы, напрыклад, Паўла Місько. «Мышка Пік-Пік» Людмілы Рублеўскай у нас зачытаная да дзірак. Вельмі цікавыя казкі для дзетак складае Алена Масла. Калі патрэбная вам кніжка не знойдзецца ў кнігарні або інтэрнэце, заўсёды помніце пра дзіцячыя бібліятэкі — у іх захоўваюцца вялікія скарбы.   

Неабходна чытаць разам з дзецьмі і для дзяцей. Акрамя агульнай прыемнасці гэта для нас своеасаблівы перакладчыцкі практыкум, бо мы чытаем ёй, перакладаючы з ліста рускія, украінскія, польскія кніжкі. І часцей права пачытаць Аленцы адваёўвае татка.

А яшчэ ён любіць складаць для дачкі вершыкі на выпадак — пра ўсё, што адбываецца ў яе жыцці, пра збіранне каштанаў і кармленне качак, чыстку зубоў і прыбіранне кватэры. Перыядычна ў гэтых вершыках з’яўляюся і я — суворая і патрабавальная мамка, якая шыхтуе ўсіх сямейнікаў.

«Ёсць у нас пыласос,
Ён гудзе як паравоз.
А за ім наўздагон
Ходзіць татка, як вагон.

Хто залез яму на спіну,
Не баіцца крыкаў: «Скіну!»
Гэта ў кепцы набакір
Трохгадовы пасажыр.

Хто з’яўляецца з-за рога
І цягнік спыняе строга:
«Стоп! Ідзем гуляць на двор!»
Гэта мама-кантралёр».

Нядаўна з гэтых вершыкаў на выпадак склалася цудоўная дзіцячая кніжку, «Нататкі таткі», якая вось-вось выйдзе і на якую можна падпісацца вось тут.

Аленка, а вось уяві сабе: ёсць дзве дзяўчыны, адна толькі па-руску размаўляе, а другая — толькі па-беларуску. З якой сябраваць будзеш?

Я? З той, якая добрая і не падманвае.

Фота: Алiна Арлова

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (7) Последнее сообщение
Зничка аватар

Ответ девочки на последний вопрос мне очень понравился.  Молодчинка она

Анна Северинец аватар

Дети нынче вообще молодцы:) 

Зничка аватар

У меня сестра в школе работает, и говорит тоже самое, что сейчас очень хорошие талантливые дети в основном. 

Наяна аватар

Для меня откровение, что Гарри Потер есть на мове)))
Нравятся такие семьи. Не апантанутыя - не подберу русского слова))))

Анна Северинец аватар

Там неафіцыйны пераклад - яго зрабіла беларуская журналістка для сваіх уласных дзяцей:) Ну, і тыя, каму патрэбна, бяруць у яе, перадрукоўваюць і карыстаюцца:) 

Gina аватар

З павагай адношуся да такiх людзей, асаблiва дзетак.

Interested аватар

пару лет назад ходили с мужем в баню,

он выходит из своего отделения и улыбается, спрашиваю -что?

в парилке сидит папа и два мальчика, один старший садовец, второй младший школьник

все легко говорят на мове

после текста "тата, а я цвик сцюжу!" муж высел в осадок восторга)))

что-то вспомнила...

#
Система Orphus