Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETАВАЕ ІНТЭРВ’Ю. БЕЛЛІТ БЕЗ ГАЛЬШТУКАЎ

Ці можа існаваць цікавы падручнік па беларускай літаратуры? Чаму нашыя класікі  ў школьным выкананні выглядаюць нежывымі, шэрымі, сумнымі? Ці ёсць яны наогул, байкі пра беларускую літаратуру, якія было б цікава распавядаць і слухаць? Мы запыталіся пра “белліт без гальштукаў” у літаратуразнаўца, крытыка, пісьменніка Ціхана Чарнякевіча.

Спадар Ціхан, а як вы наогул ставіцеся да тэмы «літаратуры без гальштукаў», да літаратурных баек, анекдотаў, да таго, што робіць расповед пра літаратурны працэс насамрэч цікавым?

Ці не варта было б напісаць, напрыклад, школьны падручнік не так, ян ён напісаны, а весела, цікава, з байкай, з анекдотам?

chernyakevich__1.jpg

Я, зразумела, супраць таго, каб стэрылізаваць літаратуру. Найпершая праблема ў нашым літаратуразнаўстве, бо яно ж фактычна адказвае за падручнікі. Спачатку акадэмікі пішуць кнігі, потом тое, што яны напісалі, спускаецца ўзроўнем ніжэй — і вось ужо да школы і школьнікаў даходзіць тое, што даходзіць.

Калі б акадэмікі, гісторыкі літаратуры, у свае акадэмічныя працы ўстаўлялі б і анекдот, і міф, то падручнікі жывей чыталіся б. Але ж у нас лічыцца патрэбным пісаць для дзяцей у суровым, акадэмічным стылі, расказваць пра тэндэнцыі, напрамкі, герояў, канцэпцыі, тэматыку, праблематыку, а біяграфічныя звесткі даваць у энцыклапедычным фармаце, як даведку.

Дарэчы, значная колькасць тых літаратурных показак апублікаваная. Проста яны ў цяжкадаступных выданнях, у нейкіх зборніках артыкулаў, архіўных дакументаў.Але хто з настаўнікаў стане перачытваць тысячы старонак сухога тэксту ў пошуках трох сказаў нейкіх цікавостак? І атрымліваецца, што пісьменнікі выглядаюць шэрымі, нежыццёвымі, забранзавелымі…

Але і не толькі ў акадэміках тут справа. У нас, напрыклад, адсутнічае цэлы сегмент навукова-папулярнай, біяграфічнай, мемуарнай літаратуры. Дзе нашыя літаратурныя біяграфіі, ці хаця б нарэзкі мемуарных фрагментаў кшталту верасаеўскіх “Пушкін у жыцці”? Няма.

Па-першае, таму што гэта вялікая праца,якая павінна добра аплочвацца.

Па-другое, гэта пытанне часу — у тыя гадзіны і месяцы, калі нехта мог бы сядзець у архівах і пісаць біяграфіі, гэты нехта мог бы напісаць уласную кніжку. А там яшчэ сям’я недзе маячыць…

У Расіі ці Украіне гэта прасцей, бо рынак багаты. Узяць хаця б знакамітую серыю ЖЗЛ, сучасны этап. Многія пісьменнікі вядомыя, той жа Дзмітрый Быкаў ці Захар Прылепін, бяруцца пісаць, яны ведаюць, што могуць зарабіць на гэтым, што кніжка разыдзецца, яе будуць чытаць, і не таму толькі, что гэта Быкаў ці Прылепін, а таму, што гэта ЖЗЛ. І ў падобных кнігах ідзе каласальны працэс пераапрацоўкі, пераплаўкі інфармацыі, і ў тым ліку — усіх гэтых баек.

У нас такой серыі няма. Ну хто ў нас зараз сядзе і напіша біяграфічную кніжку пра Купалу, без савецкіх штампаў і пералівання з пустога ў парожняе? Хто каму заплаціць  дзве тысячы даляраў хаця б за такую працу? Ахвотных год-два працаваць бясплатна няма. Мала таго, будзеш яшчэ потым грошы шукаць, каб выдаць тую кніжку.

chernyakevich__2.jpg

А тыя, хто распрацоўвае падручнікі? Ім жа якраз аплочваюць…

Распрацоўка падручнікаў — гэта зазвычай адна з дзясяткаў планавых работ… Няма такога чалавека, які вось сядзіць цэлы год над тэкстам падручніка па белліце за 7 клас, вылізвае і робіць з яго цацачку. Гэта калектыў, гэта гара паперак, пячатак, інстанцый, зацвярджэнняў, з усімі відавочнымі наступствамі.

Да таго ж — глядзіце, як адбываецца. Усё гэта — анекдоты, байкі — звычайна вымаецца з архіўных дакументаў, з мемуараў і біяграфічнай літаратуры. Якія у нас найцалейшыя архівы па гісторыі даваеннай культуры? У асноўным — партыйныя.

Пратаколы паседжанняў, на якіх пісьменнік стаіць і апраўдваецца перад кансіліумам. Пратаколы допытаў, на якіх выцягвалі звесткі аб тым, хто што казаў. Інфармацыя ў гэтых документах звычайна скажоная, зразумела. Але гэтыя архівы ёсць: менавіта партыйныя архівы захоўвалі у першую чаргу. А іншых архіваў — няма.

chernyakevich__3.jpg

Мемуары… нашыя мемуары не паспелі напісацца — былі рэпрэсіі, расстрэлы, каму пісаць, пра каго пісаць? Напішаш несвоечасова не пра таго ці не пра тое — сам сядзеш.

Шмат загінула: прыходзілі з ператрусам, усе паперы вымалі, а потом акуратна палілі ў “амерыканцы”. Перапіска, асабістыя архівы — ну хто іх у нас тут зберагаў? Засталося вельмі мала. Ведаеце ж гэтую гісторыю з “Інтымным дзённікам” Максіма Багдановіча…

Не, не ведаю!

Ну як не ведаеце? Максім Багдановіч паехаў на мора лячыцца, там у яго завязаўся раман з замужняй жанчынай, усе свае ўражанні Багдановіч апісаў у дзённіку — літаральна пару староначак рускамоўных — і гэты дзённік ніхто дагэтуль не надрукаваў. Ён ужо амаль рассыпаўся там у музеі. Ужо і прачытаць цалкам немагчыма.

Які жах…

chernyakevich__4.jpg

Ну, так. Пра Багдановіча, дарэчы, вельмі цікава піша ў мемуарах невядомы аўтар, тэкст якога апублікаваў Янка Саламевіч. Маўляў, у Багдановіча была ідэя фікс пра тое, каб займець сваё дзіця. Ён ужо быў смяротна хворы, але з мемуараў ён паўстае такім… нават утрапёным, сапраўды павёрнутым на гэтай тэме, эгаістычным, засяроджаным на сябе, маўляў, мне патрэбна толькі тое, што прыемна мне, а астатнія мяне мала цікавяць…

Ёсць вобраз Багдановіча-паэта, ёсць вобраз Багдановіча — шалёна працаздольнага беларусіста, а з дакументаў паўстае Багдановіч і фанатам рускай літаратуры Сярэбранага веку ці Багдановіч — чалавек, які наплявацельскі ставіцца да ўласнага выгляду і ходзіць гадамі ў адной і той жа вопратцы. Якраз таму, што ён з’ехаў ад бацькоў, ён так хутка і згарэў, бо не любіў за сабой сачыць, за ежай, за здароў’ем, за прыёмам лекаў. Вобраз, створаны літаратуразнаўствам, і вобраз, створаны мемуарамі і перапіскай…

Які сапраўдны?

chernyakevich__5.jpg

А калі б вы маглі уплываць на змест падручнікаў, што з таго, што вы ведаеце пра Багдановіча, трэба было б туды ўключаць? Якія звесткі дапамаглі б выцягнуць сучасных дзяцей з багны нелюбові да беларускай літаратуры?

Ну, тут трэба не толькі пра Багдановіча казаць. Тут павінен быць нейкі агульны прынцып. Прынцып чытэльнага, яркага, захапляльнага падручніка па літаратуры, з жывымі пісьменнікамі і добрымі творамі. Мне ў свой час было вельмі цікава чытаць падручнік па беларускай гісторыі. Чытаць менавіта як кніжку, не дзеля таго, каб адказваць на ўроку.

Але ў нас зараз вайна часта ідзе не за змест падручніка, а за імёны…  Дый наогул: ужо беларускую мову даводзіцца вучыць як англійскую, якая тут літаратура. Вучні, мне казалі, ужо не разумеюць проста словаў і словазлучэнняў, а на ўроках беларускіх адказваюць на рускай мове.

А мне падаецца, было б цікава — чыталі б і на мове. Пад час нашага праекта «Чытаем сваё» кніжку «Рома едзе» прачыталі больш за сто карыстальнікаў партала — і гэта пры тым, што і літаратурнасць яе пад сумневам, і беларускасць. Але ж цікава? Цікава. Чыталі? Чыталі. Дарэчы, а хто, на вашу думку, наогул самы цікавы з беларускіх пісьменнікаў?

chernyakevich__6.jpg

А яны ўсе цікавыя вельмі людзі. Біяграфіі значна багацейшыя за творы вельмі часта. У ХХ стагоддзі больш трагічных біяграфій.
Вось той жа Дубоўка. «О Беларусь, мая шыпшына», памятаеце? Жыў у Маскве, але ж займаўся, апантана займаўся беларушчынай, напісаў трыста лістоў у Мінск — як і што рабіць беларускім літаратарам-узвышэнцам.

Ён працаваў у Саўнаркаме, перакладаў тэксты савецкіх законаў на беларускую мову, быў вельмі блізкі да ўлады… Знаёмы ён быў з усімі беларускімі літаратарамі, ды і з рускімі: з Брусавым, Ясеніным, з Маякоўскім. Гаварыў з Маякоўскім ледзь не за гадзіну да смяротнага стрэла, уяўляеце? Чалавек быў у самым эпіцэнтры тагачаснага жыцця, у эпіцэнтры гісторыі. Потым дваццаць пяць гадоў лагеру і ссылак — і не зламаўся, і працягваў пісаць. Але якія мемуары пакінуў? З гулькін нос, нейтральныя.

Ці Якуб Колас. Трагічная фігура. Чалавек, якога фактычна зламалі, як і Купалу. Сядзіць такі дзядзька ў Прэзідыуме, дваццаць пяць гадоў праседзеў на гэтых прадстаўнічых табурэтках…

Як ламалі чалавека — бачна па прозе, як яна псуецца. Параўнайце пачатак — і «Новую зямлю», і «Сымона-Музыку»… БССР толькі паўстала — а Колас ужо ўсё лепшае напісаў. Ён пражыў яшчэ дзясяткі гадоў — але як ён іх пражыў, пра гэта не гавораць у падручніках. Баяўся, канешне ж. І было чаго баяцца. 

Я, дарэчы, не ведаю, наколькі трэба ў школе бурыць пастаменты. Трэба, відаць, але з мэтай змяніць пустое месца на нешта раўнацэннае.

А наконт «Рома едзе» я б сказаў, што гэта не столькі літаратура, колькі папулярызацыя беларускай мовы і папулярызацыя ідэі чытання як працэса.

Гэта вельмі добра, калі з’яўляюцца такія кніжкі,але ж школьная літаратура — гэта крыху іншая гісторыя, гэта ўсё ж такі кампактны і звязны расповед пра развіццё эстэтыкі і паэтыкі цягам некалькіх стагоддзяў.

chernyakevich__7.jpg

Дарэчы, я зацікавіўся беларускай літаратурай менавіта ў школе і менавіта дзякуючы падручніку. Гэта быў Быкаў, «На чорных лядах». Для мяне гэта было ўвогуле адкрыццё літаратуры як мастацтва — што кніжка можа так моцна ўплываць.

Да гэтага часу я цікавіўся толькі музыкай… А з гэтай кніжкі я зацікавіўся менавіта кнігамі. І пайшло-паехала.

А як выглядае сфера вашых навуковых інтарэсаў?

Я зараз займаюся беларускімі літаратуразнаўцамі дваццатых гадоў — час быў вельмі цікавы. Сталін быў заняты кулуарнай барацьбой за ўладу, яму пакуль што было не да нацыяналістаў, таму тут, на Беларусі, усё віравала.

Сцягнулі з усяго свету навукоўцаў, уздымаць беларускую навуку, падымаць БДУ і акадэмію, і тут быў такі кампот з тых, дарэвалюцыйных, прафесараў, з новых, нацыянальна арыентаваных тутэйшых маладзёнаў сярэдняй адукацыі, з палкіх камсамольцаў, абчытаных Пляханавым… 

Беларусаў, дарэчы, было вельмі мала, і яны адваёўвалі сябе месца пад сонцам. Ішла проста шалёная барацьба. Літаратарам давалі грошы, яны адчынялі часопісы, ядналіся ў арганізацыі, узнікае знакамітае «Узвышша», яму насуперак — «Полымя», пачынаецца мардабой між імі. Варта было рассварыцца Цішку Гартнаму, кіраўніку «Полымя», з Максімам Гарэцкім, як у васьмі нумарах «Узвышша» пачынае друкавацца літаратурназнаўчая манаграфія Антона Адамовіча «Максім Гарэцкі», якую ён піша на каленцы фактычна.

chernyakevich__8.jpg

Які перыяд беларускай літаратуры ўзнавіць у цікавым выглядзе найбольш складана?

Чым бліжэй да нас — тым складаней. Лічыцца, што гісторыя пакуль не перавярнула старонкі… Нехта яшчэ жывы. Жывыя дзеці, спадчыннікі, краіна ў нас малая, раптам пачнеш успамінаць і каго пакрыўдзіш…

Не так даўно Сяргей Шапран у альманаху «Асоба і час» надрукаваў адзін цікавы дакумент пра тое, як беларускія пісьменнікі удзельнічалі ў кляйменні Пастэрнака — тут жа таксама павінны былі асудзіць. І асуджалі. Усе асуджалі. Нават той жа Дубоўка, які колькі месяцаў таму толькі-толькі вярнуўся з ссылкі. А як інакш? Вось як пра гэта расказаць у падручніку?І ці варта гэта рабіць?

Але ж мы не саромеемся расказваць пра нейкія непрыгожыя моманты з біяграфіі, напрыклад, Твардоўскага ці Фадзеева, разумеючы, які складаны, пачварны быў час…

Наконт Твардоўскага не саромеемся, а пра Петруся Броўку нельга — бо «Пахне чабор» напісаў. І адразу святым угоднікам стаў.
Разумееце, недзе ў 60 гады сфарміраваўся гэты канон: як пісаць беларускія мемуары і успаміны. Пра што казаць, пра што — не.

Каго можна успамінаць, каго — не. І усё, што мы сёння ведаем пра беларускую літаратуру, напісана менавіта ў гэтым каноне. Казённым стылем, драўлянай мовай.

Фантастычна цікавыя людзі, фантастычна цікавыя біяграфіі, але ж тое, што яны напісалі ў сваіх успамінах — ну наогул нерэпрэзентатыўны тэкст. Усе было забаронена, а калі стала дазволена — баяліся па інэрцыі.

chernyakevich__9.jpg

Бачыце, як… Напрыклад, у рускай літаратуры была Яўгенія Гінзбург, якая прайшла і турму, і лагер, і не пабаялася пакінуць пасля сябе падрабязныя мемуары пра тых, хто гібеў побач з ёй. А былі сярод нашых такія смельчакі?

Ну, былі, канешне, але ж усё ў рамках таго самага канона. Ёсць, напрыклад, успаміны Янкі Скрыгана, ёсць кніжкі лагерніка Сяргея Грахоўскага, але ж ёсць і іншыя сведчанні — што Грахоўскі, маўляў, быў на зоне брыгадзірам і здзекваўся з іншых зэкаў, таму і ацалеў…

Краіна невялікая, усе ведаюць адзін аднаго, ва ўсіх ёсць нейкія адно аднаму прэтэнзіі… І лагернікі, калі вярталіся, далёка не ўсе і не заўсёды адзін з адным віталіся, хоць вымушаны былі хадзіць у тыя самыя рэдакцыі і выдавецтвы. Як гэта ўсё сумясціць, суаднесці гісторыку літаратуры? Як не пакрыўдзіць дзяцей і унукаў? Як праверыць той ці іншы факт, калі архівы скажоныя, спаленыя, страчаныя?

Ну, і потым… Гэты канон — гэта сапраўднае часам выратаванне. Кажуць табе: так, заўтра табе трэба напісаць у падручнік артыкул пра Скарыну. Што, чалавек палезе чытаць энцыклапедыю «Скарына і яго час», вышукваць па артыкулах нейкія цікавыя факты?

Гэта месяц часу забярэ. Таму гадзіна падрыхтоўкі — і наперад. Бо яшчэ ж трэба напісаць вучэбны дапаможнік, метадычную разработку, кантрольныя работы і гэтак далей. Я іх разумею, гэта вельмі, вельмі цяжкая праца. І спісацца там можна на раз.

chernyakevich__10.jpg

Спадар Ціхан, а якую байку вы ўспамінаеце часцей за ўсё?

Трэба падумаць… Мне чамусьці зараз успомнілася такая. Пра 1939 год. Сядзяць пісьменнікі і першы сакратар партыі Панцелеймон Панамарэнка — ён, дарэчы, мог быць вельмі свойскім, а мог і ў рог скруціць...

Дык вось, пісьменнікі – і Панамарэнка. І ён кажа: тут, браты, паслабленне пайшло. Дазволена дадаць нашай літаратуры свежага паветра. Прыйшла прапанова пяць чалавек выпусціць з лагероў. Каго будзем вяртаць у роднае пісьменства? І кажуць, што Кандрат Кандратавіч Крапіва сказаў: «Нікога не трэба выпускаць. Няхай сядзяць далей».

Такое сапраўды было?

Кажуць, было. Прынамсі такога факту — каб кагосьці выпусцілі — не было. А так ці не так ішла размова з Панамарэнкам — хто ж праўду раскажа? 

Фота: Алiна Арлова

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (1) Последнее сообщение
zoloto аватар

Абсалютна цудоўны дзядзечка)))))))))

#
Система Orphus