Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае iнтэрв'ю з цiкавымi гісторыямі пра святыні і несвятое

У гэтай спадарыні лецішча — у садовым таварыстве пісьменнікаў «Узгор’е-2». Суседзямі ў яе — палова падручніка па белліце. І гэта не ўсё. Ейныя прапрадзед, бабуля, дзед, бацька — усе былі (і ёсць) пісьменнікамі, таму літаратура для яе — справа цалкам сямейная. Да каго ж яшчэ я магла звярнуцца па літаратурныя байкі?

Аксана Спрынчан — пісьменніца, дачніца і мама — апавядае пра святыя і смешныя мясціны нашай краіны.

velvet_1.jpg

Аксана, а як гэта адбывалася — перадача пісьменніцкага дару у вашай сям’і? Ці быў перадвызначаны ваш жыццёвы шлях? Калі вы зразумелі, што будзеце пісьменніцай?

Цяпер — пэўная, што шлях быў перадвызначаны — генетычна. Усё ж яшчэ прапрадзед Васіль Лебедзеў пісаў вершы і прозу на ўкраінскай мове, і бабуля Святлана Лебедзева-Спрынчан пісала вершы на ўкраінскай, і іншыя сваякі па мячы. Але так здарылася, што пра гэта я даведалася, калі сама ўжо некалькі кніг выдала. У маленстве з «вядомых генаў» у мяне былі паэты дзед Браніслаў Спрынчан, які па вайне прыехаў працаваць кавалём на «Гомсельмаш» і пачаў пісаць на расейскай (дагэтуль, вядома ж, пісаў на ўкраінскай мове), і бацька Вадзім Спрынчан.

Мае паэты міжсобку заўсёды размаўлялі пра паэзію, іншых тэм папросту не мелі.

Сцены кватэры былі ў кнігах, і апрача кніг, можна сказаць, нічога і не было (ні крышталю, ні золата, як модна было ў тыя часы). Бабуля сканала ад раку, калі мне было тры гады, таму мае першыя яскравыя ўспаміны знітаваныя з цёмнымі Паўночнымі могілкамі і памаранчавымі апельсінамі, якія я патрабавала вазіць на магілу.

У Менску бабулю мне замяніла прабабуля Любоў, якая чытала мне Тараса Шаўчэнку і Аляксандра Пушкіна, а калі пераказвала творы, дык нейкім неверагодным чынам усе падзеі адбываліся ў ейным сяле.

Апрача «літаратурна-рэальных сюжэтаў» ейнага сяла, быў і рэальны Галадамор, які перажыла прабабуля, і таму я з маленства ведала, як елі дзяцей, як суседзі ледзьве не з’елі майго пяцігадовага дзеда…

Вось калі вельмі коратка, перадумовы мяне па мячы. Але аднойчы Леанід Дайнека мне сказаў, што паэзія ўва мне ад маці — беларускі, якая нарадзілася ў Лунінцы.

velvet_2.jpgАксана Спрынчан і віленскія скарбы.

Я здзівілася, але пасля зразумела, што гэтак і ёсць. Маці, жывучы ўжо ў Менску, падаравала мне магчымасць нарадзіцца ў Лунінцы  — горадзе, які лунае.

Яна меркавала, што на радзіме нараджаць лягчэй (насамрэч яна ледзьве не сканала).

Лунінец навучыў мяне лунаць… Але пісаць вершы я пачала позна — у 26 гадоў пасля паўгалодных гадоў пачатку 90-х (у сям’і ніхто не ўмеў купляць-прадаваць і круціцца), пасля нялёгкай хваробы, пасля таго, як з’явіліся любімыя праца і муж і засталася адзіная свабода — Паэзія.

Вы з вялікай цеплынёй успамінаеце Лунінец. Я таксама часткова лунінчанка — там у мяне жыла бабуля, і я бавіла штолета ў гэтым гарадку. Маё ўлюбёнае месца — вакзал. А якія лунінецкія куточкі, краявіды, падзеі сталі вашай «творчай калыскай»?

Хто не любіць вакзал — той не лунінчанін. Неяк  вызначыла, што ёсць хутаранцы, вяскоўцы, местачкоўцы, месцічы-гараджане, а я — вузялкоўка, бо нарадзілася ў буйным чыгуначным вузле. І цягнікі болей за ўсё люблю, і масаж найлепшы — «Рэйкі-рэйкі, шпалы-шпалы…»

velvet_10.jpg

У маленстве вакзал — гэта быў цэнтр сусвету (горад), а хата, у якой нарадзілася, на Гагарына, 126 — падавалася вёскай, хоць вуліца была — галоўная, раней — Царкоўная. І царква на ёй мая ўлюбёная — чырвоная са срэбнымі купаламі (такой, па-мойму, нідзе няма!).

А каровы пасвіць любіла ў Галавішчах, цяпер ні кароў, ні лугоў (Лунінец разбудаваўся), а чарніцы зьбіраць у лесе за аэрадромам не любіла (але мала што гэтак гартуе, як гэты «чорны» працэс). І мая хата стаіць у незвычайным энергетычным месцы, бо вакол жыло шмат шаптух: хто з ножыкам шаптаў, хто хлебным мякішам па жываце качаў. А мая найбліжэйшая суседка баба Марына адшаптала мяне ад рожы, якая распачалася праз укус пчалы, пры гэтым лён спальвала.

Я заўжды адчуваю сябе адшаптанай, веру ў моц беларускага слова.

А з другога боку хаты варажбітка жыла, да яе з усяго раёна прыязджалі варажыць… Сваякі хату прадалі колькі гадоў таму, і якімі толькі шляхамі я не трапляю ў яе ў снах:  нават наймаюся мыць падлогу…

Лысая Гара — сапраўды сакральнае для беларускай літаратуры месца? Ці натхняецеся вы лысагорскімі краявідамі? Гісторыяй? Байкамі?

Лысая Гара — сапраўды сакральнае месца і для гісторыі Беларусі, і для беларускай літаратуры. Там было капішча ў гонар аднаго з найгалоўных багоў паганскага пантэону нашых продкаў —  Вялеса.

velvet_4.jpgДзіўныя лысагорскія краявіды

Сюды прыходзіла яшчэ Рагнеда (часам кажуць, што Лысая Гара знаходзіцца каля Заслаўя, але насамрэч, гэта Заслаўе знаходзіцца ля Лысай Гары).

Побач ёсць вёска Малая Валоўшчына, назва якой звязаная з Вялесам. На Гары захаваліся ахвярныя камяні, якім мы заўжды прыносім ахвяры.

velvet_5.jpgАхвяры лысагорцаў

Неяк прыйшлі да іх, ахвяраванні паклалі, а дачка запытваецца: «Мама, калі ты так любіш нашыя валуны, чаму не цалуеш іх?»

Цяпер цалую кожны. Як нічога выпадковага ў свеце няма, дык пагатоў невыпадкова, што беларускім творцам вылучылі лецішчы ля Лысай Гары. Гара натхняе пісьменнікаў, пісьменнікі ўслаўляюць Гару.

velvet_14.jpgЛя лысагорскага валуна

Адзін з найбольш знакамітых твораў — паэма  «Сказ пра Лысую Гару», 2-гі раздзел якой — «Праблема»:

Патрэбен гной. Ды і нямала.
А дзе ж узяць яго? Ну, дзе?..
Знайшлася першай паэтэса:
Сярод пустых яшчэ сядзіб,
На ейных сотках, побліз лесу,
Шпакоўня вырасла, як грыб.
«Раз аніхто з іх не даўмеўся —
Хай — дурні — бегаюць сюды.
Пакуль спахопяцца — за месяц
І гною будзе для грады...»

Гэтая паэтэса — Еўдакія Лось. Ейную «шпакоўню», апетую ананімам, і маленькую хатку, прывезеную з Вільні, пасля набыў мой дзед. Гэта быў 1972-гі, я нарадзілася праз год, і ўсё маё жыццё знітаванае з Вялікім Княствам Лысагорскім (так я яго назвала).

А ў 83-м да таварыства «Узгор’е-1» далучылася таварыства з маладзейшых пісьменнікаў «Узгор’е-2», у якім атрымаў дзялку мой бацька.

velvet_7.jpg

velvet_8.jpgНа пісьменніцкіх дачах нават гародніна вырастае адразу з літарамі

Лысая Гара — бясконцая крыніца натхнення і супакою. Калі я ў цяжкія хвіліны праходжу сцежкамі Лысай Гары і звяртаюся з просьбай пра дапамогу, дык пачынаецца яна так: «Госпадзі, Лысая Гара!..» (гэтак паганства і хрысціянства за тысячагодздзе з’ядналіся ў душы беларусаў).

velvet_10.jpgМуж Аксаны Спрынчан музыка Яраш Малішэўскі і маленькая Альжбета

Яшчэ ў 80-я, калі мы з прабабкай Любоўю збіралі на Лысай Гары грыбы, дык жыхары суседняй вёскі паказалі нам два дрэва закаханых.

Адно — няшчасных. На ім нібыта засіліўся хлопец, якому не адказала ўзаемнасцю дзяўчына. І сапраўды гэтая бяроза расце гэткім чынам, што на ёй зручна павесіцца.

А другое — шчаслівых. На гэты дуб, стаўбур якога на вышыні некалькіх метраў падвойваецца, трэба залезці закаханым, каб ніколі не расставацца.

Апрача самой Лысай Гары ёсць у сакральным комплексе і Святое азярцо ледавіковага паходжання і Поле Пяці Дубоў (якое раней было сакральнай дубровай).

velvet_11.jpg

Спрабуючы разабрацца ў сваім жыцці, я прыйшла да высновы, што Лунінец — гэта ян, мой мужчынскі пачатак, а Лысая Гара — інь, мой жаночы пачатак. Я жыву паміж Лунінцам і Лысай Гарою.

Беларуская літаратура для вас — справа сямейная, генетычная, спадчынная. Якой бачыцца вам беларуская літаратура?

На такое пытанне і адказ зразумелы — родная і любімая, калі раптам ад мяне адабралі б усе літаратуры, апрача беларускай, упэўненая, што я засталася б шчаслівай чытачкай, а мо яшчэ б і сталася больш удумлівай і пачуццёвай.

Як вы ставіцеся да літаратурных баек? Ці падтрымліваеце іх існаванне? Ці маюць права звычайныя чытачы, дзеці ў школах, ведаць байкі пра пісьменнікаў?

Я вельмі люблю чытаць успаміны і слухаць байкі (разнавіднасць вуснай успаміннай творчасці). І некаторыя з баек  варта выпускаць «на шырокі прастор» да чытачоў рознага веку. Але не апавядзеш жа гісторыю школьнікам, як жонка сочыць за пісьменнікам, каб той не ўпіўся, нікуды са сваіх чатырох сотак не выпускае, а той нейкім неверагодным чынам хмялее.

Сакрэт у тым, што ягоны сябра В. паклаў пляшку пад кустом каля мяжы на ўчастку суседа. Працягнуў Д. руку, выпіў, зноў пляшку пад суседскі куст.

Ці ёсць у вас любімыя байкі? Ці можаце якія з іх апавесці?

Мая любімая байка ад майго суседа прафесара хіміі Віталя Пшанічнага: няма большага шчасця слухаць, як ён замяніўся сваім лецішчам з Чаргінцом.

Найхімічнейшы абмен у гісторыі пісьменніцкіх лецішчаў.

Працягвае здзіўляць сваёй разнастайнасцю «Сказ пра лысагорскі гной». Байкі пра яго працягваюць узнікаць заўсёдна: адзін пісьменнік падкарміў кабачкі гноем са шпакоўні другога пісьменніка. Пісьменнік П. свой стол абедзенны паставіў каля  прыбіральні суседа Д. Суседу наведаць  прыбіральню няёмка, а яму — есці нармалёва. А ў некаторых ёсцека і мара ўкінуць у суседаву прыбіральню дражджэй… А быў яшчэ момант — на прыбіральні С. павесіў надпіс: «Прыватная ўласнасць»…

Але ж не ўсе байкі пра алкаголь і гной, ёсць і пра каханне. Міхась Стральцоў не пускаў у хату сваю каханку, дык яна гэтак гваздала сваімі ценкімі абцасамі ў дзверы, што выбіла ці не сотку дзірак. Дзверы Стральцову давялося мяняць.

Ваша дачка расце ў незвычайнай сям’і: маці — наследная пісьменніца, бацька — музыка. Кім марыць быць Альжбэта?

Напачатку яна хацела быць касманаўтам, палеантолагам, вулканолагам і уфолагам. Потым вырашыла, што космас — у цымбалах. Вось нядаўна завіталі на выставу Ван Гога — яна задумалася, ці не стацца да цымбалісткі яшчэ і мастачкаю.

Але найгалоўнае яна ўсцяж трымае ў галаве — пісьменнікам можна быць пры любой прафесіі. Піша Альжбэта з маленства, у якім вакол яе было гэтулькі пісьменнікаў, што неяк дзіця запытался: «А што, ўсе людзі пісьменнікі?»

velvet_12.jpg

Што ўяўляе сабой вашае лецішча на Лысай Гары? Ці ёсць у вас агарод? Газон? Сад? Парайце пачынаючай дачніцы вашыя ўлюбёныя расліны, кветкі, гатункі…

Паводле яшчэ адной байкі пісьменнікам садовага таварыства «Узгор’е-2» мусілі даць не 4, а 6 сотак зямлі. І тады Васіль Хомчанка з «Узгор’я-1» усчаў гвалт, што пісьменнікі забіраюць зямлю ў народа, склаў заяву ад жыхароў вёскі, сабраў подпісы…

Вось таму на чатырох сотках бацькавага лецішча мне і даводзіцца мець сад, кветнік, грады і лапікі травы.

velvet_13.jpg

Лунінецкая бабуля Надзея некалі надзяляла мяне працай, кажучы: «Што не дапрацуеш, тое дахварэеш». Пра працу ў горадзе гэтак не скажаш, таму я спадзяюся на зямлю.

Сваё жыццё я падзяляю на два сезоны: тэатральны і зямельны.

Зямельны ратуе болей, таму ўжо да Калядаў пачынаюцца першыя прыкметы ломкі, карціць засунуць рукі ў зямлю без пальчатак, бо працаваць на зямлі ў пальчатках, як займацца каханнем у прэзерватыве.

Вядома ж, на зямлю Вялікага Княства Лысагорскага я прывезла зямлі з Лунінца і Вільні. І вяргіні чырвоныя ў мяне з майго роднага кута, і груша, і язмін (лунінецкія вязы давялося пасадзіць на Лысай Гары і каля Святога азярца). Люблю бела-зялёныя шпажнікі, сінія астры, ружовыя касачы і флёксы, альпійскі лён, белую фізастэгію, бардова-фіялетавы ачыток, немагчыма не любіць гейхеры, ліатрыс і хосты.

А яшчэ я гадую космас — не кожнаму гэтак шанцуе.

Фото из личных архивов героини.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (4) Последнее сообщение
Веранда аватар

Ооооо, похожа на взрослую Пеппи Длинныйчулок. Веселая женщина.

zoloto аватар

Абсалютна фантастычна-неверагодная жанчына. Атрымала вялізарнае здавальненне ад інтэрв'ю. Дзякуй! Лысая гара - сапраўды, то яшчэ мястэчка))).

Нежность аватар

Прачытала як казку!!! Дзякуй вялiкi!

Тати аватар

С удовольствием прочитала интервью.

Вдвойне интересно, потому что мы видели Оксану на вельветовом проекте "Чытаем сваё", посвященную Янке Купале. Была и она, и ее муж Яраш, который нас и познакомил i з лiрай, i з дудой, i з пiшчыкам. А еще мне очень понравилось, как Оксана не него смотрела))))) Очень видна душевность между ними)))

А сейчас благодаря проекту ЗаЧтение купила и книгу Оксаны на белорусском языке. Правда, еще не читала.

#
Система Orphus