Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Таццяна Грахоўская: «Нас вучылі маўчаць і баяцца»

Яе бацька быў аднім з першых, хто ва ўвесь голас пачаў расказваць праўду пра трыццатыя гады. Пра іх і сёння болей маўчаць. А калі распавядаюць — то асцярожна, паўшэптам, без падрабязнасцяў, і тым больш без імёнаў-прозвішчаў, не для друку.

Як патлумачыла мне адна з маіх гераінь, гэта звычайная асцярожнасць: яшчэ жывыя дзеці тых, хто цкаваў, выдаваў, пісаў даносы, і не толькі жывыя — пры моцы, пры ўладзе, навошта дражніць і нарывацца на непрыемнасці.

Рэпрэсаваных, замучаных — усё роўна не вернеш, а самім хочацца жыць без клопату, і гэтае жаданне так лёгка зразумець. І тых, хто прайшоў усе прыступкі і колы лагернага пекла, а потым — усхваляў Камуністычную партыю і яе правадыроў — таксама лёгка зразумець: навошта яна, тая праўда, тое вольнае слова, калі за яго так адпакутвана, калі з-за яго так пераламана жыццё.

Успамінаў пра Гулаг у беларускай літаратуры — адзінкі: пісаць пра гэта баяліся тады, а сёння ўжо не бачаць сэнсу.

Нам сённяшнім значна цяжэй зразумець, адкуль браліся смеласць і моц у тых, хто насуперак здароваму сэнсу і інстынкту самазахавання распачынаў тэму рэпрэсіяў, прабіваўся з ёй у друк, у выдавецтвы, да чытачоў, хто коштам уласнага дабрабыту і спакою захоўваў праўду.

А яшчэ цяжэй зразумець, чаму гэтую праўду не жадаем ведаць мы — тыя, каму насамрэч няма чаго і каго баяцца.

Сяргей Іванавіч Грахоўскі, знакаміты беларускі паэт, пісьменнік і перакладчык, быў арыштаваны падчас другой хвалі рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі, у 1936 годзе. Дзесяць год лагеру, потым — паўторны арышт, і ў 1949-м — вечная пасяленне ў Сібіры.

Жонку ён сустрэў на лагерным этапе, там, у лагеры, нарадзілася і дачка Таня. Тое, што для нас — жахлівая гісторыя адной з самых страшных рэпрэсіўных сістэм у гісторыі чалавецтва, для яе — проста дзяцінства.

zhshanzhshg7.jpg

Як вы ўспамінаеце Сібір, Таццяна Сяргееўна?

Для мяне Сібір — гэта сапраўднае дзяцінства. Першыя два гады былі вельмі цяжкімі для бацькоў, а для дзяцей, за іх спінамі…

Успамінаем з удзячнасцю за прыгажосць прыроды, якую бачым па-сапраўднаму толькі ў вёсцы, дабразычлівыя адносіны вяскоўцаў і некаторых чыноўнікаў да бацькоў, за вялізны аўтарытэт, які яны заслужылі ў мясцовых людзей, за іх дапамогу, за тое, што нават сяброўкі амаль не абзывалі мяне «ссыльнаю вражынаю» (можа зрэдку), за сапраўдны інтэрнацыяналізм, які быў у Сібіры з прадвеку, за цікавейшых, цудоўных сяброў нашай сям’і, кагорты ссыльнапасяленцаў, за сапраўднае сяброўства і ўзаемадапамогу на ўсё жыццё.

Дзякуючы нашай «калоніі» я пазнаёмілася з сапраўднымі інтэлігентамі, людзьмі рэдкай высокароднасці, адукаванасці, таленавітасці, дабраты, міласэрднасці, дабразычлівасці, прыгажосці.

Яны сталі «маякамі» (няўдалае слова, не магу падарбаць лепшага — светам, прыкладам, хутчэй зоркамі…) ў жыцці.

yulgazhaozh.jpg

Сібір — частка нашага жыцця для мяне, нас — дзяцей, можа лепшая, цікавейшая, самая яркая, з дзіцячымі захапленнямі і праказамі, насычаная незабыўнымі падзеямі, крутымі віражамі лёсу, такімі крутымі, што мы не маглі сабе і ўявіць у самых смелых марах. Тым больш, што марыць нас старана адвучалі.

Я даволі падрабязна напісала пра Сібір у сваіх успамінах пра бацьку, якія ёсць у Зб. «С.Грахоўскі: Вядомы і Невядомы» (2013г) і на сайце grahouski.org.

Таццяна Сяргееўна, вы — дачка паэта. Гэта нейкім чынам выдзяляла вас сярод іншых дзяцей? Ці асаблівае гэта адчуванне, калі ў цябебацька — паэт?

Спадзяюся, што гэта мяне не выдзяляла сярод іншых. Мае бацькі і я не лічылі майго бацьку незвычайным. Сама я саромелася гучнага словазлучэння «дачка пісьменніка» і пазбягала яго як магла.

Памятаю, адна з актыўных мам нашага класа вельмі настырна мяне дапытвала: «Хто твой бацька? Дык хто твой бацька?» Мяне раздражняла яе настойлівасць і нетактоўнасць. Я адказала — «Вадаправодчык». «Ну, что ж, і такія спецыялісты патрэбны».

Прыблізна такой была рэакцыя хатняй гаспадыні. Дык у яе яшчэ хапіла розуму потым упікаць мяне за падман.

Наогул, і сама я не лічыла, што мой бацька нейкі асаблівы. Для жанчыны з нармальнай сям’і бацька — галоўны мужчына у жыцці, які нас любіць усё жыццё, шкадуе, песціць, дапамагае, усё нам даруе і ніколі нам не здрадзіць. І ад прафесіі гэта не залежыць. Мне здаецца, што так я лічыла заўсёды.

ker.jpg

Якім вы памятаеце бацьку? Не як паэта — як бацьку?

З ім заўсёды было цёпла, надзейна, трывала, весела, цікава, ён вучыў бачыць прыгажосць ва ўсіх з’явах жыцця.

У самых складаных сітуацыях я ведала, што бацька накорміць і спаць уладкуе, хоць на каленах. Ён быў цудоўным бацькам і нічога важней за сям’ю у яго не было. Важней працы, творчасці, славы, поспехаў. Гэта вялікая тэма.

Толькі цяпер я зразумела, што ў яго быў і такі рэдкі талент — любіць людзей, захапляцца прыгожымі, таленавітымі, працавітымі, высокароднымі, выбітнымі, ацаніць прыгожы паступак. Колькі любві, пяшчоты, спачування да сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей, родзічаў, якія яго парадавалі, уразілі, падзяліліся з ім кавалкам…

На жаль, нават у самых блізкіх яго сяброў нічога «адэкватнага» я не знайшла ў дачыненні да яго, ні ў дзённіках, ні ва ўспамінах. Не таму, што ён не быў варты, а хутчэй, таму, што талент гэты рэдкі.

Ці распавядалі вы сяброўкам у дзяцінстве, што нарадзіліся ў лагеры? Як наогул гэтая тэма жыла з вамі ў маленстве? Баяліся? Саромеліся? Ганарыліся?

Амаль што не, рэдка, і не абы каму. Не баялася, не саромелася і не ганарылася (чым?). Маўчала. Разумела, што далёка не кожны зразумее мяне, як трэба.

Вакол было зусім іншае асяроддзе. Я вучылася у цэнтры Мінска, мае аднакласнікі — дзеці ваенных, адказных прафесіяналаў, да і проста дзеці як і я, як і бацькі баяліся праўды.

Баяліся ўсе — і тэма гэта заставалася «непапулярнай».

Дарослыя не тое што з дзецьмі, паміж сабою самыя блізкія гэту тэму не абмяркоўвалі. І ў кожнай сям’і была асабістая прычына — дзе сядзелі, дзе сажалі. І ўсе дэманстравалі сваю адданассць… Тэма была «непапулярнай», як і зараз.

velvet___3.jpg

Кажуць, шмат хто з лагера вяртаўся зламаным. А вашыя бацькі былі зламаныя абставінамі? Як яны выхоўвалі вас? Ці вучылі маўчаць і баяцца?

Зламанымі з лагера вярнуліся практычна ўсе, у большай ці меньшай ступені. Але мой бацька (я б сказала, што сагнуты, але не зламаны, — бадай адзіны з адзінак вярнуўшыхся), стварыў цэлую літаратуру, прысвечаную гэтай тэме і, галоўнае, яе ахвярам.

Працаваў у камісіі гарвыканкама па рэабілітацыі, многа зрабіў (а дакладней меўся зрабіць) у абарону іх правоў. Думаю, што больш за яго у беларускай літаратуры на гэту тэму не зрабіў ніхто.

Зараз я рыхтую зборнік, з творамі адной тэмы — аўтабіяграфічная трылогія с дзесяткамі, сотнямі сапраўдных прозвішчаў, публіцыстыка, магчыма старонкі з дзённікаў, апавяданні «з жыцця». Гэта даніна ім — загінуўшым, скалечаным і страшнай эпохе. На жаль, надзеі на выданне амаль што няма.

Нас вучылі сапраўды маўчаць і баяцца. «Як мага цішэй і сціплей, каб вас не было чутно і відно…» У іх атрымалася, і нельга іх асуджаць.

Той жа Дубоўка пасля вяртання кожнае урачыстае ці святочнае застолле патрабаваў пачынаць з тоста за Камуністычную партыю… (Бацька расказваў з жалем і спачуваннем).

Ці былі вы ў піянерах, камсамоле? Як гэта успрымалася вамі і бацькамі?

Была і піянеркай, і камсамолкай. Маленькая перажывала, што мяне могуць не прыняць у піянеры, хоць бацькі працавалі ў той жа школе. Лічыла, што не прымуць праз бацьку, але пра свае думкі бацькам не расказвала. Не хацела ім рабіць балюча.

Была і ў камсамоле, нават камсоргам класа. Бацька верыў у светлае заўтра, што ўсё яшчэ наладзіцца і выправіцца.

Бацькоў хутчэй непакоіў мой скепсіс і востры язык.

velvet____4.jpg

А якім вы памятаеце Мінск? Ці падабаецца ён вам сёння?

У Мінск мы прыехалі ў 1956 годзе. Годам раней мы з бацькам удваіх прыязджалі з Сібіры «у разведку». Канешне, горад падабаўся. Пасля пасляваеннага сібірскага сяла!

Памятаю, як захапляўся бацька і прыгаварваў: «Падумаць толькі, усяго за 10 гадоў столькі пабудаваць, а я ж яго памятаю заштатным, драўляным…» Дарэчы, ён з натхненнем прыняў удзел у напісанні можа першай пасляваеннай кніжкі пра Мінск. Яго любоў да гораду перадалася і мне.

Падабаецца мне горад і сёння, вельмі. Я не разбіраюся у архітектуры, веру архітэктару Л.Левіну, што абраны сучасны стыль — гэта не стыль нашага горада, несумяшчальнасць.

Але мне горад падабаецца. І я вельмі часта думаю, — «Каб папа пабачыў… Як бы ён ганарыўся! Дзякуй, табе родны, што прывёз нас у гэты цудоўны горад, што у цябе хапіла сіл, адвагі пачаць жыццё спачатку. У 43 гады, з дзецьмі на руках, без кала і двара…» Ён дзеля нашай будучыні зрабіў ўсё магчымае, але мы ёй скарысталіся не вельмі удала.

velvet____5.jpg

Калі пісьменнікі жылі лепш — раней ці зараз?

Зараз усе жывуць непараўнальна, у многа разоў лепш. За ўсіх беларускіх пісьменнікаў савецкіх часоў сказаць не бяруся, былі розныя, і такія, што жылі вельмі сціпла.

Але тая частка, што працавала, паспяхова друкавалася і выдавалася, як мой бацька, жыла прыстойна па савецкіх мерках. Мы не належылі да «эліты», але я была забяспечана значна лепш, чым мае сяброўкі. Аб мінулым я не шкадую ні хвіліны, хутчэй наадварот.

Мы не карысталіся ніякімі размеркавальнікамі «дэфіцытаў», а на тое, што было ў продажы, грошай хапала. У нашай сям’і ніколі не пазычалі. Грошай нам хапала на нашы савецкія сціплыя патрэбы, тым больш, што мы саромеліся выдзяляцца нечым «шыкоўным». (Я доўга не згаджалася студэнткай на норкавы каўнер для паліто, баялася, што нясціпла. А больш танных у продажы не было).

Была праблема іншая — калі былі грошы, а на іх не было чаго купіць. Ці памятаеце вы, што многае (машыну, кватэру, дачу, бытавую тэхніку, а потым — адзенне, мэбля, абутак, мыла,…) проста купіць было нельга?.. Табе маглі рэч «выдзяліць, ці не выдзяліць», да і чэргі вялізарныя за ўсім. Было абразліва і проста сорамна за свой прыніжаны стан і за сваю дзяржаву.

У кіламетровых чэргах мы не стаялі, абыходзіліся выпадковымі пакупкамі. Нічога патрэбнага ў продажы не было і «блатаў» у нас не было, мы не умелі.

Жылі мы ў асноўным на бацькавы ганарары, хоць ён працаваў у рэдакцыі і маці настаўнічала. Зараз, з прыстойнай літаратуры у Беларусі, мне здаецца, пражыць проста немагчыма. Ганарары проста смеху вартыя. Парнаграфiя, дэтэктывы… — іншая справа. Гэта маё асабістае ўраджанне.

Думаю, што сёння літаратары жывуць не на ганарары, як і за мяжой. Недзе працуюць, выкладаюць. Але, агульны узровень жыцця непараўнальна ўзрос.

Як наогул жылося творчай інтэлігенцыі і іх дзецям за Саветамі?

Творчая інтэлігенцыя, якая знаходзіла агульную мову з уладамі, якая ім верыла, пры наяўнасці таленту, працы і лаяльнасці жыла даволі прыстойна, хоць і на шворцы.

Да нейкага часу (можа самыя наіўныя) яшчэ верылі, спадзяваліся, марылі, пыталіся нешта зрабіць для справядлівасці, для пакрыўджаных і нямоглых, шукалі таленты і дапамагалі ім прабіцца, рупілі пра культуру і нацыянальную свядомасць. Рабілі, што маглі, а маглі ўсё меней. А дзеці іх жылі сваім звычайным жыццём, асабліва калі яны пакідалі творчае асяроддзе.

Клопат пра бацькаву спадчыну — гэта для вас абавязак, шчасце, рэалізацыя генетычных творчых здольнасцяў?

Вы правільна сказалі. І тое, і другое і трэцце. Усё разам. Праўда, генетычная здольнасць — на апошнім месцы, як вы і паставілі; уласных амбіцый у мяне няма. Усё што я раблю — толькі каб працягнуць памяць пра бацьку хоць бы крышачку яшчэ. Мне вельмі цікава займацца бацькавай спадчынай, я так многа даведалася, дадумала, пазнала.

doaaozo.jpg

Я зразумела, што раней амаль нічога не ведала пра яго вялізны, прыгожы, складаны мір. Па сапраўднаму я толькі зараз больш-менш ведаю яго творчасць. Толькі перачытаўшы па многу разоў адзін і той жа верш ці прозу, я здымаю з яго пакровы і спасцігаю багацце, якое не відно адразу.

Яго трылогія стала маёй настольнай кнігай. Там усё — праўда, дакументальна і прыгожа. Я трапляю у сваё сібірскае дзяцінства з маладымі бацькамі. Чытаю з выпадковай старонкі і адкрываю для сябе новыя думкі, якасці героя-аўтара і яго мудрасць, і наіўнасць, і многае няўбачанае раней.

Думаю пра бацькоў пастаянна і тужу да бездапаможнага, безгучнага крыка адчаю. Як мне іх не хапае, як я іх люблю, як яны мне патрэбны, як мне з імі пашанцавала!

Ці трэба памятаць пра сталінскія часы? Як вы лічыце, рэанімацыя сталінізма — гэта проста такая сёнешняя мода ці рэальная пагроза грамадству?

Памятаць неабходна ўсё. Не хачу паўтараць банальныя фразы пра неабходнасць гістарычнуай памяці. Гэта тэма такая вялікая, страшная, не раскрытая і не вывучаная.

Праблема яшчэ і ў тым, што наша грамадства не хоча ведаць, не хоча паглыбляцца ў гэты жах, не хоча думаць, не хоча «экстрапаліраваць» і рабіць вынікі.

Мне падаецца тэрмін «сталінізм» няўдалым. Я бы назвала рэпрэсіі сацыялістычнымі, ці камуністычнымі. «Сталінізм» хітра прыдуманы, каб зваліць на аднаго, а вінаватых тут шмат. Жах гэтай эпохі (70 гадоў) яшчэ не ацэнены, і не вызначаны яе жудасныя наступствы.

Сёння мы маем гэтую цяжкую спадчыну у нашым скалечаным грамадстве. І адна з прычын — што не вывучылі, не далі адзнаку, не назвалі віноўных, не заставілі паглядзець праўдзе ў вочы. Я пессіміст, лічу, што «пагроза грамадству» — гэта самая мяккая фармуліроўка.

Фота: з асабiстага архiва Таццяны Грахоўскай.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (4) Последнее сообщение
Kozlik Mozlik аватар

хорошая статья. 

Катюшка. аватар

Удивительная (хоть и сложная, конечно) жизнь у таких людей..  Как думаете, нам с вами будет о чем рассказать лет через 30-40? 

Chaild аватар

чтобы помнили...

спасибо

Helen-A аватар

Спасибо, Анна! Читаю и комок в горле. Сколько всего пришлось пережить людям! А сколько переживем мы сейчас, не зная где похоронены наши деды.... И неизвестно кому повезло. Кто погиб или кто пережил долгие годы каторжной работы, голода, страха. В детстве я думала, что страшнее войны ничего не было. Оказывается я ошибалась.

Надеюсь, что книга, которую готовит Татьяна Сергеевна, все-таки будет издана. Ведь сейчас в книжных магазинах из книг С.Граховского только «С.Грахоўскі: Вядомы і Невядомы» и то считанные экземпляры. 

#
Система Orphus