Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Так, як здымаюць фэнтэзі на Беларусі, яго не здымаюць нідзе

Гэта там, за мяжой, бестселеры патрабуюць наяўнасці тоўстых дзядзек з тоўстымі кішэнямі. Наша шырокамаштабнае кіно здымаецца па-беларуску — талакой.

Між іншым, талака — тое, чым беларусы могуць ганарыцца: наш нацыянальны звычай рабіць складаныя справы гуртом, разам, не чакаючы спецыяльнага запрашэння, маюць не вельмі шмат аналагаў у іншых нацыянальных традыцыях.

Спакон веку на Беларусі талакой ставілі хаты, аднаўлялі вёскі пасля разбуральных войн, ладзілі святы і саджалі паркі.

А зараз — здымаюць кіно.

velvet__3.jpg

Сучасная талака і называецца па-сучаснаму: краўдфандынг, калектыўнае супрацоўніцтва людзей, якія ахвяруюць сродкі на нейкую важную для супольнасці справу. На Беларусі краўдфандынгавых пляцовак некалькі, адна з іх так і завецца — Талака.

Але ж кіно? На сабраныя грошы? Ці можна зняць сапраўды канкурэнтаздольны фільм талакой? Ці не будзе гэта чарговая самадзейнасць?

І наогул, што гэта за рызыковыя людзі, якія бяруцца рабіць кіно без тоўстых дзядзек з тоўстымі кішэнямі?

Запытваемся пра гэта ў сцэнарысткі кінапраекта «Неруш» Юлі Шэдзько і рэжысёра Дзяніса Жыгунова — менавіта яны прыдумалі першы беларускі фільм-фэнтэзі з файнай назваю «Неруш» і, не дачакаўшыся дапамогі, пачалі здымаць, як кажуць, «на голым энтузіязме», пакуль ідзе збор сродкаў на краўдфандынгавай платформе.

velvet_10.jpg

Вы здымаеце фэнтэзі. Гэта даволі затратны жанр. Ці справіцца краўдфандынг з выдаткамі на сучасны фэнтэзі?

Дзяніс: Зразумела, з дапамогаю адной краўдфандынг-кампаніі немагчыма справіцца з такой масштабнай працай. А калі не стамляцца звяртацца да вялікай колькасці арганізацыі, магчымых спонсараў, у фонды, адкрываць наступныя краўдфандынг-кампаніі — гэта ўжо абяцае больш.

Нашая каманда складаецца з маладых прафесіяналаў, якія вельмі моцна жадаюць рэалізавацца ў гэтым праекце, а не шукаюць магчымасці ўзбагаціцца на ім, таму мы маем магчымасць працягваць працу на энтузіязме ўдзельнікаў, асноўныя сумы выдаткуючы на грым, касцюмы, дэкарацыі, матэрыялы, патрэбную тэхніку.

Гэты фактар вельмі скарачае патрэбны бюджэт і дапаможа зняць фільм за меншыя грашовыя сродкі.

velvet_2.jpgРэжысёр праекта «Неруш» Дзяніс Жыгуноў

А колькі  наогул патрэбна грошай на сучаснае кіно?

Дзяніс: Усё залежыць ад задумы, рэалізацыі і піяру, прасоўвання праекта. Можна прывесці ў прыклад «Вядзьмарку з Блэр» — калі правільна прадуманая рэкламная кампанія дапамагла фільму зарабіць у тысячы разоў больш, чым было выдаткавана на самі здымкі.

Тое, колькі грошай пайшло на самі здымкі, не вызначае даходу фільма, паспяховымі бывалі фільмі і за дзясяткі тысяч, і за сотні мільёнаў даляраў.

Аднак па сёння вы працавалі на энтузіязме. Якая ідэя з’яўляецца для вас настолькі магутным стымулам, каб на працягу некалькіх год не думаць пра грошы?

Дзяніс: Калі чалавек займаецца любімай справай, рэалізуе сваю мару, грошы не з’яўляюцца для яго той рэччу, пра якую ён думае ў першую чаргу. У людзей з нашай каманды ёсць праца, дзе яны зарабляюць сабе на жыццё, але нам падабаецца ствараць нешта разам і, магчыма, пасля завяршэння праекта мы будзем працягваць працаваць разам у вытворчасці кіно, відэакліпаў і рэкламы.

velvet_7.jpgГукарэжысёр праекта Павел Гераімовіч

Відавочна, што першы беларускі фэнтэзі, зняты на сабраныя народам грошы, не пераадолее ў канкурэнтнай барацьбе з галівудскімі аналагамі. Ці я памыляюся?

Дзяніс: Па-першае, мы робім гэта не з мэтаю канкурыраваць з галівудскім кіно. Па-другое, Галівуд цяпер рэдка прапаноўвае эксклюзіў, а тэматыка нашага фільма — свежая, нават для нашага рэгіёну.

Істотаў з нашай міфалогіі рэдка «ажыўляюць» у кіно, таму гэтая тэматыка будзе цікавая аматарам фэнтэзі з усяго свету — мы абавязкова будзем дубляваць фільм па-англійску. Фільм будзе адкрыты для фестываляў і дыстрыб’ютараў.

Ці гэта першы ваш досвед карыстання краўдфандынгавымі платформамі? Чаму менавіта Талака — бо ёсць жа і іншыя пляцоўкі?

Юлія: Так, гэта першы наш досвед працы з краўдфандынгамі. Гэта ў прынцыпе адносна новая для беларусаў магчымасць: з аднаго боку — выставіць свой праект на ўсеагульнае абмеркаванне і прасіць падтрымкі іншых людзей у яго рэалізацыі, а з іншага боку — «прагаласаваць» нейкаю дапамогаю: грашоваю або іншаю, за справу, якую ты лічыш важнаю, якая табе падабаецца, якая цябе сапраўды цікавіць.

velvet_1.jpgСцэнарыст праекта Юлія Шэдзько

На Беларусі краўдфандынгавыя платформы пачалі развівацца нядаўна, і нам падалося, што «Талака» у параўнанні з іншымі найбольш нам падыходзіць і адпавядае нашым чаканням. Распачаць праект нам дапамагла мэнэджэр платформы Кацярына Пукач, мы вельмі ўдзячныя ёй за яе вялікую падтрымку, бо вучыць нас працаваць з краўдфандынгам прыйшлося, як кажуць, з нуля. 

Мы ідзем далей і плануем адкрываць краўдфандынг-кампаніі і на іншых пляцоўках. Напрыклад, цяпер наш праект прайшоў на 2 этап VII рэспубліканскага конкурса Social Weekend.

Таксама на працягу бліжэйшых тыдняў будзе запушчаная кампанія на замежных пляцоўках Indiegogo і Kickstarter.

Але пачаць мы хацелі менавіта з беларускіх пляцовак, бо вельмі чакаем дапамогі суайчыннікаў. І гэтая дапамога з’яўляецца: многія людзі, што сталі часткаю нашай каманды, знайшлі нас менавіта праз «Талаку».

velvet_5.jpg

І як ідзе збор сродкаў? Ці з’яўляюцца сапраўдныя мецэнаты, якія могуць даць адразу вялікую суму?

Юлія: Збор рухаецца наперад, да таго ж, зусім хутка мы прапануем шырокаму грамадству відэа аднаго з асноўных саўндтрэкаў да будучага фільма, што, спадзяемся, прыцягне ўвагу да праекта яшчэ большай колькасці людзей. Часта тое, што не можа зрабіць адзін чалавек або адна арганізацыя, становіцца цалкам магчымым, калі ў гэта ўкладзе сваю маленькую лепту вялікая колькасць людзей.

Мы ўдзячныя не толькі за грашовыя ўклады, але і за інфармацыйную падтрымку: калі людзі проста расказваюць пра нас знаёмым і сябрам, дзеляцца ў сацсетках, раяць, куды звярнуцца па дапамогу, самі прапануюць дапамагчы. Гэта можа быць нават больш каштоўным.

Да таго ж, можна лічыць, што мы ўжо зэканомілі значную суму, бо з’явілася мноства людзей, гатовых бясплатна аказаць нам неабходную прафесійную дапамогу на розных этапах рэалізацыі праекта, а гэта яшчэ важней за грашовы ўклад.

Аднак, мы да канца будзем спадзявацца, што крупныя спонсары або мецэнаты для праекта таксама знойдуцца, нягледзячы на не вельмі спрыяльную эканамічную сітуацыю, у якой мы ўсе знаходзімся цяпер.

velvet_6.jpg

А калі б з’явіўся багаты спонсар — якое б яшчэ кіно вы б знялі?

Дзяніс: Кіно пра пошук сэнсу існавання для чалавека і чалавецтва.

Аднойчы я чула ад аднаго беларускага тэатральнага крытыка, што беларусы — людзі не вельмі прыдатныя для тэатра, бо яны інтраверты і дрэнна працуюць у камандзе. А як вам працуецца ў вашай камандзе?

Дзяніс: Гэта адзін з самых прыемных досведаў працы для кожнага з нас. На цяперашнім этапе мы шчаслівыя, што працуем разам і атрымліваем ад гэтага задавальненне, нас падагравае агульны энтузіязм. Спадзяюся, у нашай камандзе сабраныя людзі, якія змогуць перакрэсліць кропку гледжання крытыка, пра якога Вы кажаце. Бо мы не першыя, у каго гэта атрымалася, гэта цалкам магчыма!

velvet_8.jpg

Яшчэ ёсць думка, што беларусам не хапае пераймальнасці традыцый: кожнае наступнае пакаленне адкідае набыткі папярэдняга і пачынае працаваць на пустым месцы. А вы як ставіцеся да беларускай кінематаграфічнай спадчыны?

Дзяніс: Мой бацька працаваў фатографам на Беларусьфільме і я з вялікаю павагаю і трапятаннем стаўлюся да беларускай класікі. Я займаюся лічбавай апрацоўкай яго негатываў са здымак трыццацігадовай даўніны і пераглядаю старыя кіналенты.

Так, мы не вельмі шмат бярэм з папярэдніх набыткаў, але не адкідаем гэты досвед — гэта дакладна.

velvet_9.jpg

Чым будзе моцны першы беларускі фэнтэзі-фільм? Чаму гледачы мусяць паўдзельнічаць у вашай краўдфандынгавай кампаніі?

Юлія: Гэты фільм будзе моцны тым, што для Беларусі фэнтэзі — абсалютна новы жанр кіно. Мясцовага фэнтэзі яшчэ не здымалася, хаця ёсць цудоўныя літаратурныя прыклады.

Усе прывыклі, што ў Беларусі здымаюць кіно або пра вайну або якія-небудзь меладрамы з прадказальным сюжэтам… Мы ж прапануем нешта зусім новае і па тэматыцы, і па сцэнары, і па рэалізацыі. І гэта будзе менавіта беларускае фэнтэзі: чароўны свет нашых казак, нашай прыроды, нашых міфалагічных істотаў, з якімі, дарэчы, і самі беларусы не вельмі добра знаёмыя, не кажучы ўжо пра аматараў фэнтэзі з іншых краінаў, якія, напэўна, ўжо даўно наглядзеліся на эльфаў і гномаў, і таму ім несумненна будзе цікава тое, што мы прапануем.

Мы пакажам гледачам іншую Беларусь: загадкавую, прыгожую, чароўную прастору, вельмі прыцягальную, далёкую ад стэрэатыпаў, якія пра яе склаліся. Такой мы яе бачым і любім, і хочам, каб такой яе ўбачыў і палюбіў увесь свет.

velvet_13.jpg

Фотаздымкі прадастаўлены героямі інтэрв'ю.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (4) Последнее сообщение
Lu1 аватар

Вельмi цiкава!

 

Катюшка. аватар

Супер! Скорее бы посмотреть этот фильм! Happy

Веранда аватар

класс!!!а шо за  локация на предпоследнем фото?

Нежность аватар

Вадатна! Чакаем!

#
Система Orphus