Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Што робіць мама, калі ёй не падабаецца сад

Замест таго, каб шукаць найлепшы дзіцячы цэнтр, гэта мама стварыла яго сама.

Мы размаўляем з адной з арганізатараў сямейнага цэнтра «Млын», што на Уруччы, маладой мамай і прыгажуняй Вікай Язвінскай.

velvet__1.jpg

Я памятаю цябе яшчэ рускамоўнай студэнткай. Як адбылося, што са звычайнай дзяўчынкі вырасла беларускамоўная мама, адна з самых актыўных і канструктыўных з вядомых мне беларускамоўных мам?

У мяне заўсёды было добрае стаўленне да мовы, але, не буду хлусіць, нават у ўніверсітэце я не думала, што пачну размаўляць на ёй у штодзённым жыцці.

Я думаю, што падмурак маёй беларускасці заклала яшчэ бабуля, якая жыла на вёсцы, дзе я  дзіцём праводзіла штолета. Бабуля размаўляла на трасянцы з нейкім дыялектам, гэта была жывая і непаўторная мова.

На пятым курсе я прыйшла на працу ў рэкламную агенцыю, дзе пазнаёмілася са сваім мужам Змітром (саліст гурта Rahis). На адным з нашых першых спатканняў ён запрасіў мяне да сваіх сяброў, я пагадзілася, але ж яшчэ не ведала, што мяне там чакае.

Мы прыйшлі ў кампанію, дзе ўсе размаўлялі па-беларуску, дарэчы, мяне ніхто аб гэтым не папярэдзіў. Я ўвесь вечар прасядзела моўчкі, бо не ведала, як успрымуць тое, што я рускамоўная. Яшчэ доўгі час я размаўляла ў гэтай кампаніі па-руску, дзе мяне добра прынялі і ніхто не навязваў мне нічога,  але, напэўна, карані і прыклад цудоўных людзей побач  ўзялі сваё і праз некалькі год беларуская мова стала асноўнай мовай маіх стасункаў.

Таму, калі нарадзіўся наш Рычард, ці, па-дамашняму, Рысік ужо не было пытанняў на якой мове мы будзем яго выхоўваць, адказ быў адзін.

velvet__2.jpg

Цяжка расціць дзіцёнка беларускамоўным? Ці лёгка Рысіку размаўляць на дзіцячай пляцоўцы, з бабулямі-дзядулямі, суседзямі?

Трэба адзначыць, што мы не гадуем дзіцёнка ў гета і не абмяжоўваем яго кола стасункаў — у нас ёсць цудоўныя рускамоўныя сябры, з якімі Рысік находзіць агульную мову. На пляцоўцы я яго не прымушаю размаўляць толькі па-беларуску, лічу, што калі рабіць штосьці з-пад палкі будзе толькі горш, даю яму магчымасць самаму зразумець сітуацыю і зрабіць у будучым свой выбар.

Але дома, калі чуем рускія словы, просім сказаць тое ж па-беларуску. У свае тры гады ён ужо лёгка арыентуецца паміж мовамі і без праблем перакладае словы. 

Бацькі Змітра таксама размаўляюць па-беларуску, мой бацька — па-руску. Мы нікому не навязваем сваю кропку гледжання ў гэтым пытанні.Складанасцяў, канешне, болей, чым калі б мы размаўлялі па-руску. Галоўная праблема — гэта недахоп кніжак, гульняў і цацак на беларускай мове. Мульцікі глядзім і па-беларуску, і па-руску, але, калі ёсць аналаг мульціка з рускай агучкай на ангельскай, то выбіраем яго.

Я не раблю з двухмоўя нейкай праблемы, пакуль наша рэальнасць такая, якая ёсць, і гвалтаваць дзіцё, абмяжоўваць яго і наша кола стасункаў па моўнай прыкмеце не лічу правільным. Я стараюся  ня думаць, цяжка ці не, гадаваць дзіце беларускамоўным, проста раблю ўсё магчымае, у тым ліку і сваім прыкладам, каб Рысік шанаваў мову, лічыў яе роднай і карыстаўся ёю ў дарослым жыцці.

velvet__3.jpg

Як рэагуе на вас грамадства? Вось у транспарце, на рынку, у паліклініке?

Зараз карыстаемся дзвюма мовамі — беларускай і рускай у адпаведнасці з сітуацыяй, у мяне засталіся старыя рускамоўныя сябры, з некаторымі з іх я перайшла на беларускую, з некаторымі па звычцы працягваю стасавацца па-руску.

На мову грамадства рэагуе па-рознаму, у большасці добра.

Некаторыя, калі чуюць, што мы размаўляем па-беларуску, таксама пераходзяць на мову, некаторыя выбачаюцца, што не ведаюць яе і просяць дазволу размаўляць са мной па-руску, большасць аніяк не рэагуе, як так і трэба.

Калі чуюць, што Рысік размаўляе па-беларуску, ёсць тыя, хто лічыць патрэбным папярэдзіць мяне пра складанасці, якія чакаюць яго ў будучыні, напрыклад, адсутнасці вышэйшай адукацыі на беларускай мове, але я жыву сённяшнім днём і лічу, што трэба вырашаць праблемы па меры іх паступлення.

Негатыва, звязанага з гэтым пытаннем я і не памятаю, але, калі ён і здараецца, стараюся не браць да галавы, разумею, што кожны мае права на свой выбар і змяніць пазыцыю дарослага чалавека вельмі складана.

Была сітуацыя, калі я ў адной з рускіх суполак livejournal я папрасіла мадэратара памяняць у метках назву нашай краіны з Беларуссіі на Беларусь. У нас атрымалася вельмі гарачая дыскусія, я была абазвана нацыялісткай і амаль што адпраўлена самі ведаеце куды.

velvet__4.jpg

Тады я моцна перажывала, што не смагла нічога даказаць і адстаяць сваю пазыцыю. Зміцер супакойваў мяне і сказаў, што галоўнае, што я пасадзіла ў галаву таго мадэратара зярнятка таго, што ён можа быць не правы, і каб не прымала на свой лік абмежаванасць і аднабаковасць гэтага чалавека.

Праз год  гэты мадэратар не асабістым паведамленнем, а адкрыта ў каментах той самай суполцы выбачылася переда мной. Дагэтуль ня ведаю, што паслужыла гэтаму і як чалавек да гэтага прыйшоў, але зярнятка прарасло.

Прызнаюся, што у некаторых сітуацыях адмыслова пераходжу на рускую мову, можа хтосьці лічыць што гэта няправільна, але я не хачу, каб, напрыклад, у паліклініцы доктар не зразумеўшы мяне замест страўніка ныркі мне залекаваў.

Канешне, не заўжды прыемна плыць супраць плыні, але вельмі прыемна заўважаць, калі яна сама мяняе свой накірунак пад тваім ухілам.

Увогуле, мой прынцып, і не толькі ў пытанні мовы, — не даказаць камусьці штосці, а паказаць сваім прыкладам. Гэта працуе.

velvet__6.jpg

Як з’явілася ідэя цэнтру?

Ідэя дзіцячага цэнтру для мяне вельмі старая, напэўна яна прыйшла, як Рысік нарадзіўся. Гэта распаўсюджаная думка сярод маладых мам. Яна пасядзела ў маёй галаве і знікла, бо на той момант не было фінансавых магчымасцяў. Аднак, як толькі Рысік з’явіўся, я была ўпэўнена, што не буду вяртацца на офісную працу.

Потым па волі лёсу я пачала супрацоўнічаць з адным дзіцячым цэнтрам у якасці маркетолага па вольнаму графіку, дзе і набрала першы раз беларускамоўныя групы. Мы папрацавалі амаль год, потым змянілася кіраўніцтва, якое не было зацікаўлена нас, і мы разыйшліся.

На той момант у нас з мужам была ужо невялікая інтэрнэт-крама, з якой мы атрымалі ўзнагароду «Бізнес-старт-2014» у рамках тыдня прадпрымальніцтва  і я збіралася развіваць і займацца толькі ёй.

Аднак, ведаеце, калі ты чагосьці моцна хочаш і ставіш сабе мэту, нават не асэнсоўваючы гэтага, усё атрымліваецца неяк незалежна ад цябе, адкрываюцца магчымасці і патрэбныя людзі прыходзяць у тваё жыццё.

Так да мяне звярнулася мой цяперашні партнёр, а ў мінулым — мая ўніверсітэцкая аднагрупніца, якая марыла пра дзіцячы цэнтр, зрабіла ўжо пэўныя крокі ў гэтым накірунку і ведала, што ў мяне ёсць пэўны досвед у гэтым бізнесе. З гэтага ўсё і пачалося.

velvet__7.jpg

Ці цяжка гэта — адкрыць дзіцячы адукацыйны цэнтр? Якія патрэбныя дакументы? Ці складана набраць штат? Ці не баіцеся, што не знойдзеце дастатковую колькасць дзетак?

З кропкі гледжання рэгістрацыі — гэта не так складана. Па-першае, трэба вызначыцца з формай уласнасці. З ІП увогуле за дзень усё робіцца. У нас ТАА, таму нам прасцей было, каб усе дакументы падрыхтавала юрыст, але гэта можна зрабіць і самастойна, у сеціве дастаткова інфармацыі. Потым за 30 хвілін мы падалі ўсё неабходнае на рэгістрацыю  і праз тыдзень забралі ўвесь пакунак дакументацыі.

Потым трэба пабегаць, каб стаць на ўлік у падаткавую, ФСАН, аформіць касавы апарат. У нас ёсць выканаўчы дырэктар, таму гэтыя пытанні ўжо вырашала яна.

Галоўнае ў гэтай справе — каманда. Акрамя мяне, ёсць яшчэ два партнёры. Усё мамы з дзецьмі. Кожны з нас адказвае за свой кавалак справы, таму калі ў кагосьці штосці не атрымліваецца, ёсць каму падстрахаваць і дапамагчы. Акрамя гэтага мы ўсё розныя, са сваімі моцнымі бакамі, кожны добры спецыяліст у сваім накірунку.

Адна б гэтага не зрабіла.

Са штатам педагогаў усё складаней — у нас высокія стандарты, а добры педагог на вагу золата.

Страхі, што нешта не атрымаецца, канешне, ёсць. Бываюць моманты, калі хочацца апусціць рукі, схавацца ў норку і нічога не рабіць. Імкнёмся адганяць дрэнныя думкі і проста якасна рабіць сваю справу. Насамрэч, калі робіш тое, што любіш, калі сама праца матывуе, то усе складанасці лёгка пераносяцца.

Чаму «Млын»?

Само месца — млын — вельмі сімвалічна. Тут перараджаецца збожжа для стварэння хлеба, які, як вядома, — «усяму галава».

Хлеб дае ежу, сілы для вялікіх і  маленькіх спраў. Вось так і нашы заняткі будуць напаўняць і мяняць у лепшы бок, як нашых вучняў, так і мы самі будзем развівацца разам з імі.

velvet__8.jpg

Чым, акрамя мовы, вы будзеце адрознівацца ад іншых цэнтраў?

Беларускамоўныя заняткі дапаўняюць нашу лінейку нароўнi з заняткамі на рускай мове. Мы імкнемся аказваць аднолькава якасныя паслугі для шырокага кола дзяцей і дарослых. Па-першае, няважна, на якой мове ты аказваеш паслугі, ты проста абавязаны рабіць гэта якасна. Павага да кліента і сэрвіс — вось тое, што павінен думаць кожны.

Па-другое, гэта прафесійны абгрунтаваны падыход ва ўсім. У плане дзіцячага развіцця гэта датычыцца ў першую чаргу непаразумення некаторымі школамі і цэнтрамі прынцыпаў і этапаў развіцця дзіцёнка.

Патлумачу. Калі 1,5-гадовае дзіця саджаюць за парту, каб тое нешта рабіла на працягу 10-15 хвілін, гэта немагчыма. У гэтым ўзросце псіхіка малечы проста няздольная так доўга трымаць увагу на адным дзеянні. Ці калі 3-гадовым прапаноўваюць заняткі амаль што па тры гадзіны па некалькіх дысцыплінах, я гэтага не магу зразумець. Так, такія заняткі ў кароткачасовай перспектыве даюць хуткія вынікі, але ў дачыненні псіхікі дзіця і законаў яго развіцця, гэта недапушчальна, на выхадзе маем стомленых школьнікаў, якім ўжо нічога не патрэбна, абы адчапіліся.

Наш цэнтр у гэтым ракурсе будзе арыентавацца на своечасовасці навучання  і ўзроставых асаблівасцей дзяцей.

Што датычыцца школьнікаў і падлеткаў, то ім мы прапануем цікавыя і сучасныя курсы, такія, напрыклад, як мультстудыя, дзе дзеці самі ствараюць мульцікі, ад сцэнару і дэкарацый, да непасрэдна здымкаў і мантажу. У планах — курс рабататэхнікі.

І, па-трэццяе, Усе нашы заняткі вядуцца прафесійнымі і апантанымі сваёй справай педагогамі, для якіх праца з дзецьмі — гэта не проста праца, а справа жыцця. Акрамя гэтага, наша мара — зрабіць наш цэнтр не проста установай дадатковай адукацыі, а месцам з асаблівай атмасферай, дзе кожны зможа рэалізаваць сябе, знайсці сяброў і аднадумцаў.

Сямейныя каштоўнасці — вось што мы закладваем у сэрца нашага цэнтру. Мы будзем ладзіць сямейныя святы, збіраць нашых сяброў і кліентаў проста паглядзець мультфільмы ці добрае кiно пад кубачак гарбаты, паразмаўляць і адпачыць.

velvet__9.jpg

Раскажы пра вашых настаўнікаў. Як вы іх выбіралі сярод іншых?

Патрэбныя людзі самі неяк прыцягваюцца. Наш галоўны прынцып — гэта любоў да таго, чым ты займаешся. Нельга якасна вучыць дзяцей і не любіць гэтую справу. Плюс быць сучасным у плане педагагічных методык, гатовым да зменаў і развіцця, падзяляць нашы асноўныя прынцыпы.

Кожны педагог прыйшоў да нас сваім шляхам. Напрыклад, з выкладчыкам ў нашых беларускамоўных групах, Кацярынай Глухоўскай мы здаўна знаёмыя, яшчэ па працы ў іншым дзіцячым цэнтры.

У мяне нават не было сумневаў, каму першаму прапанаваць гэтае месца цяпер, бо Кася — вельмі шчыры, адкрыты чалавек, любіць дзетак і гарыць гэтай спарвай, укладаецца цалкам у кожны занятак.

А ці адшукаюць што-небудзь цікавае для сябе рускамоўныя мамы і дзеткі?

На сённяшні дзень мы прапаноўваем 17 курсаў для дзяцей і дарослых, тры з іх — на беларускай мове. Таму кожны зможа знайсці  для сябе занятак па душы.

Рабіць стаўку толькі на беларускамоўныя курсы пакуль у нашых рэаліях немэтазгодна з кропкі гледжання бізнесу.  У планах ёсць пашырэнне беларускамоўнай лінейкі, але пытанне ў педагогах, бо мы вельмі сур’езна падыходзім да гэтага.

velvet__10.jpg

Ці будзе хапаць бізнэс-маме часу на дзіця? А на мужа?

Мая сям’я — самае галоўнае ў маім жыцці. Рашэнне сысці з офіснай працы было звязана менавіта з тым, каб больш часу праводзіць з дзіцём і мужам. Тут галоўнае — правільна арганізаваць свой час і не патрабаваць ад сябе немагчымага.

Рысік ня ходзіць у садок, таму усе справы робім разам — і ТАА рэгістравалі разам, і дакументы забіралі, і ў банк. Цякучыя справы імкнуся рабіць пад час яго сну. Моцна дапамагае Зміцер, калі трэба і з Рысікам пабыць, калі яма магчымасцяў зрабіць нешта разам.

Муж — мая моцная апора, ўпэўнена, што не змагла б рэалізавацца без яго ўсебаковай падтрымкі.

Насамрэч без моднага зараз тайм-мэнэджметну не абысціся, калі хочаш усё паспяваць. На пачатку сваёй працы з дзіцем я лічыла, што чым больш я прысвячу часу працы, тым лепей, намагалася нешта рабіць і пад час сну дзіцёнка, і пад час гульні і паначох. Як вынік — толькі незадаоволенае дзіця, нэрвовая і нявыспаная я, памылкі ў працы. Апынулася, што маючы часовыя рамкі на пэўную працу, можна паспяваць куды болей. І яшчэ важны момант — слухаць сябе і сваё цела, даваць сябе адпачынак.

Немагчыма паспяваць ўсё і быць такой ідэальнай — і маці, і жонкай, і гаспадыняй, і бізнэс-ледзі, і каб на сябе часу хапала. Ў мяне бывае у кватэры гармідар, на абед толькі адна страва і тая, самая простая, але мы заўсёды сходзім разам пагуляць — а ўвечары пасядзім са Змітром проста паразмаўляем.

Што асабіста табе дала беларуская мова і культура? Што яна дасць тым мамам і тым дзецям, якія пачнуць свой шлях да мовы з вашага цэнтру?

Ведаеш, я не магу сказаць, што я такі моцна «культурны» чалавек, я чытаю калі-некалі сучасную беларускую літаратуру, ведаю трошкі нашу гісторыю, але гэта не асноўныя мае зацікаўленасці.

А увогуле, прыход да гэтага даў нейкую унутраную моц і стрыжань, паразуменне, што ты там, дзе павінна быць і пакінуць нешта пасля сябе.

А тыя, хто прыйдуць да нас, атрымаюць самае галоўнае — гэта асяроддзе, у якім хочацца рухацца, развівацца і змяняцца. Часта  чую, што вось вы такія малайцы, я б так сама хацеў, але ж няма дзе і с кім размаўляць, што саромеюся, бо размаўляю пакуль дрэнна, прыходзьце да нас, будзем вучыцца размаўляць разам, падтрымліваць адзін аднаго і сябраваць.

velvet__12.jpg

Як ты ставішся да хоумскулінга? Калі добра — дык табе яшчэ два пытанні: 1. Ці збіраешся аддаваць сына ў школу? Ці будзеш навучаць дома? і2. Чаму такі выбар?

Нам яшчэ 4 гады на вызначэнне (плануем з 7 год ісці, не раней). На сённяшні дзень у мяне ёсць довады як за навучанне ў школе, так і за хоўмскулінг.

Цяпер напэўна схіляюся аддаць у школу, а там глядзець, як пойдзе.

Калі  патрапіць сапраўды чалавек і прафесіянал у якасці настаўніка, то думаю, што і шмат хваляванняў, якія звязаныя са школай, адразу пройдуць. Плюс самі бацькі павінны прымаць непасрэдны удзел у жыцці школы і уплываць на гэты працэс, толькі тады можа штосьці там змяніцца.

Акрамя гэтага трэба арыентавацца менавіта на свайго дзіцёнка.

Ёсць дзеці, якія добра адчуваюць сябе ў школе, ім там камфортна. Тады з улікам моцнай падтрымкі з боку сям’і, не бачу сэнсу адтуль яго выдзіраць. Тут важна закласці у галаву дзіця, што адзнакі — гэта не самае галоўнае, што бацькі любяць яго не гледзячы на яго сярэдні бал. А ёсць іншыя дзеткі: для якіх школа — гэта катаванне, не гледзячы на іх там паспяховасць — такім лепей вучыцца дома. Трэба размаўляць са сваім дзіцем, будаваць даверныя адносіны з самага ранняга ўзросту, тады ў гэтым пытанні будзе прасцей вызначацца.

Якім будзе мой сын — пакажа час. Галоўнае — я заўсёды на яго баку, і ён гэта ведае.

melnica-centr.by
пр.Незалежнасці, 185-314 (ст.м.Уручча)
+375 29 654 09 54
+375 33 654 09 61
vk.com/melnica_center
www.facebook.com/CentreMill

Фота: з асабістага архіва гераіні інтэрв'ю.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (7) Последнее сообщение
Веранда аватар

Красивая пара. Но Рысик!!!!????

Юлия Петруненко аватар

Вика молодец!) 

"Ричард", конечно, это   Но я уже привыкаю к претенциозным именам белорусских детей)

А центр еще не открылся? Заинтересовала мультстудия, где можно посмотреть расписание?

Наяна аватар

Замечательная семья, умница - мама!
Удачи им во всех начинаниях!

Risha аватар

Красавица умница! обязательно поинтересуюсь по карману ли мне этот млын)

Тати аватар

С удовольствием прочитала интервью. Молодчина, мама, конечно.

Нежность аватар

Здорово, что есть такие мамы и появляются такие центры! Большущей удачи!

Робототехника - очень классно 

Кстати, Ричард - очень красивое имя, рассматривали как вариант назвать младшего. Но нашли лучше Happy)

В западной Беларуси много таких имен, которые мне кажутся более белорусскими, чем, например, Арсений. Просто польская традиция ласковых имен не так привычна на слух после столетия насаждения русской культуры. Ричардом звали дядю моего папы, например.

Ричард полное имя, Рысик- ребенок, Рысь - взрослый при близком общении. Так же Чеслав - Чесик-Чесь, Станислав-Стасик-Стах(Стась), Казимир-Казик, Тадеуш-Тадик, Иосиф-Юзик, Кристина- Крыся 

Interested аватар

недостаточно данных,

где и что сие? программу бы посмотреть

#
Система Orphus