Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Чалавек, з якiм цiкава i на могiлках

Гэты малады хлопец ужо адзінаццаць год даследуе могілкі ў цэнтры Менску — і не збіраецца спыняцца.  

Калі я абірала экскурсіі, якія хацелася б наведаць падчас сёлетнега Фэсту экскурсаводаў, з розных бакоў чула: «Схадзі да Дзюсекава, схадзі да Дзюсекава»… Раілі і маладыя, і старэйшыя, і я, канешне, пайшла на Кальварыю.

Было вельмі холадна, дзьмуў пранізлівы красавіцкі вецер, навокал былі адныя могілкі… Але праз пяць хвілін усё змянілася. Не холад — крамянасць адкрыццяў, не вецер — подых гісторыі, і не могілкі — а расповед пра краіну і горад, якіх я не ведала, але пра якія так карціць даведацца!

Што гэта было за чараўніцтва, і чаму менавіта да Паўла Дзюсекава сёлета прыйшоў кожны шосты з шмат тысячаў наведвальнікаў Фэсту экскурсаводаў — гутарым з ім самім. 

velvet1.jpg

Як гэта пачынаецца: прафесійная цікавасць да могілак? Наогул: як звычайныя хлопцы становяцца незвычайнымі экскурсаводамі?

У мяне ўсё пачалося з майго настаўніка гісторыі ў 9 класе — Івана Іванавіча Сацукевіча. Хаця не, яшчэ раней. У другім класе бацькі падаравалі мне кніжку «Легенды і міфы старажытнай Грэцыі». Яна захапіла мяне на гады: спачатку я цікавіўся Антычнасцю, потым — хацеў раскопваць дыназаўраў, потым вярнуўся ў чалавечыя часы і шмат чытаў па егіпецкай гісторыі, і вось тут мяне і падхапіў Іван Іванавіч.

Ён запытаўся: а ці ведаю я Беларусь? Ды што Беларусь — ці ведаю я Менск? Я, канешне, нічога не ведаў. І тады настаўнік напрыканцы навучальнага года параіў павандраваць па Менску і Беларусі. Сярод іншых аб’ектаў была і Кальварыя, якая ў 2004 мяне зачаравала і зачароўвае дагэтуль.

З Івана Іванавіча пачалася цікавасць і да працы экскурсавода: пасля адной з яго экскурсій я вырашыў гэты ж маршрут паўтарыць — і зразумеў, што ў мяне атрымліваецца і мне гэта падабаецца. Потым, натуральна, я пайшоў на гістфак, але ж добра разумеў, што сядзець у архівах ці пісаць сур’ёзныя навуковыя артыкулы я не жадаю. Я хачу расказваць людзям казкі.

Разумееце, гісторыю трэба расказваць так, каб людзі казалі: «Вау!» — і ішлі дазнавацца падрабязнасцяў.

Можна колькі заўгодна гундзець пра тэхнічныя параметры і гісторыю стварэння помніка на плошчы Перамогі, і не пакінуць слухача зацікаўленым, а можна распавесці, якім чынам звязаны з гэтым помнікам Ламаносаў — і гэта ў чалавека застанецца назаўжды.

А якім чынам звязаны наш помнік і Ламаносаў?

А вось прыходзьце на маю экскурсію «Легенды і гісторыі Менску 2» — даведаецеся.

velvet2.jpg

Вы кажаце — казкі. А як суадносіцца гістарычная праўда і казка ў вашых экскурсіях?

Не, зразумела, я нічога не выдумваю. Нават калі б і хацеў — на кожнай экскурсіі сярод слухачоў можа апынуцца (і звычайна так і бывае) спецыяліст у гэтай сферы: выкладчык, гісторык, проста зацікаўлены аматар. І калі ты памылішся хоць лічбай…

Таму, канешне, перад кожнай экскурсіяй я яшчэ раз вывяраю кожную дату і кожную падзею. Але ж ракурс, пад якім на іх глядзець, сукупнасць фактаў, паслядоўнасць іх выкладання — усё гэта і робіць са звычайнай гісторыі казку.

Але ж ёсць у мяне маршрут, які я асабліва люблю, тыя самыя «Легенды» — там як раз казка, казка як яна ёсць.

Ці любіце вы такіх пільных слухачоў, якія робяць вам заўвагі?

Ну, пільныя слухачы — яны таксама бываюць розныя. Бывае, чалавек прыходзіць, каб даведацца больш, чым ён ведае. Бывае — ідзе таму, што яго сяброўка за руку прывяла. А бывае, імкнецца даказаць сябе і свету, што менавіта ён — самы круты гісторык у гэтым наваколлі.

З першымі — цікава, з другімі — таксама, з трэцімі — цяжэй за ўсё, але ж я ніколі і ні з кім не канфліктую.

Атмасфера на экскурсіі абавязкова павінна быць сяброўскай і прыемнай, інакш нічога не атрымаецца, таму я звычайна ў самых складаных выпадках кажу: спадарства, я вельмі ўдзячны лёсу, што сярод нас сёння ёсць такі незвычайны чалавек, таму, калі ласка, калі ў каго будуць пытанні — задайце нашаму госцю пасля экскурсіі. Пагроза пытанняў звычайна дзейнічае.

velvet_4.jpg

Давайце вернемся да выпускніка гістфаку. Ці кожны можа стаць пасля выпуску экскурсаводам?

Трэба запісацца ў нацыянальнае агенцтва па турызме, прайсці цягам пяці месяцаў курсы, здаць экзамены, абараніць свае маршруты, атрымаць бэйдж — і ты экскурсавод.

А курсы карысныя? Ці так, дзеля бэйджу?

Вельмі цікавая практыка, расповеды сапраўдных экскурсаводаў. З большага — безумоўна, карысныя.

velvet7.jpg

Кальварыйскія могілкі — ваш першы маршрут?

Так, я займаюся гісторыяй Кальварыі з 2004 года. Калі я апынуўся там першы раз, мяне здзівіла: сярод Менску, побач з праспектам — і такі зачараваны куток гісторыі. Тут кожны камень, кожная агарожа — тая самая казка, якую я шукаю ў гісторыі. Сакральная архітэктура, сплаў культур, беларускай і польскай, сляды эпох, якія праносіліся над краінай — усё выглядала на тое, што гэта месца будзе надзвычай цікава даследаваць.

Ёсць выдатная даследчыца Кальварыйскіх могілак — Алла Сакалоўская, яна шмат працуе ў архівах, выдае кнігі, вось зараз рыхтуе перавыданне адной з іх, я вельмі яго чакаю, а я ўжо шукаю матэрыял іншымі спосабамі — Інтэрнэт, відавочцы, сваякі, літаратура.

Шмат чаго апошнім часам з’яўляецца ў Сетцы — ў блогах, на форумах, на адмысловых сайтах, вельмі цікавым бывае пайсці на могілкі на Радуніцу — і спаткаць, напрыклад, чалавека, які прыбірае на стапяцідзесяцігадовай магіле.

Гэта ніколі не бывае выпадковы мінак — ён заўсёды валодае нейкімі неверагоднымі гісторыямі.

А ці ёсць сярод вашых асабістых адкрыццяў Кальварыі тое, якое вы асабліва любіце?

Мая любімая гісторыя пачынаецца з тэлефоннага званка. Раніцой мяне будзіць тэлефон: незнаёмы голас, нейкі мужчына. Высветляецца: яны даўно жывуць у Германіі, і толькі раз у год ён прывозіць сваіх дзяцей на Радзіму, вандруе, паказвае мясіны, і абавязкова заязджае на могілкі.

Распытваю далей. Аказваецца, мой абанент — нашчадак роду Юрэвічаў. А ведалі б вы, колькі магіл на Кальварыі — Юрэвічы! Мы, канешне, сустрэліся, і я вельмі шмат чаго даведаўся тады.

Як ён знайшоў мяне, як дазнаўся нумару — неверагодна.

velvet5.jpg

Якія з гісторыяў Кальварыйскіх могілак для вас — самыя з самых?

Напэўна, жыцьцёвы шлях Яна-Баляслава Луцкевіча, які пахаваны на цэнтральнай алеі, бацькі славутых братоў Луцкевічаў, выдаўцоў, палітыкаў, асветнікаў, як прыклад таго, як адзін верш можа зьмяніць гісторыю цэлай краіны.

Як гэта?

А вось так. Неяк балявалі ў гасціннага суседа сярод іншых прыстойных людзей Ян-Баляслаў, пажылы ўжо шляхцюк, і ягоны сябра, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Добра балявалі, весела.

Якраз успамінам пра тое свята Дунін-Марцінкевіч і напісаў свайму сябру верш, знакамітае «Заўтра Спаса, кажуць людзі». Яго лёгка адшукаць у Сеціве.

У тым вершы паэт раіў шляхцюку неадкладна ажаніцца, нарадзіць дзяцей і гадаваць іх, замест таго, каб марнаваць жыццё ў адзіноце. Ян-Баляслаў вершаваныя парады Вінцэнта з прыязнасцю прыняў — і на сьвет зьявіліся трое сыноў: Ян, Антон, Сцяпан.

Антон і Ян выдадуць «Нашу Ніву», стануць на чале адраджэнскага руху, паўплываюць на ўтварэнне БНР (з якой і вырасла, уласна, БССР, бо калі б не было магутнага беларускага руху — не было б і такой савецкай рэспублікі), а Сцяпан, які скончыць медыцынскі ўніверсітэт, выратуе ад спробы самагубства ў 1930 годзе Янку Купалу.

velvet_8.jpg

Кальварыйскія могілкі выглядаюць не надта прыстойна. Здаецца, дзяржава не вельмі клапоціцца пра гістарычныя пахаванні. А як вам падаецца, як павінны размяркоўвацца ролі дзяржавы і ролі грамадства ў пытанні захавання гістарычнай спадчыны?

Ёсьць такая прымаўка — каб зьведаць краіну, трэба наведаць у ёй кірмаш, прыбіральню і могілкі. Могілкі ёсьць люстрам нашай краіны і нашага грамадства. Так, пакуль што яны ў заняпадзе. Але мы павольна прачынаемся ад сну і пачынаем нешта рабіць.

Мне падабаецца прыклад Польшчы, дзе некалькі разоў на год знакамітыя асобы на старадаўніх могілках зьбіраюць грошы на іх рэстаўрацыю.

Калі б нехта вырашыў пайсці пацікавіцца Кальварыяй самастойна — што параіце паглядзець, дзе «набрацца» асаблівага настрою?

Мы з Радыё Свабода зрабілі вось такую мапу — няхай пампуюць і йдуць вандраваць, для пачатку гэтага дастаткова, а ўжо калі зацікавіць — запрашаю на маю экскурсію, за 2 гадзіны паспрабую паказаць і раскрыць шмат чаго цікавага.

velvet_6.jpg

Вы ж таксама калісьці ўпершыню прыйшлі на Кальварыю, нічога пра яе не ведаючы — што вас прывабіла?

Незвычайнасьць і казачнасьць гэтага месца. Пасярод савецкага Менску — такі старадаўні шляхетны куточак.

Ці адчуваеце вы ўздым цікавасці мінчукоў да гістарычнай тэматыкі?

Так, канешне. Тут справа ў падыходзе — калі якасна і цікава распавядаць — будзе абуджацца цікавасьць.

Праблема гісторыі Беларусі ў тым, што яна не падаецца як прывабная. Цябе прывозяць на месца, паказваюць тры цагліны і кажуць, што гэта крута. А гэта не крута!Павінна быць карцінка, гісторыя, памяць, сувенір, такі комплексны прадукт.

Сёння, канешне, значна лепей: сёння у нас ёсць Нясвіж і Мір, ёсць цэнтр Менску, але ж ёсць і Лідскі замак, з гэтай сілікатнай цэглай, з гэтымі бетоннымі перакрыццямі… І сэнс не ў тым, што гэта новадзел, а ў тым, што гэта танны новадзел. Ён не патрэбны нікому. Турыст адразу адчувае падробку.

Ці згодныя вы з досыць папулярнай думкай, што Менск — горад, у якім цяжка захоўваюцца ўласныя лягенды? Бо колькі мы, простыя мінчукі, ведаем пра свой горад? Здаецца, вельмі-вельмі мала…  

Прыходзьце да мяне на Легенды і гісторыі старога Менску — 2,5 гадзіны будуць легенды і цікавосткі. А першую кнігу пра нашыя легенды выпусьцілі яшчэ ў 1902… Так што памятаем і занатоўваем — што ня можа ня радаваць.

velvet_10.jpg

Дзень гісторыка — які ён? Чым займаецеся з раніцы, удзень, увечары? Ці не цягне пайсці на якую-небудзь няпыльную працу ў офіс?  

З раніцы трэнажорная заля — у форме трымаць сябе трэба заўжды.

Днём працую дома над новымі маршрутамі, увечары адпачываю ці еду гуляць па горадзе. Ну, а калі праца і экскурсія — то еду працаваць «у поле». І гэтую першасную працу вельмі люблю і на офіс яе мяняць зусім ня хочацца.

Але ж, канешне, такі прыемны дзень бывае ў гісторыка толькі ў сезон — травень, лета, пачатак восені, калі яшчэ не холадна. У астатнія месяцы праца экскурсавода малазапатрабавальная, і мы мусім працаваць у тым ліку і ў офісах. 

Як жывецца менскаму экскурсаводу? Ці хапае наведвальнікаў?

Заўжды хочацца больш. Але якасная і плённая праца спрыяе павелічэньню колькасьці турыстаў.

Больш за ўсё было шкада, калі падчас чэмпіянату свету па хакеі на дзень магло быць дваццаць замоваў — дваццаць! Гэта ніяк не магчыма. Дзве экскурсіі праводзіш — астатнім васемнаццаці адмаўляеш. А так, канешне, чым больш працы, тым лепей.

Як часта замаўляюць экскурсіі замежныя госці? З якіх краінаў — часцей за ўсё?

Замаўляюць часьцей за ўсё расейцы. Працаваць зь імі і цікава і адначасова цяжка, усё ткі мы вельмі розныя народы.

Беларусы — нацыя еўрапейская, для нас самакіраванне, Ратуша, сапраўдная ўлада выбарных органаў — не пусты гук, мы сталелі як нацыя ў дэмакратычных умовах, у расейцаў гісторыя іншая. Да таго ж яны вельмі дзіўна ставяцца да ідэі нашай самастойнасці. Не, адкрытай агрэсіі нейкай не бывае — бывае такое ледзь не наіўнае здзіўленне: хлопцы, да вы што? Навошта вам асобная краіна? Да кіньце вы дурное, будзем разам, якая самастойнасць, чаго вы без нас вартыя?

А вось з украінцамі напрыклад працуецца значна прасьцей. Агульная Рэч Паспалітая, агульныя еўрапейскія традыцыі яднаюць.

Ну, тут я б з вамі не пагадзілась. У нас шмат людзей, якія насамрэч адчуваюць сваё падабенства з рускімі, абагульняючы нашыя гісторыі, і няшмат тых, якія ведаюць пра нашую агульнаеўрапейскую гісторыю. То бок Расейская імперыя яднае нас больш, чым Рэч Паспалітая… 

Так, значная частка беларусаў скончыла яшчэ савецкія школы, у якіх нам мала распавядалі пра нас саміх. Беларусы вельмі мала ведаюць пра сябе. Але гэта не значыць, што яны — дурныя. Нельга так не тое што казаць — нават думаць.

Трэба распавядаць — пра ратушы, пра ВКЛ, пра Магдэбургскае права, пра цікавыя і прывабныя старонкі нашай гісторыі, распавядаць нашы ўласныя казкі і легенды, якія ў нас ёсць.  Трэба, каб быў дыялог — у кожнага з нас свой жыццёвы досвед, сваё разуменне добрага і дрэннага, і я, прынамсі, не маю ні права, ні магчымасці перакраіць усё гэта цягам двух гадзін экскурсіі — я магу толькі дапамагчы чалавеку паглядзець на сваю краіну крышачку з іншага боку.

А што пачытаць дзецям і дарослым — з папулярнай гістарычнай літаратуры?

Найперш назаву Уладзіміра Арлова, «Таямніцы полацкай гісторыі». Параю Міколу Ермаловіча, ягоныя аповеды пра Вялікае Княства Літоўскае, Вітаўта Чаропку, які шмат і цікава пісаў пра гісторыю Беларусі — гэта ўсё якаснае гістарычнае чытанне. С задавальненнем чытаю серыю «Беларускі кнігазбор» — дарэчы, магу пахваліцца, у мяне сабраныя ўсе тамы гэтай выдатнай калекцыі, у гэтых кнігах, хоць яны і не ўласна гістарычная, але ж — пра нас.

Якія б гарадскія экскурсіі вы б параілі для гасцей з Беларусі, для замежных гасцей, для школьных груп?

Я параю свае гарадскія аўтарскія пешыя экскурсіі — «Легенды і гісторыі старога Менску» і «Легенды і гісторыі старога Менску-2», «Знаёмства з Пляцам Волі», экскурсію па Лошыцы — яны падыходзяць усім групам наведнікаў і анікога не пакінуць абыякавым. Можна падрабязней паглядзець вось тут і тут

Дарэчы, ёсць вельмі добрыя, інфармацыйна насычаныя рэсурсы, як, напрыклад, — тут можна падабраць і экскурсію, і экскурсавода згодна са сваімі запытамі. 

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (12) Последнее сообщение
Катюшка. аватар

Для меня в новинку, что по кладбищам водят экскурсии, если честно 

Не понятно одно: где этого Дюсекова найти??? Он же не караулит людей у кладбища?  Интересно было бы сходить... Люблю места с историей....  Главное — не встретить там каких-нибудь ... )))

Кто со мной?)

Анна Северинец аватар

Катюшка, найти его проще простого по активным ссылкам в последних абзацах:) 

Я была на его экскурсии в рамках Фэста Музеев, но это еще год ждать:) Проще через группы ВКонтакте - там расписание на неделю сразу:) 

А экскурсия по Кальварии - это нечто. Полкурса Истории Беларуси, если не целый курс. 

Катюшка. аватар

О, спасибочки! Не обратила внимание на ссылки). А что за Фэст?? Чем там музеи меряются?)

Анна Северинец аватар

Ой, господи, это я перепутала с Ночью музеев. Это Фэст экскурсоводов, мероприятие такое ежегодное, меряются там экскурсоводы - своими талантами:))) 

Катюшка. аватар

 Хороший экскурсовод - это как хороший врач: и тому, и другому начинаешь абсолютно доверять.

Вспоминаю Киштымова - препода по истории из института - человек так интересно преподает, что даже если ты не хочешь историю учить, что-то обязательно запомнишь навсегда))). 

Анна Северинец аватар

Киштымов, между прочим, очень серьезная величина в научном историческим мире:) Он просто не всегда согласен с генеральной линией партии - и поэтому не работает на ведущих кафедрах:) А так он один из топовых наших белорусских  историков:) 

zoloto аватар

Кальвария - особое место, я там даже иногда гуляю с детьми))). Действительно, столько всего. Спасибо за инфу. Нужно будет воспользоваться.

Катюшка. аватар

а детки не боятся? Я в детстве боялась 

zoloto аватар

Абсолютно нет, им очень интересно. 

Катюшка. аватар

У меня на родине есть старое кладбище, так туда парочки, помню, ходили гулять, а выходили за ручку))).. 

Анна Северинец аватар

Я с дочкой была. Чего там бояться-то? Happy)) 

tru-ekaterina аватар

согласна...бояться надо живых..

после рождения сына Кальварийское кладбище было моим излюбленным местом для прогулок целый год, пока не переехали...на притыцкого места с более чистым воздухом не найти..

в отношении персоны, несколько странное занятие для молодого человека..интересное, да, но...

#
Система Orphus