Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Найлепшае месца на зямлі

У кожнага беларуса ёсць ля сэрца свая родная вёсачка. Можа, я й перабольшваю: гэта ў пакалення нашых бацькоў у кожнага была свая вёска, маці і карміліца. У нас былі вёскі канікулярныя, куды нас засылалі стомленыя навучальным годам бацькі да шчодрых і ласкавых бабуль.

У маіх дзяцей вёска ёсць на адзін тыдзень у год — мы ездзім да майго дзядзькі, які на правах спадчынніка гаспадарыць на тым самым гародзе, на якім Севярынцы топчуцца ўжо амаль чатыры сотні гадоў.

velvet_1.jpg

Унорыца — вёска, якая не памрэ. Тут амаль не засталося мясцовых жыхароў — па сёлетнім дадзеным, толькі 26 чалавек, з іх — 2 дзяцей.

Але ж усе хаты тут выкупаюць дачнікі і бізнэсоўцы: вёска стаіць на самым беразе Дняпра, рыбы і ракаў тут — вёдрамі, бабровыя хаткі (а гэта — найлепшы паказчык чыстай вады), пясочак і траўка-мураўка на нерукатворных пляжах, амаль адразу за вёскай — грыбны дый ягадны лес, і вельмі добрыя паказчыкі па радыяцыі — нашу вёску ў трагічным 1986-м нейкім дзіўным чынам абмінулі радыяцыйныя аблокі.

velvet_2.jpg

Хаты і зямля тут дарагія. Драўляную хатку на сямі сотках прапаноўваюць за дваццаць тысяч даляраў, купляюць — крыху танней, але ж усё роўна для Гомельскай вобласці гэта — неверагодна высокі кошт.

Нам наша Унорыца дасталася ў спадчыну, і мы валодаем ёю проста так, як і павінен валодаць чалавек красой і багаццем роднай зямлі.

Па-першае, Днепр.

velvet_3.jpg

velvet_4.jpg

Наш, унорыцкі бераг — круты, той, чарнянскі — спадзісты.

Кожны год рака намывае пасярод ракі вялізарныя пляжы, жоўценькія, мякенькія, на іх вокамгненна нарастаюць нейкія дзіўныя, тыпова ўнорыцкія, кветкі, і ўнарычане сядаюць на лодкі і пасля дзённай працы едуць туды купацца.

velvet_6.jpg

Днепр тут шырокі — яшчэ колькі кіламетраў, і пачнецца ягоная украінская, паўнаводная гісторыя, і таму рака не сквапіцца — намывае ля пляжа даўжэзную меліну.

Можна дайсці амаль да сярэдзіны ракі і стаць там, як уладар вады.

Побач з табой будзе бяжаць, нават імчацца асноўная водная маса, і вось пад ёй будзе ўжо невымяральная, судаходная глыбіня.

vtkvet_7.jpg

Па-другое — лес.

velvet_8.jpg

Ён тут асаблівы — светлы, чысты, без ламачча і куралесу, з цёплымі пагорачкамі, на якіх грэецца сунічнік, з раўчакамі і ямкамі, у якіх хаваецца чарнічнік, з падасінавічнымі палянкамі і баравіковымі сцяжынкамi, з сонечнымі просекамі і ўратавальным цяньком пад найпрыгажэйшымі ў свеце дубамі.

velvet_9.jpg

Па-трэцяе — гісторыя.

Яна тут — розная, і агульная, і асабістая. Людзі сяліліся тут з даўніх часоў, археолагі раскопвалі тут курганы ўзростам у тысячы гадоў, сама назва «Унорыца» вядомая з 18 стагоддзя, вёска наша прыпісана была да Рэчыцкага павету Менскагаваеводства Вялікага Княства Літоўскага.

Недзе тут, на дняпроўскіх берагах, стаялі легендарныя лісоўчыкі, напаўжаўнеры-напаўпіраты, якіх і на службу царскую не бралі, і дадому не пускалі, бо былі яны хуткія, жорсткія, моцныя, таленавітыя ваяры, хадзілі ў рабаўнічыя паходы ажно за Маскву, і польскія магнаты с задавальненнем (а яшчэ — са страхам) выкарыстоўвалі лісоўчыкаў у сваіх геапалітычных гульнях.

Прыгоннага права тут ніколі не было, асаблівых паноў — таксама. Вёска была не вельмі багатая, хаця і стаяла ў такім рыбна-ягадным месцы. Але ж і не бедавалі, пакуль не прыйшла вайна.

Немцаў ва Ўнорыцы не было, толькі ездзілі праз вёску з Рэчыцы на Шацілкі (сённяшні Светлагорск) і назад, і адзіны ўнорыцкі жыхар, які загінуў падчас вайны ад варожай кулі, загінуў недарэчна. Як пачулі ўнарычане, што немцы бяруць Рэчыцу, сабраліся і сышлі ў лес, а адзін застаўся, маўляў, нікуды са свайго двара я не пайду. Як застракаталі на ўскрайку вёскі матацыклы, схаваўся той дзядзька пад лодку, якая ў кожнага вяскоўца, зразумела, была свая і сушылася ля плоту.

А немцы ехалі — і па баках пастрэльвалі. Адна такая шалёная куля і трапіла ў лодку, прабіла дно і знайшла сваю ахвяру.

Севярынцаўская гісторыя багатая і на трагедыю, і на драму, і на камедыю. Пачынаецца яна з нейкага салдата, які вяртаўся з рэкрутчыны, невядома адкуль і невядома куды, і дняпроўскі бераг, утульны дый багаты, стаў яму домам. Севярынцаў тут — з паўвёскі, і ўсе Севярынцы свету,  калі добра пацерці іх, пачынаюць адбліскваць Унорыцай. Нашы Севярынцы, па-вясковаму — Дэкрэты, ёсць нашчадкамі Пятра Рыгоравіча, які з наганам усталёўваў на вёсцы савецкую ўладу, а раней за яго — вясковага бондара Рыгора, які рабіў нейкія неверагодныя, прыгожыя ды бакастыя, бочкі.

Гэтая энергетыка роду самым неверагодным чынам адчуваецца кожным з нас. Не абыходзіцца і без цудаў. А вось сёлетні. Пайшла я ў гародчык па цыбулю — рыхтавалі стол на другую гадавіну па бабулі. Цыбуля ў дзядзькі вырасла — адныя слёзы. Мелкая, крывая, непрыгожая. Стаю, прычытваю: аёячкі, што за цыбулька, што ж рабіць, дзе ж мне шэсць штучак на катлеткі знайсці. Паварочваю галаву. Побач на граначцы ляжаць шэсць вялізарных цыбулін.

Толькі-толькі сарваных. Пяро зялёнае, бачыны залатыя, казка, а не цыбуля. Хто з гаспадарлівых маіх дарагіх нябожчыц мне падкінуў яе, ці то баба Маруся, ці то цётка Куліна, ці, можа, прабабка Таццяна — не ведаю, але ж не з неба яна ўзялася!

І няма для мяне на ўсёй зямлі куточка, лепшага за гэты. Бо ён — мой.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (4) Последнее сообщение
Lapka аватар

Сколько любви в каждом слове!

Тати аватар

Моя бабушка была из Брагинщины. Где-то тоже на берегу Днепра. Правда, она говорила, лесов там не было вообще, и лес до конца жизни воспринимала, как драгоценность, потому что всегда можно отопить дом рядом с лесом. Как рассказывала, как навоз укладывали кирпичиками, потом высушивали, потом им же топили...

Но на всю жизнь эта ностальгия о малой родине осталась. Когда слышала, что человек с Гомельщины - словно близкого родственника повстречала. А уж если недалеко от Брагинщины - столько радости...

 

Фото Днепра - бесподобные)))

Зничка аватар

Эх, навогуле Беларусь найлепшае месца на зямлі Уся. 

Larysa аватар

#
Система Orphus