Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Уладзімір Дубоўка. У пошуках страчанай праўды

Не так лёгка адшукаць яе, гэтую праўду...

Ёсць такі тэрмін — жыццятворчасць. Ім называюць адзін не вельмі зразумелы і пакуль яшчэ зусім не даследаваны, але ўяўны фенамен сусветнай культуры. Некаторыя паэты — далёка не ўсе, а самыя з самых — у сваёй творчай пабудове сусвету заходзяць значна далей, чым астатнія, і пачынаюць будаваць сваё жыццё па ўласна распрацаваных, але касмічна аднолькавых законах мастацтва.Як гэта адбываецца, пакуль невядома, даследчыкі толькі збіраюць біяграфічныя звесткі і дзівуюцца механізмам і вынікам жыццятворчасці, але сам фенамен добра вядомы нават простым чытачам.

Жыццё Байрана і Пушкіна, Шылера і Лермантава, Арцюра Рэмбо і Маякоўскага, нашых Багдановіча і Караткевіча нібыта напісана кімсьці, настолькі яно адпавядае законам развіцця мастацкага твору.

У дваццатыя гады прошлага стагоддзя нават пачыналіся сур’ёзныя распрацоўкі гэтай тэмы, і з’яўляліся артыкулы-разважанні Мікалая Бердзяева і Юрыя Тынянава, Віктара Шклоўскага і Іраклія Андронікава, але тэма настолькі складаная і месцамі містычная, што пазнаць яе тымі метадамі, якія пакуль што ёсць у руках літаратуразнаўства, немагчыма. Прадказанні ўласнага лёсу, прадбачанні і сведчанні ў творах, дзіўныя абставіны, якія дазваляюць паэту скласці сваё жыццё па законах уласных вершаў — жыццятворчасць існуе, мы яе бачым, але патлумачыць — не здольныя.

Наша літаратура, як любая развітая літаратура свету, мае сваіх выбітных жыццятворцаў. Наш агульнанацыянальны ўлюбёнец Максім Багдановіч, наш сусветна вядомы Васіль Быкаў, наш геніяльны Караткевіч пражылі свае лёсы, нібыта напісалі іх.

Але ж сапраўдны блокбастар атрымаўся ў Уладзіміра Дубоўкі, які свае немалыя семдзесят шэсць год склаў у аповед такой мастацкай сілы, якую амаль не знойдзеш нават у сусветнай гісторыі літаратуры.

 velvet___1.jpg

Але ж прачытаць гэты аповед не проста. Думаю, і гэта таксама ўваходзіла ў аўтарскі замысел — Дубоўку было відавочна мала, каб мы проста чыталі ягонае жыццё і дзіваваліся хрэстаматыйным фактам. Шукай, адгадвай, памыляйся, абыйдзі ўсе магчымыя тупікі — і нарэшце знайдзі сапраўдную сцежку, а потым — спачатку, бо сцежка павінна ператварыцца ў шлях.

Што мы сёння маем пра жыццё Дубоўкі? Біяграфіі, напісаныя са слоў самога Дубоўкі і ягонай вернай жонкі Марылі Пятроўны, успаміны спадарожнікаў па жыцці, лісты да сяброў і шчырыя вершы.

Здаецца, немала. Але гэта — падман: біяграфіі напісаныя вельмі сціпла і асцярожна, бо расказваць пра чатыры прыгаворы, тры высылкі і адзін канцлагер нават у сямідзесятыя было немагчыма, успаміны па савецкай (і наогул чалавечай) звычцы былі занадта лакіраванымі — ці, наадварот, непрыязнымі, вершы распавядалі пра пачуцці, аднак амаль нічога не казалі пра падзеі.

Дый дзе тыя вершы? Значная частка з іх дасюль захоўваецца ў спецхранах ... Здаецца, гэта таксама — частка сцэнару, геніяльна задуманага маім улюбёным беларускім аўтарам: а ты прайдзі са мной усё маё жыццё, пабач і Сібір, і турму, і Маскву, і Мінск, пачытай кожны з прыгавораў, паразмаўляй з тымі, хто мяне ведаў, бо інакш — як ты даведаешся тую самую праўду? Хочаш знайсці яе ў кніжцы? Не, даражэнькая. Кніжак — мала.

І я шукаю.

Вось Почат, маленечкі пасёлачак у Абанскім раёне Краснаярскага краю, не даедзеш, не даляціш.

 velvet_2.jpg

 velvet_3.jpg

Я ім зацікавілася, калі стала мне вядома, што менавіта ў Почаце павінны быў бы стаяць дом, пабудаваны самім Дубоўкам — на спіне, цераз рэчку Бірусу, цягаў ён бярвенне і будаваў дом, першы свой уласны дом, уладкоўваючыся на вечнае пасяленне і не маючы спадзяванкі на вяртанне на Беларусь.

Але ж — смерць Сталіна, рэабілітацыя, воля. Дом і сад прадалі — і дамоў. Гэта 1958 год, для будынкаў — не тэрмін.

Што з домам, што з садам, як ён выглядае, хто там жыве? Як даведацца?

 velvet_4.jpg

 velvet_5.jpg

У Сеціве Почат амаль не прысутнічае — такі невялічкі, што нават Інтэрнэту нецікавы. 

 velvet_6.jpg

Калегі-журналісты, якія маглі б дапамагчы ў пошуках, найбліжэй — ажно ў Краснаярску.

Пералістаўшы старонкі віртуальнага пошуку, іду ў сацыяльныя сеткі. І ў Кантакце знаходжу дзяцей — вучняў почацкай школы. Пішу ім: так, маўляў, і так, журналіст, Беларусь, шукаю, Дубоўка…

І што вы думаеце? Гэтыя дзеці, звычайныя почацкія школьнікі, адказваюць мне: а мы ведаем вашага Дубоўку, нам кожны год пра яго настаўніца распавядае. Хвіліна — і ў мяне ёсць тэлефон і каардынаты настаўніцы.

 velvet_7.jpg

 Нажаль, гэтыя цудоўныя жанчыны, почацкая настаўніца Антаніна Юліўсаўна Папалава і дырэктарка школы Святлана Уладзіміраўна Кухта, не пагадзіліся на размяшчэнне сваіх фотаздымкаў, яны наогул вельмі скромныя і непублічныя людзі, але вы мне проста паверце — яны вельмі прыгожыя.

Антаніна Юліўсаўна памятае Дубоўку — бо гэта яе бацькі ў 1958 годзе набылі ў паэта і дом, і сад, і дзяцінства маленькай Тоні прайшло менавіта там.

Антаніна Юліўсаўна сабрала ўспаміны тых, хто памятаў сям’ю Дубовак, і цаны гэтым успамінам няма, бо хто ж з Беларусі паехаў бы ў Почат іх збіраць? Зараз яны ёсць у мяне, гэтыя нелакіраваныя, простыя, чалавечыя успаміны пра нашага паэта.

Вось яна, тая школа, дзе памятаюць Дубоўку

 velvet_9.jpg

Не менш прыгожая гісторыя здарылася і з маім запытам у Архіў Міністэрства Унутраных Спраў Грузіі: па грузінскім кругабезе жыцця Дубоўкі мы наогул няшмат ведаем: дыў у мястэчку Наразені, працаваў рахункаводам у чайным саўгасе, праз два гады быў зноў арыштаваны.

Наразені — таксама маленечкае мястэчка, вёсачка, якую цяжка адшукаць і на мапе, і ў Сеціве.

 

 velvet_10.jpg

 velvet_11.jpg

І я даслала запыт, а потым — заяву самому Міністру, каб мне дазволілі атрымаць дакументы, якія адшукалі супрацоўнікі Архіву.

Дазвол прыляцеў у тры тыдні — ад Міністра, з далёкай Грузіі! Так, спадарыня Ганна, забірайце дакументы «адносна грамадзяніна Дубоўкі», трэба толькі заплаціць адпаведныя грошы за копіі. А як я аплачу на грузінскі рахунак? У нас так немагчыма. І я зноўку кінулася ў сацыяльныя сеткі, і людзі перадавалі маю просьбу адзін аднаму, і нарэшце грузінская рэжысёрка Ліляна Благоева, нават не дажыдаючыся, пакуль я перадам ёй грошы, аднесла ў банк патрэбную суму і даслала мне квіточак. Дзень — і унікальныя дакументы для беларускага літаратуразнаўства вяртаюцца да нас.

А як бегалі са мной с зала ў зал супрацоўнікі РГАЛІ, галоўнага рускамоўнага архіву літаратуры і мастацтва, які знаходзіцца ў Маскве! Да беларусаў там ставяцца вельмі й вельмі прыязна, і са мной, і з маім Дубоўкам там няньчыліся, як з роднымі.

У Дубоўкі ёсць такое апавяданне — «Сярод добрых людзей». Так ён назваў свае успаміны пра высылкі і лагер. Я прайшла амаль усе кропкі гэтага шляху: пісала ў Яранск і Наразені, Почат і Зугдзідзі, чакаю адказу з Чабаксар і шукаю людзей, якія мне дапамогуць у Бірабіджане, і ўсюды сустракаю добрых людзей.

Хто я ім, хто ім Дубоўка?

Але яны адкладаюць свае справы і займаюцца справамі нашымі — проста так, нават не за шакаладку, бо электронкай шакаладкі я ім не дашлю. Калі б не гэтыя пошукі, ці рос бы і майцнеў бы ўва мне давер да кожнага чалавека, з якім сутыкае мяне лёс?

У жыцці шмат расчараванняў, гэта Дубоўка ведаў значна лепш за мяне, але склаў сваё жыццё так, каб кожны, хто да яго спрычыніцца, усё ж такі ведаў: людзі — добрыя.

velvet_12.jpg

Дзе вы, таварышы ўпартае працы,
Дзе вы, таварышы ўпартай работы?
Дзе вы, ўсе тыя, хто выйшлі змагацца
З гнусам, машкою, з таёжным балотам?

Шлях мы праклалі на сотню гадочкаў,
Шлях мы праклалі на добрае слова,
І разышліся пасля мы ўпрочкі,
Быццам нас вецер развеяў вясновы.

Той апынуўся ў далёкім Паўноччы,
Той у чарговы пайшоў адпачынак,
Дзе ні пратопча сцяжынку рабочы, ростаням нашым кірунак адзіны:
Абы над намі ды роднае неба,
Абы не есці дарэмнага хлеба…

Хто ж будзе ездзіць адноўленым шляхам,
Хто ж нас успомніць за шчырыя дзеі?
Хто ж будзе ведаць, з якім мы размахам
Справу сваю пільнавалі-глядзелі?

Ціха, павольна праходзіць аўтобус, там, дзе нядаўна і трактар тапіўся.
Шлях наш пачэсную вытрываў спробу
Хібу не знойдзеш, шыкаўшы сумысля.
Радасць агульная, добрае слова
здзейсненай справе і справе жыццёвай…

Дрэвы ў чырвані, ў золаце дрэвы,
Восень свае пачныае напевы,
І навяваюць пакой і лагоду
Хвалі маторнага роўнага ходу… 

Фото: vk.com/ «Посёлок Почет...Красноярского Края...» и др.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (3) Последнее сообщение
domik аватар

Анна, это просто удивительно, какое Вы дело делаете!...

Нежность аватар

Нiзкi Вам паклон за Вашую справу! І здаецца мне, жыццятворчасць не толькi ў паэтаў здараецца 

Gina аватар

Здорово, Анна!

Впечатлил рассказ, в целом по смыслу и в отдельных моментах...

#
Система Orphus