Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Пяць з дзесяці музею Коласа ў Мікалаеўшчыне

І тут мае падлеткі стаміліся глядзець на крынкі. Але ж, панове, далібог, трэба нейкай разнастайнасці.

У Вязынцы — крынкі, у Ракуцёўшчыне — крынкі, прыязджаем у Мікалаеўшчыну — і тут крынкі! І калі ў Вязынцы яны былі падлеткам у навіну, у Ракуцёўшчыне — ураўнаважваліся шляхетным домам і адмысловымі інтэр’ерамі, то ў Акінчыцах і Смольне іх было ну сапраўды занадта.

Колас толькі нарадзіўся ў невялічкай вёсачцы Акіньчыцы, якая зараз ўваходзіць у вялікі музейны комплекс «Мікалаеўшчына», таму асабліва няма чаго ў той хатцы раскладваць і развешваць. Побыт у сям’і лясніка Міхала Міцкевіча быў звычайны сялянскі, і наша літаратура выйшла с вясковай хаты.

Усё гэта так, але ж гэта ўжо за трэцім разам выклікае вялікі-вялікі сум. Хаця краявіды, канешне, уражваюць.

1.jpg

2.jpg

Коласаўскі музей ў Мікалаеўшчыне — гэта комплекс, у які ўваходзіць чатыры вёскі (Акінчыцы, Ласток, Альбуць, Смольня) і знакаміты «Шлях Коласа» — прыгожая сцяжына, абапал якой стаяць драўляныя скульптуры, якія увасабляюць герояў коласаўскіх твораў.

eshche_raz_plan.jpg

Прайсціся гэтым шляхам у добрае надвор’е ў суправаджэнні апантаных сваёй справай экскурсаводаў — варта цэлага курса філфаку, але ж нам не пашанцавала, ішоў дождж, апантаныя экскурсаводы недзе хаваліся, а ўласных літаратуразнаўчых ведаў відавочна не хапала.

Ну, тады сталі мы глядзець крынкі.

Аўтэнтычных рэчаў у Акіньчыцах, дзе й нарадзіўся Кастусь Міцкевіч, будучы наш Якуб Колас, амаль няма. Хто ж ведаў, што трэба захаваць тую калыску ці тыя хадункі.

Як і ў Вязынцы, рэчы збіралі па наваколлі і аднаўлялі звычайную атмасферу сялянскай хаты канца XIX стагоддзя. Выйшла адно ў адно Вязынка (ці Вязынка — адно ў адно Акінчыцы?)

aryka.jpg

ukpuyp.jpg

Цікава, канешне, паглядзець, на куфар з пасагам — ільнянымі рулонамі, натканымі Коласавай маці, на валізку, якую зрабіў дзядзька пляменніку-настаўніку

pasag.jpg

Але ж такая колькасць рэчаў, відавочна не коласавых, рэчаў, праз якія ніяк не раскрываецца ні ягоная чалавечая адметнасць, ні асноўныя канцэпты ягонай творчасці, робіць з Акінчыцаў чарговы этнаграфічны музей.

Канешне, этнаграфічныя музеі — гэта таксама добра, але ж у нас у кожнай школе, дзе ёсць апантаныя сваёй справай настаўнікі, маецца такі ж самі музей з тымі ж самымі рушнікамі, калыскамі, прасамі, самаварамі і, памілуй божа, крынкамі, і для звычайнага турыста ці яшчэ больш звычайнага школьніка ўсё гэта багацце абавязкова ператвараецца в ў панылы белліт.

Смольня. У гэтым доме значна цікавей — і крынак не заўважана. Тут Колас жыў з 1911 па 1915 год, як сведчыць мемарыяльная дошка.

smolnya_doshka.jpg

Тут захоўваецца стол, за якім сустракаліся Колас і Купала, і на яго сапраўды цікава паглядзець.

stol_sideli_kupala_i_kolas.jpg

Ну, і Нёман, які дыхае туманам акурат за аколіцай, таксама не дае сумаваць... 

Наогул нашая прырода лепей за любы музей — гэтыя графічныя галіны магутных дрэваў, пастэль восеньскага лісця, жывапіс пярэстага дывану травы…

Аглядываешся навокал — і сэрца поўніцца хараством і паэзіяй. Ажно лягчэй дыхаецца, калі выйдзеш з чарговага крыначнага каралеўства на прастор, на шырокі разлог, на ростані.

smolnya_yablonya_na_kryshe.jpg

Не ведаю, што нам усім з гэтым рабіць, але ж, на маю думку, нашыя літаратурныя музеі ўсё ж такі павінны разумець, што іх няшмат, і глядзяць іх адныя і тыя ж людзі, адныя і тыя ж дзеці.

Немагчыма перажываць рознакаляровыя эмоцыі і атрымліваць рознакаляровыя ўражанні ў аднолькавых, як пад капірку, музеях, немагчыма кожны раз натхняцца адным і тым жа рушніком, няма ніякіх магчымасцяў чытаць літаратуру пра крынкі — а менавіта такой падаюць нам яе нашыя этнаграфічна багатыя мемарыяльныя сядзібы.

Можа, варта было б разбавіць музейную экспазіцыю таго ж Купалы фільмам ці маляўнічым расповедам пра шляхту таго часу — тым больш што сам Іван Дамінікавіч лічыў сабе ніякім не селянінам, а шляхцюком?

Можа, варта было б у музеі Багдановіча ў Ракуцёўшчыне папрыбіраць этнаграфію, і не таму, што яна там не да месца, а таму, што тыя ж самыя дзеці яшчэ паедуць у Акінчыцы, і этнаграфіі ім там хопіць?

Можа, варта было б прыдумаць якую анімацыю на матывы «Новай зямлі», каб крынкі і рушнікі былі не адзінымі экспанатамі ў роднай хаце паэта?

А можа, варта было б ладзіць для кожнай экскурсійнай групы конкурс чытачоў паэзіі Коласа — з невялічкімі падаруначкамі ці нават проста смачнымі яблычкамі з Коласавага саду?

Бо немагчыма ж сучаснаму падлетку палюбіць літаратуру, калі яна цалкам складаецца з крынак. Тым больш што наша літаратура значна багацейшая і значна цікавейшая, чым музеі пра яе.

Фота аўтара, а таксама з holiday.by i yakubkolas.by

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец
#
Система Orphus