Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Каханне па-за падручнікам. Невядомая паэтка, жонка вядомага паэта

У гэтай гісторыі кахання неразрыўна зліліся не адзін, а адразу некалькі драматычных сюжэтаў.

У літаратуры па пальцах можна пералічыць гісторыі шчаслівага кахання паміж паэтам і паэткай: Дзмітрый Меражкоўскі і Зінаіда Гіпіус, Георгій Іванаў і Ірына Адоеўцава… хто яшчэ?

Яны не могуць жыць разам, не могуць адначасова сталець і палаць у творчым агні, паэт і паэтка — шаленае саперніцтва, пагарда да бытавога камфорту, улюблівасць і эмацыянальнасць не давалі каханню ані адзінага шанцу. Да таго ж паэты звычайна не ўспрымаюць сур’езна паэтак:

«Муж и жена пишут, в этом есть что-то комическое. Анна, у тебя столько талантов! Ну, займись хотя бы балетом» — неадаволена бурчэў паэт Мікалай Гумілеў, калі даведаўся, што ягоная нявеста Ганначка Гарэнка піша вершы.

Хаця, канешне, палымяныя раманы абавязкова нараджаюцца паміж творцамі: Цвятаева і Пастэрнак, Брусаў і Адаліс, Гумілеў і Ахматава, Андрэй Белы і Ніна Пятроўская — асабліва ўрадлівым на жарсці быў пачатак ХХ стагоддзя, легендарны Сярэбраны век.

maksim_luzanin.jpgМаксім Лужанін у маладосці 

Гісторыі кахання, якімі багатая беларуская літаратура, пакуль жывуць сваім патаемным жыццем, не ператвараючыся ў шоу і экшн: у нас не было прынята выносіць на публіку сардэчныя справы. Затое мы маем сваю ўласную гісторыю шчаслівага кахання паміж паэтам і паэткай. Шчаслівую — у фінале. Горкую і драматычную — па ўсім часе разгортвання гэтага незвычайнага сюжэта.

Гэтая гісторыя пачынаецца ў 1925-м. Ен — малады, таленавіты, прыгожы паэт Алесь Каратай з рамантычным псеўданімам «Максім Лужанін»: Максім — у гонар Багдановіча, Лужанін — бо на Беларусі шмат духмяных квітнеючых лугоў. Проста — але ж з густам. 

Яна — дачка запрошанага з Германіі інжынера-чыгуначніка Карла Пфляўмбаўма, маладзенькая студэнтка Белпедтэхнікума, паэтка і прыгажуня Жэня Пфляўмбаўм.

pflyaumbaum.jpgПфляўмбаўм

Пачынаецца разам: і ен, і яна — у «Маладняку», складаюць маладыя, звонкія вершы пра новае жыцце, чырвоны ранак, шчасце маладосці і прыгожую будучыню. І ў яе, дарэчы, нават ярчэй: Максім — адзін з шэрагу таленавітых паэтаў. А яна — найлепшая з найлепшых: з усіх дзяўчат-маладняковак толькі Жэня разам з сяброўкамі Наташай Вішнеўскай і Зінай Бандарынай выдасць калектыўны зборнік вершаў. 

Каханне пачынаецца звычайна (ці бывае яно звычайным, каханне, нават калі яно нагадвае ўсе астатнія гісторыі ў свеце?): ен пачынае звяртаць увагу на тое, што кажа яна, яна пачынае з асаблівым значэннем казаць нешта, што тычыцца яго. Жартаўнік і балагур, хуліганісты Лужанін становіцца сур’езным побач з разважлівай Жэняй, разважлівая Жэня становіцца смяшлівай гарэзай побач з Максімам.

Яны прыглядаюцца адзін да аднаго далей за усіх: адна за адной выскокваюць замуж сяброўкі-маладнякоўкі, адзін за адным заводзяць уласныя сем’і сябры-паэты, Жэня з Максімам бяруць шлюб у неспакойным трыццаць першым. Высланы ў Сібір узвышэнцы, за імі ў высылку паехалі жонкі, самы час зарэгістраваць адносіны, каб таксама мець права паехаць за ім на край света.

Іхны час таксама настае: у трыццаць трэцім высылаюць Лужаніна.

poety_i_voyna_19.jpgМаксім Лужанін. 1942 год

Жэня прадае ўласную бібліятэку, каб набыць квіток у Марыінск, і едзе за ім. Два гады — не так шмат, як іншым, але ўсе ж. Яны — адно: ен — паэт у выгнанні, яна — паэтка ў выгнанні. Але ў Менск яны вяртаюцца зусім рознымі.

Максім вырашае пісаць «як трэба» — тады можна не баяцца ані высылак, ані маўчання. Яна вырашае пісаць «у стол» — бо не можа так, «як трэба».

З той хвіліны ў беларускай літаратуры застаецца толькі ен — паэт Максім Лужанін, асабісты сакратар Якуба Коласа, верны ленінец, надзейны літаратар. А яна — паэтка сумнай праўды пра тое, што праўда болей нікому не патрэбна — знікае.

pflaumbaum_kolas.jpgЯўгенія Пфляўмбаўм і Якуб Колас

Яна піша, піша многа, упарта. Яна шмат перакладае. Тое, што піша — хавае нават ад мужа. Тое, што перакладае — выдае. Але ж не пад іменем Яўгеніі Пфляўмбаўм — няма такой паэткі.

Яе пераклады выходзяць пад іменем Максіма Лужаніна, бо ганарары надзейнага літаратара, вернага ленінца, сакратара Коласа ўтрая вышэйшыя за ганарары простых і нікому невядомых паэтак.

pflaumbaum_marakou_bobryk.jpgПфляўмбаум з паэтамі Янкай Бобрыкам і Валерам Мараковым

Аднойчы на лецішчы Лужаніных балявалі гаспадар сядзібкі Максім і ягоны сябра Аркадзь Куляшоў. Раптам з дому выйшла гаспадыня і панесла стос нейкіх папер да вогнішча.

— Жэня, што нясеш? — запытаўся Куляшоў.

— Ат, усе табе трэба. Паперы старыя нясу.

— Пакажы!

— Не! Не чапай! Максім, скажы!

Але позна. Куляшоў адбірае з кволых Жэніных рук жоўтыя лісты. Гэта — вершы. Моцныя вершы дасюль невядомага паэта.

— Чые гэта, Жэня?! — у вялікім здзіўленні крычыць Куляшоў.

luzhanin_stary.jpgЛужанін у старасці

21-19.jpg

Яе другі зборнік вершаў, «Сувой жыцця», выйшаў у 1989 годзе, праз 64 гады пасля першага, таго самага, калектыўнага. Пачынаючай паэтке, якая ўпершыню трымала ў руках уласную кнігу, ішоў 82 год.

Ці радавалася яна? Ужо — не надта. За спіной было доўгае і цяжкае жыцце побач з паэтам, складаным чалавекам і супярэчлівым творцам, драматычнае жыцце закаханай жанчыны, у якой ніяк не атрымлівалася нарадзіць каханаму дзіця, трагічнае становішча гаспадыні, якая вымушана была прымаць у сваім доме незаконнага, але існага сына свайго мужа ад іншай жанчыны. І такое было ў яе не надта паэтычным жыцці, і такое чытаецца паміж радкоў у яе вершах.

pflyaumbaum_v_starosti.jpgПфляўмбаўм у старасці

Яна памерла ў 1996, у 88 год. Муж, якога яна не кінула ані ў горы, ані ў здрадзе, ані ў роспачы, жыў без яе яшчэ 5 год. Усе гэтыя горкія, самотныя пяць год ен разбіраў яе паперы, выкрэсліваў свае прозвішча пад яе перакладамі, рыхтаваў наступны зборнік, зусім забыўшыся на тое, што і сам — паэт.

Паэт Лужанін ужо сыходзіў. Паэтка Пфляўмбаўм нараджалася. 

Фото: gorod216.by

VELVET: Анна Северинец
Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы получить возможность отправлять комментарии.
#
Система Orphus