Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Музей-сядзіба Міхаіла Агінскага ў Залессі: дзевяць з дзесяці

Працягваем экспертызу беларускіх музеяў вачыма падлеткаў.

Мінулым летам нашы эксперты, хто па добрай волі, а хто і пад невялікім прымусам, наведалі тры беларускіх музея і паставілі ім адпаведныя адзнакі: музей Янкі Купалы ў Вязынцы, музей Якуба Коласа ў Мікалаеўшчыне і музей Максіма Багдановіча ў Ракуцёўшчыне.

Ацэньваліся музеі па суровай падлеткавай сістэме: Вязынка, адзін з маіх найлюбімых музейных куточкаў, атрымаў толькі «двойку», Мікалаеўшчына — «пяцерку» з дзесяці, Ракуцеўшчына — цэлую «дзявятку».

Два першых музея, акрамя літаратурнага зместу, распавядалі нашым экспертам пра быт пераважна сялянскі (крынкі, глечыкі, гарлачыкі, калыскі і іншая аўтэнтыка).

У Ракуцеўшчыне мы пабачылі быт звычайнага беларускага шляхціца, і таму селета было вырашана ехаць знаеміцца з жыццем магнатэрыі, пра якую раней нам не вельмі і распавядалі.

Тым больш, што год таму на Беларусі з’явіўся новенькі, толькі-толькі адрэстаўраваны музей Міхала Клеафаса Агінскага, якога ведае кожны беларус хаця б па легендарнаму Паланэзу. Так што без аніякага прымусу, з вялікай радасцю і чаканнем новых уражанняў мы адправіліся ў Залессе.

velvet_2.jpgАлея па дарозе да дома Агінскага


Ехаць з Мінску не складана і не надта доўга: па маладзечанскай трасе ўласна да Маладзечна, па гарадскім ускрайку выязджаем на Смаргонь, але да самой Смаргоні нам не трэба — хутка на дарозе з’явяцца ўказальнікі на музей-сядзібу Агінскага. Іх будзе шмат, яны будуць заўважныя, так што заблудзіцца не атрымаецца.

Збочваем з трасы, праязджаем скрозь Залессе і, нарэшце, бачым палац. Ад Мінску — максімум дзве гадзіны з тэхналагічнымі прыпынкамі і заездам ў маладзечанскі супермаркет.

Як і мае быць, высокія госці літвінскага магната Агінскага павінны рушыць да сядзібы па прыгожай алеі. Мы і рушым: ліпавая алея цягнецца ад самай паркоўкі да сядзібы. Раней іх было дзве, зараз адна сустракае гасцей ва ўсей сваей прыгажосці, ад другой засталіся колькі высачэзных старых дрэваў.

velvet_1.jpgАлея

Вось ен, прыгожы, легкі, светлы дом, Паўночныя Афіны, як называлі яго сучаснікі, прытулак стомленай душы і нястомнага сэрца Міхаіла Клеафаса Агінскага, магната, дзяржаўнага дзеяча, дыпламата, неспраўджанага караля польскага, паўстанца, прыгожага чалавека, аўтара паланэзу «Развітанне з радзімай».

velvet_3.jpg

Калісці тут былі два парка: англійскі, то бок натуральны, пасаджаны і дагледжаны так, каб не было бачна, што ен спецыяльна саджаўся і дагледжваўся, і французскі, кшталту версальскага — з выкшталцонымі клумбамі, алеямі, фантанамі і скульптурамі.

Сення захавалася толькі англійская частка, і яна маніла нас шолахам вады і прахалодай зяленага лісця. Але не, спачатку — да гаспадара.

У пачатку ХІХ стагоддзя, калі будаваліся Паўночныя Афіны, дарога сюды з Менску займала ў найлепшым выпадку два дні па не самай утульнай дарозе, асабліва восенню. Да Вільні адсюль — таксама два дні па гушчарах і пералесках. Таму госці, канешне ж, спыняліся тут не на адну ноч і нават не на дзве.

Такім чынам, прымаць гасцей для дома — справа звычайная. Заходзім і мы.

velvet_4.jpgВід на дом Міхаіла Клеафаса Агінскага

Ехаць да магнатаў з пустымі кішэнямі — справа глухая, трэба ўсе ж раскашэльвацца. У першым пакоі нас сустракае, як і пакладзена, каса: дарослы білет 4 рублі, школьны — 2, дашкольны і для ветэранаў — бясплатна. А калі прыехаць да Міхаіла Клеафаса ў першы аўторак любога месяца — плаціць за ўваход зусім не трэба.

Асобна аплочваецца экскурсія — 8 рублеў. Адразу параю: не адмаўляйцеся ад экскурсіі, нават калі нехта пажадае сэканоміць.

Такой інфарматыўна насычанай, цікавай, шыкоўна пабудаванай экскурсіі на Беларусі я яшчэ не чула — ды і за межамі не кожны раз і не ў кожным музеі сустрэнеш. Я напрыканцы ажно паплакала — і як сказала нам наш цудоўны экскурсавод, навуковы супрацоўнік музею Таццяна Іванаўна Кляшчонак, не я першая і не я апошняя так ўзрушана рэагую на гісторыю гэтага чалавека, гэтага дома, гэтага часу.


Такім чынам, пачнем.

Адзін за адным аглядаем мы пакоі сядзібы — не пераказваю і не паказваю, каб захаваць інтрыгу. Літаральна некалькі кадраў, якія, канешне ж, не перадаюць нічога: ні атмасферы ўлюбенай, асцярожнай рэстаўрацыі, ні аўры любові да часу і героя, ні празрыстага адчування гісторыі і вечнасці. Але ж даюць нейкае смутнае ўражанне.

velvet_5.jpgУ доме: пакой з інтрументамі

velvet_20.jpgУ доме: партрэты ў каміннай зале

Пісьменны стол Агінскага ў працоўным кабінеце — кабінет тут зроблены штучна, бо, па праўдзе, хутчэй за ўсе ен месціўся на другім паверсе, але ўсе роўна цікава, тым больш што акурат на стале ляжыць нечуваны рарытэт. Хутка яго заменяць муляжом, бо такія рэчы нельга захоўваць вось так, перад гасцямі, ў звычайнай атмасферы.

Але муляжа пакуль няма, і нам пашансціла яго паглядзець — бачыце, там, на стале, тры тоўстыя тамы з патрабушанымі старонкамі?

Гэта — мемуары самога Агаінскага, выдадзеныя ім на ўласныя грошы. Сення іх ужо выдаюць дзяржавы — Польша, Беларусь, Літва, і калі есць цікавасць, іх — у сучасным раскошным выглядзе — можна набыць у музеі.

velvet_6.jpgУ доме: кабінет

Цікава было не толькі падлеткам і іх маці — цікава было нават гэтаму маладому чалавеку, асабліва — сядзець на магнатскіх пуфіках і кранаць рукамі розныя забароненыя да кранання рэчы.

velvet_7.jpgІлля ў музеі

Яшчэ колькі цікавостак. Вось, прыкладам, дошка для падліку забітых шароў у більярднай залі:

velvet_8.jpg

А гэта — дубовая лесвіца, адзінае, акрамя сцен, што памятае крокі самога Агінскага — атрымалася неяк, што яна захавалася ў гэтай сядзібе ў сваім першапачатковым выглядзе.

Цэлае ХІХ стагоддзе, дзве сусветных вайны, гаспадаранне дому састарэлых у семідзесятых — усе перажыў дуб, з якога зроблены прыступкі. Па іх Агінскі кожны дзень падымаўся ў спальню.

velvet_9.jpgДубовая лесвіца

А гэта — канцэртная зала: тут наведвальнікам ставяць інструментальны варыянт Паланэза. І — падавалася б — усе мы той паланэз ведаем з дзяцінства да ноты, але менавіта тут і менавіта зараз ен слухаецца зусім па-іншаму — таму што ты ведаеш, што стаіць за кожным меладычным ходам, за кожнай мадуляцыяй.

Перад табой разгорнуты і той складаны час, і той складаны лес — і, ох, як па-іншаму гучаць тыя гукі…

velvet_10.jpgСлухаю Агінскага

А потым быў парк: аранжарэя з экзатычнымі раслінамі, якой, па словах Агінскага, пазайздросціў бы і Пецербург: пруд, лебедзі, векавыя ліпы і вербы, глухія куткі і сонечныя палянкі, чысцюткая рачулка, якую мы перайшлі ўброд, старая, пакуль яшчэ не адноўленая альтанка, ружы ўздоўж дома — ціхая, глыбокая наша беларуская прыгажосць.

velvet_11.jpgПарк і пруд

velvet_12.jpgПарк і рэчка

velvet_13.jpgЛебедзі

velvet_14.jpgПераходзім раку ўброд

velvet_15.jpgДом Агінскага

З’язджаць з Залесся не хочацца. Хочацца яшчэ раз пайсці ў дом — ужо без экскурсіі, ужо іншым чалавекам, які пабагацеў на цэлую незвычайную гісторыю. Хочацца яшчэ раз прайсці па парку — праз стары млын, вадаспад. Хочацца яшчэ пастаяць ля камня, пакладзенага Агінскім ў памяць свайго настаўніка Жана Ралея — гэтую надзвычай цікавую гісторыю я яшчэ неяк абавязкова распавяду.

Зусім не хочацца ехаць — і мы стаім з чароўнай Таццянай Іванаўнай, якая дзве гадзіны распавядала нам пра Агінскага і не распавяла нават дзесятай часткі таго, што ведае — і пытаемся, пытаемся, а яна распавядае…

velvet_16.jpgРазмаўляем з Таццянай Іванаўнай

velvet_17.jpgДом Агінскага

Як па мне, музей-сядзіба Агінскага заслугоўвае найвышэйшай адзнакі, нават ад суровых беларускіх падлеткаў — але ж нашыя эксперты ўсе ж знялі адзін бал.

За што? — пакрыўджана запыталася я. А за кавярню! — няўмольна адказалі яны. Кавярня ў сядзібе есць, і зроблена яна надзвычай прыгожа.

velvet_18.jpgКавярня

velvet_19.jpgЛюба ў акулярах

Цудоўны інтэр’ер, зарыфмаваны з інтэр’ерамі пакояў, высокія вокны, шмат паветра, шмат сонца… Але ж — як гэта заўседы бывае там, дзе ініцыятыву нельга аддаць у прыватныя рукі — ну зусім бедненькі асартымент: кава-чай ў пластыкавых стаканчыках, звычайны наш беларускі зефір, печыўца «Спартак»…

«А што ж вам трэба, злыя дзеці, гэта ж вам не Варшава, не Вільня, гэта ж проста Залессе, ну не цукерню ж тут адкрываць для нешматлікіх гасцей?» — «А і не трэба цукерню!» — адказалі мае эксперты. «Можна проста пакласці, напрыклад, рафаэлкі ў вялікую вазу ці каву падаць у парцаланавых  кубачках, і тады будзе — дзесяць з дзесяці! Нават адзінаццаць!»

А я сама сабе падумала, што наступным разам, каб не псаваць сваім падлеткам натхнены магнатэрскі настрой, проста вазьму рафаэлкі і парцалан з сабой.

А што?

У госці да такога выдатнага чалавека ў такое чароўнае месца, ў якое ўкладзена так многа любові, ведаў і надзей на лепшае — можна і са сваім парцаланам.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (5) Последнее сообщение
Lu1 аватар

Браво. Анна!!! Как всегда-очень интересно. Спасибо.

Ворон аватар

Вялікі дзякуй, за цікавы матэрыял! А што асартымент пачастункаў бедны - не праблема. Навошта даваць бясплатную рэкламу ўкраінскай кампаніі "Рашэн" ў піку роднаму "Спартаку"? У гэтых рафаэлках столькі хіміі, што і дзякуй Богу, што лішні раз дзяцей не спакушаюць. Можа хто-небудзь з мясцовых прапануе што-небудзь з панскай выпечкі?

Тати аватар

Интересно))))

А Ильюшка - просто мамина копия))))

Малечка аватар

Larysa аватар

моя мама недавно туда ездила с приятельницей, ей тоже понравилось

#
Система Orphus