Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Музей Багдановіча ў Ракуцёўшчыне: дзевяць з дзесяці

Менавіта такімі музеямі Беларусь магла б прывабліваць замежных турыстаў.

Так, у нас няшмат замкаў, храмаў, старажытнай гарадской забудовы ці паркаў сучаснага мастацтва. Але ж у нас ёсць тое, чаго няма ні ў каго: хутары, фальваркі, сядзібкі, у атачэнні нашай прыгожай прыроды, побач з аўтэнтычным сялянскім побытам, дзе нараджалася адна з самых маладыхі цікавых літаратур Еўропы.

Дзе. Знайсці Ракуцёўшчыну даволі цяжка: на карце не адлюстраваныя ўсе загібы і закавыкі вясковых дарожак і сцежак, па якіх можна дабрацца да фальварка, а мясцовыя жыхары апісваюць дарогу вельмі па-свойму, арыентуючыся на нейкія вядомыя толькі ім завулкі, ямкі ды дрэўцы.

На маладзечанскай трасе, якая маркіруецца як траса Р28, указальніка не будзе — ён быў, ды прапаў, як паскардзілася ўжо потым экскурсавод.

Мы даехалі да фальварка такім складаным чынам: па Р28 да ўказальніка на Чысць, там з пару кіламетраў праз кальцо да паварота на Ракуцёўшчыну (гэта недзе за пяцьсот метраў да Чысці), і праз вёску па асфальтавай дароге да крыжа. Направа будуць крыжы, ажно два, а налева — фальварак, у якім у 1911 годзе Максім Багдановіч правёў летнія вакацыі.

rakutevshchina_znak.jpg

Колькі. Прыехаць да Максіма Багдановіча каштуе танней за госцейкі ў Купалы: 20 тысяч дарослы білет, 7 500 — школьны.

Больш утрачацца няма дзе, бо ні сувеніраў, ні кніжак, ні хаця б магніцікаў тут няма — у сувязі з тым, што па краіне зачыненыя ўсе магчымыя музеі Багдановіча, і гарадзенскі, і менскі, і «Беларуская хатка»  іх, напэўна, не вырабляюць.

Канешне, прыйдзецца патраціцца на бензін — таму лепей за ўсё Ракуцёўшчыну аб’яднаць у адзін маршрут з Заслаўлем (гарадзішча Рагнеды, храмы і касцёл), Радашковічамі (касцёл, дзе хрысцілі Купалу — і керамічны завод)), Вязынкай, Плебанню (брацкае пахаванне паўстанцаў Касцюшкі і музей народнай культуры), сялом Краснае — і ў кіламетры ад Краснага будзе Ракуцёўшына.

panorama.jpg

Мае дзеці сказалі так: «Гэта была найлепшая экскурсавод у нашым жыцці». Канешне, за сваё жыццё яны бачылі не так шмат экскурсаводаў, але ж нашая ракуцёўская дзяўчына — маладзенькая, прыгожая бландзінка з цудоўным голасам — выйграла ў канкурэнтнай барацьбе з экскурсаводамі з Піцера, Вільні, Лондана, Парыжа і Кентэрберы, а таму, лічу я, паслухаць яе сапраўды варта кожнаму.

Яна чытала нам вершы, адчыняла пакоі, дазваляла паглядзець бліжэй і нават дакрануцца, распавядала пра Максіма як пра роднага брата — і цікава, і тактоўна, і шчыра, і пяшчотна.

А распавядаць было пра што — тыя два летніх месяцы, якія Максім правёў у Ракуцёўшчыне, былі насычаны не толькі прагулкамі да крынічкі і складаннем вершаў.

Вось домік арандатара, які пуставаў у тыя летнія месяцы, і гаспадар фальварка аддаў яго хвораму хлопцу.

domik_arandatara.jpg

domik_arandatara_krovat.jpg

Канешне, і домік, і інтэр’ер — адноўленыя, бо з тых часоў нічога не ацалела — рэвалюцыя, дзьве вайны, грамацкая нецікавасць да ўласнай літаратуры і культуры…

Ракуцёўшчыну аднаўлялі па фотаздымках, успамінах, расповедах старажылаў, над музеем працаваў легендарны мастак Генадзь Чысты, які аднаўляў музеі Багдановіча ў Менску і Купалы ў Вязынцы.

Па ўспамінах, ля дома гаспадара — Вацлава Лычкоўскага — рос бэз. I супрацоўнікі музея пасадзілі бэз, а яшчэ — неверагоднай прыгажосці ружовую акацыю, якая цвіце цэлае лета.

klumby_vozle_domika_arandatara.jpg

rozovaya_akaciya.jpg

А вось гасцёўня ў доме Лычкоўскага: тут збіраліся на чай.

Акрамя Максіма, у гэтае лета тут бавілі час сястра Лычкоўскага Яніна, прыгажуня Эмілія Шабуня з дачкой Янінкаю — і маладому, прыгожаму хлопцу было з кім пагутарыць,

dom_lychkovskogo_vid_s_krylca_2.jpg

dom_lychkovskogo_gostinaya_interer.jpg

domik_arandatara_stol_s_knigami.jpg

Яніна-старэйшая, кажуць, закахалася ў хлопца — а той саромеўся і нечаканага кахання дарослай жанчыны пазбягаў.

Ледзь пані Русецкая прыдумае піць гарбату ці гуляць па ваколіцах — Максім ідзе да пані Эміліі, забірае маленькую Янінку і адпраўляецца збіраць малой кветкі ці плесці вянкі. Пані Русецкая крыўдуе, часам нават плача, а Янінка смяецца — ёй добра з гэтым вясёлым хлопцам.

А вось глядзіце — гумно. Яно было тут і пры Максіме, ясень побач з уваходам — стодваццацігадовы, і памятае нашага паэта.

gumno_i_yasen.jpg

yasen.jpg

Паглядзіце на крышу гумна. Яна — не беларуская. Так у нас не рабілі. Але ж калі ўзнаўлялі гумно, ведалі — крыша была чаротавая.

У 2007 годзе такія крышы ў нас умела рабіць толькі адна брыгада: чатыры хлопцы, якія навучаліся нестандартнаму майстэрству ў Галандыі, таму і атрымалася крыша галандскай, высокай, але ж прыгажосць — неверагодная.

Кажуць, зараз у Галандыі такія крышы — з’ява звычайная, бо гэта і прыгожа, і экалагічна, і надзейна.

gumno_krysha.jpg

А вось яшчэ. Бачыце, фундамент, у якім квітнеюць кветкі?

fundament_sgorevshey_kleti.jpg

Тут былі яшчэ пабудовы: канюшня і клець, такія, як пры Лычкоўскім і Багдановічы. Іх таксама ўзнавілі. Але ж на пачатку двухтысячных нехта ўзяў — ды падпаліў музей. Палова будынкаў згарэла.

І гэты вораг, якога, зразумела, не знайшлі, яшчэ жыве недзе побач: ля крыніцы чалавечымі рукамі вырваны і занесены ў лес вялізарны знак, на якім напісана патрэбная інфармацыя пра помнік «Максімава крыніца». Штука такая цяжкая, што мы не можам яе нават скрануць з месца — а нехта ж стараўся, выламваў, цягнуў…

Здаецца — навошта? Але ж камусьці патрэбна — паліць, вырываць, знішчаць.

Ад крыніцы хутчэй вяртаемся да фальварка — яшчэ раз паглядзець на прыгажосць, зробленую рукамі цудоўных людзей у памяць аб нашым паэце, якую не вынішчыць.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (2) Последнее сообщение
Тати аватар

С удовольствием прочитала))))) 

Фотографии не вызывают желания туда приехать. А вот рассказ про экскурсовода - да.

Анна Северинец аватар

Это у нас дочка фотографирует:) Мне тоже интересно - как выглядит это все глазами подростка:) 

Но там, на самом деле, не виды главое - а атмосфера. Там все очень простенько, как и в Вязынке - но очень живо. Не музейно, а по-настоящему. 

#
Система Orphus