Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Два з дзесяцi музею Купалы ў Вязынцы

Там, дзе можа натхніцца дарослы беларус, падлетку застаецца толькі пазяхаць.

Скласці асабісты рэйтынг беларускіх музеяў мы вырашылі выпадкова — аднойчы за сямейнай вячэрай высветлілася, што нашыя дзеці выдатна арыентуюцца ў залях і стэндах музея Гары Потара ў Лондане, і ніколі не былі ў Вязынцы. Непарадак! Нават — ганьба.

Засаромеўшыся, мы неадкладна распрацавалі праграму экскурсіяў па беларускіх музеях, а каб нашым падлеткам было болей цікава, вырашылі складаць свой уласны рэйтынг.

Першай у праграме стала Вязынка — калыска першага беларускага народнага паэта Янкі Купалы знаходзіцца ў пары кіламетраў ад нашага лецішча, можна нават пешшу дайсці.

Дзе: Даехаць да Вязынкі вельмі проста, нават не трэба ўтрачацца на бензін. З Менску-Пасажырскага кожную гадзіну адыходзяць электрацягнікі (накірунак — Маладзечна, таксама падыходзяць электрычкі да Ушы і Аляхновіч).

Ехаць — 50 хвілін. Кошт чыгуначнага білета складае недзе 5 тысяч рублёў у адзін бок. Са станціі ісці літаральна хвіліну.

Калі: Музей працуе кожны дзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных святаў, з дзесяці да сямнаццаці гадзін.

У той самай «хатцы арандатараў», дзе нарадзіўся Янка Луцэвіч, будучы наш Купала, наўпрост на уваходзе заўсёды чакае музейны супрацоўнік.

Кошты білетаў сёлета: 20 тысяч — дарослы, 15 — студэнцкі, 10 — школьны. Гэта калі без экскурсіі. Экскурсія — дадаткова 35 тысяч рублёў.

У сенцах, дзе будзеце купляць білеты, можна набыць магніцікі (некаторыя з іх — вельмі годныя, хаця ёсць і зусім-зусім непрыгожыя, вытрыманыя ў нейкім асабістым беллітаўскім стылі), кніжкі, дыскі і розныя драўляна-саламяныя сувенірчыкі.

Уласна кажучы, сам Купала Вязынку на свае вочы амаль не бачыў.

Тут ён нарадзіўся, тут пайшоў, але ж набегацца па вязынскім наваколлі не паспеў — у пошуках лепшай долі бацькі з’ехалі, і болей у Вязынку ніколі не вярталіся.

Не ездзіў сюды і Іван Дамінікавіч. Так што ўяўляць сабе, як тутэйшыя бярозкі дый сасонкі пераўтвараліся ў паэтычныя радкі, не выйдзе, бо — не пераўтвараліся.

Зразумела, што аўтэнтычных рэчаў, якія належылі сям’і Купалы, тут амаль няма — толькі аўтографы вершаў, напісаных, зразумела, не тут, ксеракопіі дакументаў аб хрышчэнні ў Радашковіцкім касцёле і нейкія ласіныя рогі ў якасці вешалкі, пераданыя з іншых купалаўскіх музеяў.

2.jpg

3.jpg

Між тым усё роўна паглядзець ёсць што:  інтэр’ер «хаты арандатара» складаюць сапраўдныя рэчы з тых часоў, калі нарадзіўся малы Янка.

Вялізарныя куфары для вотпраткі і іншых побытавых скарбаў, калыска, рушнікі і саматканыя дываны, агародныя прылады, шынялі і паліто, нават старадаўнія хадункі, ў якіх вучыліся хадзіць тагачасныя немаўляты — усё тут ёсць.

4.jpg

5.jpg

6.jpg

На стэндах можна пачытаць гісторыю самой Вязынкі, гісторыю «дома арандатараў».

Разабрацца ў заблытаных і складаных справах з шляхецтвам Луцэвічаў, зразумець, чаму старадаўні дваранскі род апынуўся ў такіхнезайздрасных матэрыяльных умовах, а таксама ўбачыць адзіны захаваны дзіцячы фотаздымак Янкі Луцэвіча.

7.jpg

Між іншым на ім ўжо бачны будучы наш улюбёнец-паэт: вытанчаны, летуценны, прыгожы, пакутлівы.

Даволі дзіўна выглядае вязынскі помнік Купалу: чамусьці тут, у месцы ягонага дзяцінства, стаіць гранітны дзядзька, пажылы, сумны, ды яшчэ з ордэнам.

Якімі пакутамі аплочаны гэты ордэн…

8.jpg

Пасаромеліся б. Але ж менавіта такім сумуе Купала пад бязлітасным жнівеньскім сонцам: чорным, старым, ардэнаносным.

А я б паставіла тут зусім іншы помнік.

Няхай бы гэта быў хлапчук — зусім маленькі, яшчэ безумоўна шчаслівы, яшчэ такі упэўнены ў прыгажосці света.

agshchdan.jpg

Ці — малады прыгожы хлопец, рамантычны і закаханы, якраз у тым прыўкрасным узросце, калі так лёгка замест уласнага прозвішча бярэш для сябе на вякі назву цэлага свята.

Навокал хаты — прыгожа. Так, не вельмі ўладкавана, так, не дорага, старэнькія дарожкі між алей, просценькіяклумбачкі са звычайнымі беларускімі палісадавымі к веткамі, але ж гэта й добра — як кажуць у такіх выпадках падлеткі, «атмасферна».

Вялікія камяні, на якіх можна забамбіць аўтэнтытчную фатасессію.

eluel.jpg

Купальскі шэст і каменны гадзіннік, які дакладна паказвае мясцовы час ценем ад шаста.

11.jpg

Традыцыйныя беларускія краявіды.

velvet_12.jpg

13.jpg

15.jpg

I праз мост, калі пайсці ўглыб па каменнай дарожцы, вязынскі канал, прыгожыя, аздобленыя чаборам, берагі і прыемная вадзічка.

Можна купацца і збіраць духмяныя чабаровыя букеты.

Ад музея да канала ісці — сем хвілін павольным крокам.

vyaz_dorozhka_i_berezki.jpg

Калі мы абмяркоўвалі наш музейны рэйтынг, нашыя падлеткі былі няўмольныя: два з дзесяці.

Глядзець няма чаго, асабістых рэчаў няма, экспазіцыя састарэлая, інтэр’еры заляў — такія ж, як ува ўсіх беларускіх літаратурных музеях, нічога незвычайнага. На пытанне, што б ім хацелася б убачыць у такім музеі, адказалі: больш гісторыі мястэчка ў сувязі з гісторыяй краіны, больш цікавых гістарычных дакументаў, можа і не датычных Купалы, але ж раскрываючых асаблівасці тых часоў, відэа па тэме, цікавыя звесткі з купалавага жыцця.

Бо рознае «цяжкае жыццё беларускага селяніна» абрыдла яшчэ на ўроках.

Дарослыя былі больш лагоднымі: музей атрымаў пяць з дзесяці ад мяне і дзевяць з дзесяці ад майго мужа, які да культурных уражанняў дадаў кіламетровы заплыў у вязынскіх водах і мех чабора ў падарунак маці.

Наступным разам з сямейнай экспертызай паедзем у Ракуцёўшчыну — менавіта там Максім Багдановіч напісаў славутую «Вераніку» і правёў адныя з самых шчаслівых дзён у сваім жыцці.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (1) Последнее сообщение
Нежность аватар

Выдатна! И сама идэя рэйтынгу и яе выкананне! Дзякуй за фота, вельми прыгожа!

#
Система Orphus