Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае інтэрв’ю: паэзія як праца

Вершы Насты Кудасавай, лаўрэаткі прэміі «Дзебют», «чапляюць» з першага ж погляду.

Перачытваеш. Разумееш: не, першы погляд быў досыць простым. Треба ўгледзецца ў глыбіню. Углядаешся. «Чапляе» і глыбіня.

І покуль дачытваеш да апошняга радка — усё, ты ўжо з галавой у крыніцы Наставых словаў.

velvet_1.jpg

Расставаньне — раздваеньне.
Адрываюся, зьнікаю,
Сыплю іскры поўнай жменяй:
Дагараю.

Пачарнелая каплічка
Бы зьнямелая нязгода.
Адсьпявала сваё Зьнічка
Назаўсёды.

Вадаспадам льюцца рэкі
Сьлёз маіх — дурная звычка!
Я ад сёньня і давеку —
Проста зьнічка.

Расставаньне — раздваеньне.
Адрываюся, зьнікаю
І — ужо па азначэньні —
Дагараю.

nasta_kudasava_fota_1.jpg

Наста, у адным з вашых інтэрв’ю я знайшла выраз «паэзія як праца». Тэарэтычна я ведаю, што менавіта так пісалі  Пушкін і Маякоўскі, Фет і Барыс Слуцкі — каб дысцыплінаваць сябе і свет навокал. Але на практыцы ўсё роўна не разумею: як гэта? Даеш сабе тэму — і, пакуль не напішаш, не выходзіш з-за стала? І што атрымоўваецца пасля такой працы? Сапраўдныя вершы ці ўсяго толькі дысцыплінаваныя радкі?

Тут хутчэй гаворка ідзе пра дысцыпліну светаўспрымання. Я не прымушаю сябе сядаць за стол і выціскаць з сябе радкі. Проста за побытавымі клопатамі вельмі лёгка згубіць лірычны настрой і, калі сябе не ўзварушваць мэтанакіравана, можна наўпрост страціць адчуванне той рытмавай і пачуццёвай хвалі, з якой нараджаюцца вершы.

Таму ў мяне «паэзія як праца» азначае хутчэй — трымаць сябе ў належным душэўным стане, у гэткай боегатоўнасці, не губляць вастрыню ўспрымання ўсяго, што адбываецца навокал.

Так, бывае, што я прымушаю сябе дапрацоўваць недапісанае, карпею над сшыткам у пошуках… але з гэтага рэдка што атрымліваецца, гэта хутчэй рэдагаванне ці чыста рытуальны акт, каб не расслабляцца, не губляць сувязь з мовай паэзіі, усё адно ўсе творы па-сапраўднаму ствараюцца ад натхнення, і сам механізм іх стварэння мне дагэтуль няясны.

Ды і якая гэта праца? Я ж за іх грошы не атрымліваю (ну, калі не лічыць рэдкія ганарары за якую публікацыю — дык гэта на кіло цукерак і новы сшытак для натхнення).

velvet_2.jpg

А як гэта было ў вашым жыцці — усведамленне «я — паэт»?

Я не ведаю, гэта не абдылося ўвадначас, а можа яно ўсё яшчэ адбываецца і ці яно ўвогуле можа канчаткова адбыцца? Не ведаю… Насамрэч гэта падзея зусім не ўрачыстая. Я вельмі часта падаю духам і перастаю верыць у сябе, перастаю бачыць гармонію ў маёй творчасці, адчуваю ўласную мізэрнасць, задаю сабе пытанне «ці я паэт?», «ці раблю я штосьці сапраўды вартае?» З іншага боку, я не разумею і адваротнай пазіцыі, калі чалавек, які піша і выдае вершы, адмаўляецца звацца паэтам, маўляў, «ай, гэта я так… напісаў там нешта выпадкова, не паэт я». Думаю, калі ты пішаш і прадстаўляеш гэта публіцы, значыць мусіш браць на сябе адказнасць за тое, што робіш.

Мабыць, я зараз на стадыі ўсведамлення адказнасці за тое, што пішу. Стараюся больш сур’ёзна, чым у маладосці, ставіцца да працэсу пісання. Гэтае ўсведамленне адбылося пасля выхаду першай кнігі, калі я пачала атрымліваць водгукі ад незнаёмых людзей… Гэта было так нечакана! Тады я зразумела, што нельга ўзяць і напісаць кнігу проста так, для сябе, абы было… Усё напісанае так ці іначай уплывае на ход жыцця і пакідае нейкі адбітак у галовах чытачоў , магчыма, нават змяняе чыйсці сусвет, хай і ў невялікім масштабе…

nasta_kudasava_fota_2.jpg

Беларуская мова — мова вашага паўсядзеннага жыцця? Ці толькі паэзіі?

Цяпер усё больш гэта мова паэзіі. У штодзённым жыцці я дзвюхмоўная. Але з улікам таго, што я жыву даволі замкнёна і сяброў у мяне засталося мала, то можна сказаць, што я карыстаюся беларускай мовай рэдка — элементарна з тае прычыны, што паразмаўляць няма з кім. У сям’і паступова перамагла руская мова як мова бальшыні.

Быў час, калі я перажывала з гэтай нагоды, але паступова звыклася і цяпер мне нават даспадобы, што ў мяне ёсць мой маленькі сусвет, мая Абяцаная Зямля, мая амаль-святарная мова — так я яе цяпер успрымаю. Не ведаю, добра гэта ці кепска, але так ёсць. У чалавечых жа адносінах мне важныя перадусім чалавечыя адносіны, а не мова.


Вы працуеце над вершамі. А ці працуеце вы над выхаваннем дзяцей, адносінамі з мужам, над «бытам і потам»? Ці жыццё ідзе само сабой?

О, сям’я — гэта самая складаная праца, але і самая ўдзячная. З тае пары, як у мяне з’явілася сям’я, я штохвілінна адчуваю сябе як на працы, трэба ўвесь час быць пільным, сачыць за сваімі словамі і ўчынкамі. Трэба працаваць над сабой, бо хочацца, каб дзеці і муж мною ганарыліся.

Быць добрым прыкладам, узорам — гэта, мабыць, найлепшае выхаванне. Хаця, канечне, атрымліваецца гэта не так удала, як хацелася б… І многае ўсё-такі ідзе само сабой.

nasat_kudasava_fota_3.jpg

Зараз паэзія — не самы запатрабаваны «культурны тавар». І тым не менш паэты ёсць, і нараджаюцца зноў і зноў. Як вам падаецца, навошта свету і чалавеку паэзія? А вам навошта? Ці цяжка было жыць без вершаў? Як гэта адбывалася — разуменне, што трэба пісаць?

Можа быць, гэта адзінае апраўданне майму існаванню. Я ніколі не думала, навошта гэта раблю. Але калі доўга не пішу, робіцца нават фізічна цяжка. Жыццё само па сабе жорсткае і бессэнсоўнае, мо паэты нараджаюцца, каб даць нам хоць якую адтуліну.

Паэзія — гэта ж чыстая гармонія, яна робіць гарманічным усё, да чаго ні дакранецца, любую дробязь, любую з’яву нашага жыцця, нават боль, бруд і жах. Таму яна заўсёды будзе запатрабаваная.

nasat_kudasava_fota_4.jpg

Як вы ставіцеся да лёзунгаў кшталту «жанчына павінна» (быць прыгожай, быць маці, быць жонкай).

Я не думаю, што ёсць нейкая ўніверсальная праграма абавязкаў, якая падышла б усім. Кшталту раз ты жанчына, то мусіш натхняць мужчыну, нараджаць дзяцей і варыць боршч. Але калі быць шчырым з самім з сабой, дык кожны ж можа адчуць, у чым яго прызначэнне і што ёсць добра для яго, а што — дрэнна, гэта ж выключна справа сумлення. Вось я для сябе адчувала заўсёды, што быць маці для мяне найгалоўная каштоўнасць, але гэта не таму, што я павінна, што мне так грамадства наказала… Не, гэта маё асабістае адчуванне, мая праўда. Калі ў іншых жанчынаў іншыя прыярытэты — калі ласка, няхай кожны сам вырашае. Я свабодная ў гэтых пытаннях і сама для сябе вырашаю, што і каму я павінна.

А вось прыгожым павінен быць кожны чалавек, я перакананая. Мы ж створаныя паводле Божага вобраза, таму мне здаецца, гэта непавага да Творцы — калі чалавек перастае за сабой сачыць і апускаецца, я маю на ўвазе не толькі і не столькі вонкавы выгляд, канечне ж. Хаця ўсё ўзаемазвязана. Жанчыну, напрыклад, прыгожай  робіць розум і пяшчота, з узростам гэта асабліва заўважна.

Аб чым вы яшчэ не напісалі? Што рвецца з сэрца, але пакуль не знайшло сваіх словаў?

Мне здаецца, што я амаль нічога істотнага яшчэ не сказала, усё толькі распеўкі. Але хто ведае — мо нічога лепшага ўжо і не напішацца. А рвецца нешта ўвесь час, з любой будзённай дробязі…

Вы жылі ў Расеі, але вярнуліся на Беларусь. Чым Менск лепей за Пецербург?

Ды нічым. Проста тут на Радзіме я адчуваю сябе дома, гэта мая дзяржава, мая краіна, блізкія мне людзі. Тут я магу і хачу нешта змяняць. І яшчэ я зразумела, што я — дрэва, то бок — абсалютна ўрослая, ўкаранёная  ў родную зямлю, менавіта яна мяне сілкуе, гэта галоўны фактар, чаму я буду жыць тут.

Радзіма для мяне — гэта зямля, глеба, тэрыторыя перадусім. Калі б не гэта, то можна было б і ў Піцеры жыць, бо гэта вельмі характарны, самабытны, тэмпераментны горад, дзе шмат  цудоўных людзей.

nasta_kudasava_fota_6.jpg

Наста, а калі б вас не друкавалі, не выдавалі — вы бы ўсё роўна пісалі б? Ну, натхненне — зразумела, не пытае, прыйшло – абавязкова напішаш, але пісалі б вы тады «як на працы»?

Думаю, так. Цікава, што хутчэй пішацца наадварот — насуперак, нібы даказаць нешта самому сабе, асабліва ж і пішацца тады, калі ты нікому не патрэбны, з гэтага надрыву. А калі ўсё добра і паспяхова ідзе, дык нічога ўнутры і не надрываецца, паэзіі няма адкуль выходзіць. Хаця падтрымка чытачоў значыць вельмі шмат. Я не ведаю, ці пісала б я так, як цяпер, калі б не ведала, што ёсць тыя, каму гэта трэба.

Ці складаная гэта прафесія — паэт?

Я не магу назваць гэта прафесіяй, гэта нейкая асаблівасць арганізацыі светаўспрымання, дадатковая функцыя арганізма, яна проста ёсць у некаторых. Гэтаму немагчыма навучыцца, гэта можа быць толькі дадзена, але мы самі ўжо вырашаем развіваць ці не развіваць гэты дар… Напэўна, гэтае рашэнне свядома развіваць у сабе паэта я і называю «паэзія як праца».

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (3) Последнее сообщение
OLIA аватар

А дзе б пачытаць?

Анна Северинец аватар

http://textura.by/da_astatnjaga_zernja/

ну вось, напрыклад:) 

zoloto аватар

А я не разумею, як паэзія можа быць працай. Яна залежыць ад натхнення, а яго не выклічаш. І як з дапамогай паэзіі зарабляць на жыццё? Асабліва ў нас, і нават у Піцере...

#
Система Orphus