Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае інтэрв’ю: недзіцячыя пытанні для дзіцячай пісьменніцы

Якім бачыцца свет казачніку?

Як гэта: кожны дзень ствараць дзівосны свет дзіцячай казкі — а потым выходзіць з-за стала і адчыняць дзверы ў звычайнае жыццё? Ці праўда, што казачнікі, як і арлекіны, насамрэч — сумныя і пахмурныя людзі, якія лепш за ўсіх ведаюць, што жыццё — далёка не казка?

Менавіта з такімі пытаннямі я пайшла да Алены Масла — дзіцячай пісьменніцы, беларускай казачніцы.

У дзяцінстве мне здавалася, што пісьменнікі — самыя шчаслівыя людзі на Зямлі. Што б ні здарылася, пасля іх застануцца кніжкі. І мне да сёння дзіўна, што пісьменнікі ўсё роўна кожную хвіліну некуды імкнуцца, аб нечым трывожацца… Аб чым сумуе самая светлая пісьменніца Беларусі?

Спадарыня Ганна, шчыра дзякую вам за «самую светлую», але дазвольце запярэчыць. «Самым» можна назваць хіба толькі сонца! А светлых творцаў у Беларусі багата. А ўжо калі мы кажам пра беларускую дзіцячую літаратуру — пагатоў.

І, калі можна, я спярша пра тое, што радуе, скажу. Вось калі гэтыя светлыя творчыя праменьчыкі шчасціць аб’яднаць у нейкай агульнай справе, агульным праекце — во гэта шчасце!

А засмучае… Калі людзі не ўмеюць трымацца разам, і менавіта дзеля таго, каб сцвярджаць сябе «самымі», разбураюць сяброўскія стасункі, ствараюць мітрэнгі, паклёпнічаюць. Не прымаю гэтага.

masla_1.jpg

Наталка Бабіна неяк назвала вас «наш беларускі Андэрсэн». Мне падаецца, гэта вельмі слушнае параўнанне: светлы казачны свет Ганса Хрысціяна насамрэч ведае і цемру, і тугу, так і вашыя казкі, якія прынята лічыць звышпазітыўнымі, месцяць у сябе не толькі сонца. Што з несправядлівасцяў свету вам цяжэй за ўсё перажываць?

О, дзякую Наталцы за такую ацэнку маёй сціплай творчасці!.. Што да несправядлівасцяў свету — пакінутыя дзеці, дзеці-сіроты пры жывых бацьках. Гэта так выродліва, брыдка чалавечай натуры! Здрада як з’ява менавіта ў гэтых выпадках найстрашнейшая, на маю думку. Калі даводзіцца бываць у дзіцячых дамах, у прытулках, сорамна глядзець у вочы кінутым дзецям. Сорамна, бо ты — дарослы, і таму адказнасць (ці безадказнасць) іх бацькоў аўтаматычна датычыць цябе… Вось напярэдадні Раства ў сеціве шмат вялося дыскусій наконт таго, ці патрэбна збіраць падарункі ў дзіцячыя дамы, і якія падарункі збіраць… А гэтыя лісты-просьбы ад дзетдомаўцаў, якія выкладаліся ў сацыяльных сетках! Нехта просіць ляльку, нехта — лобзік ці машынку, пісталет… Добрыя душы знаходзяцца мару дзіцячую ажыццявіць — сабраць навагодні падарунак, падарыць імгненне шчасця. Але што б не падарыла пакінутым дзецям грамадства — уключаючы прыёмныя сем’і — замяніць любоў родных бацькоў ім ніхто не ў стане. Усё астатняе — мы ад іх адкупляемся. Падарункамі, мерапрыемствамі, майстар-класамі… Гэта, на маю думку, абавязкова трэба рабіць… Але па-чалавечы, па-сапраўднаму для кожнага з такіх дзяцей было б — калі самі бацькі імкнуцца даць ім сваю любоў.

Ведаеце, што наймацней раніць мяне ў стасунках з дзецьмі з прытулкаў і дзіцячых дамоў? Моманты, калі набліжаецца канец сустрэчы і расстанне. У іх вачах, дзе толькі што свяціліся давер і шчырасць, нібы нешта выключаецца, агеньчык гасне… Ты не паспеў з’ехаць — а яны цябе ўжо вырываюць са свайго жыцця. Каб не абнадзейвацца, каб не балела, каб зноў не апячыся на часовай любові…

masla_2__.jpg

У вашых казках падкупае адсутнасць сфармуляванай маралі: аўтар не нудзіць, а дазваляе чытачу самастойна рабіць высновы. Але ж добра бачна, што ў аўтара ёсць свой зразумелы пункт гледжання наконт дабра ці зла. Усё ж чаму найперш вучыць Алена Масла? Ад якіх напасцяў перш за ўсё вам хацелася б засцерагчы сваіх маленькіх чытачоў?

Размова была з адной маладой мамай неяк. Яе дачка плакала, прачытаўшы адну з маіх казак — «Воблачка». Дык маці ўпікала мяне, аўтарку, за слёзы дачкі… Я тады сказала маладой маці, што я радая за яе дачку, за тое, што ў яе чулае сэрца. І шчыра жадаю, каб сэрца гэтага дзіцяці заставалася жывым увесь адпушчаны яму век.

Наогул, цяпер вельмі моцная тэндэнцыя да забаўляльнасці, у літаратуры ў тым ліку. Тыя ж казкі Андэрсэна, у якіх святло часта бывае выпакутаваным — часта называюць дэпрэсіўнымі. Але ж не магчыма ўсё жыццё адскакаць і адвесяліцца! Якія толькі выпрабаванні не пасылае людзям лёс, з якімі чалавечымі бедамі толькі не даводзіцца нам сутыкацца… Ці маюць людзі маральнае права наракаць на бяздушша, абыякавасць, чэрствасць грамадства у дачыненні да асабістых праблемаў, бедаў, калі імкнуцца засцерагчыся ад суперажывання і дапамогі ў пару свайго дабрабыту тым, каму дапамога патрэбная?..

Вельмі люблю прыпавесць пра тое, як сустрэліся дзьве душы — адна з рая, другая з пекла, і сталі дзяліцца, як ім жывецца.

— У нас страшна, — кажа тая, што з пекла. — У нас ёсць усё-усё, што пажадаеш, але да нашых рук прывязаныя даўжэзныя драўляныя лыжкі, мы нічога імі ўзяць не можам.

— І ў нас тое самае, — адказвае тая, што з раю, — але мы тымі лыжкамі адзін аднаго кормім…

Мне падаецца, прыпавесць вычарпальная для разумення арганізацыі жыцця. «Рай» выключае абыякавасць — менавіта ад яе мне хацелася б засцерагчы сваіх чытачоў.

masla_4.jpg

Ці вядомыя вам творчыя крызісы?

Канешне. Яны бываюць пасля інтэнсіўнай працы. Як па мне, гэта натуральная з’ява. Твор — гэта, да ўсяго, ўвасобленая ў словы энергія. Быў сасуд (творца) напоўнены — эмоцыямі, ідэямі — ператварыў іх у твор — патрэбен час, каб зноў энергію акумаляваць. Ва ўсякім разе, у мяне так… А людзі па-рознаму працуюць, і плённа. Але я — «марудны» аўтар.

Ну і ў мяне шмат ад настрою залежыць.

Як вы адшукваеце выйсце? Ці ёсць у вас уласны пашагавы рэцэпт?

— Цудоўная мастачка Алена Лось некалі падаравала мне лялек з серыі «Паненкі». Сказала, што рабіла іх, калі ёй не малявалася. Па-шчырасці, мяне ўразіла тое прызнанне Алены Георгіеўны, і я надзвычай удзячная ёй не толькі за красунь-паненак, а за рэцэпт пераадолення творчых крызісаў. Працаваць. Мяняць род дзейнасці. Асвойвайць новыя справы. Не зацыклівацца на няўдачах. Адным словам, рухацца, не закісаць.

…Летам мінулага года Алены Георгіеўны не стала. А яе «Паненкі» і жыццёвы ўрок — са мной.

masla_los.jpg

Ці плануеце вы сваю працу? І як гэта наогул выглядае ў пісьменніка: «Да 1 сакавіка напісаць казку»?

— Вось на дадзеным этапе жыцця у мяне атрымліваецца «запланаванае» натхненне. Столькі збеглася спраў, столькі недапісаных рэчаў, што я адназначна для сябе вырашыла распісаць жыццё сваё па тыднях хаця б на палову года.

Адразу хочацца зрабіць агаворку — калі Бог дасць, то па-іншаму, без плана, нічога не зробіш. Ідэі, сюжэты новых твораў — іх шмат. І проста за ўседлівасцю бывае затрымка, а вось яе якраз можна спланаваць. То бок, сядаць за стол і працаваць. І калі атрымаецца няўдала, лепей знішчыць і пачаць нанова, чым шукаць апраўдання, чаму не пісаў сёння… 

А што бывае, калі планы парушаюцца? Каго вы вінаваціце ў першую чаргу?

— Ну, што бывае? Я самаедка, мне лепш выконваць запланаванае, інакш сама сябе загрызу… А наконт таго, каго вінавачу, калі нешта не атрымліваецца, вось што скажу. Калі пад гарачую руку і вінаваціш некага ў няўдачах, зрыве планаў і г. д., то пакрысе, параскінуўшы глуздамі, замыкаеш кола ўсё адно на сабе. Калі не шкадаваць сябе і займацца крытычным самааналізам, ва ўсіх сваіх праколах і правалах усё адно вінаваты сам. Перапіхнуць адказнасць на іншых — блізкіх ці далёкіх дзядзькаў і цётак — зманлівая справа.

Дзейнічаць самому, мець мужнасць прызнаваць свае памылкі ды імкнуцца выпраўляць іх — мне здаецца, гэта ёсць рух наперад.

masla_5.jpg

Ваша адміністрацыйная, кіруючая праца на пасадзе рэдактара — ці не замінае творчасці?

Адразу ўдакладню: якраз з сярэдзіны лістапада 2013 года я ў творчым адпачынку, назавем гэта так. У мяне наспела вострая неабходнасць шмат што абдумаць, дапісаць, дарабіць, паразважаць адносна будучай прафесійнай дзейнасці, звярнуць пільнейшую ўвагу на здароўе… Таму месяцы два пасля сыходу ў «творчы адпачынак» я з асалодай, проста згаладаўшыся па «адміністраванню» самых звычайных гаспадарчых справаў ва ўласнай хаце, ва ўласным тэмпе, упарадкавала сваю побытавую прастору; вярнулася да заняткаў фітнесам, вырабу маіх любімых традыцыйных лялек… Апошнім жа часам зноў адгукаюся на запрашэнні да ўдзелу ў прэзентацыях, творчых вечарынах — і сама арганізую іх.

А наогул, калісьці, як дзеці яшчэ былі малымі, заўважыла: найбольш паспяваеш зрабіць якраз тады, калі час проста спрэсаваны разнастайнымі справамі так, што духу не перавесці. Дзяцей у вёску адвязеш на канікулы — во ўжо напрацуешся, думаеш. Не! Разняволішся і збольшага прабоўтаешся…

Так і з працаю. Калі служаць сілы, здароўе, актыўная праца дапамагае мабілізавацца. Зноў такі, вы ж ведаеце: «Жаданне нараджае тысячы магчымасцяў, нежаданне — тысячы прычынаў». Таму калі нешта настолькі ў душы сасьпела, што гатова нарадзіцца — час знойдзецца.

Ад чаго вы больш за ўсё стамляецеся?

Мяне вельмі стамляе гарадская мітусня; мне падабаецца напружаная праца (не аўрал, а менавіта напружанасць!) — кшталту прамых эфіраў, дзе патрабуецца максімальная канцэнтрацыя і арганізаванасць, а вось цягамоціна і аднастайнасць у працы проста выводзіць са строю. Люблю працу ў камандзе, калі людзі з паўслова разумеюць адзін другога… Я адасобліваюся ад стасункаў, замешаных на мітрэнгах — яны здольны не проста стамляць, а знішчаць.

А што дае сілы жыць і перамагаць?

Вера.

masla_6.jpg

А якая ў вас зараз самая запаветная мара? Што б вы загадалі Залатой Рыбцы?

Ведаеце, Ганна, я не вельмі люблю агучваць свае мары. Жыццё вучыць абыходзіцца з імі беражліва, агучваць тады, калі яны ўжо становяцца здзейсненымі справамі — каб не сурочыць. Заўсёднія ж мары — як у кожнага чалавека, пра здароўе і сілы сабе і блізкім людзям, каб была магчымасць рэалізаваць задуманае.

Мне здаецца, вельмі важна ўсведамляць асабістую адказнасць за тое, што ты робіш; успрымаць падзеі жыцця як непазбежны ланцужок «асабісты ўчынак — наступствы для твайго жыцця»; разумець, што ніхто не павінен скакаць пад тваю дудку, а тым больш — выконваць твае загады… Жадаеш нечага — здзяйсняй мары праз настойлівую працу, дабразычлівае стаўленне да свету.

Таму Залатую Рыбку, каб яна раптам трапілася мне, я б адпусціла на волю.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (3) Последнее сообщение
Аря аватар

Красивая добрая женщина, интересное интервью, уютное и теплое ощущение от его прочтения.

Мюс аватар

Спасибо Анне и Алене. Очень интересное интервью. Побольше бы таких светлых, мудрых, "сказочных" людей.

zoloto аватар

Дзякуй! Трэба будзе дачкам пашукаць кнiгi.

#
Система Orphus