Полная версия сайта Мобильная версия сайта

«Халодны блюз» Верасня

Гурт «Верасень»  прадстаўляе на музычным партале Ultra-Music новую кампазіцыю  «Халодны блюз».

Калектыў грае ў стылі інтэлектуальны рок, але блюзавыя матывы, як сведчыць назва песні, відавочна прыйшліся музыкам даспадобы.

Праўда, блюз Вольгі Акуліч, вакалісткі, аўтаркі песень і кіраўніцы «Верасня», мае не традыцыйны афраамерыканскі, а мясцовы — беларускі — акцэнт.

Важным для музыкаў было перадаць своеасаблівы, шчымлівы блюзавы настрой (так блізкі кожнаму беларусу :)), а не вытрымаць фармальныя патрабаванні жанру. Хаця музыканты і падрыхтавалі адмысловую праграму супольна з блюзмэнам Дзянісам Балахонавым, які, дарэчы, прыняў удзел у запісе гэтага трэка.

Вашай увазе — каманда, якая мае ў актыве некалькі кружэлак і вядзе досыць пастаянную канцэртную дзейнасць. Адзін з апошніх запамінальных выступаў — у якасці запрошаных гасцей на полацкім фэсце LIVE IN ROCK у снежні 2012-га, поруч са знакамітым «Палацам».

Зрэшты, музыкі з «Верасня» не імкнуцца некаму падабацца, не любяць прэтэнцыёзнасці і граюць таму, што творчасць для іх — лад жыцця, спосаб мыслення… Карацей, хто слухае блюз і жыве музыкай, той зразумее Вольгу Акуліч:

«А навошта музыкант піша музыку? Навошта паэт піша тэксты?  Навошта гэтыя дзіўныя людзі замест таго, як заняцца карыснымі справамі … ахвяруюць сваім часам і грашыма, збіраюцца рэпетаваць, запісваць, ладзяць выступы, на якія прыйдзе пару дзясяткаў чалавек?

Пытанні рытарычныя. Магчыма, насамрэч мы маем перад сабой бездапаможную самадзейную творчасць. Або новы хіт.

Магчыма, мы не скажам новае слова і не скаланем увесь сусвет. Але можа, для нейкага асобнага чалавека гэты набор гукаў і літар стане тым, што будзе адпавядаць яго думкам і пачуццям менавіта тут і цяпер. Мы запісалі. Хто захоча — пачуе. Дзякуй».

verasen.jpg

Цяпер гурт «Верасень» займаецца актыўнай студыйнай працай і рыхтуе новы альбом. «Халодны блюз» — першы трэк, прадстаўлены ўвазе слухачоў.

У яго запісе ўзялі ўдзел: Вольга Акуліч (вакал, аўтар тэксту), Арцём Лабін (гітара), Саша Мішугоў (бас), Мікалай Пахомчык (ударныя), Дзяніс Балахонаў (гітара), Эдуард Іваноў (запіс і звядзенне).

Як вядома, гітарную музыку лепей слухаць ужывую. Тым болей, што «Верасень» — хутчэй канцэртная каманда, чым студыйная. Падчас выступаў музыканты выдаюць найболей драйву і ствараюць надзвычайную, настраёвую атмасферу, прыдатную і для ўдумлівага праслухоўвання, і для танцаў.

Таму запрашаем на бліжэйшы канцэрт гурта «Верасень», які адбудзецца 19 лютага а 19-й гадзіне ў кавярні-клубе «Лісіная нара» (Мінск, вул. Каліноўскага, 32).

Даведка па тэлефоне + 375 29 6 203 201.

Старонка «Верасня» ў фэйсбуку 

facebook.jpg

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
Хотите стать автором «Velvet»? Пишите нам!
#
Система Orphus