Полная версия сайта Мобильная версия сайта
Анна Северинец аватар

Вельмі захацелася падараваць вам у гэтую ледзяную суботу два вершы. 

Але спачатку колькі слоў.

У маёй ленце ў сацыяльнай сетцы ёсць чатыры паэты, ад якіх я - і не толькі я - стойваючы дыханне, чакаю новага вершу. Вось не жартую. Дзень, два, тры без вершаў - і пачынаеш нават хвалявацца: што там парабілася ў яго, чаму не піша. Усе творчыя крызісы, страты слыху й голасу, перыяды прыкрага маўчання і хвіліны натхнення - усё гэта нам добра бачна, бо сацыяльныя сеткі даюць выдатны скан творчага жыцця сучаснага паэта. Ягонае маўчанне, ягоныя празаічныя пасты, такія не падобныя на паэтычныя, ягоныя творчыя пакуты, якія ўсё роўна бачныя праз нейкія паўсядзённыя замалёўкі ў статусах... 

Адна з іх - гарадзенскі гісторык Святлана Куль. Вось гэты яе верш я ўспамінаю кожны дзень, і ён абавязкова падымае мне настрой: 

Снягі цякуць, пацокваюць капежам,
Нібы аркестр званочкаў ды званоў.
Зварылі зайцы піва на памежжы:
Нясуць вятры аднекуль з Белавежы
Туман знаёмы – з нашых туманоў.
Не дымам пахне нашая Айчына,
Я гэты водар пазнаю здалёк:
Туман ідзе ад бровараў зайчыных,
Пах ялаўца, ды мёду, ды каліны
Нясе з сабой у польскі Беласток.
29.01.16.

Другі - малады і вельмі таленавіты паэт Антон Рудак. У мяне ёсць ягоны першы зборнік, які складзены з вершаў двухгадовай даўніны, і два гады Антон нічога не пісаў, і мы ўсе стаміліся чакаць, і вось сёння ён апрылюдніў новы, пазаўчорашні верш - о, як радуюцца аматары ягонай творчасці:) Перш чым я яго вам падарую, успомніце славутую прадмову Скарыны да сваёй Бібліі: "Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае - гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць". Паглядзіце, якв выкшталцона выкарыстоўвае Антон гэтую славутую формулу (і не толькі, дарэчы, гэтую - там яшчэ колькі знакамітых формул схавана): 

не пакідай за сабою дарогі назад
часта вярнуцца складаней чым рушыць наперад
рэзкі ўдар сярод трасы па тармазах
не пакідае шанцаў прарвацца на іншы бераг
не пакідай без нагляду сваіх віроў
рыбаў у глыбіні птушак паміж аблокаў
пушчаў палёў зуброў і астатніх звяроў
ровараў грузавікоў трактароў мотаблокаў
цэркваў і замкаў вёсак і гарадоў
песняў і казак здымкаў лістоў успамінаў
нават калі па іх не засталося слядоў
нават калі лёс нічога ад іх не пакінуў
у выніку шэрагу папераменных поспехаў і параз
у вечнай вайне паміж кепскім і штораз горшым
не пакідай суцяшаць сябе тым што ўсё гэта не ў першы раз
зрэшты і з гэтым таксама не перабольшвай
не азірайся на тых хто застыў пры дарозе стаяць слупом
у гэтай гульні не разлічваючы на выйгрыш
не пакідай намаганняў ісці самастойна і насупор
помні пра тое што ты па сабе пакінеш
як пакідае пісьменнік музыка мастак
літарамі на паперы фарбамі на мальберце
сімвалы веры надзеі любові як знак
усяго чаго нельга пакінуць вось так
каб не ўмерці

18.02.2016

А яшчэ мне надта падабаецца манера пісаць без знакаў прыпынку. У рускіх вершах - раздражняе, а ў нашых - падабаецца. Не ведаю, чаму. 

Праўда, класныя вершы? 

Нагадаю і іншых паэтаў з маёй улюбёнай чацвёркі: гэта Стась Карпаў і Валярына Кустава, якія павінны быць вядомыя Вельвету з колішніх інтэрв'ю. Вось праўда, дзякуючы ім, я разумею, навошта чалавеку паэзія наогул. 

Рубрики:

Комментарии

Всего комментариев (6) Последнее сообщение
OLIA аватар

Дзякуй, Аня. Дауно не чытала такога добрага верша, як верш Антона.
Прауда тольки учора нагадала дачцэ гэтыя словы Скарыны ( у их нядзеля бел.мовы)

Анна Северинец аватар

словы класныя:) не адразу я іх "расчухала", але ж калі нарэшце яны да мяне дайшлі - адразу сама сабой вывучыла напамяць:) 

OLIA аватар

Што самае галоунае - верш вельми сучасны.

Анна Северинец аватар

Антон вельми малады хлопец, здаецца, і трыццаці няма. І ён вельмі сучасны. такі сапраўдны, што проста дзіўна:) Я прывыкла, што добрыя паэты жывуць у хрэстаматыях і падручніках, а тут - побач:) 

Умняша аватар

здорово

OLIA аватар

Так.
Нашаму розуму здаецца, што сапрауднае и лепшае было.
А на самай справе яно было есць и будзе заужды.
Таму и вызывае здзиуленне, кали талент тут ля нас.
Але многих выдатных письменникау мы вывучали и яны таксама тварыли саусим маладыя. Так и зараз.

#
Система Orphus