Полная версия сайта Мобильная версия сайта

"Чытаем сваё. Класіка". Янка Брыль. Як гэта было

Анна Северинец аватар

Я, канешне, ведала, пра што і як будзе распавядаць нашая бясстрашная вельветчанка, але рэчаіснасць пераўзышла ўсялякія мае чаканні:))) Ды што я:) Я перажывала за Ірыну больш, чым за саму сябе, таму мне спадабалася б усё, што б яна ні казала, але ж і слухачы сядзелі ў напружанні ўвесь час, які гаварыла Ірына! 

Але ж - пачнем адпачатку. 

Сустрэчу я назвала "Янка Брыль, убачаны здалёк" - з далечыні нашага часу, з далечыні чытацкага ўспрыяцця, з далечыні нашага асабістага досведу, нарэшце, з далечыні жаночага погляду на тэкст, напісаны мужчынам. У Янкі Брыля ёсць аповесць з назвай "Золак, убачаны здалёк" - то бок мы і ад Брыля далёка не адыходзілі, і ўсё ж такі нейкую адлегласць стварылі. 

Да Брыля звычайны беларускі чытач ставіцца паважліва - амаль кожнаму падабаюцца "Птушкі і гнёзды", а ўжо калі хто прачытаў феерычную аповесць "Ніжнія Байдуны" - той пачынае усміхацца з першых успамінаў пра нашага выдатнага майстра. 

З "Байдуноў" мы і пачалі - актор, літаратар, был загадчык літаратурнай часткі тэатра імя Янкі Купалы Ігар Скрыпка пачытаў нам урывак з аповесці. 

skripka_chitaet_2.jpg

skripka_chitaet.jpg

skripka_rassuzhdaet.jpg

Ну, не сказаць, каб нашыя госці рагаталі, як звычайна гэта раблю я, перачытваючы любімыя старонкі "Ніжніх Байдуноў", але ж усміхаліся шчыра і шмат. 

zriteli_smeyutsya.jpg

 zriteli_smeyutsya_2.jpg

Насмяяўшыся, мы перайшлі да сумнага - як гэта заўсёды бывае ў добрайлітаратуры, і тым больш - у Янкі Брыля.  Апавяданне "Галя" - не з вясёлых. У ім расказваецца звычайная гісторыя звычайнай жаночай драмы: кахала аднаго, замуж пайшла за другога, цяпер жыве з пастылым, а марыць пра таго, першага, каханага. 

Пачытаць "Галю можна тут: http://knihi.com/Janka_Bryl/Hala.html

Менавіта гэтае апавяданне выбрала наша вельветавая Ірына для свайго аналізу. Тое, што яна нам расказала, я дам напрыканцы дзённіка асобным урыўкам, а пакуль - проста глядзіце на нашую адчайную выступоўцу: 

irina_1.jpg

irina_2.jpg

 

irina_3.jpg

Лепей за ўсё пра выступ Ірыны сказала адна з прысуных: "Тое, што вы расказваеце, гэта так пра нас, гэта такая праўда, што нават сорамна, і крыўдна, і трэба шмат думаць.... "

Так, Ірына казала не вельмі премныя рэчы пра нас, пра жанчын: і пра тое, як не ведаем, чаго жадаем, і пра тое, як пагарджаем тымі, хто мог бы нас выратаваць, і пра тое, як ламаем лёсы сваіх дзяцей... Хто б мог падумаць, што апавяданне Янкі Брыля - выдатная ілюстрацыя да вядомага "трохкутніка Карпмана", у якім рэалізуюць свае сцэнары Ахвяра, Ратаўнік і Тыран? 

Беларускія літаратуразнаўцы нечаста дазваляюць сабе такія шырокія абагульненні і такія свабодныя псіхалагічныя асацыяцыі. Таму Брыль адкрываўся нам з нечаканага боку. 

velvetchanki_1.jpg

velvetchanki_2.jpg

velvetchanki_3.jpg

А ўжо як дзівіліся мы са Скрыпкам! 

ya_i_skripka.jpg

А я дык і ўпадала ў цяжкі роздум: 

v_tupike.jpg

Карацей, было над чым паразважаць - і не толькі падчас сустрэчы, але і патом, і назаўтра, і па сёння. 

І Брыль, убачаны здалёк, апынуўся нечаканым, цікавым, незвычайным, якім мы раней яго й ня ведалі, карацей, як раз такім, якім ёсць для кожнага сапраўднага чытача нацыянальны класік. 

А зараз - пакідаю вас дзеля цікавага чытання. 

Ірына Барэйка. 

Сіндром Ахвяры ў гераінь апавяданняў Янкі Брыля «Галя» і «Марыля». 

Шчасце праходзіць міма нас па 10-20 разоў у дзень, але калі мы запраграмаваны на няшчасце, то выберам адзіны неспрыяльны для нас варыянт, які запраграмаваны нашым сцэнарыем.
Эрык Бэрн
Эрык Бэрн – выдатны амерыканскі псіхолаг і псіхатэрапеўт, аўтар знакамітай кнігі «Гульні, у якія гуляюць людзі». Ён разработаў тэорыю жыццёвых сцэнарыяў. Сцэнарый у псіхалогіі – гэта жыццёвы план, які фарміруецца ў раннім дзяцінстве пад уплывам бацькоў. Кожны чалавек ужо ў 5-7 гадоў мае гатовы сцэнарый.

Трохвугольнік Карпмана («трохвугольнік лёсу», «драматычны трохвугольнік»). Гэта мадэль узаемадзеянняў паміж людзьмі ў розных жыццёвых сітуацыях – у сям’і, на працы і інш. Аўтар – вучань Бэрна псіхатэрапеўт Сцівен Карпман. Ён прааналізаваў апісаныя Бэрнам псіхалагічныя ролі і прыйшоў да высновы, што ўсе яны зводзяцца да трох асноўных: Тыран, Ахвяра і Ратаўнік. Трохвугольнік, у якім аб’ядноўваюцца гэтыя ролі, сімвалізуе іх сувязь і пастаянную змену.
Кожны з удзельнікаў «трохвугольніка лёсу» атрымоўвае пэўныя ўнутраныя выгады. Так, Ахвяра жыве з упэўненасцю «Ад мяне нічога не залежыць» і таму адказнасць за свае ўчынкі і рашэнні ўскладае на іншых людзей. (Напрыклад, нядбайны студэнт свой правал на экзаменах тлумачыць тым, што экзаменатар быў занадта прыдзірлівы / аднагрупнікі не далі канспект / у бібліятэцы не было падручніка.) Ратаўнік упэўнены, што іншы чалавек не можа абысціся без яго дапамогі і парады. Таму ён нярэдка імкнецца дапамагаць тым, хто не просіць, і крыўдзіцца, калі дапамогу не прымаюць. Ратаўніку прыемна, што нехта залежыць ад яго – гэта дазваляе задаволіць пачуццё ўласнай значнасці. Дапамагаючы Ахвяры, Ратаўнік, вобразна кажучы, ніколі не прапануе ёй вуду – толькі рыбу. Яго лозунг: «Я ўсё зраблю для твайго шчасця пры ўмове, што ты застанешся няшчасным». (Напрыклад, бацькі-пенсіянеры, найчасцей маці, ці жонка становяцца «спонсарамі» для беспрацоўнага сына ці мужа – гультая і алкаголіка.) Лозунг Тырана: «Праўда на маім баку, і я гэта дакажу!». Тыран шукае «ахвярных казлоў» – тых, каго можно абвінаваціць у сваіх няўдачах. Ён не спрабуе прыстасавацца да абставін або мяняць сябе – ён чакае, што іншыя людзі будуць мяняць свае паводзіны, характар.  (Напрыклад, нудны выкладчык, замест таго каб зрабіць свае лекцыі і семінары цікавымі, помсціць студэнтам, якія не наведваюць яго заняткі.)
Такім чынам, на самой справе Ахвяра не так бездапаможна, як сябе адчувае, Ратаўнік не імкнецца дапамагчы, Тыран не мае абгрунтаваных прэтэнзій.

Ахвяра стварае адносіны толькі з Тыранамі і Ратаўнікамі. Ахвяра час ад часу імкнецца зведаць пачуццё ўласнай непаўнацэннасці. Таму яна шукае Тырана – таго, хто зняважыць яе. У іншых выпадках Ахвяра шукае Ратаўніка, каторы дапаможа ёй і пацвердзіць яе перакананне «Я не магу сам(а) справіцца са сваімі праблемамі». Адносіны з псіхалагічна гарманічнымі людзьмі ў Ахвяры не складваюцца.    
Галя падабалася многім, не толькі Сяргею: («Чырвоная хусцінка з вышытымі над ілбом пшанічнымі каласамі <…> была ў сірочай красе тым нечым вельмі важным, вельмі ўдала знойдзеным, з-за чаго вар'яцелі бадай усе гаросіцкія дзецюкі»), але выбрала Мiколу, які не падыходзіў ёй па сацыяльным статусе – у адрозненне ад Сяргея-сіраты. Зразумела, гэта быў неўсвядомлены выбар. На першы погляд здаецца, што Галя пайшла за Мiколу вымушана: ён яе амаль згвалціў («Першы раз ён узяў яе ледзь што не сілай»), яна зацяжарыла і ў шлюбе з крыўдзіцелем шукала «паратунку ад ганьбы». Але, на маю думку, з боку Галі была неўсвядомленая правакацыя і дазвол на блізкія адносіны. І хутчэй за ўсё, Мікола быў упэўнены, што ўсё адбылося па ўзаемнай згодзе. 
Чаму Ахвяра не ўмее будаваць адэкватныя адносіны? Таму што яна – нявольнік пачуцця ўласнай непаўнацэннасці і сіндрома вывучанай бездапаможнасці.

Ахвяра сваімі паводзінамі правакуе іншых людзей на парушэнне яе правоў. Пасля арышту Сяргея Галя кожны вечар бачылася з Міколам. Ён «налазіў – штовечар, то больш» – паводзіў сябе як агрэсар, Тыран. Галя ніяк не процідзейнічала, не шукала дапамогі ў іншых людзей. (У Ахвяр круг сацыяльных кантактаў і адносін вельмі вузкі – няма сяброў, блізкіх людзей, ад якіх можна атрымаць дапамогу.) Галя заставалася пасіўнай (пасіўны тып віктымных паводзінаў: Ахвяра бяздзейнічае, не аказвае супраціўлення Тырану) і неўсвядомлена правакавала Міколу на больш агрэсіўныя паводзіны. Цікава, што спачатку Мікола прымерваў на сябе і ролю Ахвяры: «плакаў і страшыў, што кончыць, зарэжа і яе, і сябе». Мне бачыцца, што такім чынам Мікола дазваляў Галі выбіраць, кім ёй быць – Ахвярай ці Ратаўніком. Роля Ратаўніка не прывабіла Галю – яна хацела быць менавіта Ахвярай, таму Міколу засталася роля Тырана.

Ахвяра баіцца Тыранаў і пагарджае Ратаўнікамі. Пасля таго як Галя зацяжарыла і Мікола прапанаваў ёй шлюб, ён ператварыўся ў Ратаўніка. Ці крыўдзіў Мікола сваю жонку? Мне здаецца, не крыўдзіў. Гэта значыць, што Мікола больш не быў Тыранам. Так, ён нават не вылаяўся, калі зразумеў, што Галя не выкінула з сэрца Сяргея: «– Не плач, ідзі лажыся, чаго ты... – гудзеў Хамёнак з-пад коўдры. – Ты думаеш, што мне яе не шкада. Такая, ліха ім, кабыліца!..
– Пайшоў ты к чорту! – сказала яна і палезла на печ.
Хамёнак маўчаў нядоўга.
– Ага-а! – пачуўся ў цемры яго зларадны голас. – Дык ты па ім, па гэтым шыбеніку! Ну, паглядзім!..»
Верагодна, Мікола абараняў Галю ад нападкаў свайго бацькі – быў Ратаўніком. Таму яе страх саступіў пагарджэнню («Не трэба ёй пакуль што бачыць маіх слёз, не трэба ведаць, што думаю я пра таго, хто стаў на гора наша бацькам яе, а маім мужам...», «Яна не хацела выходзіць з кутка. Хацелася нават шпурнуць іх, гэтыя знарок ірваныя валёнкі, у гэтую рыжую, знарок запушчаную бараду. Хацелася проста заплакаць ад крыўды і сораму...»). 

Ахвярамі становяцца дзеці-ізгоі. Ролю Ахвяры людзі найчасцей прымяраюць на сябе ў дзяцінстве. Галя не выключэнне: «На пашы дзеці лаялі яе брыдкім і бязлітасным словам – байстручка». Галя прывыкла адчуваць сябе ізгоем, у яе было недастатковае пачуццё самагоднасці, таму яна згадзілася на сацыяльны мезальянс – і стала ізгоем у сям’і мужа: «Галя была для Данькі не сямейнік, яна толькі замяніла наймічку. Колькі яна ні працуй – усё гэта будзе не тое. Ніколі ёй не адрабіць за крыўду, за абразу, за ўрон, нанесены Данькавай гаспадарцы».

Ахвяра церпіць псіхалагічнае насілле: грубасць, здзекі, абразы. Свёкар з першых дзен пагарджае Галей: «На Данькаў хутар яна прыйшла яшчэ з дзявочым выглядам. Калі ж маладзіцы ўжо нельга было больш схаваць таго, што стала прыкметным раней, чым у хаце чакалі, – у свёкравым вечным зудзенні толькі і чуваць было: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца...» Марылі яшчэ горш – яна пакутуе ад зневажання і здзекаў і мужа, і яго бацькоў:  «Звялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер <…> А сынок – яшчэ горшы. Воза сена не мог накласці, няўдаліца, і ўсё злаваўся. А хто ж заўсёды першы пад рукой, як не жонка? І ёй даводзілася часта. Як толькі пажаніліся, дык і набіць яе не мог, пакуль не навучыўся», «Грызня, пабоі, беспрасветная праца... Дома нават з куксай работніцай была, там жа таўкачом празвалі. Пераступі – кепска, недаступі – яшчэ горш! А пасля ж яшчэ старыя схамянуліся, што мала іх Ванечка пасагу ўзяў... Тады пайшло яшчэ горш».  
Псіхалагічнае насілле паступова становіцца больш інтэнсіўным і паўтараецца ўсё часцей.

Ахвяры ўласціва пачуццё ўнутранага бяссілля. Ахвяры не дзейнічаюць, а толькі спадзяюцца, што ў іх інтарэсах будуць дзейнічаць іншыя людзі. Так, Галя нічого не робіць дзеля таго, каб сустрэцца з Сяргеем і вызначыць, ці ёсць у іх агульная будучыня. Аб’ектыўных перашкод няма: абрыдлы муж у турме, свёкар і свякроў памерлі, Сяргей нежанаты, сама Галя яшчэ маладая, здаровая – безумоўна, яна можа здабыць шчасце ў другім замужжы. Але Галя склала рукі і пакорліва чакае ініцыятывы ад Сяргея: «Цяпер вось стой (Неўсвядомлены загад: не дзейнічай, заставайся пасіўнай!) ды слухай, як за пшаніцай <…> гудзе яго вясёлы працавіты трактар. Думай пра першую радасць сваю, крычы, звар'яцей ды крычы, каб успомніў цябе і прыйшоў», «Вось-вось зашалясціць пад яго ботамі росная трава, захрупае жвір каля прызбы, працягнецца да шыбы родная рука, застукае ціхенька ў шкло і – кончыцца ўсё, што было... Ідзі, ідзі, я чакаю даўно... ой, даўно!»
Марыля дала згоду на шлюб з нямілым Іванам у стане псіхалагічнай непрытомнасці: яна нічога не разумела, не бачыла, не чула. А потым ціха скардзілася, што ніхто не перасцярог яе – інакш кажучы, не знайшоўся Ратаўнік: «І ліха ж яе падагнала выйсці за гэтага Івана! (Маёй адказнасці ў гэтым няма.) <…> Паслухаць было, што казалі аб ім людзі, але нейкі туман найшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. <…> Іван не спадабаўся ёй адразу. (Я не давяраю сваёй інтуіцыі.) <…> Прыйшлося, аднак, пагадзіцца, бо цяжка было спадзявацца на лепшага. <…> Марыля не чула, не разумела нічога. <…> І чаму ёй не ведаць было ў пору пра Івана, чаму не знайшоўся добры чалавек ды не сказаў ёй гэтага, чаму яе самую асляпіла?..» Галя разважае падобным чынам: «Заступіцца не было каму».  
Такім чынам, Ахвяры перакладаюць адказнасць за сваё жыццё на іншых людзей – Тыранаў і Ратаўнікоў.

Пошукі Ратаўніка. Ахвяра шукае Ратаўніка, таму што жадае ўпэўніцца ў тым, што яна не здольна вырашаць свае праблемы самастойна, без дапамогі іншых людзей.
Галя адначасова і спадзяецца, што яе Ратаўніком стане Сяргей, і нутром чуе, што ён наўрад калі-небудзь ўключыцца ў прапанаваную ёю псіхалагічную гульню. Таму яна пазбягае сустрэчы з Сяргеем, хаваецца ад яго: «Нехта ідзе па дарозе... Божа мой – ён!.. Галя хацела рвануцца, пабегчы туды, але спынілася – глядзіць... Сярожа ідзе без шапкі, у сінім расхрыстаным на грудзях камбінезоне – такі самы, якім яна нібыта бачыла яго праз акно. «Не, ён не ўбачыць мяне!.. Не, не цяпер!..» (А калі?) Яна сышла са сцежкі ў пшаніцу». Гераіне патрэбен Сяргей-Ратаўнік, які існуе толькі ў яе марах. Рэальны Сяргей яе не цікавіць.
Чаму рэальны Сяргей не падыходзіць на ролю Ратаўніка? У трохвугольнік Карпмана не трапляюць псіхалагічна гарманічныя людзі, якія:
• добра адносяцца і да сябе, і да іншых людзей;

• паважаюць права выбару іншых людзей;

• атрымліваюць задавальненне ад працэсу працы;
• умеюць радавацца жыццю. 

• адчуваюць сябе адказнымі за сваё жыццё і заўсёды шукаюць выйсце з праблемных сітуацый;

Сяргей, на маю думку, з іх ліку. Так, ён жыве па прынцыпе псіхалагічна здаровых людей: «Падумаў – вырашы, вырашыў – дзейнічай». Ведае, чаго ён хоча і як гэта атрымаць, і не чакае спрыяльных абставін, а дзейнічае ў сваіх інтарэсах («…ён падышоў да Галі. Проста і спрытна, як ён рабіў усё, Сярожа пакланіўся»). Сяргей не дакарае Галю, не помсціць ёй і Хамёнку (не стаў Тыранам), не шукае сустрэч з гераіняй, але і не пазбягае яе, таму што паважае выбар Галі і працягвае добра адносіцца да яе. Ён не адчувае сябе абражаным, таму што добра адносіцца да сябе і, верагодна, упэўнены, што рана ці позна знойдзе шчасце з кім-небудзь іншым. 
У Галі ёсць другі кандыдат на ролю Ратаўніка – старшыня калгаса. Яна даўно ў думках вядзе з ім размову (у адрозненне ад Сяргея, які робіць усё «проста і спрытна»): «Іван Сцяпанавіч! Дзядзька Іван! Памажыце мне, дзядзька!» (Галя вельмі эмацыянальна запрашае субяседніка стаць яе Ратаўніком. Але яна не спяшаецца тлумачыць, якой дапамогі чакае, а робіць паўзу, каб «рыба» праглынула прынаду.)
Галіны вусны шэпчуць гэта, як даўно завучаныя словы. (Асацыяцыя з актрысай, якая рыхтуецца да спектаклю і паўтарае сваю ролю.) І дзядзька Іван, разумны Іван Сцяпанавіч, той самы Іван Чарнагрэбень <…> глядзіць на Галю з-пад густых, ужо як быццам з сівізной брывей.

«Што ты хочаш, Галіна?»
«Дзядзька Іван, я не хачу там жыць, вазьміце вы мяне назад у нашу вёску. (Галя не гаворыць аб тым, чаго яна хоча, таму што не ўсведамляе сваіх сапраўдных жаданняў, галоўнае з якіх – заставацца Ахвярай. Галя адразу папярэджвае субяседніка, што яна – Ахвяра, а яму адводзіцца роля Ратаўніка: «Я сама нічога не магу зрабіць дзеля свайго шчасця. Уся надзея толькі на вас!») Зрабіце мне хатку, і мы з Антосем адробім, за ўсенька адробім. Здыміце з мяне яго прозвішча, дзядзька Іван. То ж вы і самі ведаеце ўсё – хто ён, хто я і хто мае дзеці...» (Каб абудзіць у субяседніка жаданне ратаваць яе, «няшчасную» Ахвяру, Галя ўзносіць яго і ганьбіць мужа. Яна выкарыстоўвае дзеясловы ў форме загаднага ладу: вазьміце, зрабіце, здыміце. Гэта робіць яе просьбы вельмі агрэсіўнымі. Па сутнасці, гэта загрыміраваныя пад просьбы загады.)
«Не плач, Галіна, не трэба. Уладзім». (Галя «ведае», якім будзе адказ, таму што не чакае адмовы, яна амаль упэўнена, што Іван Сцяпанавіч згадзіцца быць яе Ратаўніком.)
Як магла б гучаць просьба аб дапамозе, калі б Галя на самой справе імкнулася вырашыць свае праблемы: «Іван Сцяпанавіч, я хачу развесціся з мужам і вярнуць дзявочае прозвішча. Таксама я хачу разам з дзецьмі зноў жыць у вёсцы. Калі ласка, дапамажыце мне займець хату». (Мінімум эмоцый, кароткая і канкрэтная просьба.)
Такім чынам, Галя не збіраецца прасіць аб дапамозе. Яе сапраўдная мэта – прымусіць старшыню калгаса ўключыцца ў псіхалагічную гульню. Судзячы па тым, што Галя ў думках дэталёва распісала свае і яго рэплікі, на Івана Сцяпанавіча як Ратаўніка яна спадзяецца больш, чым на Сяргея.
***
Марыля роллю Ратаўніка надзяліла сваё дзіця. Спачатку яна спадзявалася, што сямейнікі зменяць гнеў на ласку, калі яна панясе. Гэтага не адбылося: «На другім годзе пачалася Марыля першым дзіцем. Але і гэта не ратавала яе ад здзеку». Мне здаецца вельмі важным і не выпадковым гэтае «не ратавала». Яно дазваляе дазнацца аб неўсвядомленых спадзяваннях Марылі. (Параўнайце з на першы погляд аналагічнымі по сэнсе сказамі: «Але здзекі не спыніліся», «Але сямейнікі працягвалі здзекавацца з яе».) Калі Марыля ўрэшце зразумела, што літасці ад блізкіх не дачакацца, смерць пачала здавацца ёй адзіным выйсцем. З гэтай прычыны яна не бераглася на апошніх месяцах цяжарнасці. Яшчэ я мяркую, што Марыля вельмі крыўдзілася на сваё яшчэ не народжанае дзіця – і таму не «дазволіла» яму пабачыць свет. Калі б гэтай крыўды не было, Марыля б пайшла з жыцця адна, без дзіцяці.   

Доля дзяцей. Галя нарадзіла дзяцей ад Хамёнка, якога не кахала і не паважала. Я лічу, што гэта сапраўднае злачынства. Сын з’явіўся на свет у выніку амаль што гвалту: «Першы раз ён узяў яе ледзь што не сілай. Адразу свет завязаў, заставалася толькі плакаць і моўчкі ісці за ім, у ім шукаць паратунку ад ганьбы». Калі высветлілася, што Галя зацяжарыла да шлюбу, свёкар узлаваўся і з таго часу лаяў Галю крыўднымі словамі: «Байстручка, жабрачка, няўдаліца...» Роды былі цяжкія («пасля цяжкіх родаў, ляжала цэлы тыдзень у ложку»). Я ўпэўнена, што ўсё гэта не магло не адбіцца на адносінах Галі да сына. У тым, як гераіня думае аб Антосі («Харошы хлопец, жывы, працавіты. Добра, што цягне яго да людзей»), адчуваецца эмацыянальная стрыманасць, цёплая абыякавасць. Замест пачуццяў – ацэнка. Такое ўражанне, што Галя распавядае не аб сыне, а аб кімсьці чужым. Не выпадкова ў апавяданні Антось ніяк не ўзаемадзейнічае з маці, застаецца за кадрам. На мой погляд, гэта тлумачыцца тым, што Галя не мае цеплага эмацыянальнага кантакта з сынам.
Галінай дачцэ пашанцавала больш, але толькі на першы погляд. «Галя вельмі любіць Сонечку» (апісанне пачуцця) і ў той жа час лічыць, што яе бацька «баязлівец, злосны, плюгавы, шкодны чалавек». Гэта здаецца мне неверагодным – любоў да дзіцяці і пагарда, нянавісць да яго бацькі. Нянавісць да Хамёнка перапаўняе Галю, і яна ў думках адракаецца ад яго як ад мужа і ад бацькі дзяцей: «Ён ніколі не быў тваім бацькам, дачушка мая, не быў маім мужам. Ніколі!..» Для мяне гэта гучыць як забарона на любоў і удзячнасць да бацькі – натуральныя і, больш таго, неабходныя для дзіцяці пачуцці. Галя чакае не дачакаецца, калі Сонечцы можна будзе давесці, што яе бацька нягодны чалавек: «Вырасцеш, дочка, яшчэ трохі і тады зразумееш, тады я скажу». (Неўсвядомленае жаданне Галі – зрабіць дачку сваёй саюзніцай.) Я ўпэўнена, што Соня, якая нават не памятае бацьку, беспярэчна згадзіцца з маці. Так, Галя яшчэ хавае ад дачкі сваю нянавісць да Хамёнка, лічачы, што час для сур’ёзнай размовы не прыйшоў, а Соня ўжо сумняваецца, ці харошы яе бацька: «Мамка, а тата харошы?» Нягледзячы на тое што маці адказала: «Харошы, харошы…», Сонечку ахапіла моцная трывога. Яна адчула, што маці на самой справе так не лічыць. Прывычны свет, дзе добрую Соню акружалі добрая маці, добры брат, дзесьці быў добры бацька, які «хутка прыедзе», пачаў абрушвацца. Толькі наступнай раніцай дзяўчынка асмельваецца ацаніць маштабы катастрофы і робіць гэта вельмі асцярожна. Так, яна не задае пытанняў, а чакае рэакцыі маці на свае сцвярджэнні: «Антось наш вялікі. Ён у нас, мамка, харошы», «І я харошая, мамка. Я цябе слухаю» (Я харошая, калі выконваю чужыя просьбы і загады.), «Ты харошая, мамка мая!»       
Чаму Галя любіць дачку? Я думаю, прычыны дзве: аднаполасць і знешнее падабенства: «Галя глядзіць на Сонечку сваю, як у люстэрка. Такою, мусіць, толькі такою была яна сама калісьці, – з вялікімі вачыма, чорненькая шчабятушка...» Галя марыць аб лепшай долі для Сонечкі: «доля твая будзе не такой, як у мамы». (Вельмі важная дэталь: у Галі няма вобраза шчаслівай долі.) Але, хутчэй за ўсё, Соня таксама будзе не вельмі шчаслівай. Чаму? Па-першае, Галя, знаходзячыся ў сцэнарыі Ахвяры, дэманструе дачцэ нездаровую – маніпулятыўную мадэль паводзінаў з людзьмі. І верагоднасць, што Соня таксама будзе паводзіць сябе як Ахвяра, вельмі вялікая. Па-другое, Галя фарміруе негатыўны вобраз бацькі – галоўнага мужчыны для кожнай дзяўчынкі, будучай жанчыны. Больш таго, гераіня імкнецца выкрэсліць яго са свайго і Сонінага жыцця («Ён ніколі не быў тваім бацькам, дачушка мая, не быў маім мужам. Ніколі!..»). У будучым гэта можа адгукнуцца тым, што Соня не будзе адчуваць сябе прывабнай жанчынай (як прыгожая Галя, якая не ведала свайго бацьку)  і сутыкнецца з цяжкасцямі пры стварэнні сям’і: яе будзе цягнуць да Тыранаў і Ратаўнікоў.
Такім чынам, прагноз для Антося і Соні неспрыяльны. Шчаслівыя дзеці вырастаюць у шчаслівых бацькоў, таму што выхоўваюць не словы – учынкі. А дзеці Ахвяр, Тыранаў і Ратаўнікоў таксама трапляюць ў трохвугольнік лёсу.

ФОТА - АЛІНА АРЛОВА

 

Комментарии

Всего комментариев (6) Последнее сообщение
Тати аватар

Интересно)))) 

- аватар

Я тоже так думаю

garpun аватар

!!! Прочла с удовольствием!

- аватар

Спасибо! Я старалась

raisa0403che аватар

Получается, если бы Галя решила не быть Жертвой, то после ареста мужа ей нужно было с детишками заявиться к Сереже и сказать: "Принимай! Я всю жизнь любила тебя!"  Сережа такой обнимет, а Соне скажет: "Теперь я твой отец!" (Это вместо ужасных слов матери «Ён ніколі не быў тваім бацькам, дачушка мая...») А если Сережа па-барадулiнску ответит:"Мне цябе не стае. Тае"?

И по поводу диалога с Иваном. Это сейчас у нас домики всем желающим поработать в деревне раздают запросто. А во время действия произведения? Я не знаю, наглой показалась бы просьба Гали, если звучала бы не как мольба, а с минимумом эмоций, коротко и конкретно?..

Собиралась что-нибудь интересное малышке перечитать. "Жыў-быў вожык", например. А теперь и "Галю", после текста Ирины будут совершенно другие впечатления. Когда-то сочинение писала по цитате Лынькова о светлости образов Брыля на примере "Галi" и "Memento mori". А светлая ли Галя?

Спасибо, Ирина! Очень интересно, с мамой паразважаем над Вашим докладом, ведь "Галя" у нее в любимчиках.

Спасибо за интересные посты, Анна!

 

- аватар

Спасибо за то, что уделили время тексту

#
Система Orphus