Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Чытаем сваё. Класіка. Быкаў. Як гэта было.

Анна Северинец аватар

Па праўдзе казаць, з кожным разам праект даецца мне ўсё цяжэй. Школьныя турботы, вялікая сям'я, журналісцкія абавязкі, уласныя кніжкі, якія разрываюць знутры і патрабуюць выхаду, а галоўнае - бясконцыя сумневы, што гэта нарэшце камусьці патрэбна. Часам я шкадую, што выбрала ў якасці асноўнай аўдыторыі школьнікаў і студэнтаў-першакурснікаў: не ўсе прыходзяць матываванымі, не ўсіх атрымліваецца зацікавіць за тую невялічкую гадзіну, якую доўжыцца сустрэча. 

Але ж пасярод гэтага даволі цяжкога працэсу - падрыхтоўка, начытка матэрыялу, прэзентацыя, узгадненне усіх дэталяў з музеем, пошук экспертаў, складанне прэс-рэлізу, афіша, рэклама - ёсць адзін безумоўна прыгожы і шчаслівы момант. 

Гэта тая самая гадзіна, якую мы праводзім у музее Броўкі, вачыма нашай цудоўнай Аліны Арловай 

devochka_chitaet.jpg

deti.jpg

zal_2.jpgdochka.jpg

zal.jpg

Гэтым разам было даволі складана: літаратуразнаўства, няхай сабе і захапляльнае, усё ж такі праца, і праца інтэлектуальна цяжкая. 

Во, бачыце, наколькі: 

insayt.jpg

Нават наша стойкая Віка, якая стараецца бываць на нашых сустрэчах, крыху стамілася: 

 

 

tati_i_vika.jpg

Але з кожным разам усё шчаслівей і шўчаслівей мне бачыць нашых сталых слухачоў і чытачоў, з якімі мы цяпер можам сказаць запаветнае "а памятаеце" - і разам успомніць агульнае і важнае

tati.jpg

nasha_tetya.jpg

Пабачыць новые вочы, у якіх я буду бачыць, што нішто не дарэмна

raznye_lica_deti.jpg

І адчуць, хаця б на гадзіну, сябе сярод тых самых аднадумцаў, дзеля якіх усё гэта робіцца.

Нажаль, сёння я абмежаваная часам, каб выкласці коратка змест нашай сустрэчы, таму для зацікаўленых змяшчаю ніжэй тэкст артыкулу, з якога, уласна, вырасла наша сустрэча ў пятніцу. Ён не вельмі лёгка чытаецца, але раптам каму спатрэбіцца.  

ya_stoyu.jpg

                                      Якой пары чакае бомба? (Васіль Быкаў. “Знак бяды”).

У школьнай традыцыі павялося вывучаць “Знак бяды” як аповесць пра гераічнае змаганне беларускіх сялян з фашыстамі і паліцаямі, як чарговае мастацкае даследаванне праблемы подзвіга і здрадніцтва. Да таго ж “Знак бяды” (ды й іншыя аповесці Васіля Быкава), нажаль, выкарыстоўваюцца школай як своеасаблівы “трэнажор”, на якім вучні ў добраахвотна-прымусовым парадку удасканальваюць майстэрства навешваць ярлыкі на персанажаў: гэты свой, гэты чужы, гэты герой, гэты здраднік. І вось ужо перад перад намі чарговы “беллітаўскі” твор пра сялян і пра вайну.
Але ж гэта зусім не так.
Дастаткова закрыць падручнік, адкласці зборнік кароткіх зместаў і  звярнуцца непасрэдна да  аўтарскага тэксту.
Перачытаем асобныя старонкі аповесці разам. Але ж пачнем – з канца.
Апошняя фраза аповесці “Знак бяды” – адзін з самых моцных фіналаў ва ўсёй беларускай літаратуры. “А бомба на ўзроўку чакала свае пары” – заканчвае Быкаў трагічны расповед пра лёс Яхімоўшчыны, і ў той самы момант звычайны, закрыты фінал аповесці становіцца адкрытым, бо варыянтаў далейшага развіцця падзей зашмат: ад “бомбу ніколі не знойдуць, і подзвіг Сцепаніды застанецца дарэмным” да “бомбу выверне трактар, які будзе араць пагорак у мірны час, і тады…” Апошні сказ “выкінуты” нават за межы кампазіцыі твору. І сапраўды: аповесць пачынаецца апісаннем згарэлага хутара, заканчваецца  – апошнім,  знішчальным пажарам, фабульнае кола замыкаецца.  Але з  чырвонага  радка пачынаецца зусім іншая гісторыя – гісторыя чакання бомбы, не менш напружаная і не менш драматычная, чым аповед пра Петрака і Сцепаніду.
Што гэта за зямля, у якой ляжыць бомба, гэты пагорак з сімвалічнай назвай “Галгофа”, дзе стаіць хутар Яхімоўшчына?
Месца ля дарогі, якога не мінае ніхто, каму ёсць патрэба некуды ехаць ці ісці, ані “рускія”, ані “немцы” (між іншым, аўтар ніколі не кажа пра савецкую армію “нашы”, бо “нашы” – гэта Пятрок, Сцепаніда, Фенька з Федзькам, усе ж остатнія, нават калі гэта добрыя людзі – чужыя, мінакі). Нішчымная, шэрая зямля, калупаць рыдлёўкай якую – адныя пакуты, зямля, якая ахвотна нараджае хіба толькі бульбу (аўтар падкрэслівае: бульбы і гаспадарам, і жывёліне хапае заўсёды) і лён (Сцепаніда нават мае грамату за збор ільну) – ці нічога не нагадвае вам Яхімоўшчына?
Не? Дадам дэталяў. Вось калодзеж з на дзіва смачнай вадой ля хутарской сядзібы – хутар нараджае чысцюткую ваду. Бульба, лён, вада… Яшчэ сімвал: на месцы спаленай Яхімоўшчыны, там, дзе была істопка, месца апошняга подзвігу Сцепаніды – вырастае агромністы куст шыпшыны (“О, Беларусь, мая шыпшына, зялёны ліст, чырвоны цвет” – класічны верш Уладзіміра Дубоўкі, напісаны ў 1925 годзе). 
А вось апошнія хвіліны жыцця Сцепаніды: “Сцепаніда ўпала нічком на старасвецкі земляны дол, утаптаны за вякі нагамі паноў, шляхты, парабкаў, нагамі Петрака, яе мужа, і яе дзяцей, і, задыхаючыся ад дымнага смуроду, глядзела на агонь” – хіба гэта пра зямлю аднаго толькі хутара?
Канешне, у вобразе Яхімоўшчыны ўвасабляецца сама Беларусь, шматпакутная, цярплівая, адчыненая ўсім вятрам і палаючая пры кожным гістарычным пажары.
Гаспадары хутара – Пятрок і Сцепаніда Багацькі. Выбар імёнаў невыпадковы (але ж мы памятаем пра падсвядомую прыроду творчасці – зразумела, мала хто з пісьменнікаў падчас працы звяртаецца да слоўніка ўласных імёнаў).
Пётр – імя з выразнай біблейскай гісторыяй. “І Я кажу табе: ты Пётр, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе” (Мацея, 16:18). Згадаем, як стасуецца гэтая цытата з Евангелля з тэкстам аповесці: мы памятаем дзве ліпы, якія растуць нібы брамы на ўваходзе на хутар, памятаем апошняе смяротнае вогнішча, пекла, якім сталася жыццё Яўхімоўшчыны…  Але ж не адолелі пякельныя брамы Петрака: мы нават не ведаем, як ён памёр, не маем тэкставых сцвержанняў ягонай смерці. Аўтар толькі кажа: “І з таго часу згінуў Пятрок…”, будуючы сказ у інверсіўнай, біблейскай традыцыі і не раскрываючы для чытачоў чалавечых падрабязнасцяў узнясення Пятра Багацькі. Так, ён – Пётр, не адолены пякельнымі брамамі.
Але ж не магутны, самавіты Пётр, а – Пятрок, Петрачок, невялікі каменьчык у шэрай глебе яхімовіцкай Галгофы… Што збудуеш на такім няўдалым камяні, які храм? Быў зрабіў Пятрок свой уласны крыж – але і той павалілі.
Сцепаніда - жаночы варыянт імені Сцяпан, якое наследуе семантыку грэцкага Стэфан (stephanos), што азначае“вянок”, ці – “вянец”. Якая глыбокая сімволіка: жанчына, упрыгожаная вянком, прыгажуня, жонка, маці – і яна ж пакутніца ў вянцы. Сцепанідзін вянок – з ільну, яе вянец – з шыпшыны.
Нездарма у першым апісанні згарэлага хутара аўтар адзначае: час пакінуў ад хутара толькі дзве гранітныя прыступкі ля былога ўваходу (камень) і куст шыпшыны (вянец). Яны так і засталіся гаспадарамі хутара: Пятрок і Сцепаніда.
Вобраз Яхімоўшчыны і яе гаспадароў наскрозь сімвалічны: мы бачым перад сабою нешчаслівую зямлю, цяжкую гаспадарку і гатовых да пакутлівых вянцоў, але ўчэпістых людзей, якія нават пасля пякельных пажараў застаюцца тут – падмуркам, кустом, бомбай…
Адновім з тэксту аповесці штрыхі да партрэту Беларусі, якая ўвасоблена ў вобразе Яхімоўшчыны і Слабадскіх Выселак (ці не горкая іронія хаваецца ў гэтай назве, своеасаблівым парафразе “северо-западного края”?)
Пачатак века. Шляхта, няхай і не заможная, згасаючая, але ж – ганарлівая і высакародная, гісторыя яе панавання і смерці ўвасоблена ў вобразе Адольфа Яхімоўскага. Сцепаніда кліча яго “пан Адоля”, дадаючы да іншаземнага імені шляхціца простае, нашае слова “доля” (Адольф, дарэчы, з германскага – “высакародны воўк”, і мне бачыцца тут сувязь з нашымі знакамітымі ваўкалакамі). Адоля Яхімоўскі аддае свой хутар новай уладзе без барацьбы і без енку (ці не так аддадуць свой дом  немцам Пятрок і Сцепаніда?), але ж унутрана не скараецца (як і потым – Багацькі). Якое выйсце ў абрабаванага Яхімоўскага? Ён бачыць толькі адно. І гэта першае самагубства аповесці.
Новая ўлада. У аповесці яна прыходзіць не звонку – тутэйшыя хлопцы і мужыкі ўсталёўваюць уласнымі рукамі. І нельга сказаць, каб улада была цалкам дрэннай: Пятрок і Сцепаніда атрымліваюць магчымасць гаспадарыць на сваёй зямлі, Сцепаніда бегае на ўрокі, а недзе за лесам у кагосьці нават атрымліваецца калгаснае жыццё. І бяда разам з новай уладай прыходзіць не звонку, ад нейкіх міфічных бальшавікоў, а зноў жа, ад сваіх – ад выгадаванага ў вёсцы Патапа Каландзёнка, ад пакрыўджанага калгасным гвалтам Гужа. А нехта робіць бяду уласнымі рукамі, не падумаўшы, як Вася Ганчарык.  Менавіта ягоная, паднятая падчас драматычнага галасавання рука ў выніку запускае праграму самазнішчэння: размелены паміж жорнамі кахання і абавязку Вася Ганчарык – другое самагубства аповесці.
Вайна. Навала, супраць якой людзі – нішто. У Петрака і Сцепаніды выйсця няма. Як бы яны не паставілі сябе, такія, якія яны ёсць – яны не здольныя выжыць. Паліцай Гуж, які ведае хутарскіх з дзяцінства, усведамляе гэта лепш за іншых, і з першага свайго з’яўлення на старонках аповесці кажа Багацькам: “Пяньковай пятлі дачакаешся!” І зноў аўтар падкрэслівае: так, немцы – ворагі, але і Пятрок, і Сцепаніда бездапаможныя перш за ўсё перад сваімі, і гінуць, не скараючыся менавіта сваім. І апошняе гераічнае супрацьстаянне Петрака, і пажар Сцепаніды – таксама, калі называць рэчы сваімі іменамі,  самагубствы.
Смерць, дабравольна абраная героямі – адзіны годны выбар, што ёсць у людзей, якія не жадаюць сдраджваць сабе.
Што застанецца ад іх на зямлі?
А, здаецца, нічога. У аповесці – агульная трагедыя з дзецьмі. Сыны пана Адолі – невядома дзе. Фенька і Федзька зніклі недзе – жывыя ці не? Янку Ганчарыка забіваюць немцы. Добрыя дзеткі нарадзіліся б у Анюты Багацькі і Васі Ганчарыка – ды дзе там.
Гаспадарка Петрака і Сцепаніды абрабаваная ўшчэнт: ані кароўкі, ані парсючка, ні курэй, нічога, у зямлі таксама пуста – восень, ні леташняга ўраджаю, ні насення на будучы год. Пасля пажару Яхімоўшчына цалкам знікае  – гэта ўжо метафізічнае самазабойства цэлага сусвету. “Час і людзі не шмат чаго пакінулі ад колішняй хутарской сядзібы, рэшткі якой спакваля праглынула зямля і развеяў вецер” – успомнім словы, якімі пачынаецца аповесць.
Толькі Галгофа, шэры, неўрадлівы пагорак, здольны хіба на лён і бульбу, толькі шыпшына, толькі маладзенькая ліпка – парастак ад той ліпы, якую аўтар напачатку называе “знакам бяды”. Вінтоўка, якую Сцепаніда калісь утуліла ў калодзеж. І бомба, надзейна схаваная ў зямлі.
“Гэта ўжо быў канец, і яна не ў лад са сваім станам падумала: чаму ж яе там, у яміне, не ўбачыў хто з бомбай? Хоць бы хто-небудзь з тутэйшых - які пастушок, малец, жанчынка, каб запомнілі месца, пакінулі знак у памяці. Бо інакш, калі не адкапаюць гэтыя, задарма прападзе яе клопат і спрахне без толку сіла, на якую яна спадзявалася”.
«Здаецца, загарэліся і рукавы на локцях, якімі яна затуляла твар і думала: а можа, і добра, што яе ніхто не пабачыў, ні добры, ні злы чалавек, і ніхто нічога не ўведае. Добрым людзям і не трэба, а гэтыя хай шалеюць. Хай думаюць - дзе? І не спяць ні ўдзень ні ўначы - баяцца да скону». Гэтая думка прынесла маленькае супакаенне і была астатнім пробліскам яе спакутнелай свядомасці перад апошнім забыццём, з якога яна ўжо не ачнулася”.
Напэўна, трэба ўсё ж такі перакласці і назву Яхімоўшчыны, бо мы ўжо ведаем, што выпадковых імёнаў у аповесці няма. Зерне сэнсу назвы скаладаюць два імёны: Яхім (Якім) і Яўхім. Яхім (Йехояким), з старажытнагабрэйскага – “стварэнне Яхве”, менавіта так звалі бацьку Дзевы Марыі, Яўхім (грэч. Эўфеміос) – перакладаецца як “святы, высакародны”. Святая зямля, наканаваная Богам – нашая Яхімоўшчына. Спаленая пажарамі зямля пад Знакам бяды. Адзіная. Якая ёсць.
Знакаў бяды ў аповесці шмат. Спаленая ліпа ля сядзібы, мёртвы жаўранак на толькі што атрыманым поле, крыж на пагорку, зламаная брычка, конь, які падзе ў першый год вольнага гаспадарання на зямлі… Напэўна, самае звыклае пачуццё для Петрака і Сцепаніды – пачуццё упэўненасці ў тым, што здарылася нешта дрэннае: “Усё ўзіраючыся, яна пайшла насустрач, ведаючы ўжо, што здарылася благое”, “Пасля, не ведаючы, што рабіць, але прадчуваючы кепскае, старанна зачыніў іх за сабой”, “Адчуўшы благое, яна подбегам кінулася да дзвярэй”  – тое пачуццё, якое ўзнікае ў кожнага, хто здольны заўважыць у наваколлі знакі бяды.  Гэтая гатовасць да бяды, да дрэннага, упэўненасць, что дурное абавязкова здарыцца, недавер да добрага – дамінантная рыса характару жыхароў Яхімоўшчыны. Яны не ў стане прадказаць добрае: так, чуласць і чалавечнасць Чарвякова абрынываецца на іх невытлумачальнай з’явай, якое нават яны не здольныя як след прыняць. Дапамога выпадковага госця для Петрака і Сцепаніды – не радасць, не знак даверу, а чарговы абавязак, які трэба выканаць, і, кіруючыся ў Менск, Пятрок з нішчымных сямейных запасаў бярэ і грошы для Чарвякова – вярнуць. Светаўспрыманне героеў аповесці сімвалічна адлюстраванае ў надвор’і, якое пануе на мастацкай прасторы твора: хмурае, шэрае, сырое .восеньскае. Калі-некалі выйдзе сонца – і той час знікае. Але ж людзі нават не чакаюць ніякага сонца: “Неба спрэс усцілалі хмары, сонца не паказвалася ад рання. Зрэшты, цяпер з яго не шмат і карысці, таго восеньскага сонца, хіба было б весялей, калі б яно на якую гадзіну выбавілася з-за хмар”.
Знакі бяды заўважае не толькі Пятрок, не толькі Сцепаніда. На іх скіраваны пільны позірк  аўтара. Чытаем на першай старонцы: “Вароны, магчыма, памяталі нешта, а можа, сваім птушыным інстынктам адчувалі ў гэтым знявечаным дрэве злую прыкмету няшчасця, знак даўняй бяды. Зрэшты, знак гэты ляжаў тут на ўсім: на скупых рэштках сядзібы, зарасніках дзядоўніку і крапівы, якія буйна раскашавалі ў спакоі, на самазадаволенай непрыступнасці калючай шыпшыны і нават мізэрнай, з пакручастым голлем дзічцы”. Але ж звярніце ўвагу: аўтар, у адрозненне ад сваіх герояў, мае надзею на добрае, бо ён бачыць, як на месцы старой ліпы, знака бяды, вырастае ліпка маладзенькая, знак надзеі: “І толькі маладая тоненькая ліпка, што зусім нядаўна выкінула да сонца лічаныя свае лісточкі, у сваёй безабароннай адвазе здавалася госцяй з іншага свету, увасабленнем надзеі і другога, інакшага, жыцця”. Так Пятрок і Сцепаніда ў сваіх успамінах пра дзяцей заўжды чакаюць благога: мо, Фенька загінула, мо, Федзька загінуў. Аўтар не дае ім рады: дзеці Багацькаў не загінулі, мы нічога не ведаем пра іх лёс. Што перашкаджае нам спадзявацца на добрае?
Петраку і Сцепанідзе перашкаджае драматычны жыццёвы досвед, які неабвяржальна сведчыць: будзе горш. Ніводнага паварота на жыццёвым шляху не было, каб за ім не чакала злыбяда. Нам перашкаджае генетычная памяць – як тыя вароны над апаленай ліпай, мы “памятаем нешта”. Мы не ведаем, але адчуваем смяротную важкасць хвастатай бомбы, якая ляжыць ў нашай зямлі.
Сімвалічны змест быкаўскай аповесці – гэта не адказ на пытанні і не пошук выйсця. Гэта экзістэнцыяльнае адчуванне радзімы як зямлі пад знакам бяды. Мы самі зрабілі яе менавіта такой – і не таму, што жадалі благога, а таму, што не бачылі добрага.
Калі  я запісвала вучням на дошцы дамашняе заданне – Васіль Быкаў, “Знак бяды” – яны сумна запыталіся ў мяне: “А што, Быкаў – гэта апяць пра вайну?”
Не, гэта не толькі пра вайну. Гэтая аповесць – пра тое, чаму менавіта ў нас ушчэнт зруйнавана і да сёняшняга часу не адбудавана гістарычная спадчына. Пра тое, чаму менавіта мы баімся пераменаў, ад якіх чакаем толькі дрэннага. Пра тое, чаму часам самазнішчэнне падаецца нам адзіным выйсцем. Пра тое, што гэта мы не здольныя утрымаць побач сваіх дзяцей.
Менавіта гэтая бомба на беларускім пагорку чакае свае пары.

 

Фота - Аліна Арлова. 
 

Комментарии

Всего комментариев (3) Последнее сообщение
Тати аватар

Очень понравилась встреча. 

А теперь, когда я перечитала текст, хочется сказать вот еще что.

Анна, Вы настоящий педагог. Кстати, такой у меня был учитель белорусской литературы.

Текст, приведенный здесь, очень тяжело читается. Может быть дело в белорусском языке, может в содержании, когда мыслей много, выводов много, может быть, что книгу читала давным-давно...

А вот на встрече этот же самый текст воспринимался очень легко. Очень нравится манера преподавания. Вопрос, пауза, во время которой перебираешь в голове разные варианты ответа, затягивание интриги, дальше видение ответа. Следующий вопрос... Идет ощущение диалога. Плюс горящие глаза во время вопроса, и эта увлеченность затягивает полностью. Умение управлять и процессом, и аудиторией.

Честно скажу, шла на встречу абсолютно уставшая, после трудовой недели, а на встрече просто ожила))))

А вот для детей может и тяжела еще информация для восприятия. Но ИМХО все равно она где-то остается, не обязательно в полной мере. В любом случае это здорово и полезно.

 

А еще мне так фото Алины всегда нравятся)))))) Особенно я себе здесь))))) 

Нежность аватар

Мне тоже очень нравятся фото этих встреч 

Нежность аватар

Дзякуй Вам вялiкi! Прачытала - праглынула, думак шмат, але ж у iх праяснела.
Можа паметаеце, як Альваро неяк заўважыў гэты парадокс: мы не беражэм нашае багацце, як быццам каб яно не дасталася нiкому...

#
Система Orphus