Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Чытаем сваё. Знаёмцеся: паэт. Віктар Жыбуль

Анна Северинец аватар

А сёння мне б хацелася пазнаёміць вас з адным беларускім паэтам. Я дык памятаю яго яшчэ са студэнцкай маладосці: мы былі ўжо старыя філфакаўскія зубры, рыхтаваліся да выпуску, але ж чулі пагалоску: "Жыбуль... Жыбуль..." Ён вучыўся курса на тры пазней за нас, і лічыўся, канешне ж ,салагай, але чым далей, тым больш захаплення было ў гэтым нарастаючым гуле: "Жыбуль...Жыбуль..."

І ўжо калі мы, зубры, ішлі слухаць нейкага там салагу - гэта, я вам скажу, задорага каштавала. 

zhybul_1.jpg

Віктара Жыбуля трэба браць з сабой кожнаму настаўніку на першы ўрок па беларускай літаратуры - бо менавіта ён дасць слухачам найлепшую прышчэпку ад будучай сур'ёзнасці і драматычнасці школьнага белліту. 

Вось. напрыклад, ягоны верш, які б'е рэкорды папулярнасці ў сацыяльных сетках: 

СЕРЫЙНЫ САМАЗАБОЙЦА

Ува мне памёр батанік.
А ў дзяцінстве меў я талент
разглядаць праз шкельца траўку,
што буяла пад акном.
Пасадзіў я ў лесе кактус
неяк лютаю зімою,
а вясною глянуў – пуста.
Мабыць, дрэнна паліваў.

Ува мне памёр заолаг,
а я так любіў жывёлак,
доўга маму я ўгаворваў,
каб купіла мне шчаня.
Толькі мама мне сказала:
“У шчанят бываюць блохі!”.
Я пакрыўдзіўся на маму
і заолагам не стаў.

Ува мне памёр геолаг.
Помню, я знайшоў каменьчык
і паклаў яго на рэйкі –
на трываласьць паспытаць.
Электрычка паляцела
пад адхон; былі ахвяры...
Абышоў я ўсё навокал,
а каменьчык не знайшоў.

Ува мне памёр электрык –
я купіў калісь ліхтарык,
а ліхтарык праваліўся
ў каналізацыйны люк.
Я хацеў дастаць ліхтарык,
ды за нешта зачапіўся
і таксама праваліўся.
Ну які з мяне электрык?

Ува мне сканаў механік,
вечным сном заснуў садоўнік,
у зямлю сышоў фатограф,
смерць прыняў парашутыст,
на той свет падаўся хімік,
загавеў душой дызайнер,
заплаціў жыццём філосаф,
паў навекі кулінар.

Ува мне спачыў прад’юсар
сімфанічнага аркестру,
дух спусціў дырэктар фірмы,
архітэктар дуба даў,
у труну зваліўся лекар,
лёг касцьмі артыст балету,
галаву паклаў палітык,
ногі працягнуў скрыпач.

Ува мне загнуўся муляр,
спруцянеў палеантолаг,
спрахнуў гастраэнтэролаг
і скапыціўся мастак,
акалеў музеязнаўца,
злёг мантажнік, здох пажарнік,
хакеіст канькі адкінуў,
ласты склеіў вадалаз!..

Як мне моташна вылазіць
з-пад завалу гэтых трупаў!
На мяне з нямым дакорам
вочы іхнія глядзяць.
Мяне торгае сумленне:
як далей мне жыць на свеце?
Колькі ж добрага народу
перагінула ўва мне!

А вось гэты верш я люблю пакуль што больш за іншыя - бо ў ім і гумару, і драмы як раз столькі, каб захапіцца - і не скрывіцца: 

МАФІЯ

Мы гуляемся ў мафію,

каб забыць пра Сусьветную Лажу.
Учора хаваўся ў шафе я,
сёньня – з шафы вылажу.

Ціха ноч падкрадаецца
коткай пароды корат.
Калі засынае горад –
мафія прачынаецца.

Цені паўзуць па сьцяне
звабныя, як парнаграфія.
Горад залёг у сьне,
толькі ня дрэмле мафія.

З-пад драпежніцкіх іклаў
сочна пырскае кроў.
Горад даўно ўжо звыклы
губляць сваіх жыхароў.

Хтосьці кагось не далічыцца,
хтосьці кагось не даклічацца,
але цябе і мяне
гэта пакуль не датычыцца.

Хочацца пакаўбасіцца –
толькі была б каўбаса!
Мафія ў горадзе пасьвіцца.
Дзейнічай, камісар!

Мы выпаўзаем вонкі
ў лапы Сусьветнай Лажы.
Рэшткі былой расчлянёнкі
склейваюцца ў калажы.

А вось яшчэ - коратка, але ж па сутнасці: 

НЭГАТЫЎНЫ ВОПЫТ
У народу попыт
на нэгатыўны вопыт –
падступаюць шэрагі
ў чэргі, ў чэргі, ў чэргі.
Хоць цана кусаецца –
людзі запасаюцца
нэгатыўным вопытам
у розьніцу і оптам.
Толькі некаторыя
мысьляць прымітыўна –
набываць ня хочуць
вопыт нэгатыўны.
Гэй, а ну давайце,
у чаргу ўставайце,
нэгатыўны вопыт
з намі набывайце!
Набывайце, людзі,
вопыт нэгатыўны!
Той, хто не набудзе,
будзе дэфэктыўны!
Зь неба вывяргаецца
Чорная Энэргія.
Хто яшчэ вагаецца?!
Крокам руш у чэргі!

Але ж чытаць вершы Віктара Жыбуля - гэта адно. Слухаць, як ён робіць гэта сам - зусім іншае. Ён быў адным з самых прыкметных менскіх перфомераў - таму ягоныя паэтычныя вечарыны заўсёды ператвараюцца ў спектаклі. Вось, напрыклад, так (і гэта разоў у дзесяць больш сціпла, чым не на камеру): 

Яшчэ крыху вершаў: 

РУІНЫ КРАІНЫ
ад аблокаў застануцца абломкі
ад аб’ектаў застануцца аб’едкі
ад аспэктаў застануцца аскепкі
ад прашпэктаў застануцца шкарпэткі
ад мяне застанецца не
ад цябе застанецца бе

ШЭРАЯ ВАЗА
адна шэрая-шэрая ваза
ўсё жыцьцё хацела разьбіцца
іншыя вазы не разумелі
навошта разьбівацца
калі жыцьцё такое цудоўнае
і аднойчы гэта здарылася
ваза грымнулася з шафы
і разьляцелася на сотню
каляровых аскепачкаў
вось так менавіта
сама шэрая а аскепачкі каляровыя
венік і шуфлік хацелі
ўсё гэта падмесьці
аднак
усе іншыя вазы
а зь імі рондалі міскі кубкі
бутэлькі відэльцы лыжкі сказалі
не прыбірайце аскепкі
зь імі жыцьцё такое цудоўнае! 

Тыя, хто прыходзіў на сустрэчы праекта "Чытаем сваё. Класіка" ведаюць Віктара Жыбуля з іншага боку. Там Віктар - сур'ёзны літаратуразнаўца, архівіст, рэдактар акадэмічных выданняў. Менавіта ён разам з калегамі ўкладаў і рыхтаваў да друку знакаміты двухтомнік Адама Бабарэкі, а зараз рэдагуе другі том выбраных твораў Уладзіміра Дубоўкі. Мае вучні, калі я запыталася ў іх, хто з гасцей праекта быў для іх самы цікавы, адразу адказалі: "Той дзядзька ў швэдары".

zhibul_vystupaet.jpg

І вось яшчэ верш - я яго адшукала ў Сеціве зусім нядаўна, але ж падзівілася, як сугучна напісанае маім думкам. А гэта ж і ёсць сапраўдная паэзія - калі яна здольная гучаць разам з табой. 

Адзін чалавек
ступіў на лесьвіцу
свайго разьвіцьця,
але спыніўся
на першай жа прыступцы.
Другі чалавек
падняўся трошкі вышэй,
але аступіўся
і кулём паляцеў уніз.
Трэці чалавек,
які трымаўся
за парэнчы мэтанакіраванасьці,
амаль дасягнуў жаданай вышыні,
хоць да найвышэйшай прыступкі
заставалася яшчэ шмат крокаў.
Так яно й працягвалася:
адзін стаяў унізе,
разгублена азіраючыся вакол,
другі непадалёку войкаў ад болю,
трымаючыся за пабіты бок,
трэці горда й велічна
глядзеў зьверху.
І ніхто з іх ня ведаў,
што ў гэтым дзівосным велічным будынку
ёсьць ліфт.

Комментарии

Всего комментариев (5) Последнее сообщение
Ирина Петрович аватар

Такая улыбка задорная у человека)))

Спасибо, Анна Константиновна, за наводку) Очень понравились эти стихи) буду читать)

Анна Северинец аватар

Как узнаю ,что Жибуль где-то выступает - свистну:) Его читать - это одно. Слушать - это что-то невероятное:) 

Ирина Петрович аватар

договорились 

Lapka аватар

Здорово

Анна Северинец аватар

#
Система Orphus