
Паэзія перастварае чалавека, асабліва пакуль ён малады.
І не толькі самога паэта, але і чытача.
Здараецца, што літаратурны твор альбо яго стваральнік узрушае настолькі, што жыццё перакульваецца.
Штосьці павінна зашкальваць у душы, каб напісаць тое, што мажліва будзе назваць паэзіяй.
То няхай зашкальвае толькі ад радасці, а перакульваецца выключна сонцамі.
* * *
Паэт - гэта той,
каго зразумеюць потым…
Са слоў блазна
У вышыні пустой
трывожна маім самотам.
Паэт – гэта той,
каго зразумеюць потым.
Паэзія – неспакой,
што шэпчаш нябёсам употай.
Паэт – гэта той,
каго зразумеюць потым.
Паэзія – вадапой:
для душаў сасьмяглых дотык.
Паэт – гэта той,
каго зразумеюць потым.
І голас душы парой
кіруе нябёс палётам.
Паэт – гэта той,
каго зразумеюць потым.
Валерыя Кустава