Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Аксамітавая Беларусь. Наша Вялікая Айчынная вайна

Калі я была маленькая, было прынята казаць:

«На Беларусі няма ніводнае сям’і, якую бы не закранула полымя той вайны».

І я пагаджалася: адзін мой дзед у чатырнадцать год быў вывезены у нямецкі канцлагер, другі — вярнуўся дамой без нагі, але з ордэнам. Але што такое іхняя асабістая вайна — я ніяк не магла даведацца, таму што ні дзед Жэня, ні дзед Павал анічоганькі не распавядалі. Нікому і ніколі.

Канешне, усiх паўлавых нашчадкаў страшэнна цiкавiла гiсторыя ордэна.

6462727.jpg

Але Павал Пятровiч не надта быў гаваркi наконт вайны наогул, i наконт ордэна ў прыватнасцi. Толькi з часам з нейкiх абрыўкаў размоў ды недасказаннасцяў за сяброўскiмi бяседамі з’явiлася, нарэшце, паданне пра ордэн. Паколькi першым, хто запiсаў i лiтаратурна апрацаваў гэтую гiсторыю, быў сын Паўла Кастусь, я прывожу паданне ў яго рэдакцыi:

«Тата мой не забiў нiводнага немца, ды вось парадокс: якраз, лiчы, за гэта атрымаў ордэн «Чырвоная Зорка» са штампiкам у пасведчаннi «Сапраўдна без фатаграфii» i факсiмiльным подпiсам «Сакратар Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР А.Горкiн».

А было, як запомнiлася з аповедаў, так.

…Падчас разведвальнай вылазкi з лейтэнантам, камандзiрам узводу, афiцэр i радавы Павал Севярынец мелiся накапаць бульбы на адным з гародаў толькi што адбiтай у гiтлераўцаў весачкi. Кухнi не паспявалi за iмклiвым наступленнем, а харчавацца i падсiлкоўвацца трэба было пастаянна.

Камузвода iшоў з аўтаматам i штык-нажом на рамянным трэнчыку, а баец-навабранец — з рыдлеўкай i вядзерцам. Не паспелi i бульбiну падняць, як з-за адной з хат пачулася стрэлянiна. Разведчыкi-бульбакопы залеглi ў баразну.

— Глянь ты, адзiн нейкi дурань затрымаўся, — ацанiў iмгненна абстаноўку лейтэнант. — Ен — адзiн, нас — двое. Вось табе, Паша, штык-нож, пракрадзешся з тылу i, пакуль я буду перастрэльвацца з фрыцам, прырэжаш гада.

— Ды я, таварыш лейтэнант, нават пеўню галаву не магу адсекчы, а тут жа чалавек, як-нiяк, - жахнуўся салдацiк.

— Па-першае, не чалавек, а фашыст. А па-другое, за невыкананне загаду па законах ваеннага часу… —  прывеў самыя пераканаўчыя аргументы камандзiр, у якога вайна забрала цi не ўсю радзiну, разам з жонкай i малымi дзеткамi…

Новаспечаны дыверсант выглянуў з-за хлева якраз у той момант, калi здаравенны, мо, пад два метра ростам (цi то ў страха вочы вялiзныя?) нямчурына мяняў ражок з патронамi. Зручны момант! Аднак, успрыгнуўшы на спiну працiўнiка, неспрактыкаваны салдацiк змог толькi шкрабануць вастрыем ляза наеты карак акупанта. Той вокаiмгненна скiнуў з сябе хударлявага чырвонаармейца i сцiснуў учэпiстымi пальцамi горла…

Калi небарака ачомаўся, накальны эпiзод Вялiкай Айчыннай быў вырашаны на карысць савецкога салдата: галава фрыца з пасмамi акрываўленых рудых валасоў валялася асобна ад тулава, а спрытны лейтэнант выцiраў штык-нож ад крывi аб траву…

На гэты раз навабранец страцiў прытомнасць ад жудаснага вiдовiшча…

А ў гiтлераўца былi з сабой, у палявой сумцы, важныя дакументы.

Камандаванне не паскупiлася на падзяку: абодва разведчыкi атрымалi па ордэну з рук камандзiра палка».

7738.jpg

У дзевятнадцать год дзед мой вярнуўся з вайны без правай нагi. Паколькi з дзьвума нагамi ен пражыў значна менш, чым з адной, у хуткiм часе ен неблага прызвычаiўся i выдатна выконваў розныя мужчынскiя абавязкi, так, што не кожны двуногi здолее.

Павал нарадзiў трох сыноў, уладкаваў бацькаву хату, раз-пораз ставiў платы то ад вулiцы, то пад гарой, то ля суседзяў, рабiў амаль усю цяжкую працу ў гiганцкiм агародзе, бiў кабанчыкаў, лiха кiраваў  лодкай, стоячы, нiбы гандальер, з вяслом на карме, а калi колькасць унукаў у хаце перабольшыла ўсе разумныя памеры, пабудаваў ля пограба спецыяльны дом, з вокнамi i дахам, падлогаю i дзвярыма, сапраўдны дом, дзе мы дурэлi як хацелi на працягу амаль дзесяцi год.

Толькi што не мог Павал на сваiм пратэзе хутка бегаць, i таму асаблiва прыткiя ўнукi ўдастойвалiся гонару быць прывязанымi за вяроўку ля калiткi, i дасягала тая вяроўка вядра вады на вярандзе ды горкi пяску ля шашы.

А калi было Паўлу крыху за шэсцьдзесят, здарыўся з iм iнсульт, якi паралюшаваў левы бок, той, дзе была ўцалелая нага. I атрымалася так, што дзейснай  засталася толькi правая рука.

З таго часу Павал пачаў жыць у калясцы. Ен даволi хутка навучыўся выязджаць на ей на вулiцу, пераадольваючы прыступкi i парожкi, кiруючы адной рукой, калоць дровы i перабiраць бясконцыя бабамарусiны гарбузы.

Аднак вольнага часу стала ў яго цяпер значна больш, i часцей за ўсе ён проста сядзеў у цяньку на вулiцы, чытаў газеты цi проста разважаў аб нечым. Кожны, хто iшоў па весцы паўз севярынцаву хату, абавязкова прыпыняўся ля Паўла пагаманіць. Таму ён шмат што ведаў i заўседы меў свой пункт гледжання.

Аднойчы па шашы, якая пранiзвае Унорыцу з канца ў канец, ехалi нямецкiя турысты ў велiзарным шыкоўным аўтобусе. Убачыўшы каля адной з хат старога ў iнвалiднай калясцы, яны адразу зразумелi, зважыўшы на ўзрост i асаблiвасці дзедавага позірку, на якой вайне ён пакiнуў здароўе.

Аўтобус спынiўся, з яго высыпалi ўсхваляваныя нямецкiя фраў i геры. Яны падбеглi да Паўла, нецярплiва падазвалi маладзенькага перакладчыка, якi подбегам наблiзiўся да ветэрана i пачаў перакладаць:

— Спадары турысты вельмi ўсхваляваныя. Яны просяць прабачэння ў вас за сваiх продкаў. Яны таксама праклiнаюць Гiтлера. Спадары турысты пытаюцца, цi можна вам чым-небудзь дапамагчы? Яны хацелi б пакiнуць вам грошы i адзенне, гуманiтарную дапамогу…

Дзед усмiхнуўся, агледзеў спадароў немцаў i сказаў:

— Не, не, нiчога не вазьму. Аднойчы вашыя мне ўжо дапамаглi. Болей ня трэба.

Дарэчы, баба мая Маруся яшчэ доўга шэптам лаялася на старога:

«Ты побач, якi горды адшукаўся! Усiх бы апранулi, абулi, унучыкам цукерак бы набралi, сынам мэблю б прыкупiлi, а ён, як заўседы, нiчога не трэба яму…»

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (5) Последнее сообщение
Сигрун аватар

Larysa аватар

ветэраны з нашй сям'i чамусцi нiколi нiчога не распавядалi пра вайну.. большасць з таго, что ведаю, ведаю ад бацькi, каторы быу дзiцём нападчас вайны. i нават апошнi дзядуля маучыць...

нам застаецца ганарыцца i не забывацца..

Белка аватар

"Нiчога не трэба"

З Перамогай Вашу сям'ю, Ганна!

Dziunaya аватар

Мужны і мудры чалавек. 

Natali16 аватар

#
Система Orphus