Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Чытаем сваё. Максім Багдановіч

Яго немагчыма не любіць. Але ці Багдановіча мы любім на самой справе?

Малады, прыгожы, таленавіты, з такім трагічным лёсам і ўпэўненым жыццём пасля смерці ў гісторыі літаратуры — мы любім Багдановіча з першых урокаў белліта і на ўсё нашае, не вельмі дабразычлівае да белліту, жыццё.

Але ці таго Максіма мы любім? Ці насамрэч той паэт, пра якога нам распавялі калісьці школьныя падручнікі — Максім Багдановіч?

Пачнем з партрэту. Як мы ўяўляем сабе Максіма Багдановіча, нашага славутага класіка? Так?

velvet_1.jpg

Калісьці менавіта гэты партрэт стаўся самым знакамітым з партрэтаў класіка. Гісторыя ягоная няпростая.

Фотаздымкаў Максіма захавалася вельмі мала, у асноўным — дзіцячыя і юнацкія, а выяваў апошніх гадоў не было. Але ж для першага выдання твораў паэта хацелася атрымаць дарослы фотаздымак — не гімназіста ж ставіць на вокладку!

І камісія Інбелкульта звярнулася да Максімавага бацькі, Адама Ягоравіча: адшукайце, калі ласка. У сынавым архіве Адам Ягоравіч знайшоў агульны здымак супрацоўнікаў яраслаўскай газеты «Голас», у якой друкаваўся і Максім.

Вось гэты:

maxim_5.jpg

Бацьку падалося, што адзін з персанажаў здымка — Максім. Такая ж пышная шэвелюра, такія ж вусы. Невялічкую выяву павялічылі, адрэтушавалі, падмалявалі — атрымаўся класік.

Яшчэ ў дваццатых прафесар Замоцін, які рыхтаваў першы збор твораў Максіма, і Змятрок Бядуля, які сябраваў з паэтам, выказвалі сумневы — ці Багдановіч гэта?

Але трэба было выдавацца, і класік павінны быў быць падобны на класіка, а не на маладзёна. У 60-х гадах, калі палепшылася паліграфічная якасць выданняў, калі да працы з літаратурнай спадчынай сталі далучацца прафесійныя мастакі — пытанне ўнікла зноў.

«Гэта не Багдановіч! — даказвалі эксперты. — Ня тыя скулы, ня тыя вушы, ня той авал твару!»

І сапраўды — параўнайце. Вось гэта — дакладна Максім Багдановіч.

bagdanovich_m_2.jpg

Паглядзіце, як падобныя маці і сын:

by_exhibition_150_adam_197.jpg

А гэта — бацька, Адам Ягоравіч:

11281.jpg

Той «класічны» партрэт невядомага супрацоўніка яраслаўскай газеты «Голас» выкрывае жаданае падабенства сына з бацькам. Падабенства, якога так хацелася бацьку, і якога насамрэч было не так шмат.

А вось — помнік Максіму:

pomnik_maksimu_bahdanovicu._minsk.jpg

Такі шыкоўны, добра апрануты, стылёвы мужчына ў добрым паліто і новым касцюме.

Але ж Максім Багдановіч ніколі так не выглядаў.

І бацька, і знаёмыя, і сябры ў адзін голас кажуць: Максім зусім не звяртаў увагі на знешні выгляд, хадзіў у расхрыстаным студэнцкім паліто, касаваротцы і тужурцы, не клапаціўся ні пра тое, што ён еў, ні пра тое, дзе яму спаць.

Кажуць, менавіта гэтае і згубіла Максіма заўчасна: хворыя на сухоты могуць дабівацца значных паляпшэнняў свайго становішча, калі будуць добра есці, шмат адпачываць і пазбягаць неспряльных умоваў жыцця. Калі б Максім сачыў за сабой так, як мужчына, якога мы бачым дзякуючы помніку, ён, магчыма, пражыў бы значна болей.

Дый постаць Максімава не была такой распаволенай постацю волата — ён з 17 год хварэў на сухоты, сутуліўся, на людзях, канешне, трымаўся больш прама, хаваючы ўпалыя грудзі. Блізкім людзям ён нагадваў не волата — а сарамлівага, прыязнага юнака з шчырай дзіцячай усмешкай.

Тыя, хто ведаў яго блізка, казалі, што Максім — вясёлы, гаманкі жартаўнік, тыя, хто быў з ім ледзь знаёмы, казалі, што Багдановіч моўчкі сядзіць у куце, гаворыць мала і ціха, не жартуе і наогул саромеецца. 

logotip_brovki.jpg

Нажаль, мы не маем запісаў голасу Максіма — у прыфрантавым Мінску, куды ён, нарэшце, прыехаў у 1916 годзе з Яраслаўля, было не да грамафонаў — але ж калі былі, наўрядці нашыя настаўнікі ставілі б гэтыя плёнкі для вучняў. Па сведчаннях сучаснікаў, Максім размаўляў па-беларуску з акцэнтам, асабліва цяжка даваліся яму «дз» і «дж», і, напрыклад, слова «адраджэнне» з ягоных вуснаў чулася вельмі дзіўна.

А як інакш? Багдановіч амаль усё жыццё пражыў у Расіі: калі яму было пяць год, бацьку перавялі з Гродна ў Ніжні Ноўгарад, потым — у Яраслаўль.

Максім, які з дзяцінства марыў пра Беларусь як пра Радзіму, родную зямлю, на якой і жыць, і паміраць лягчэй, здолеў вырвацца на колькі тыдняў ў Вільню у 1911 годзе, пасля заканчэння гімназіі — менавіта тады ён пазнаёміўся с нашаніўцамі, і наступны раз — у 1916, увосень, пасля заканчэння юрыдычнага Ліцэю (нават атэстат свой не забраў, так спяшаўся нарэшце). А ўжо у сакавіку сябры сабралі грошай і адправілі Багдановіча ў Ялту, бо там хворыя на сухоты мелі шанцы на жыццё. Але Максім, на жаль, гэтага шанцу ня меў.

Беларускую мову Максім вучыў па кнігах: сядзеў над імі ўдзень і ўначы, выпісваў словы і моўныя звароты, прагна ўбіраў выразы, якія даводзілася чуць ад цётак, знаёмых, паўзнаёмых. Багдановіч наогул ведаў шмат моў: грэчаскую, лацінскую, французскую, італьянскую, украінскую, польскую, вядома ж, рускую, на якой заўсёды размаўлялі ў сям’і — але ж роднай сваёй лічыў беларускую.

Да вершавання Багдановіч адносіўся больш чым сур’ёзна: у яго быў заведзены спецыяльны тоўсты сшытак, у якім ён маляваў схемы метраў і рытмаў, пралічваў алгебраічна радкі і шматрадкоў’і, занатоўваў узоры еўрапейскіх вершаў — каб надаць беларускай паэзіі тую ж складанасць, тую ж красамоўнасць і тую ж культурніцкую глыбіню.

А вось вучыўся Максім не вельмі. Тройкі, няшмат чацвёрак — і заўсёды дрэнныя паводзіны. Настаўнікі скардзіліся Адаму Ягоравічу, маўляў, не слухае, аб нечым марыць, калі вызываеш яго адказваць — смяецца, калі адказваюць іншыя — смяецца… Што з яго выйдзе?

Дый наогул: ці ведаеце вы, што мы ледзь не страцілі свайго ўлюбёнага класіка ў пыльным архіве «Нашай нівы»? Сшытачак з вершамі, які гімназіст Багдановіч даслаў у рэдакцыю паважанай газеты, выкінулі ў каробку з непатрэбнымі паперамі — маўляў, нейкія незразумелыя для мужыка вершыкі, дэкаданс, народу не патрэбна.

І толькі васемнадцацігадовы нашанівец Сяргей Палуян — прыгажун, незвычайны талент, палымяны барацьбіт за беларушчыну — змагаўся з рэдкалегіяй ледзь не да крыві: вы ж паглядзіце, гэта ж сапраўджны паэт, якога ў нас ніколі яшчэ не было! Праз два гады Палуян павесіцца, не вытрымаўшы выпрабаванняў лёсу — яны так і не сустрэнуцца з Максімам.

Але ж, будзем спадзявацца, аднойчы з’явіўшыся з нашаніўскай каробкі, спадчына Максімава больш не гублялася? Ці ёсць надзея, што кожная паперачка, на якой Максімавай рукой хоць нешта напісана, ахайна зберагаецца і друкуецца без перашкод?

Не, гэта не так. Архіў паэта, які з такімі цяжкасцямі збіралі беларускія навукоўцы ў 20-30х, знік падчас Вялікай Айчыннай. Без слядоў. Засталося — зусім мала. Найшлося ў дадатак — яшчэ менш.

Але і з таго малага — мы ведаем не ўсё. Напрыклад, пяць старонак запісаў Максіма, прысвечаных адзінаму ў ягоным жыцці ўзаемнаму каханню, якое напаткала яго ў 1915 годзе ў Ялце, так званы

«Інтымны дзённік», не апублікаваны да сёння. Ён ужо амаль спарахнеў, аловак асыпаўся, словы знікаюць з жоўтай паперы…

Але літаратуразнаўцы лічаць неправільным друкаваць асабістыя таямніцы класіка.

Хіба могуць быць у класікаў таямніцы ад улюбёных у ягоную постаць чытачоў? Смешныя літаратуразнаўцы. Калі мы любілі яго ў чужым выглядзе, з непадобным помнікам, адрэтушованай біяграфіяй і невядомым жыццём — хіба ж мы не будзем любіць яго сапраўдным? 

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (5) Последнее сообщение
OLIA аватар

Дзякуй, вам Ганна!

Мюс аватар

Вашим детям-ученикам ( да и детям-детям) очень с вами повезло! Спасибо за материал. Как говорит мой отец, написано с душой.

Наяна аватар

Как интересно!!
А настоящий Максим мне больше нравится))

Анна Северинец аватар

И мне:) 

Ayrlily аватар

Ой как интересно!! Спасибо!!

#
Система Orphus