Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Чытаем сваё. Дубоўка

Ён будзе найлепшым героям для першага беларускага блакбастара, гэты неверагодны паэт.

А першымі кадрамі я б зрабіла такія.

Грузія. Горы, чынары, чайныя плантацыі, пыльная саўгасная кантора, за сталом — магутны светлагаловы хлопец, плечы як заслонка, цэлая сажань, шчоўкае на лічыльніках. Раптам дзьвер ледзь не з нагі расчыняецца…

velvet1.jpg

Гэтую байку «з першых рук», то бок ад самога Дубоўкі, мне расказаў Стась Карпаў, беларускі паэт, праўнук рэпрэсаванага дубоўкавага сябра. Калі Ўладзімір Мікалаевіч быў рэабілітаваны і змог прыехаць у Мінск, ён адразу ж завітаў да дачкі гэтага сябра — таго расстралялі ў 1937-м, і Дубоўка хацеў ведаць, ці не трэба дачцэ дапамога. Дачка (Стасева бабуля) гэтую байку і пачула ўпершыню.

Было так. Дубоўка, якому пасля першай высылкі было забаронена жыць у еўрапейскай частцы, выбраў месцам жыхарства Грузію.

Працаваў ён там рахункаводам у чайным саўгасе. І так жаж добра працаваў (як і усюды, дзе даводзілася — з фантазіяй і энтузіазмам), што  старшыня саўгаса давяраў яму больш за самога сябе. Неяк трэба было ехаць у Тбіліся падпісваць нейкія дакументы — і старшыня вырашыў паслаць менавіта Дубоўку, бо ён адзіны мог пракантраляваць, каб дакументы былі падпісаны без махлярства.

«Ды не магу я паехаць! — тлумачыў Дубоўка, — у мяне ж падпіска аб нявыездзе, мяне ж замятуць!» — «Ну хто цябе тут замяце! Усе свае! Валодзя, ну з’ездзі!»

Паехаў. І, канешне, яго замялі. А гэта адразу — новае пакаранне, новы тэрмін. Па правілах, перад новым этапам зэка трэба даставіць на месца прыпіскі. І вось з’яўляецца Дубоўка ў калгасе — з двума канваірамі і новым выракам. Грузіны, якія, вядома, адчуваюць сваю страшэнную віну і жадаюць Валодзю выратаваць, накрываюць стол. Такі стол, што ў канваіраў вочы на ілбе. Усе — за сталы, і пачынаецца гульба. Канваіры — вусмерць п’яныя. Тут старшыня і кажа: «Ну, Валодзя, бяжы!». А куды бегчы? Усё роўна ж зловяць.

І Дубоўка — высачэзны, шырокаплечы, магутны волат — бярэ на плячо дзьве вінтоўкі, пад пашкі — канваіраў, і едзе ў райцэнтр. Здае там смяротна п’яных міліцыянтаў іхным калегам, аддае зброю. І крочыць у камеру. І на этап.

Баязліўства — скажаце вы? Скаронасць абставінам? Не. Гэта — найвышэйшая мужнасць: не дрыжаць зайцам, бегаючы па краіне, не зашыцца недзе і хавацца да смерці, жывучы шэптам, а прайсці ўсё наканаванае — шырокім крокам сапраўднага волата.

Уладзімір Дубоўка ад лёсу не бегаў ніколі. Заўсёды — у самым віры, выварочваючы плячыма стаўпы прасторы і карчы часу.
Вось сцэнарны план будучага блакбастэра.

Кастрычнік 1914 года. Малады хлопец са звычайнай нішчымнай працоўнай сям’і «прабіваецца ў людзі» — едзе вучыцца ў Нова-Віленскую настаўніцкую семінарыю. З-за ваенных дзеянняў яе пераводзяць у Невель — едзе ў Невель, да дома сотні кіламетраў, нікогда побач, але ж хіба гэта прычына саступаць?

Восень 1921. Дубоўка — студэнт Вышэйшага літаратурна-мастацкага інстытуту імя Брусава. Адзін з вядучых маладых беларускіх паэтаў. Прадстаўнік беларускай паэтычнай плыні ў рэчышчы савецкага авангарду: сябруе з Ясеніным і Маякоўскім, чытае з імі на адных сцэнах.

velvet26.jpg

Лета 1926. Дубоўка — на звышадказнай працы. Менавіта ён перакладае тэксты новых савецкіх законаў з рускай мовы на беларускую. У ягоны кабінет наўпрост заходзяць самыя важныя персоны новай улады, ён у высокіх кабінетах — свой чалавек.

Усё тыя ж дваццатыя. Дубоўка — у Маскве. Але ж беларускі літаратурны працэс кіпіць і віруе, ускаламучаны ягонай магутнай рукой. Ён далучаецца да створанага беларускімі літаратарамі аб’яднання «Маладняк» — і неўзабаве становіцца адной з першых фігур суполкі. Барацьба — самая сур’ёзная: за новае жыццё, за новую літаратуру. Філіі «Маладняка» працуюць у Расіі, у Латвіі, у Чэхіі, паэты і празаікі лётаюць па гарадох і вёсках з лекцыямі, выступамі, палымянымі прамовамі. Але ж не, не тое. Зашмат палітыкі, мала творчасці. Дубоўка кідае «Маладняк» — і разам з паплечнікамі арганізуе «Узвышша». Пачынаецца лютая барацьба за сваю праўду ў мастацтве. З Масквы ў Менск, з Менска ў Маскву імчацца лісты: што і як рабіць таварышам. Літаратура віруе. Літаратура жыве.

Канешне, Дубоўку не любяць і пабойваюцца. За талент, за энергію, за неўтаймаванасць, за утрапёнасць. Пачынаецца цкаванне ў маладнякоўскай прэсе — і, як водзіцца, з абвінавачваннямі ў варожасці камуністычным ідэям.

А ён усё шчыруе на ніве маладой беларушчыны. Ужо не толькі паэзія — ужо і мова скараецца перад неўтаймаваным волатам.

Уявіце сябе: некалькі дзясяткаў словаў, якімі мы сёння карыстаемся па-беларуску, увёў у мову менавіта Дубоўка: «адлюстраваць, апантаны, ашчаперыць, водар, дойлід, збочыць, зьнічка, імклівасьць, наканаваны, нелюдзь, непрыдатны, талака» — дубоўкавы словы ў роднай мове.

1927. Бярэ шлюб з Марыяй Кляўс.

velvet_3.jpg

Жонка Дубоўкі насамрэч вартая асобнага серыялу — жанчына, якіх цяпер ужо, напэўна, не робяць. Сапраўдная волатаўна. Колькі Дубоўку цягала савецкая рэпрэсіўная сістэма, столькі яна лётала за ім: Яранск, Шэшурга, Чабаксары, Кіраў, Чувашыя, Далёкі Усход, Зугдзідзі, Абакан, Почат…

А калі яго забралі першы раз у 1930-м — наўпрост з працы, з крамлёўскага кабінету, ў белым летнім касцюме і сандалях — да самых высокіх менскіх кабінетаў дайшла:

«Дзе мой муж? Чаму не перадаёце перадачы? Як вы можаце, ён жа не вінаваты?»

І перадачы дазволілі.

dubovka_materialy_iz_dela.jpeg

Фота: Уладіміра Дубоўкі з матэрыялаў справы

Цягам гэтых сямнаццаці год высылак і лагеру Дубоўка не напісаў ніводнага радка. Але працаваў — плённа і самаадана, бо інакш ня ўмеў. У першым жа сібірскім саўгасе, дзе ён працуе рахункаводам, выкрываюцца астранамічныя даўгі і заблытаныя гаспадарчыя справы — Дубоўка выбівае грошы з крэдытораў, выратоўвае старшыню ад арышту і наладжвае справы так, што калгас устае з каленаў.

«Што, у цябе там высланы справамі запраўляе?» — злуюцца ворганы і высылаюць неўтаймаванага Дубоўку куды надалей. Але і там, і шмат яшчэ дзе ён не скараецца абставінам: працуе — дык працуе, будуецца — дык будуецца. Усе дамы і дамкі, якія пабудаваў для жонкі з сынам высланы Дубоўка, заўсёды былі надзейнымі і прыгожымі — абавязкова аздабляў вокны рознымі арнаментамі. Колькі разоў гэтыя адбудаваныя хаткі забіралі ў іх, каб аддаць каму з мясцовых начальнікаў.

velvet_4.jpg

Серыя перадапошняя — вяртанне. Шмат хто з дубоўкавых паплечнікаў не дачакаўся, а Дубоўка — выжыў. Пераламаныя на дапросах пальцы зрасліся, шнары — загаіліся, і нават ад страшэннай пелагры, хваробы знясіленых і галодных, лагерны доктар уратаваў. Ён прыехаў у Мінск у 1957м. Тэлефанаваў былым сябрам. «О, Валодзя! Віншуем, брат! Як? Сустрэцца? Э-э-э-э… ты ведаеш, спраў па горла, сёння ніяк… Не, і заўтра — ніяк»…

Але ж і гэта пераадолеў. Зноў пачаў друкавацца, і нават атрымаў прэмію імя Купалы за зборнік «Палесская рапсодыя». Хаця вершы ўжо былі не тыя… Зусім, зусім не тыя. Напэўна, прэмія — гэта было запозненнае выбачэнне колішніх паплечнікаў. Бо было за што выбачацца.

Апошнія кадры будуць незвычайнымі. Гэта і ў жыцці выглядала незвычайна. Калі надыходзіў Новы год, Дубоўка — высачэзны, шыракаплечы, магутны стары з белай, як снег, барадой, набіраў поўныя карманы цукерак і выходзіў на вуліцы Масквы — раздаваць дзецям падарункі.

velvet_5.png

Ягоны адзіны сын Альгерд падарваўся на міне ў сорак першым, а болей яны з Марылькай, ворагі народа, вечныя абвінавачанныя — не нажылі. Але ж дараваць дзецям цукеркі на свята вельмі ж хацелася. І дзеці — яны не падводзілі Дубоўку. Шырока расплюшчвалі вочы і крычалі ў захапленні: «Мама, мама, глядзі, сапраўдны Дзед Мароз!»

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (5) Последнее сообщение
Тати аватар

Да, довелось это всё услышать вживую)))))

Интересно было перечитать)))))

Интересно пишете, но, надо отдать должное, рассказываете еще интереснее))))) Читаю, а прямо слышу Вас)))) И глаза горящие вижу))))

Наяна аватар

Ну и время было. Злобное, страшное...

Kozlik Mozlik аватар

думаю оно всегда не лучше. ну теперь мелкое и пустое. большой вопрос - что лучше. 

Мюс аватар

Анна, на месте вашего мужа я бы уже стала ревновать 

Veronika Very аватар

На фото с седой бородой, а глаза молодые-молодые...

#
Система Orphus