Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Кузьма Чорны, вольны і закаханы

24 чэрвеня нарадзіўся беларускі пісьменнік Кузьма Чорны. А, як вядома, дзень народзінаў нашых вялікіх – цудоўная нагода яшчэ раз пагаварыць пра іх, успомніць, якімі яны былі ў жыцці і на старонках сваіх твораў. 

Але чаму яны такія розныя, пісьменнікі ў жыцці — і яны ж у школьных падручніках?

Колькі задаюся гэтым пытаннем — ніхто яшчэ не адказаў мне так, каб я зразумела.

Навошта менавіта ў школьных падручніках, там, дзе адбываецца першая сустрэча чытача і аўтара, там, дзе для гэтай сустрэчы есць усе спрыяльныя ўмовы — спецыяльна адведзены час, спецыяльна навучаны настаўнік, спецыяльна назапашаныя ў бібліятэцы кнігі — аўтары нашых падручнікаў усе безнадзейна псуюць?

velvet_1.jpg

Вось мне чатырнаццаць і я ўпершыню адкрываю прозу Кузьмы Чорнага. Са старонак падручніка глядзіць на мяне стары, спакутаваны, непрыгожы, нейкі нават азызлы немалады чалавек, пра якога мне распавядаюць звычайную падручнікавую жуйку (нарадзіўся… пачаў друкавацца… напісаў…пераклаў…атрымаў прэмію… памёр)…

Што, скажыце мне, што павінна мяне зацікавіць на гэтых шэрых, маркотных старонках? 

Мяне, маладую, неўтаймаваную ў сваей цікавасці, чатырнаццацігадовую чытачку з вялікім спісам прачытанай добрай літаратуры ў актыве? 

Нічога, адкажу я вам. Нічога.

А самае крыўднае пачынаецца, калі ты раптам — зусім нечакана, вандруючы па іншых шляхах і шукаючы зусім іншых герояў — сустракаешся з ім. З тым самым непрыгожым, якога некалі ты паспешлівай маладой рукой закрыў на другой старонцы. І затойваеш дыханне ад нечаканасці: ах, вось які ты насамрэч!

Дарэчы, не толькі з падручнікамі ў нас, у беларусаў, такая бяда. У нас і ўспаміны пра мінулае, пра сучаснікаў і паплечнікаў, пішуцца нецікава, прэсна, у стылістыцы партыйных характарыстык. Жывога чалавека за імі — шукай з паходняю.

Асабліва калі ўспамінаць трэба пра таго, хто так і не здолеў пражыць усе свае жыцце так, як лічыў патрэбным. Пра таго, каго на сярэдзіне вольнага шляху злавілі ў пастку, прыбілі цвікамі да драўляных рамак і накірункаў і загадалі: вось зараз — давай, пішы. Толькі ведай, будзеш малоць языком без дазволу — і язык прыб’ём. Пра такіх успаміналі асабліва асцярожна — каб ані слоўца па-за рамкамі.

velvet_2.jpgНіводны з іх не змог напісаць тое, на што сапраўды быў здольны: ні «нацдэмы» Бабарэка, Дубоўка, Пушча і Чорны. Ні той, хто падпісваў супраць іх публічныя даносы, Кандрат Крапіва.

Таму і выходзіць — сноўдаюцца па аколіцах нашай агульнанацыянальнай памяці самотныя постаці шэрых, абскубаных, сумных ці то людзей, ці то ценяў, якія нараджаліся, вучыліся, пісалі, перакладалі, атрымлівалі прэміі і паслухмяна паміралі. Пакідалі пасля сябе нейкія незразумелыя творы, якія мы чамусьці павінны чытаць…

Ці адбываецца так. Адкрываюцца архівы, і вось мы ўжо чытаем, з жахам і слязамі гартаючы старонкі:

«Мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі зьбітае месца халоднайв адой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вуха папяровыя трубкі і раўлі ў іх на ўсе горла, уганялі ў камэру з пацукамі...»

Гэта радкі з «Дзенніку» Кузьмы Чорнага, напэўна, самыя цытаваныя радкі з ягонай творчай спадчыны. У 1938 годзе Чорны быў арыштаваны, у 1939 — вызвалены.

Усе, што ен напісаў да арышту, было бліскучым пачаткам «беларускага Дастаеўскага», першапачынальніка беларускага раману, празаіка еўрапейскага ўзроўню. Усе, што напісаў пасля — трагічнымі пошукамі праўды сярод ілжы, чалавечага сярод нялюдзкага, вольнага — ў няволі.

Лепшыя творы Чорнага ніколі не друкаваліся пры ягоным жыцці, тры ягоных раманы зніклі ў вогнішчах Другой Сусветнай, кнігі, якія ен сапраўды хацеў напісаць, ен напісаць не паспеў.

«Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?» — гэта апошняя фраза з «Дзенніка» нашага класіка, таксама — шмат разоў цытаваная.

І ен пакрысе пачынае зноўку знікаць за вобразам пакутніка — той сапраўдны Кузьма Чорны, Мікалай Раманоўскі, узнеслы, рамантычна прыгожы хлопец, вольны і закаханы, надзелены незвычайным талентам бачыць сапраўднае і нечаканае ў няшчырым і стэрэатыпным.

velvet_3.jpgВось гэты здымак Кузьмы Чорнага я люблю больш за астатнія

А гэтыя дзве гісторыі — больш за тамы успамінаў.

Першую з іх ў інтэрв’ю VELVET распавяла Галіна Бяганская, дачка паэта Аляксандра Сака і пісьменніцы Ядвігі Беганскай.

«А вообще в этом доме всегда собирались писатели — понимаете, в доме три красивых девушки. Бровка, например, за тетей Ниной ухаживал, Кузьма Черный — за тетей Галей, ну, и мама, хоть и замужем уже была за отцом, но тоже компания приятная.

А потом отца забрали, тогда они уже помогать приходили. Помню, тетя Галя ворчит: «Чего ты, Куземка, шел сюда (это они Черного Куземкой звали), погода же ужасная» — а он уверенно отвечает: «Да прекрасная сегодня погода, Галя, просто великолепная!»

Гэты дом, пра які ідзе гаворка, стаяў на самым пачатку сенняшняга праспекту Дзяржынскага, там, дзе зараз выканкам Маскоўскага раену. І надвор’е тады сапраўды было жахлівае, завея, калючы вецер і жудасны мароз.

Але для закаханага хлопца хіба ж гэта перашкода?

velvet_4.jpgКузьма Чорны з першай жонкай Ідай Чырвань, сестрамі і братам.

Другую гісторыю я не так даўно знайшла ў архіве Уладзіміра Дубоўкі. Нідзе пакуль не друкаваная, жывая, чалавечая, гэтая гісторыя не пра пісьменніка — пра чалавека, які проста ператварае ўбачаны сусвет у словы.

«У снежні месяцы 1925 году Кузьма Чорны прыехаў да мяне ў госці ў Маскву. Жыў я тады разам са сваімі бацькамі на Малой Грузінскай вуліцы. Займалі мы скромную кватэру, але месца хапала для ўсіх. /…/ Пабывалі мы з ім у Трэццякоўскай галерэі, у музеі прыгожых мастацтваў, у музеі заходне-еўрапейскага жывапісу (які знаходзіўся тады ў Стара-Канюшанным завулку).

Паглядзелі самыя лепшыя пастаноўкі ў Мастацкім, малым і Вялікім тэатрах, у тэатры Сатыры. Былі на канцэртах у Кансерваторыі. /…/ Нямалае ўражанне зрабіў на яго тэатр Сатыры, у які мы былі напярэдадні новага, 1926 году. Тут ён так смяяўся, што на нас пачалі шыкаць суседзі.

А павесяліла яго пастаноўка не сваім зместам, а сваім афармленнем. Змест «п’есы», калі так можна сказаць, быў наступным:

Нейкі вершаплет напісаў твор:
Я иду по большой дороге,
А навстречу везут навоз.
Хорошо, когда эти дроги
Нам заменит электровоз.

Як быццам, нічога смешнага няма, бо справа крута паварочвала да механізацыі сельскай гаспадаркі. Увесь цымус быў удалейшым.

Гэты твор адразу паклалі на музыку і спявачка, у брыльянтах і сабалях, спявала яго на камерным канцэрце: з яго зрабілі драматычны твор, кінакарціну, оперу і г.д.

Прыйшоўшы дадому, мы селі сустракаць новы 1926 год і Кузьма Чорны насмяшыў усю нашу сям’ю, калі паследаваў той спявачцы».

(Ул.Дубоўка. першы прыезд Кузьмы Чорнага ў Маскву. Чарнавік да артыкулу. Рукапіс.ЦБ НАН РБ, ф.14, воп.1, спр.336, арк.6).

velvet_5.jpg1925 год, Кузьма Чорны на з’ездзе «Маладняка»

Чамусьці прынята пісаць пра пісьменнікаў як пра помнікі — саромеючыся чалавечага ў іх. Але ж насамрэч тым яны і цікавыя, гэтыя людзі.

Тым, што злеплены яны з таго самага цеста, што і мы. Тым, што моц і слабасць іх — усе той жа, чалавечай прыроды. Але сярод гэтага звычайнага і паўсядзеннага невядома адкуль (ну адкуль?) бярэцца гэта прага да слова, гэта ўменне пабудаваць сусвет, гэты лес — ісці на пакуты, на катаванне, на смерць — толькі за тое, што ты нейкім непатрэбным чынам складаеш словы ў сказы.

«Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву» — кажа Кузьма Чорны ў «Пошуках будучыні».

Дзіўная фраза. Нечаканы паварот, глыбокі сэнс. Яе чамусьці цытуюць рэдка. А ў падручніках — дык і наогул ніколі.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (2) Последнее сообщение
Lu1 аватар

Спасибо, Анна!

Тати аватар

#
Система Orphus