Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Чытаем сваё. Адам Бабарэка

Ці па праўдзе яны патрэбныя літаратуры, літаратурныя крытыкі?

Кожны рускі філолаг адкажа вам з упэўненасцю: так, патрэбныя. Не гледзячы на тысячы і тысячы дрэнных крытыкаў і дрэннай крытыкі.

Бо руская літаратура мае Віссарыёна Бялінскага, без якога ўсё было б інакш і, напэўна, горш. Гэтак жа скажам і мы, беларусы, бо, негледзячы на страшэнную колькасць крытыкаў, якія псавалі і знішчалі літаратуру і літаратараў, мы мелі Адама Бабарэку. Крытыка, усё жыццё якога было — подзвіг.

velvet1.jpg

Так, подзвіг. У гэтым слове не будзе бразгання зброі альбо гераічных воклічаў. Подзвіг крытыка Адама Бабарэкі — зусім іншага кшталту.

Уявіце сабе — Бутырка, агульная камера на 10 чалавек, у якой зараз знаходзіцца пяцьдзясят, прыбывае новы этап з Менску. Гэта так званыя «нацдэмы», асуджаныя па справе няіснага «Саюза вызвалення Беларусі» — іх часткамі прывозяць сюды, трымаюць да фарміравання іншага ўжо, сібірскага этапу — і адпраўляюць па месцах высылкі.

Нацдэмы ў гэтай камеры ўжо ёсць — вунь, напрыклад, агромны такі, высачэзны, барадаты, ані турма, ані допыты не сагнулі —Дубоўка.

Следчыя нават стаміліся біць — абвінавачванне не падпісвае, прызнанне не піша. Папрасіў неяк аловак з паперай, нібыта нарэшце следчаму дапамагчы выкрыць яшчэ каго з ворагаў, але так нічога й не напісаў, і паперу з алоўкам кудысьці заначыў.

І вось у гэтай камеры адчыняюцца дзверы — і ў страшэнны смурод агульнай камеры упіхваюць яшчэ аднаго. Хвіліна: тыя, хто унутры, разглядаюць таго, хто звонку. І раптам — гэты высачэзны кідаецца з абдымкамі: «Адам!»

На фотаздымку — рэдакцыя часопіса «Узвышша»: стаяць злева направа Адам Бабарэка і Язэп Пушча, сядзяць Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва.

velvet2.jpg

Такое толькі ў кніжках бывае: найлепшыя сябры, арганізатары і натхняльнікі легендарнага «Узвышша», найбуйнейшыя дзеячы літаратуры дваццатых, людзі, без якіх на той час літаратура не ўяўляла сябе, абодва — ужо класікі, ужо у гісторыі літаратуры назаўжды, але зараз — простыя зэкі праз дзевяць месяцаў катаванняў у менскім НКВД сустракаюцца на перасылцы ў Маскве.

Абодва скатаваныя ўшчэнт, у Бабарэкі на грудзях паверх зоркі, якую некалі яшчэ ў польскім палоне выпаліў на скуры маладога бальшавіка польскі кат, сляды ад гумавага шлангу, ужо нашага, роднага — білі наводмаш. 

Абдымкі, гаворка. Ну, як гаворка. Асабліва не пагаворыш: пра тое, пра што хочацца, нельга, а пра тое, пра што можна, ня мае сэнсу. Але ж праз колькі часу Дубоўка кажа:

«Глядзі, што ёсць у мяне. «Шыльёнскі вязень» Байрана. Па памяці ў менскай камеры пераклаў».

І дастае тую самую паперчыну, спісаную тым самым алоўкам. Бабарэка ўсхопліваецца:

«Давай сюды! Гэта ж трэба перапісаць! Няхай будзе і ў мяне!»

І ён стаіць пяць гадзін ля падваконніка ў смуродзе і цемры Бутыркі, збіты, галодны, зняважаны амаль годам допытаў — і перапісвае «Шыльёнскага вязня». Толькі сапраўдны крытык здольны на такі подзвіг.

І што цікава. Дубоўкаў «Вязень» загінуў пры чарговым вобшуке ў шматгадовых паэтавых высылках і лагерах. А Бабарэкаў экзэмпляр — застаўся. Калі яго чарговы раз абшуквалі перад адпраўкай у лагер, жонка Ганна схапіла частку папер, сунула ў канапу, а наверх паклала дачку: маўляў, не чапайце, дзіця ж спіць. Сярод энкавэдзістаў таксама людзі былі — чапаць не сталі. Паперы ўратаваліся, і сярод іх — той самы «Вязень», перапісаны ў Бутырцы. .

Але ж гэта быў не адзіны подзвіг Адама Бабарэкі.

velvet3.jpg

У тыя часы прафесія крытыка была, напэўна, самай важнай з літаратурных прафесій. Менавіта крытыкі павінны былі тлумачыць чытачам і цэнзарам, наколькі творчасць таго ці іншага паэта адпавядае патрабаванням новага часу. Ці перавыхаваўся паэт, ці забыў ён свае дарэвалюцыйныя закідоны? Ці не цягне ён чытача назад у капіталізм? Ці не глядзіць у бок буржуазнай Польшчы?

Беларуская літаратура мае і свой чорны спіс крытыкаў: Лукаш Бэндэ і Алесь Кучар грамілі ідэйна невытрыманых пісьменнікаў так таленавіта і так зацята, што аднаго іх артыкула было дастаткова для арышту.

Адам Бабарэка бараніў літаратараў, як мог. А мог ён здорава: такога аналітычнага таленту не было больш ні ў каго з тагачасных літаратуразнаўцаў. Кожную з’яву, кожны радок ён аналізаваў скрупулёзна і дакладна, тлумачыў падрабязна і глыбока, з бясспрэчнымі аргументамі і бездакорнымі высновамі. Чытаць любы артыкул Бабарэкі — незвычайнае інтэлектуальнае задавальненне, нават калі ты зусім не ведеш ні паэта, ні ягоную творчасць — захапляе сам метад, само мысленне, уладкаванае і ўпарадкаванае ў ідэальныя лагічныя схемы.

Адкуль у простага вясковага хлопца, сына беззямельнага селяніна, выпускніка Менскай духоўнай семінарыі, такія звышчалавечыя здольнасці да філасофіі, філалогіі, крытыкі, заняткаў зусім несялянскіх і для беларусаў — нетыповых? Незразумела.

Гэта талент, а адкуль ён з’яўляецца — невядома. Але талент гэты ў Бабарэкі быў настолькі бачны і настолькі бясспрэчны, што хлопца без лішніх словаў бралі выкладаць і у школы, і у гімназіі, і у БДУ.

Але ж разам с талентам у Бабарэкі было яшчэ і сумленне. Таму ў трыццатым, калі ўсіх ягоных падапечных, сяброў-узвышэнцаў, арыштавалі па справе Саюза Вызвалення Беларусі, пайшоў з імі і ён. Даносаў не пісаў, на допытах невядома як, але трымаўся, прызнанне не падпісваў. Тлумачыў толькі — у сваёй выбітной манеры, з глыбокім аналізам прычын і наступстваў, сваю гісторыю, гісторыю літаратуры, гісторыю «Ўзвышша». Спадзяваўся, напэўна, што здолее патлумачыць — альбо ўжо тады разумеў, што піша такім пачарным чынам нататкі да гісторыі беларускай літаратуры цяжкіх дваццатых гадоў.

Спачатку была высылка на пяць год. Потым — павелічэнне тэрміна яшчэ на два гады. А потым — лагер, бо высланы Бабарэка ніяк не хацеў перавыхоўвацца: ліставаўся з іншымі ворагамі, спрабаваў уладкоўваць справы тых, хто вызваляўся, дапамог аднаму з іх збегчы ад паўторнага арышту, карацей, працаваў крытыкам, замест таго, каб сядзець, як мыш пад мятлой. З такімі неўтаймаванымі размова была кароткай.

10 кастрычніка 1938 года Адам Бабарэка памёр ад хваробы сэрца ў лагернай бальніцы КняжЛагу. Дзе і як ён пахаваны — ніхто не ведае. 

Архіў Бабарэкі, які захавала ягоная жонка, выдадзены ў 2011 годзе беларусамі-энтузіастамі.

velvet5.jpg

Гэты шыкоўны двухтомнік адразу пасля выхаду быў прызнаны «Лепшай кнігай году». І справа не толькі ў тым, што выданне атрымалася акадэмічна грунтоўнае і фактаграфічна насычанае.

Справа ў тым, што Адама Бабарэку неверагодна цікава чытаць і сёння. Такога і сярод пісьменнікаў дасягаюць не ўсе. Сярод крытыкаў — ён адзіны.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (5) Последнее сообщение
zoloto аватар

 

Larysa аватар

Дзякуй!

Рыта аватар

Дзякуй! Падкажыце, калі ласка, дзе набыць! 

Анна Северинец аватар

Кнігарня Логвінаў - там дакладна ёсць:) 

Тати аватар

Какое время страшное было...

#
Система Orphus