Полная версия сайта Мобильная версия сайта

VELVETавае інтэрв’ю: мову нельга прыняць пад прымусам

Разважае арт-менеджэр, куратар і аўтар праекта «Арт-рэпатрыяцыя» Ягор Сурскі.

Ваш асабісты выбар у паўсядзённым жыцці: мова ці язык? Калі вы карыстаецеся рускай, а калі — беларускай мовай?

velvet_1.jpg

З аднаго боку моўнае асяроддзе абумоўлівае выбар сродку камунікацыі, але і чалавек таксама імкнецца ствараць моўную рэчаіснасць вакол сябе. Так атрымалася, што я валодаю шасцю мовамі, таму ёсць, з чаго выбіраць. Гэта заўсёды цудоўна, калі ты можаш апроч найбольш распаўсюджанага сродку камунікацыі, абіраць і іншыя. Гэта вельмі збліжае людзей, калі магчымасць камунікацыі мяняецца ў залежнасці ад даступнасці той ці іншай мовы ў зносінах паміж людзьмі. Таму я б не ставіў так востра пытанне: альбо руская, альбо беларуская. Так — альбо, альбо, але і польская, і ангельская, і італьянская, і нямецкая… Выбар сродку камунікацыі ў маім выпадку залежыць ад жадання і моўных здольнасцей суразмоўцы. Некалькі было сітуацый, калі з пажылымі  людзьмі ў Заходняй Беларусі я пераходзіў на польскую мову.

Атрымлівалася зусім іншая гутарка. Яны пачалі ўзгадваць сваё навучанне ў польскай гімназіі да вайны. На іншай мове такой жа самай рэфлексіі не атрымалася б. Усе ж згодныя, што ведаць дзве мовы — лепш за тое, калі ведаеш толькі адну. Культурніцкім абавязкам сучасных беларусаў, лічу, з’яўляецца ведаць тры-чатыры мовы, сярод якіх абавязковымі павінны быць беларуская, руская, польская. Ад мовы не трэба адмаўляцца, але і не трэба грэбаваць магчымасцю вывучыць дадатковую мову. Я асабліва не звяртаю ўвагі на тое, якую мову выкарыстоўваю, але ў штодзённай камунікацыі з незнаёмымі людзьмі хацелася б больш выкарыстоўваць беларускую.

Калі ведаеш мову, але рэдка яе выкарыстоўваеш, ты будзеш кожнай такой магчымасці рады як доўгачаканай сустрэчы. Я не падзяляю думкі, што нейкая мова знікае за кошт іншай. Хутчэй, з-за асабістага нежадання авалодаць ці ўжываць другую мову. Валоданне адной моваю забяспечвае магчымасць вывучыць другую, трэцюю і г.д.

У Польшчы часта даводзілася чуць ад вельмі вядомых людзей, якія шкадуюць аб тым, што пасля вайны, калі навязвалася савецкае хаўрусніцтва, яны прынцыпова, з палітычных меркаванняў не вывучалі рускую мову. Цяпер яны аб гэтым шкадуюць. Мова не павінна з’яўляцца закладніцай палітыкі, ці выключна рупарам прапаганды ў свядомасці людзей. Падобнае адбываецца зараз і ў Сербіі, дзе праз нястачу культурных сувязей з былымі часткамі югаслаўскай федэрацыі адчуваецца тая ж настальгія да харвацкай мовы. Але гэта датычыць інтэлігенцыі, культурніцкіх колаў. Іншая мова заўсёды культурна ўзбагачае чалавека, раскрывае дадатковыя сэнсы рэчаіснасці. 

velvet_2.jpg

Як на ваш погляд, ці рэгулюе мова думкі і стылістыку спрэчкі? То бок, ці ёсць для вас розніца, па-руску ці па-беларуску ствараць той ці іншы текст і кантэкст?

Любы тэкст мае як свой падтэкст, так і кантэкст ужо a priori. І гэта можа рэгуляваць акурат пэўная моўная стылістыка, якая і не залежыць ад выбару мовы, але ад палітычнага, культурніцкага, сацыяльнага кантэксту яе бытавання наўпрост залежыць. Кантэкст беларускай мовы для мяне — гэта кантэкст незалежнай дзяржавы, якая нядаўна стала суверэннай і мае неабходнасць у стварэнні сваёй нацыянальнай палітыкі ў розных сферах жыцця. Беларуская моваі яе адраджэнне, несумненна, з’яўляецца адным са складнікаў нацыянальнай палітыкі.

velvet_1.jpg

Другі аспект выкарыстання беларускай мовы — гэта сродак грамадзянскай кансалідацыі грамадства, калі мы адпаведна паважаем гісторыю і культуру сваёй краіны, адчуваем сябе часткай свайго грамадства паводле ў тым ліку і моўнай ідэнтыфікацыі. Калі людзі паважаюць адзін аднаго, яны заўсёды знойдуць агульную мову паразумення. Калі мы ў гэтым зацікаўлены, будзе стварацца і адпаведны беларускамоўны кантэкст.

Мне падаецца, беларуская мова апошнім часам — модны трэнд. Ці згодны вы, і наогул, як бы вы ацанілі сучаснае становішча моўнага пытання на Беларусі?

Адраджэнне мовы і крэатыўна, і модна ў першую чаргу сярод моладзі. Але ж тут працэс і глыбей, і шырэй. З аднаго боку, назіраецца такая глабальная тэндэнцыя дэградацыі культуры. І гэта адбіваецца на шмат якіх мовах свету, якія з’яўляюцца сапраўднымі скарбніцамі сусветнай літаратуры і культуры. Культура прымітывізуецца, зводзіцца да задавальнення стандартных спажывецкіх памкненняў.

Мова адчувальная да гэтага. А вось працэс адраджэння мовы можа гэтаму супрацьстаяць. Уся гісторыя чалавецтва — гэта кадзіроўка і, адпаведна, раскадзіроўка, пэўных духоўных і культурніцкіх сэнсаў.

Гэта адбываецца і з дапамогай мовы. Калі менавіта мова выяўляе сённяшні творчы патэнцыял беларускага грамадства, дык гэта вельмі багаты і прыдатны матэрыял, назапашаны багатай гісторыяй і культурай нашай краіны.

velvet_7.jpg

Вось быў бігборд, які папулярызаваў беларускую мову, дзе мова атаясамлялася з мамай, бо паводле свайго лінгвістычнага значэння: мова — «матчына». Гэта ўсяго толькі моцны аргумент, сэнс, вынайдзены брэндолагамі, каб дасягнуць сваю папулярызатарскую мэту. Куды цікавей паразважаць, чаму гэты бігборд знялі. У сувязі з гэтым прыгадваецца стары савецкі анекдот.

Хлопчыка пытаюць у школе:
— Хто твой бацька?
— Таварыш Сталін!
— А маці?
— Мая Радзіма!
— А кім хочаш быць?
— Сіратой…

Анекдот выяўляе сутнасць сацыяльных працэсаў у СССР, калі руйнавалі традыцыйныя каштоўнасці, у тым ліку і панятак сям’і падмяняўся чымсьці іншым, калі Сталін атаясамляўся з бацькай.

Дык вось вяртанне да беларускай мовы, да нацыянальных каштоўнасцей сімвалізуе тое, што савецкая палітыка дэнацыяналізацыі, стварэння новай супольнасці людзей як і маральнага кодэксу камуніста не мела выніку, не адпавядала жаданням людзей альбо была сумнеўнай першапачаткова. Ёсць рэчы, ад якіх людзі не могуць адмовіцца, якія павінны вызначаць адметнасць. Баюся, што ў нежаданні адраджаць беларускую мову, таксама вінныя пэўныя комплексы мінуўшчыны, калі людзі былі вымушаныя выракацца свайго паходжання, нацыянальнасці.   

У мяне ёсць уражанне, што нехта спецыяльна правакуе беларускамоўную і русскоязычную суполкі на канфлікт. То «кандыдатка ў кандытаты» у прэзідэнты назаве ўсіх беларускамоўных хамамі, то партыйны актывіст параўнуе рускамоўных з акупантамі… Няма згоды і паміж пісьменнікамі дзьвух моўных плыняў… Як вы ацэньваеце ўзровень і сэнс сучаснай моўнай дыскусіі?

Сапраўды, у некаторых з’яўляецца жаданне палітызаваць моўнае пытанне. Палітыкі схільныя перабольшваць, гіпербалізаваць праблемы, абіраць адпаведную рэторыку, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. З аднаго боку існуе цалкам абгрунтаваная занепакоенасць статусам беларускай мовы, якой бракуе ў шмат якіх сферах жыцця (перш за ўсё ў адукацыі), якой пагражае знікненне з-за абмежаванасці сферы яе ўжытку.

З іншага боку не хацелася б таксама, каб выбар ці шлях да беларускай мовы падаваўся чымсьці надзвычайным, кшталту дзяржаўнай прысягі. Хацелася б, каб беларуская мова ўспрымалася як натуральная, і людзі да яе такім чынам прыходзілі.

velvet_4.jpg

Наконт рускамоўных творцаў. І пісьменнікаў, і мастакоў, і актораў, рэжыссёраў… На ваш погляд, якую культуру яны ствараюць: рускую ці ўсё ж беларускую?

Я не стаў бы вызначаць культуру толькі паводле моўнай афарбоўкі.

Культура не тоесна толькі мове, а — самой культуры, новаму сэнсу, стваральнаму кантэксту, кансалідуючай ідэі, духоўнай звышмэце.

Яны ствараюць лакальную рускамоўную культуру, якая мае права на існаванне.

velvet_6.jpg

Што параіце тым, хто не можа знайсці свайго месца ў беларускім білінгвізме?

Білінгвізм, лічу, небяспечны толькі ў тым выпадку, калі ты не валодаеш адной з дзвюх моваў. Гэта і не білінгвізм тады. Скажам, дзіцёнак і маці ведаюць мову бацькі, а бацька не ведае родную мову маці. Адпаведна камунікацыя дзіцёнка з маці будзе мець сваю спецыфіку. У нас такой сітуацыі няма, бо ўсе здольныя разумець як беларускую, так і рускую. Занепакоенасць можа толькі праяўляцца ў статусе мовы і яе сферы ўжывання. У білінгвізме мовы павінны мець раўнапраўныя магчымасці. 

Фота: Ксенiя Альхмам

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец
#
Система Orphus