Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Пяць міфаў пра беларускую літаратуру

Прыкрыя недарэчнасці ў курсе белліту — звычайная практыка нашай школьнай адукацыі.

І часам немагчыма зразумець: ну навошта? Навошта хлусіць там, дзе падман, здаецца, нічога карыснага не прыносіць?

Ну вось, напрыклад, знакаміты міф, з якога пачынаецца ці не кожны падручнік ці дапаможнік па беларускай літаратуры: «Беларуская літаратура — адна са старэйшых літаратур сусвету».

Як можна напісаць такое, ведаючы, напрыклад, пра Гамера, які складаў свае паэмы ў дзевятым стагоддзі да нашай эры, ці пра Лао Цзы, які абагульніў папярэдні, ледзь не тысячагадовы, вопыт кітайскай літаратуры ажно ў шостым стагоддзі? У сусвете шмат літаратур, значна старэйшых за беларускую. Калі па праўдзе, дык беларуская літаратура — адна з наймаладзейшых літаратур сусвету, і менавіта гэта ёсць яе смакам, прывабнасцю і энергетыкай.

bellit.jpg

Ці вось гэты: «Беларуская літаратура нараджалася як літаратура сялянства». Крый божа! Якая літаратура ў селяніна? Францішак Багушэвіч — выхадзец з дробнай шляхты, Янка Купала — шляхціч, хаця і зусім збяднелы. Продкі Максіма Багдановіча — сапраўды з сялян, але ж дзе ў гэтым выкшталцоным інтэлектуале вы бачыце вёску?

Напэўна, адзін толькі Багушэвіч апеляваў у сваёй творчасці выключна да сялян, астатнія — і Дунін-Марцінкевіч, і Купала, і Колас — адрасаваліся значна больш шырокаму колу чытачоў.

Яшчэ адзін міф: «Вытокі беларускай літаратуры — у літаратуры старажытнарускай». Ну так нельга, панове! Ці памятаеце вы першыя менавіта літаратурныя помнікі новай беларускай літаратуры? Так, правільна: «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат». Так і павінна пачынацца літаратура еўрапейская: з пераасэнсаванай антычнасці.

Не, мы не будзем адмаўляцца і ад агульных усходне-славянскіх каранёў, але ж і памятайма: мы, краіна памежжа, ёсць спадчыннікамі і антычнай, і старажытнаславянскай літаратур. Дарэчы, скарынаўскія Бібліі былі спалены ў Маскве як кнігі, якія не адпавядаюць маскоўскаму канону.

bellit.jpg

Наконт Скарыны. Так, мова ягоных Прамоў і перакладаў — старажытнабеларуская. Але сам сабе ён беларусам не лічыў і нават не ведаў, што паходзіць з Беларусі — «сын Скарыны з Полацку» даволі дакладна адзначаў сваю прасторавую ідэнтыфікацыю.

Гэтаксама і Еўфрасіння Полацкая насамрэч не лічыла сябе беларускаю — што, канешне, не адмаўляе нашага святога права звацца яе суайчыннікамі.

Пяты міф вы адшукаеце на старонках падручнікаў разоў мо са сто. У кожнай біяграфіі кожнага пісьменніка вы абавязкова прачытаеце, што «ягоная творчасць натхнялася любоў’ю да роднай старонкі і павагай да беларускага народа». Сёння ўжо вядомыя, напрыклад, мемуары Лявона Зайца, дзе ён цытуе Максіма Багдановіча, маўляў, я пішу толькі тое, што мне цікава, і не трэба дапісваць мне ані барацьбу за свабоду, ані змаганне за лепшую долю.

«Павага да народа», гэтая агульная каштоўнасць славянскіх народавольцаў канца дзевятнаццатага стагоддзя, насамрэч ужо ў трыдцатыя гады была сумнеўнай, а ў шасцідзесятыя дык і наогул знікла з сур’ёзнай літаратуры. Тое ж і з любоў’ю да роднай старонкі: якой непадобнай яна была на традыцыйную «беллітаўскую» любоў да бярозак, рачулак і хацінак.

Тая любоў, якой насамрэч натхняліся нашыя творцы, паміраючы ад сухотаў ў далёкай Ялце, сплаўляючы лес у гулагаўскай тайге ці пакутуючы на анкалогію ў нямецкіх шпіталях — гэта зусім іншага гатунку любоў.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (3) Последнее сообщение
Нежность аватар

Меня тоже всегда смущали эти утверждения. Первый с учетом того, что письменность у нас появилась не раньше 7-8 века. По второму: ведь фольклор кто-то должен записать - явно не сялянам это было под силу. Третий - вообще, кажется, еще от СССР достался.

zoloto аватар

Сапраўды))). Цікава, не ведала, што кнігі Скарыны палілі.

Joyful аватар

Крыху iдэалогiя, крыху дэмагогiя. I здаецца мне, што такiя мiфы не толькi наша асаблiвасць).

#
Система Orphus