Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Калі скончыцца беларуска-беларуская вайна…

Пытанні, на якія адказаў пісьменнік і філосаф Ігар Бабкоў, жыццёва важныя для кожнага, хто лічыць сябе беларусам.

Нашая культурная прастора нагадвае вуліцы рэвалюцыйнага горада: хто не з намі, той супраць нас, і вось ўжо з моўных барыкадаў ляцяць камяні і цэгла…

Як выжыць беларусу на жорсткіх грамадскіх барыкадах, якія падзяляюць нас па мове, па талярантнасці да рэжыму, па грамадзянскай пазіцыі, па сімпатыях да суседзяў? Ці можна быць беларусам і размаўляць па-рускі? Як здарылася сучасная Беларусь?

У сёняшней грамадскай дыскусіі што толькі не пачуеш у адказ, ад сапраўдных абразаў да незразумелых эківокаў «і нашым, і вашым».

Ігар Бабкоў, здаецца, першым сказаў пра транскультурную, а не монаэтнічную, ідэнтыфікацыю беларусаў, якія нараджаліся як нацыя, пераплаўляючы білінгвістычную шляхту, беларускамоўнае сялянства і рускамоўнае чыноўніцтва ў адмысловы этнас, не падобны на іншыя менавіта сваёй полікультурнасцю.

bobkov_1.jpg

Вы, напэўна, адзіны беларускі філосаф-аптыміст. Прынамсі, вашыя разважанні пра беларускую культуру, мову, пра суадносіны беларусаў з уласнай культурай і ўласнай гісторыяй адрозніваюцца зайздраснай упэўненнасцю ў тым, што «ўсё будзе добра».

На чым грунтуецца такая ўпэўненасць?

Для мяне самога гэта дзіўна і нечакана. Бо значную частку жыцця я лічыў сябе трагічным паэтам, — у мізэрным часе. Дасюль менавіта паэзія для мяне ёсьць асноўнай формай майго жыцця.

Філасофія, мысленне — гэта прафесія, рамяство. Рамяство быць няўтульным. Задаваць нязручныя пытанні. Таму, калі гэта і аптымізм, то — аптымізм няпросты, які ідзе супраць мэйнстрыма. Які зусім не заплюшчвае вочы на тое, што беларуская сітуацыя разарваная, падзеленая — мовамі, цывілізацыямі, гістарычным выбарам. І проста так быць у ёй аптымістам не выпадае.

Зрэшты ў сённяшніх дэкарацыях лепш выглядаць аптымістам, чым ідыётам. Бо горкі плач аб старонцы даўно стаўся ў нас банальнасьцю, культурным клішэ, і паўтараць у стотысячны раз, што мова гіне, неяк проста безгустоўна.

Калі я шукаю істотнае слова для апісання беларускай сітуацыі, першым выплывае канцэпт кармы: сёння мы маем тое, што заслужылі ў мінулых перараджэннях. Ад гэтага ўбегчы ці схавацца — немагчыма. І задача не ў тым, каб ставіць адзнаку рэальнасці, альбо працягваць стогны і галашэнні, а ў тым каб дадумаць да канца сябе саміх, такімі як мы ёсьць. Убачыць свой кон. Я недзе так і напісаў, у адным са сваіх даўніх тэкстаў: беларусы ўвесь час змагаюцца за сваю долю, і таму аніяк не патрапляюць сустрэць свой кон.

bobkov_2.jpg

А ці можна падрабязнее, у якіх менавіта дэкарацыях мы зараз апынуліся? Гэта ж бачыцца па-рознаму з розных бакоў нашых беларускіх барыкад.

Калі казаць пра сёння, дык гэта білінгвізм і бікультурнасць. Чалавек звонку, які прыязджае з іншай краіны, адразу бачыць расейскамоўную паверхню горада, і вырашае, што «да вы там амаль расейцы». Крыху потым, калі застаецца на больш доўгі час, правальваецца ў тое, что можна назваць беларускай глыбінёй.

Гэтыя два вымярэнні і абумоўліваюць нашую спецыфіку. З аднаго боку нашай барыкады частка, якая сама сябе лічыць беларускай меншасцю. Яна надзвычай актыўная і заўважная. Яе пазіцыя палягае на тым, што беларуская глыбіня заслугоўвае большай увагі і больш значнага месца ў нашай рэчаіснасці. Маўляў, хопіць прыкідвацца, хопіць мімікраваць пад рускамоўна-савецкіх. Трэба адважыцца быць беларусамі, адрадзіць мову, прыняць гісторыю, стварыць выразную культуру…

Большасць жа — і гэта таксама беларуская большасць — лічыць, што гэта зусім неабавязкова — выдаваць свой нацыянальны сакрэт. І што беларуская глыбіня можа застацца там, пад расейскамоўнай паверхняй. І што там яна ў большай бяспецы. Між іншым, гэтая амбівалентнасць і зачароўвае тых, хто назірае за нашай культурнай сітуацыяй збоку. Але важна таксама разумець: гэты падзел — не падзел між рускімі і беларусамі, і нават не між расейскамоўнымі і беларускамоўнымі.

Няма ніякай беларускамоўнай меншасці, і ніякай расейскамоўнай большасці, а ёсць надзвычай устойлівая большасьць білінгваў. Якія адрозніваюцца толькі тым, што нехта сваю беларускую частку выяўляе публічна і дэманстратыўна, а нехта — ціха ды інтымна.

Нехта ходзіць са сваёй беларускай мовай, як са сцягам, а нехта дазваляе сабе гэта толькі сярод сваіх. Мы — бікультурныя, у кожнага з нас ёсьць як мінімум гэтыя дзьве часткі. І сённяшняя задача — стварыць з гэтых частак інтэгральнага беларуса. Але стварыць не праз тое, каб пакрамсаць саміх сябе, а праз сплаў, інтэграцыю, прысваенне чужога. Мы гаворым: так, мы, беларусы — большасць у гэтай краіне. Мы — адно. А потым калі мы пра гэта дамовіліся, можна дыскутаваць, якім чынам, праз што мы сваю беларускасць выяўляем.

Між іншым, беларуская ідэнтычнасць сёння зусім не ў заняпадзе. Напрыклад, у нас сёння няма ніводнай публічнай асобы, што б выключала б сябе з супольнасці. Казала б: мова? не ведаю, гэта неістотна. Усе прызнаюць яе існаванне, лічаць яе каштоўнасцю. Ці, высокая элітарная культура — яна сёння ствараецца менавіта па-беларуску. І мова адчувае сябе тут надзвычай утульна, абсалютна на сваім месцы. Дзякуючы Лабадзенку, Куставай, Марціновічу й іншым беларуская мова становіцца часткай публічнага шоу, гэта абсалютна новае вымярэнне.

Беларуская трэш-культура паўстала і інтэнсіўна развіваецца… Шмат народу пашыраюць плацдарм, засноўваюць новыя тэрыторыі. Яшчэ раз: мы мусім дамовіцца пра большасць. А потым — весці перамовы і думаць, што рабіць далей. У якім кірунку. Што яшчэ важна — мусіць быць публічная дыскусія. Трэба мяняць знакамітую беларускую стратэгію вырашэння праблемаў метадам «схавацца ў бульбу».

 

Але ж сёння грамадская дыскусія па моўных і ідэнтыфікацыйных пытаннях вядзецца досыць жорстка.

Мне падаецца, у нас сёння тыя, хто спрачаецца, не гатовыя адчуць сябе еднасцю, не гатовыя прызнаваць сябе большасцю…

Гэта праўда. У бліжэйшай перспектыве беларуская барыкада будзе існаваць, будзе клікаць і нараджаць сваіх герояў. Унутраны канфлікт, беларуска-беларуская вайна, якую сёння мы назіраем, будзе працягвацца. Але гэта значыць толькі тое, што шукаць і будаваць еднасць мы мусім паверх гэтай барыкады. У культурных, цывілізацыйных, ментальных фактарах. Дарэчы, ніхто яшчэ не адмяніў славутую беларускую тутэйшасьць. Якая насамрэч зусім не абыякавасьць, а універсальны механізм інтэграцыі ў беларускі ландшафт канфліктных частак.

Мы мусім зрабіць так, каб канкурэнцыя беларускіх праектаў, якую мы сёння назіраем, нас не паслабляла, а ўзмацняла. Зрэшты, за апошнія дваццаць год менавіта беларуска-беларуская вайна спарадзіла безліч тэкстаў, ідэяў, культурных героеў.

Дарэчы, я не памятаю іншага такога прыкладу, каб нейкая нацыя згуртавалася менавіта ўнутранай барацьбой…

Гэта з перспектывы «памяркоўнасці». Насамрэч няма аніводнай нацыі, якая б паўставала іншым чынам.

А што рабіць перабежчыкам? Тым, хто адчувае і расейскую паверхню, і беларускую глыбіню? Тым, хто не жадае быць ні на адном з бакоў? У нас і чытачы, і выдавецтвы, і СМІ падзеленыя…

Давайце прыдумаем для перабежчыкаў прыгожую назву. Напрыклад (транс)культурныя кантрабандысты. Альбо вандроўнікі. Зараз, дарэчы, вялікая колькасць людзей, якая назірае гэты беларускі гештальт, паводзяць сябе менавіта так. У залежнасці ад кантэкста і задачы мяняюць сваю маску — ці свае маскі. І тут ужо не дзве культуры, расейская і беларуская. Але і польская, напрыклад. Альбо габрэйская традыцыя, з яе неверагоднымі глыбінямі.

Дарэчы мы прысвоілі, прыручылі расейскую мову, але пішам на ёй абсалютна не па «маскоўскі». Дыстанцыя паміж расейскамоўнай прозай беларуса і рускай прозай расіяніна — яна ёсць, і яна больш вялікая, чым дыстанцыя паміж «языком» і «мовай».

bobkov_4.jpg

А можна падрабязнее? Бо я так сама яе адчуваю, гэтую дыстанцыю, але ж не магу сфармуляваць…

Вось глядзіце. Здаецца, адзінае савецкае насельніцтва, у Кіеве, у Менску, у Маскве. Але калі СССР развальваецца, адна частка арганізоўвае казацка-алігархічную вольніцу, другая спіць і бачыць, як паездзіць на танку і заваяваць хаця б пінгвінаў, толькі б траўку на лецішчы не сеяць, а трэцяя — гэтага ж самага насельніцтва — акуратна пераходзіць вуліцу на зялёнае святло.

Штосьці ёсьць у самой прасторы, што праяўляецца ў нас. Вымушае нас быць менавіта такімі, і не важна, на якой мове мы пішам. Мы прысвоілі расейскую культуру, але мы — беларусы. Калі беларус піша па-расейску, ён застаецца беларусам. Можа быць, гэта была такая кармічная дапамога расейскай культуры.

А ў якіх рысах акрэсліваецца наша ідэнтычнасць?

Ідэнтычнасць — гэта перш-наперш набор міфаў, гісторыі пра саміх сябе. У больш глыбокім разуменні — гэта сама традыцыя. Міфы альбо гісторыі мяняюцца з часам, але не знікаюць. Адкладаюцца ў традыцыю. Беларуская традыцыя надзвычай прыгожая. І ў яе самых павярхоўных і самых глыбінных праявах. Ад калядак і да Юхнаўца і Разанава.

Мы, напэўна, бліжэй за усіх суседзяў знаходзімся да каранёў. З другога боку, мы навучыліся прысвойваць іншыя культуры. Мы здольныя інтэграваць іншыя карцінкі, мы іх пашыраем, паглыбляем, мяняем па-свойму. Не толькі расейскую культуру, але й да польскай прыглядаемся, і балцкі субстрат… Мы крыху ліцвіны, крыху крывічы, крыху русіны, крыху палякі, крыху ўкраінцы… Заўважалі: беларусы паўсюдна адчуваюць сябе дома.

Мы лёгка адаптуемся, уключаемся ў іншы свет, іншы парадак, лёгка ўспрымаем чужую культуру — і робім яе сваёй. Здольныя пры нават неспрыяльных абставінах зрабіць сабе ўтульны куточак, свой дом.

bobkov_5.jpg

Як вы ставіцеся да ідэалогіі (наогул), ці ўдзельнічалі б вы ў распрацоўцы ідэалогіі будучай беларускай дзяржавы? І калі б удзельнічалі — якія прапановы б унеслі?

Сам тэрмін «ідэалогія» прыдумалі французы, і адпачатку гэта была навука пра ідэі. Мне падабаецца ідэалогія менавіта ў гэтым — платонаўскім — сэнсе. Як гісторык і практык ідэі я гэтым і займаюся. Але калі б мяне пасадзілі ў які-небудзь Інстытут Ідэалогіі і прымусілі б прыдумваць штосьці для ўсіх, я б збёг не вагаючыся.

Бо гэта сумна і нецікава — навязваць ідэі іншым. Ідэі мусяць спакушаць, а не прымушаць. Іншая рэч — ідэнтычнасьць. Міфы. Стэрэатыпы. Грамадзкае меркаванне. Гэта справа ідэолагаў.

А не палітыкаў?

Палітыкі — гэта сантэхнікі грамадства. Яны проста ў пэўны час адкручваюць ці закручваюць кранікі. Так, яны адказваюць за тое, якая вада цячэ ў нашых дамах. Але недарэчна было б казаць, што вада ў свеце ёсць дзякуючы сантэхнікам.

А што павінны рабіць гісторыкі?

Гісторыкі? Яны павінны складаць прыгожыя казкі. Пра мінулае.

Прыгожыя казкі?

Так. Прыгожыя казкі. Калісьці Кастусь Тарасаў, працягваючы справу Караткевіча, напісаў «Памяць пра легенды». Гэтая кніга «ўзарвала мозг» тагачаснаму грамадству. Там — фантастычны рэсурс легендаў і міфаў, якія ўжо былі вядомыя. Тарасаў расказаў усё гэта як казку, як раман. Далей Уладзімір Арлоў, Вітаўт Чаропка. Сёння — Людміла Рублеўская. Ясна, што тут ідзе гаворка не пра гісторыяю як навуку.

Паглядзіце, што адбываецца ў культуры: зараз дзевяноста працэнтаў насельніцтва ведае пра Старажытную Грэцыю не праз манаграфіі і энцыклапедыі, а праз тое, што паказалі ў фільме «Троя» альбо «Трыста спартанцаў». Я ўсё чакаю, калі мае студэнты пачнуць мне расказваць беларускае фэнтэзі. Гісторыю, якая не была, але магла б здарыцца. З аднаго боку, гэта страшна і крыху смешна, але з другога. Уся гісторыя — гэта адна вялікая казка пра чалавецтва. І няхай яна будзе добрай, якаснай і прыгожа расказанай.

А з якой кропкі павінна пачынацца беларуская казка?

З дзяцінства. З гатоўнасці быць захопленым, зачараваным.

bobkov_6.jpg

Што параіце звычайнай рускамоўнай беларускай маці, якая хацела б несці беларускасць у сваю сям’ю, але не ведае, з чаго пачаць: бо дзеці ходзяць у рускамоўную школу, муж размаўляе па-руску, і наогул, гэтая маці не гатовая супрацьпаставіць свет сям’і свету навакол…

Што рабіць? Пачынаць гуляцца. У мову. У ідэнтычнасць. У карціну свету. Не будаваць барыкады. Не прымушаць, не навязваць. А менавіта гуляцца. Без крывавай сур’ёзнасці і драматычнага абавязку. Бо часам пра беларушчыну кажуць з такім надрывам, нібыта трэба класціся ў дамавіну. Не трэба драмы. Сучасныя моўныя курсы, беларускамоўная анімацыя, экскурсіі, вандроўкі — гэта тое, што шмат чаго дае, але нічога не адбірае.

Не трэба выкідаць усё, што склалася і замяняць іншым. Проста радуйцеся і шануйце тое, што ў нас ёсць ў дадатак да ўсяго астатняга: нашая беларуская глыбіня.


Ігар Бабкоў — паэт, філосаф, перакладнік. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН Цэнтра.

Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Гомелі (Беларусь). Скончыў аддзяленне філасофіі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту (Мінск, 1986). Стажыраваўся ў Лондане (1992), Варшаве (1995), Парыжы (1999, па стыпендыі Гедройца) і Берліне (Стыпендыянт Літаратурнага Калёквіюма Бэрлін, 2008).

Ларэат літаратурных прэміяў Гліняны велес (1992), Залатая літара (2005), Залаты апостраф (2012). Фіналіст сярэднееўрапейскай літаратурнай прэміі Angelus 2009 (Уроцлаў).

Аўтар трох кнігаў паэзіі «Solus Rex» (1991), «Герой вайны за празрыстасьць» (1998), «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб» (2009), раманаў «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» (2001) і «Партрэт мастака, нябачны ў сутонні» (2011), кнігі эсэ «Каралеўства Беларусь: вытлумачэньні ру(і)наў» і гісторыка-філасофскага даследавання «Філасофія Яна Снядэцкага».

Перакладаў Джойса, Сэлінджара, Уільяма Батлера Ейтса, Паўля Цэлана.

Пачаў займацца літаратурай у пачатку 80-х, вывучаючы філасофію ў Менску. У 1986 годзе публічна выйшаў з камсамолу. Заспеў апошнія гадзіны дысідэнскага руху: у 1987 пэўны час быў Менскім карэспандэнтам Экспресс-хроники. У 1987 стаўся сябрам літаратурнага андэграўнда: суполак «Бабілён» і «Тутэйшыя».

Удзельнік першых самвыдатаўскіх альманахаў (Літаратура 1 і Літаратура 2), а таксама першых незалежных мітынгаў у Менску. За арганізацыю і ўдзел у Дзядах быў арыштаваны і пакараны штрафам. Ад пачатку 90-х прыняў удзел у аднаўленні тыднёвіка «Наша ніва», з праграмай стварэння новай несавецкай беларускай культуры.

У 1995 заснаваў выдавецтва «Эўрофорум», у якім пачаў выходзіць часопіс «Фрагмэнты» (філасофія, культуралогія, літаратура), літаратурная серыя «Бібліятэка Фрагмэнты» (калекцыі «Галерэя Б.», «Сярэдняя Эўропа», «Сучаснае мысьленьне»). Адзін з стваральнікаў Беларускага калегіюма, аўтар і падпісант Беларускай дэкларацыі свабоды.

З канца дзевяностых паралельна літаратурнай распачаў акадэмічную кар’еру: займаецца гісторыяй ідэяў у Інстытуце філасофіі ў Менску. Выкладае ва ўніверсітэтах Менска і Вільні.

У 2014 годзе за раман «Хвілінка: тры гісторы» атрымаў прэмію Гедройца — галоўную літаратурную ўзнагароду Беларусі.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (7) Последнее сообщение
Сигрун аватар

А вось и согласна Happy

zoloto аватар

Мой любiмы сучасны беларускi мысляр. 

Larysa аватар

Цікава пазнаёміцца! Дзякуй!

Joyful аватар

Такiя спакойныя разважаннi пра вайну.... Дзякуй, цiкава.

Нежность аватар

Вельмі ўдзячна за такі артыкул! 

Дарэчы мы прысвоілі, прыручылі расейскую мову, але пішам на ёй абсалютна не па «маскоўскі»

Успомнілася, як у Маскве ніхто не разумеў слова "шуфлядка" - як я з іх смяялася Happy))

І ўсе нашыя памылкі "звОнит, снила, порезать хлеб" адгэтуль 

Kozlik Mozlik аватар

Ці, высокая элітарная культура

--------------------------------

Lighty аватар

Тс... Не спугните... Танки... пингвины...прыгожыя казкi... элiтарнасць... Охохонюшки...

#
Система Orphus