Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Аксамітавая Беларусь: тутэйшае неба

А мы ж называлі зоркі зусім не так, як старажытныя грэкі!

Вас таксама бянтэжыць, што такога медвядзінага можна ўбачыць у сузор’і Вялікая Мядзьведзіца? Дзе там лапы, дзе там пыса? Няма ж! Трэба быць грэкам, які і мішку бачыў хіба на малюнках, каб прыдумаць такую назву (Арктос, мядзьведзь — называлі гэтае сузор’е жыхары Пелапанесу) .

А па-нашаму гэтае сузор’е называецца Воз: чатырохкутнік — гэта ён і ёсць, а тры зоркі, якія збягаюць ад яго па чорным небе — гэта тры шпаркія кані.

svobodnoe-vremya_1.jpg

А вось Арыён: тры зоркі адна на адной, і дзьве — абапал. Тутэйшыя  называлі гэтае сузор’е Каромысел: вось галава і шыя прыгожае дзяўчыны, а вось — каромысел на яе плячах. Пагадзіцеся, падабенства — поўнае. Дзе там які Арыён?

Наконт Млечнага Шляху з грэкамі можна і пагадзіцца: сапраўды, на ясным небе бачна, як нехта праліў малако. Але ж славяне былі больш трапнымі ў назвах: нашыя суседзі украінцы называлі Млечны Шлях Чумацкім шляхам, бо менавіта ім кіраваліся вандруючыя чумакі, а мы кажам — Птушыная дарога. Беларусы ведалі: восенню ў вырай, а весной дадому птушкі ляцяць менавіта гэтай дарогай.

Прыгажуню Венеру клікалі Венерай толькі інтэлігенты. Памятаеце знакамітую багдановічаву Венеру:

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,
Светлыя згадкі з сабой прынясла,
Помніш, калі я спаткаўся с табою,
Зорка Венера ўзышла…

Канешне, народную назву гэтай зорачкі ў верш не змесціш. Бо тутэйшы народ часам клікаў яе Воўчай Зоркай: маўляў, як толькі ўзыходзіць яна, прачынаюцца ведзьмы, лесавікі і ваўкі.

Але ж мне больш за ўсё падабаецца, як на беларусі называлася сузор’е, якое грэкі клікалі Плеядамі. Паглядзіце на яго: ці то зерне па небе рассыпалі, ці то дзірак у ім панарабілі. Беларусы распавядалі: раней, маўляў, Месяц мог сыходзіць прама на Зямлю, бултыхацца ў вазёрах, лужынах і рэках.

svobodnoe-vremya_2.jpg

Натуральна, разам з ім куляліся па палях і лясах і зоркі. Але ж прыбягалі куры, і тыя зоркі клявалі. Непарадак — падумаў Творца і падзяліў землю і Неба. Каб куры не склявалі ўсіх зорак. Але ж дзе-нідзе дзіркі засталіся. Таму сузор’е, якое іх нагадвае, называюць Курачкі.

А Палярную зорку, якая ніколі не мянее сваёй паставы на небе, дзе-нідзе на беларусі называлі Зорны Кол ці Зорны Цвік.
Прыгожа, праўда?  

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (1) Последнее сообщение
Joyful аватар

Вельмi цiкава.

#
Система Orphus