Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Аксамітавая Беларусь. Тапкі

Маруся паехала са свайго хутара ў вялікае жыцце яшчэ якой прыгажуняй.

Замест сукенкі — амаль новая цяльняшка, якую нягрэблівы бацька зняў з забітага немца, трохі панасіў сам, а потым аддаў дачцэ, маўляў, у горад едзе дзяўчо, няхай там выглядае па-замежнаму.

Цяльняшку тую падпярэзалі нейкай хусцінкай і выйшла амаль прыгожа — ростам Маруся была метр з кепкай, а немец — два з гакам, так што нават каленкі былі прыкрытыя паласатым падолам.

Замест туфлікаў — бахілы, і да таго ж — рознакаляровыя. Адзін — сіні, адзін — чырвоны. Іх пашыў крушынаўскі шавец за адное «дзякуй», таму што ў марусявага бацькі грошай зусім не было, а матэрыялу на бясплатнае было толькі два кавалкі дрэнна апрацаванай скуры.

Між іншым, не гледзячы на паваенны час, такіх прыгажунь у рэчыцкім тэхнікуме болей не было. Канешне, не шанэлі з дзіёрамі, але і сукенкі, і паясы, і туфлі ў дзяўчат былі больш цывільныя за марусевы. Таму, калі гэтая паласатая шпынька метр сорак у рознакаляровых «дрыгватопах» выйшла адказваць да дошкі ў першы вучэбны дзень, аздыторыя с задавальненнем зарагатала. 

Думаю, менавіта з таго дня і пачаўся у Марусі пункцік на абутку.
З першага ж заробку яна купіла сабе туфлі, а на рэшту — падарункі для бацькі, мамы і сясцер. Туфлі былі багатыя і, дзякуй богу, аднолькавыя. Грошай, праўда, на білет дадому не засталося, і таму ехала Маруся на прыступачцы вагона, трымаючыся за парэнчы і ў ліхаманцы чытаючы «Ойча наш». Але ж дабралася, і горда увайшла ў хату, пастукваючы абцасамі.

tufli.jpg

З тае пары туфлі ў Марусі не пераводзіліся. Сукенкі — маглі і перавесціся, таму што да сукенак не было ёй ніякага часу: замуж Маруся выйшла за аднаногага інваліда (і за тое дзякуй Богу, пасля вайны мужыкоў з двумя нагамі дзе на ўсіх набярэшся?), ў таго інваліда — братоў малых поўна хата і матка памерла, малых даглядзі, агарод пасадзі, свекра з мужам накармі, скаціну падаі…

Потым сваіх трох сыноў нарадзіла, круціся вакол хаты як хочаш, каб і паесці, і надзеці, і пагуляцца… Мала-памалу, выгадавала спачатку мужніных сірат, потым — сыноў у людзі выправіла, хату старую падправіла, мэблю купіла…

Але ж пра туфлі не забывалася.

Калі сыны прывозілі да маткі на лета сваіх дачок, марусіных унучак, перш-наперш баба глядзела на дзявочыя ногі: што за басаножкі на прыгажунях? І калі ўбачанае бабу Марусю  не задавальняла (а яно яе амаль заўсёды не задавальняла), з серванту даставаліся грошы і баба з унучкамі накіроўваліся ў горад за абноўкамі.  Куплялі багата: і на лета, і на восень, і на зіму адразу. І абавязкова бралі таксама і бабе: то новыя шыкоўныя тапкі, то блішчастыя гумавыя боты, то модныя туфлі «на вашае, дзеўкі, вяселле».

obuv.jpg

Дарэчы, ад бабы дзецям і ўнукам даставаліся не толькі туфлі. Малая, але дужая нейкай незвычайнай жаночай сілаю, якая дазваляе рана падымацца, позна класціся, усе паспяваць і ні на што не забывацца, Маруся кожны ураджайны месяц ладзіла харчовыя перадачы з агарода па ўсім напрамкам: мужніным братам і іхнім сем’ям, сынам з жонкамі, унукам у студэнцкія інтэрнаты…

Яна ведала ўсе дні нараджэнняў і гадавіны вяселляў, перасылаючы падарункі і грошы як раз да святочнага стала. Маруся лётала з агарода ў лес, з леса на раку, з ракі ў хату на высачэзных хуткасцях: паспрабуй паспей усе, калі на цябе такая сям’я. Туфлі сталі змяняцца тапкамі: лягчэй. Але ж і тапкі заўсёды былі самымі моднымі — вышытымі кветкамі ці птушкамі.

З нейкага часу пачала баба Маруся ўпотай збірацца на смерць: паклала на верхнюю палічку небагатай сваёй шафы цемна-сінюю сукенку ў чорную паласу, шэрыя панчохі, платок у буйныя кветкі… Але з абуткам былі праблемы: ніводныя з параў, што сустракаліся Марусе ва ўнівермагах, не падаваліся вартымі сур’езнай падзеі.

Яна купляла спачатку туфлі, але ўсе яны былі нейкімі легкадумнымі. Тады перайшла на тапкі: сур’езныя, зручныя, мяккія, каб на том свеце не цяжка было таўксціся ў чэргах да апосталаў.  Шмат якія з тых туфляў і тапкаў было потым раздадзена бабай Марусяй па знаёмым ды незнаёмым: не падыходзілі.

Тым часам да бабы ўжо прывозілі праўнучак. Баба Маруся як ніхто іншы разбіралася ў дзіцячай абуткавай модзе, нейкім чуццём угадваючы трэнды і тэндэнцыі: ведала, калі проста адваліць кампліментаў, а калі — зазірнуць у сервант…

Калі Маруся захварэла, ніхто спачатку нават не спужаўся. Ну і што, восемдзесят сем год, наша баба яшчэ на хаду, бадзерая, вясёлая, як кажуць, пазітыўная, яшчэ ў красавіку сама пад лапату картоплю саджала — выкараскаецца!

А яна не выкараскалася.

Хавалі Марусю ў спякотны ліпеньскі дзень. Яна ляжала маленькая, метр з кепкай, багатая труна казалася бясконцай і нейкай не бабінай, нібыта з чужога пляча, як тая цяльняшка са здаровага немца.

Была на бабе цёплая, не па сезону, сіняя з паласой сукенка, шэрыя панчохі, платок у кветку…

І шыкоўныя тапкі: малінавыя, з чорнымі абцасамі, вышытыя залатымі галінкамі, смарагдавымі лісткамі і бурштынавымі ягадамі. 

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (10) Последнее сообщение
Lapka аватар

Olvia аватар


 

Joyful аватар

ma_marina аватар

Мова...

Биза аватар

Лира аватар

красивая история, но Марусю по-женски жалко. Вся жизнь ее - это тяжелый труд и забота о близких...хотя, возможно, для нее это и есть счастье...

Zdrasti аватар

 Ох, Аня...

Тати аватар

Малечка аватар

 светлый путь прошла бабуля по земле 

земля пухом...

Otia аватар

Анна....

 

#
Система Orphus