Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Аксамітавая Беларусь: шляхі да мовы

Б’юся аб заклад: ужо праз тыдзень вы зменіце сваё стаўленне да беларускай мовы!

Праз два — пачнеце размаўляць на высокаякаснай трасянцы. Праз месяц — напішаце свой першы беларускі верш.

А праз год — мы з вамі грунтоўна пагаворым пра надвор’е, фэшн і пра шляхі беларускай культуры за кубачкам смачнае кавы, і абавязкова — па-беларуску.

Вам дастаткова толькі адзін раз сустрэцца з Глебам Лабадзенкам.

velvet_1.jpg

Спадар Лабадзенка — гэта асаблівы беларускі медыйны феномен. Кожны, хто так ці інакш апынаецца на беларускай інфармацыйнай прасторы, абавязкова пабачыць Глеба ці то настаўнікам на майстар-класе па журналістыцы, ці то — аўтарам адной з самых папулярных беларускіх кніжак для дзяцей, ці то — палымяным папулярызатарам твораў і кніг знакамітага Рыгора Барадуліна, ці то — вядучым моўных курсаў.

Гэта менавіта ён бамбардзіруе маркетынгавыя аддзелы беларускіх прадпрыемстваў пытаннямі «А чаму на вашых таварах няма надпісаў па-беларуску?», менавіта ён беражліва збірае нават самыя маленькія з’явы беларушчыны ў нашым паўсядзённым жыцці, менавіта ён ёсць арганізатарам гучнага візіту Радзівілаў у Нясвіж ў 2009 годзе.

interviu_2.jpg

Днямі мне пашчасціла апынуцца на курсах «Мова ці кава», якія праходзяць для ўсіх жадаючых кожны панядзелак а 19-й гадзіне ў «Галерэі Ў» на Незалежнасці, 37а. Курсы сёння  звышпапулярныя: калі ў мінулым годзе на заняткі хадзіла ў сярэднім 70-80 чалавек, то на пачатку гэтай сустрэчы зала галэрэі ледзь-ледзь змясціла 150 чалавек. Народ ідзе і ідзе: цікава, файна, змястоўна, весела!

Я скарысталася магчымасцю і пагутарыла з вядучым курсаў, журналістам Глебам Лабадзенкам.

Пане Глебе, пытаюся ў вас як у чалавека, які мае за плячыма ўласны шлях да мовы, і які другі год запар дапамагае знайсці шляхі да мовы усім ахвочым. Як лічыце, калі ж да беларушчыны прыйдзе ўся краіна? І ці прыйдзе?

interviu_3.jpg

Я не ведаю, ці прыдзе хоць некалі ажно ўся краіна. Ведаеце, ніколі не трэба замахвацца адразу на вялікае. Любыя мэты трэба спачатку падзяліць на маленькія, прамежкавыя. Казаць, што заўтра ўся краіна раптоўна прыйдзе да мовы — ну, гэта не сур’езна. Тым больш, што сам назіраю: як часам доўга людзі ідуць да мовы.

А як вы прышлі да таго, каб беларуская мова стала мовай вашага жыцця?

interviu_7.jpg

Для мяне гэты шлях быў праз прыклад.

Я быў у сёмым класе, калі пазнаеміўся з Рыгорам Барадуліным. Цяпер я разумею, што гэта найлепшае, што магло са мной здарыцца ў справе беларушчыны. Пачалося ўсе з урокаў белліту: нам так выкладалі гэты «жахлівы прадмет», што мне ўвогуле падавалася, што ўсе беларускія пісьменнікі даўно ўжо памерлі. Я быў упэўнены, што Купала і Колас жылі недзе там, у Сярэдневеччы, побач з казачным Раздівілам Сіроткам, а калі мы праходзілі Караткевіча, я наогул не ўяўляў, што ён амаль што мой сучаснік.

Дык вось, мая настаўніца, якую большасць вучняў звалі «бабулька-божы-адуванчык», каб зацікавіць нас, аднойчы сказала, што вучылася ў адной групе з Рыгорам Барадуліным.

Оп-па! Нехта вучыўся з жывым паэтам! Значыцца, яны існуюць сапраўды? Для мяне гэта была такая вялікая шчырасць! Мы,сямікласнікі, былі перакананыя што ён, гэты Барадулін, ўжо памёр дзвесце гадоў таму. Для мяне гэта была як маланка! Я яго вершы вучу ў школе, а ён жыве са мной у адным горадзе!? Вось такая незразумелая была прага да чалавека, а яшчэ — саманадейнасць, трынаццаць год, увесь свет табе належыць! Я проста знайшоў ягоны кантакт, патэлефанаваў, сказаў, што я такі-та, такі-та, проста хачу з вамі пазнаёміцца.

interviu_33.jpg

Перад сустрэчай — як раз гэта быў 2000 год, і Барадулін быў ужо пад забаронай, і вершаў ягоных было не купіць — я скраў у школьнай бібліятэцы зборнік вершаў Барадуліна. Як скраў? Узяў пачытаць і сказаў, што згубіў. Узамен прынёс детэктыў Аляксандры Марынінай, бібліятэкарка вельмі ўзрадавалася і сказала, што гэта значна лепш за Барадуліна, маўляў, настаўнікі Марыніну «очань любяць».

Я прыйшоў да Барадуліна з гэтай кніжкай. Кажу: вось, я вучуся, вучу вашыя вершы на памяць. Так і пачалося знаёмства. Барадулін проста браў мяне з сабой на нейкія сустрэчы, імпрэзы, пазнаёміў з іншымі паэтамі, якія, аказалася, таксама былі жывыя… А паколькі я на той час таксама вершы пачаў пісаць на беларускай мове, то мне было чым пахваліцца, як кажуць. Наконт вершаў было так. Я заўседы любіў атрымліваць адзнакі на халяву. Як якая камісія з РАНА ці урок адкрыты — так Лабадзенка піша верш. А што там пісаць? Бусел-малюся-клянуся-Беларусі… Насіў Барадуліну я свае гэтыя вершы, прымітыўныя, і ён іх хваліў…

interviu_43.jpg

Цяпер я разумею, чаму, разумею ягоную пазіцыю: любы парастак беларушчыны трэба падтрымліваць! Нават калі гэта проста графаман, але піша па-беларуску — ну нельга казаць на яго «дурань!»

Таму што ў кожнай краіне, у кожнай мове ёсць высокая культура, а ёсць — нізкая культура. Ёсць геніі, а ёсць — пасярэдныя творцы. І без «масоўкі» пасярэдных творцаў ніколі не з’явяцца геніі. Калі гэта адбываецца ў нацыянальнай прасторы, тым больш такой пакуль яшчэ складанай, як наша — кожны мае права на жыццё. У нас жа ёсць такое стаўленне: «ааа, ён толькі паперу пэцкае!» Дык а што табе? Ён за табой ноччу ганяецца са сваімі паперамі? Да дому прыносіць, ці што? Няхай пэцкае! Не ўсім быць геніямі!

Мы занадта дапытліва ставімся да ўласнай культуры — асабліва ў параўнанні з чужой. Раз ты ўжо ўзяўся пісаць па-беларуску, дык пішы як геній. Не! Трэба падтрымліваць усё беларускае, няхай сабе і не геніяльнае!

interviu_49.jpg

Між іншым, юнаму Караткевічу з літаратурных газет і часопісаў таксама калісьці казалі: «Не пэцкай паперу».

І Бураўкіну так адказвалі. А гэта ж выбітныя творцы!

interviu_51.jpg

Наогул, я за тое, каб любіць усе сваё, але пры гэтым мець густ: гэтыя — геніі, а гэтыя — так, вершы пішуць. Дарэчы, заўважце, мы да іншых творцаў, іншамоўных ставімся больш паблажліва.

Але ж гэта такі вядомы стэрэатып: сваё — дрэннае, чужое — добрае. Мне часам таксама падаецца, што беларускі, напрыклад, пральны парашок проста не можа быць добрым.

interviu_53.jpg

Мне здаецца, што гэта пытанне не проста добрых ці кепскіх тавараў, а пытанне самаідэнтыфікацыі і павагі да сябе. У нас справа даходзіць нават да публічнай знявагі сваёй краіны.

Часам замежнікі пытаюцца: «А што там у вас можна ў Беларусі паглядзець?» – «Вой, ды супакойцеся, што там глядзець у нас! Нічога цікавага няма! Голае поле і лес!» А між іншым, у нас есць і Гародня, і Гервяты, і Нясвіж, і Наваградак, і Ружаны, і Сафійскі сабор у Полацку… Ёсць свой тэмперамент, свой менталітэт, свая слаўная гісторыя… Нашыя ж увесь час параўноўваюць: ах, у нас няма Калізея, значыцца, няма чаго і глядзець.

А нават калі ёсць што глядзець, мы ж не разглядаем. Ну колькі сёняшніх чытачоў насамрэч цікавяцца Барадуліным?

interviu_55.jpg

Сёння наогул ёсць зусім мала чытачоў, якія могуць чытаць і разумець Барадуліна. Гэта ж вяршыня беларускай літаратуры, найвышэйшы ўзровень валодання мовай! Мала хто нават усе словы сёння зразумее ў вершах Барадуліна…

Але я не лічу, што толькі самі людзі вінаватыя. Дзе іх вучаць мове? Хто іх вучыць? Дзе ім браць добрую мову? Дзе ім яе любіць?

interviu_58.jpg

Калі я стаў аналізаваць праграму па беларускай літаратуры, я здзівіўся: о, ажно адзінаццаць вершаў Барадуліна. Але! Гэта вершы 1960-га года, 1968-га… Ён што, нічога з таго часу не напісаў? Ён жа сучасны, вельмі адпаведны часу і сёняшнему дню паэт! З яго ж белліт робіць нейкага сумнага старажытнага дзядзьку.

А сам Купала? Калі пачытаць тыя вершы, якія паўносілі ў школьную праграму, дык атрымаецца, што ён у лапцях хадзіў і соплі рукавом выціраў. А Купала насамрэч — вы фоткі паглядзіце! — такі модны быў шляхцюк! Шляхетны, стылёва апрануты чалавек, з такімі фэшн-вусікамі…

Нам убілі у галаву: беларусы — такія бедныя людзі, сяляне, сядзяць у гнілой хаце, ядуць зацірку, плачуць і выюць: усім блага, усім кепска, усе паміраюць, мова памірае. Ну як, каму, за што гэта можа падабацца?

interviu_61.jpg

А мне проста пашчасціла з людзьмі — ад якіх я даведаўся, што ўсё зусім іначай!

Яшчэ трэба разумець: мы жывем у час маркетынгу. Усё, і ў тым ліку — вершы Барадуліна — трэба прадаваць. Не грукаць па сталу: давайце чытайце, заразы, Барадуліна, гэта вашая родная мова! — а прадаваць, раз уж мы жывем у вольнай Еўропе. «Прадаваць» — не значыцца прасіць за вершы грошы. А падаваць іх так, каб людзям захацелася пабегчы і прыдбаць кніжку, ці залезці пачытаць у інтэрнэт.

interviu_63.jpg

На публічных сустрэчах я стараюся лёгка расказваць людзям пра Барадуліна: і па памяці чытаю, і разбіраю, і цытую, і жартую… Каб аднойчы чалавек зацікавіўся — мммм, нічога ж такія вершы!

Ведаеце, Глеб, я цалкам разумею, навошта вы займаецеся мовай і паэзіяй, і канкрэтна — паэзіяй шаноўнага дзядзькі Рыгора. Апроч усяго, гэта высокага кшталту ўдзячнасць былога сямікласніка любімаму паэту. Але, напрыклад, вашыя ліставанні на прадпрыемствы наконт надпісаў па-беларуску — навошта гэта?

interviu_64.jpg

Мае «выбраныя месцы з перапіскі з сябрамі»? (усміхаецца) Кожны чалавек павінны рабіць ўсё, што можна — каб было, як трэба. Першасная задача, якую я бачу, — захаваць тое, што ёсць. Наступная — развіць, нешта дадаць.

Пры слове «беларуская культура» што ўяўляе сабе звычайны чалавек? Харошкі, Дудуткі, саламяны брыль і вышыванка з ГУМа. У мяне, у кожнага з нас, у прадпрыемстваў, у людзей, у службаў розных сёння ёсць уся магчымасць паказаць, што наша культура — гэта не брыдка, не нудна, не млосна, а модна, а файна, а — па-нашаму!

interviu_65.jpg

А як на ваш погляд, навошта наогул чалавеку родная мова?
Навошта чалавеку мова?.. Асабіста я нікога сілком не буду прымушаць размаўляць па-беларуску. Варта схіляць да беларушчыны тых, хто вагаецца, хто сам задумаўся пра гэта. Між іншым, запытайце на вуліцы — вам праз аднаго скажуць, што «мы б размаўлялі, ды няма з кім, не ведаем мовы, размаўляем з памылкамі». А лупіць на трасянцы — баяцца.

Чалавека, які прыйдзе да беларускай мовы, чакае паралельны свет, нацыянальны космас, новая прастора! Мова — гэта наш сусвет, нашае месца пад зоркамі. Я ў параўнанні з тымі, хто пакуль не прыйшоў да мовы, болей шчаслівы. І таму я вельмі хачу дапамагчы іншым.

interviu_66.jpg

Яшчэ адна прычына — культура нацыі. Беларуская  культура можа быць створаная толькі на беларускай мове. Усё. Вядома, рускамоўныя творцы кажуць пра нас: вы самі сабе заганяеце ў гета, калі абмяжоўваецеся мовай, у вас не будзе ні чытачоў, ні прэсы, бла-бла-бла! Але ж не. Мы проста будуем сваю культуру. А рускамоўныя будуюць рускую. Уся розніца.

І яшчэ. Людзі нашыя — яны ж не адвернутыя ад мовы. Беларуская мова схваная ў кожным беларусе, але схаваная глыбока-глыбока. Калі я па журналісцкай працы сустракаўся, напрыклад, з пракурорскімі роаботнікамі, у тых кабінетах, дзе беларускай мовы, здавалася б, быць наогул не павінна, то заўважаў дзіўныя рэчы.

Калі ты хвіліну, другую, пятую размаўляеш з тым чалавекам па-беларуску, праз шэсць ці сем ён таксама загаворыць на мове! Яна сідзіць у кожным з нас! Трэба проста не душыць яе — а даць магчымасць ёй выйсці на волю.

interviu_67.jpg

Янка Брыль аднойчы сказаў: «Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!» І ён меў рацыю, у тым ліку — наконт «прымусіць». Нашыя ж людзі вельмі кан’юнктурныя. Толькі заўтра высокае начальства скажа: ўсім размаўляць па беларуску! — і будуць размаўляць. Таму будзе той час — калі многія будуць размаўляць.

Ведаеце, нас трыста год душылі. Мова ўжо трыста год памірае. І ніяк не памрэ. І будзе жыць. Таму што ў Беларусі заўсёды знаходзяцца апантаныя трыста спартанцаў, якія невядома як і з невядомых прычын бароняць і шануюць беларускую мову. Яны не ведаюць, ці трэба гэта каму, ці нясе гэта якую карысць — а проста робяць тое, што лічаць важным.

interviu_68.jpg

На беларушчыне, канешне, вельмі цяжка зарабіць. Літаратары, якія жывуць з беларускай літаратуры — адзінкі, пералічіць можна на пальцах адной рукі. Топавыя нашыя музыкі адначасова працуюць на трактарным, напрыклад, заводзе, каб зарабляць на сям’ю. Але ж менавіта таму ў нашай мовы — самыя моцныя прыхільнікі і творцы. Тыя, якія не за грошы.

Глядзіце: нашыя курсы, «Мова ці кава». Мы ж нікога не цягнем сюды сілком! Нават аб’вестак асабліва няма нідзе. Нікога не прымушаем, не зганяем. Проста адчыняем дзверы і кажам: хадзем разам да мовы. 

interviu_70.jpg

«Мова ці кава», наогул — не курсы мовы ў чыстым выглядзе. Гэта — клуб для тых, хто хоча ведаць сваё, каб асэнсавана палюбіць гэта сваё. Да нас ходзяць і тыя, хто добра ведае мову — але не маюць, з кім размаўляць.

А тут — цэлае новае асяроддзе. На «Мове ці каве» людзі адшукваюць суразмоўцаў, сяброў, каханкаў, гэта, лічыце, — клуб беларускіх знаёмстваў. Тут — незаангажаваныя людзі, не філолагі, не пісьменнікі, не крытыкі, звычайныя людзі. Аптэкары, праграмісты, архітэктары, ветэрынары… Беларуская мова ў нас не скончваецца філалагічнай сектай з палітычным налётам. Яна — жывая.

Мы тут весела бавім час па-беларуску. Прыходзьце. Будзе мова, і будзе цікава!

Фота: Ксенiя Альхмам

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (7) Последнее сообщение
Lapka аватар

Побольше бы таких неравнодушных людей

Larysa аватар

"Мова ці кава" - проста геніяльная назва! І геніяльная справа!

zoloto аватар

Выдатна! 

 "Кожны чалавек павінны рабіць ўсё, што можна — каб было, як трэба."

 

Joyful аватар

Галоўнае не тое вялікае, да чаго дадумаліся іншыя, але тое маленькае, да чаго сам дайшоў. Дойдзем?!

Анна Северинец аватар

 ну канешне!

Нежность аватар

«Калі б беларуса прымусіць быць беларусам, які б атрымаўся выдатны беларус!» 

Дзякуй, вельмі цікава! Нават паглядзела свае справы на панядзелак - авось патраплю Happy

 

Nastya Asya2010 аватар

 "Яна сiдзіць у кожным з нас! Трэба проста не душыць яе — а даць магчымасць ёй выйсці на волю."

*сЯдзiць*

Так i ёсць. Спрабавала!  

#
Система Orphus