Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Аксамітавая Беларусь: персанальны навігатар па найноўшай беларускай літаратуры

Пытання «што пачытаць па-беларуску» больш няма.

Вы таксама, як і я, стаялі ў роспачы ля кніжных паліц з беларускімі кніжкамі: божачкі ж мае, колькі літаратуры, а што набыць — невядома? Вы таксама, як і я, разгубіліся, калі дзіцёнак запытаўся: «Мама! А што цікавага па-беларуску пачытаць?»
Адказ — ёсць.

Мая суразмоўца, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, літаратурны крытык і заўзяты чытач Ірына Шаўлякова расказвае аб тым, што, як, у якіх выпадках і з якім настроем чытаць па-беларуску.

velvet_2.jpg

Іра, як ты лічыш, чаму так адбываецца: і пісьменнікі ў нас ёсць, і чытачы таксама, і сайты спецыялізаваныя ў байнэце для «піару» ёсць,  і выданні, а ўсё роўна: выдасць пісьменнік кніжку накладам 500 асобнікаў і не ведае, каму і як яе прадаць. Між іншым прэцэдэнты ёсць: «Сфагнум» Марціновіча, напрыклад, разляцеўся за тыдзень, «Дзіцячая замова» Лабадзенкі — за два, і народ патрабуе дадатковых накладаў. Што, астатнія пісьменнікі і кніжкі — не такія таленавітыя?

— Справа тут не ў таленцеяк такім, а ў яго, так бы мовіць, разнавіднасцях. Наяўнасць пісьменніцкага таленту не гарантуе, што чалавек надзелены і талентам гандляра, маркетолага ці хаця б піяршчыка. У выпадку з сённяшнімі беларускімі пісьменнікамі так званага сярэдзіннага пакалення (сарака — пяцідзесяцігадовымі) таленавітасць мастацкая нярэдка знаходзіцца ў зваротнай залежнасці з талентам (аўта) маркетынгу. Ідэальны прыклад — жыццё і творчасць Андрэя Федарэнкі. Што тычыцца яго маладзейшых калег, то тут сакрэт у прапорцыях розных «відаў» таленту: у згаданага табой, Ганна, аўтара «Сфагнума», на мой погляд, пераважае талент другога тыпу. А вось у асобе Глеба Лабадзенкі беларускі літаратурны працэс атрымаў і цікавага пісьменніка, і руплівага даследчыка, і паспяховага «літмаркетолага». Яго «Дзіцячая замова», як і падрыхтаванае да 80-годдзя У. Караткевіча ўнікальнае выданне «Ладдзі роспачы» (2010), і іншыя праекты спалучаюць значнасць падзей уласна літаратурных — і культурніцкіх. Бо імпрэзы, сустрэчы, інтэрв’ю з нагоды канкрэтнай падзеі паступова разгортваюцца ў сістэмныя асветніцка-прапагадысцкія кампаніі, скіраваныя на далучэнне суайчыннікаў да набыткаў нацыянальнага мастацтва слова. У акрэсленым сэнсе дзейнасць спадара Лабадзенкі падаецца таксама (амаль) ідэальным прыкладам, але прыкладам-выключэннем.

Навошта пачынаць чытаць беларускае? Растлумачу. У мяне, напрыклад, ёсць, так бы мовіць, унутраны запыт на літаратуру: калі  хочацца паскладаней — чытаю рускую, пацікавей — японскую, паэкзатычнее — Афганістан, Афрыка, Ліван, папрасцей, але душаразрывальнее — еўрапейскую… А на які унутраны запыт адказвае беларуская літаратура?

— Гэта залежыць ад двух ключавых момантаў: 1) ад унутраных установак канкрэтнага чытача; 2) ад яго дасведчанасці ў мастацкай славеснасці (прычым не толькі беларускай, але і сусветнай).

Калі ўстаноўкі пазітыўныя (не хочацца абражаць ці пацвяляць кагосьці паўтарэннем негатыўных стэрэатыпаў наконт беларускай літаратуры), беларуская мастацкая славеснасць можа задаволіць самы шырокі спектр запытаў. Нават праз зварот да рэсурсаў найноўшага пісьменства. Хочаш чагосьці «больш складанага» — чытай філасофскую паэзію Алеся Разанава, Віктара Слінкі, Алеся Дуброўскага-Сарочанкава, прозу Віктара Казько ці Ігара Бабкова.

Прагнеш цікавага (дапусцім, тут гаворка пра займальнае, авантурнае, прыгодніцкае і г. д.) — ёсць напісаныя ў сааўтарстве раманы Максіма Клімковіча, Уладзіміра Сцяпана і Адама Глобуса, проза Уладзіслава Ахроменкі, Людмілы Рублеўскай, Сяргея Балахонава. З экзотыкай у сучаснай беларускай літаратуры праблем таксама няма. Варта толькі вызначыцца, пра якую экзотыку размова: калі пра геаграфічную — чытаем «Камендацкі час для ластавак» Алены Брава, «Шалом» Артура Клінава, «Замак пабудаваны з крапівы» Зміцера Вішнёва. Але ж можна гаварыць і пра жорстка «экзатычныя» для беларускага менталітэту ідэі: тады чытаць нагбом (калі тонкая душэўная арганізацыя дазваляе) прозу Юры Станкевіча. Вершы і перформансы Віктара Жыбуля, Джэці, Іллі Сіна для некаторых з тутэйшых чытачоў значна больш «экзатычныя», чым паэзія Усходу.

Ізноў жа, у каго ад чаго душа рвецца: у адных ад рыбалкі («Святло лускі» Сяргея Рублеўскага), у другіх ад успамінаў пра дзяцінства-юнацтва ў беларускім «гэпэ», гарадскім пасёлку (зборнік навел Уладзіміра Сцяпана «Адна капейка») ці ад прывіду «Шабаноў» (як у Альгерда Бахарэвіча), у трэціх — ад згадак пра «Урокі першага кахання» (так называецца адзін з твораў Валерыя Гапеева для падлеткаў), а ў некага — ад кахання ў жудасных дэкарацыях сталінскіх рэпрэсій (раман — камп’ютарная гульня Людмілы Рублеўскай «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію»).

Момант другі — дасведчанасць — мае сэнс толькі тады, калі пункт першы вырашаецца станоўча. Ніякі кансультант, нават шырока-глыбока дасведчаны ў найноўшай беларускай літаратуры, нават здольны паказаць яе з’явы кантэкстна, на фоне іншых літаратур, не зможа здзерці з твару чытача «казіную мысу» («панылае фуфло гэта ваша літаратура!... »), калі яна пусціла карані «ўглыб» чытача.  

З каго пачынаць чытаць сучаснікаў непадрыхтаванаму чытачу, калі ўсё, што ты ведаеш пра белліт — гэта школьная праграма?

— Універсальнай парады даць я не магу. Бадай, якраз таму, што гадзінамі для канкрэтнай аўдыторыі гатова гаварыць пра літаратуру, асабліва пра найноўшую. Каб раптам не расчараваць імпэтнага чытача-«неафіта», варта ўлічыць шэраг параметраў: узрост, чытацкі вопыт (узровень развіцця чытацкай культуры), жанравыя і стылявыя перавагі, абазнанасць у класічнай і сучаснай літаратуры і нават эмацыянальную ўспрымальнасць («болевы парог»). Скажам, дзве саракагадовыя жанчыны (плюс-мінус пара год): адной лепш пачаць з «Сэрца мармуровага анёла» ці «Золата забытых магіл» Людмілы Рублеўскай, а другую зачэпіць жорстка-пранізлівая проза Алены Брава (напрыклад, адносна нядаўняя аповесць «Рай даўно перанаселены»)…

Адзін мой калега, доктар навук, разважаў неяк у перапоўненым тралейбусе, хто можа лічыць сябе сёння заможным чалавекам. Адна з высноў мела непсрэднае дачыненне да літаратуры: той, хто мае персанальнага «трэнера па літаратуры», «фарміравальшчыка» кола чытання, чытацкага густу і г.д. — чалавек бясспрэчна заможны. Гатова паспрыяць «чытацкаму дабрабыту» любога з тваіх, Ганна, чытачоў. Прычым дарма (усміхаецца).  

А што параіш гурманам?

— Парады гурманам — з той жа серыі, што і адказ на пяпярэдняе пытанне, бо «адзін любіць кавун, а іншы — свіны храсток» (Д. Быкаў). Згадаю, аднак, пра феномен, дзякуючы якому найноўшая беларуская літаратура вытрымала б любое выпрабаванне на ўнікальнасць. Сутнасць гэтай з’явы я для сябе акрэсліваю праз паняцце «экзістэнцыйна-лірычны рэалізм», што дазваляе побач разглядаць такія розныя творы непадобных адзін на аднаго аўтараў: «Лісты з млына» Міколы Купрэева і «Брыгіткі» Кастуся Тарасава; творы Сяргея Рублеўскага «Нячутныя гукі самоты», «Чалавек-дрэва. Фантасмагорыя» і аповед «Галубы» Міхася Андрасюка; «паэтычную прозу» Леаніда Дранько-Майсюка, «выяўленчую прозу» Уладзіміра Сцяпана, і «вершы пасля вершаў» (кнігу паэзіі «З гэтага свету») Леаніда Галубовіча.

Чытанка для самых маленькіх:

— Пісаць для дзяцей — вялікая адвага, бо даводзіцца «паразумецца» з некалькімі «вятрамі» (дазволю сабе перафразаваць назву аповесці Анатоля Казлова): быць цікавым дзіцяці і завабліваць, «закалыхваць» дарослых, якія самым маленькім кнігі чытаюць. У гэтым сэнсе не менш «адважнымі», а дакладней, саманадзейнымі выглядалі б парады дылентанта, які павярхоўна арыентуецца ў трэндах ды брэндах дзіцячай літаратуры. Таму магу толькі падзяліцца прыватным вопытам: некалі нас з мужам у зацятай барацьбе з упартым бяссоннем дачкі ратавалі аповеды «Прыгоды мышкі Пік-Пік» Людмілы Рублеўскай. Пазней з’явілася кніга, што паспяхова прайшла падобныя «баявыя патрабаванні» ў пляменніка і суседскіх дзяцей — вершаваная казка Сержа Мінскевіча «Прыгоды Какоса Маракоса». Наколькі я разумею, абедзве рэчы пісаліся аўтарамі найперш для сваіх дзяцей. Адзін з магчымых інгрэдыентаў паспяховай дзіцячай кнігі, такім чынам, — густ яе самага першага чытача. 

velvet_4.jpg     

Для малодшых школьнікаў:

— Межы малодшага школьнага ўзросту ў сучасных псіхолага-педагагічных даследаваннях супадаюць з перыядам навучання ў пачатковай школе (з 6—7 да 9—10 гадоў). У гэтай «атлантыдзе» я таксама пачуваюся досыць няўпэўнена, але ў асветніцка-адукацыйных мэтах параіла б творы Уладзіміра Ліпскага і Раісы Баравіковай, для маленькіх аматараў прыгод і ўсялякіх неспадзяванак — «Падарожжа ў краіну ведзьмаў» Алеся Бадака. 

Для падлеткаў:

— Цікава, што менавіта чытачы-падлеткі сталіся аб’ектам спланаванага пісьменніцкага «замаху». «Замахваліся» беларускія пісьменнікі, уласна кажучы, на стварэнне якаснай прозы для падлеткаў як новага брэнду нацыянальнай літаратуры. Можна сказаць, што «змова» пісьменнікаў (удзел у ёй у 2000-х гадах бралі Раіса Баравікова, Алесь Бадак, Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч і інш.) мела поспех. Так, Раіса Баравікова звярнулася да жанру, чый патэнцыял у айчыннай літаратурнай традыцыі не раскрыты, магчыма, якраз з прычыны не зусім сур’ёзнага да яго стаўлення.

Маецца на ўвазе яе «аповесць для падлеткаў» «Казімір — сын Ягайлы + Насця з 8 «Б» = », якая сінтэзуе лепшыя набыткі прыгодніцкай, гістарычнай і навукова-фантастычнай літаратуры, прычым займальная фабула насычаецца далёка не легкаважным зместам. У сваю чаргу, напоўніцу скарыстоўваюць нежартоўныя магчымасці гісторыка-прыгодніцкай і гісторыка-дэтэктыўнай прозы для падлеткаў Андрэй Федарэнка («Афганская шкатулка», «Шчарбаты талер»), Алесь Наварыч («Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…»). Алесь Бадак у 2007 годзе ў часопісе «Маладосць» упершыню апублікаваў аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» (мая васьмікласніца-дачка чытала, што называецца, «без прынукі»). Казачныя аповесці Пятро Васючэнкі пра двух наравіста-ганарыстых паноў (выйшлі асобнай кнігай «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі» ў 2003 годзе) вось ужо дзесяць год застаюцца сапраўдным хітом у «падлеткаў» сённяшніх… і колшніх.

Акрамя таго, падлеткам і юнакам, арыентаваным на фантастыку і фэнтэзі, можна параіць пагартаць «Фантаст» — «часопіс у часопісе», што да нядаўняга часу друкаваўся на старонках «Маладосці» (побач з невялікімі аповедамі там друкаваліся «раман-фэнтэзі» «Сад замкнёных гор», «касмічнае фэнтэзі» «Зорныя гульні» і «Рок@нат. Фэнтэзі++» Сержа Мінскевіча). Можна параіць таксама калектыўны зборнік «Люстэрка Сусвету: беларуская фантастыка».

Ці ёсць такія сучасныя беларускія пісьменнікі, імёны якіх на вокладцы — гарантыя чытацкага задавальнення, інтэлектуальнага захаплення і літаратурнай якасці?

— Такія пісьменнікі ёсць. Прычым у кожным літаратурным пакаленні, якое больш-менш акрэслілася. З папраўкай на сацыякультурную сітуацыю, у якой разгортваецца найноўшы беларускі літаратурны працэс, — гэта не абы-якое дасягненне.

Складанне «спісу» такіх пісьменнікаў для мяне асабіста — справа не хуткая. Таму згадаю тых, да чыіх кніг з рознымі мэтамі (як чытач ці даследчык) звярталася апошнімі днямі: Пятро Васючэнка, Лявон Галубовіч, Людміла Рублеўская. 

Як ты ставішся да беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць на рускай мове? На твой погляд, якую культуру яны ўвасабляюць і ўзбагачаюць?

— Маё стаўленне да пісьменнікаў, якія ў Беларусі пішуць на рускай мове, вызначаецца паводле тых жа ключавых крытэрыяў, што і да пісьменнікаў, якія пішуць па-беларуску (не толькі ў Беларусі): маецца на ўвазе якасць мастацкага твора і адэкватная прафесійная ды асобасная камунікацыя.

Хто праслухаў хоць пару лекцый па ўводзінах у агульнае мовазнаўства, ведае: мова мадэлюе вобраз свету для яе носьбіта, накладвае на рэальнасць адмысловую «класіфікацыйную матрыцу».

Руская мова для пісьменнікаў, якія пішуць на ёй стала, — інструмент спасціжэння і мастацкага аднаўлення свету. Наконт унёску пісьменнікамі з Беларусі, што пішуць на рускай мове, ва ўзбагачэнне рускай культуры, няхай мяркуе, даруйце за відавочнасць, руская культура (што ў дачыненні да сучасных пісьменнікаў — справа, бадай, няхуткая). Што тычыцца культуры беларускай, то гвалтам наўрад ці каму захочацца ўзбагачацца (асабліва пад ляскат пагардлівых рэплік пра гэных «беларускамовных»). Разам з тым феномен, напрыклад, так званай «мінскай школы» выклікае нязменны інтарэс у беларускай літартурнай прасторы, пра што сведчыць розгалас з нагоды выдання ў лістападзе 2013 года другога выпуску паэтычнага альманаху «Мінская школа». Выснова такая: значнасць літаратуры, якая ствараецца ў Беларусі, у супольнасці неабыякавых да літаратуры людзей, вызначаецца не паводле гучнасці «ляскатання», а паводле якасці тэкстаў. 

Як па-твойму, гіпатэтычна: якога пісьменніка сёння чакае беларуская літаратура? Якога чытача шукае беларускі пісьменнік? Што павінна адбыцца, каб завіраваў нарэшце беларускі літаратурны працэс?

— І тут я ўяўляю сабе беларускую літаратуру, скажам, як гогалеўскую Каробачку: яна нікога не чакае, а да яе госці няпрошаныя лезуць і лезуць, пхнуцца пад самую ноч, ды з камерцыйным інтарэсам…

Я насамрэч пераканана, што літаратура не можа чакаць пісьменніка: абставіны, кантэкст (літаратурны і калялітаратурны) «спараджае», абуджае да жыцця тое, што патрэбна менавіта ў гэты час тут.

Галоўная выснова, якую я магу зрабіць па выніках назірання за беларускай літаратурай апошніх дзесяці-пятнаццаці год: пра што б ні пачыналі пісаць беларускія пісьменнікі (пра галубоў, вайну, масонскія змовы, смаленне вепрука ці першы сэкс), — атрымліваецца ўсё роўна пра Беларусь. Таму беларускі пісьменнік самім фактам свайго паўставання, уваходжання ў беларускую літаратуру асуджаны на пошукі беларускага чытача, заангажаванага ў беларушчыне больш, чым сам пісьменнік (бо першы хоць самарэалізуецца ў творчасці).

Незалежна ад нашых каментароў літаратурны працэс на Беларусі ідзе. Прычым яго «хада» пры адпаведнай сфакусаванасці зроку можа падацца віраваннем (заўсёдным наведвальнікам імпрэз, заўзятарам пасварыцца праз жысць-літаратурў ў сацыяльных сетках і г.д.).   

velvet_5.jpg  

А што ты зараз чытаеш сама?

— Маю з часоў філфака дыягназ: кнігаманія. Паэзію чытаю ў перыяды «рэмісіі». Прозу амаль ніколі не перачытваю (выключэнні складаюць рэчы, якія ў філфакаўскіх калідорах пачатку 1990-х шанаваліся як знакавыя, напрыклад, «Москва — Петушки» Венядзікта Ерафеева). У «вытворчасці» адначасова знаходзяцца тры-чатыры кнігі, звычайна адрозныя па жанрава-стылявым малюнку і краіне паходжання. Зараз гэта «Дом на беразе лагуны» Расарыі Фэрэ, «Арфаграфія» Дзмітрыя Быкава, «Рассячэнне Стоўна» Абрахама Варгезе, «Дванаццаць подзвігаў Геракла» Пятра Васючэнкі.

Бліжэй да сярэдзіны кнігі, якая мяне захапляе і крыху прыцішвае кнігаманскую хэнць, навальваецца самота: вось дачытаю, і зноў шукай-трымці.

У сэнсе залежнасці для мяне чытанне — любімая (але і найбольш учэпістая) шкодная звычка.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (2) Последнее сообщение
zoloto аватар

Дзякуй! Чытала нядауна Ул. Гнiламедау - Прыгоды новага Улiса - нiшто так, спадабалася. Акудовiч - Mяне няма. Дзеткам- трэба будзе набыць штосцI.

Юлия Петруненко аватар

У нас сборник сказок "Куды блiнок закацiуся" хорошо идет. Там, кстати, и Бадак есть, и Баравикова. Стараюсь читать почаще, а то ребенок белорусский язык больше нигде не слышит  Английский и то чаще.

#
Система Orphus