Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Аксамітавая Беларусь: паэзія — жыве

Між тым беларуская паэзія існуе, жыве, крочыць у тэмпе паэзіі сусветнай, не гледзячы на тое, што чытач наш яе амаль не заўважае.

Напэўна, паэты будуць заўсёды, у незалежнасці ад таго, лёгка ці складана выдаваць свае вершы (зараз — вельмі складана), шмат ці нешмат можна на іх зарабіць (зараз — толькі страціць), будуць ці не будуць цябе чытаць (зараз — хутчэй не будуць) і колькі чалавек прыйдзе на прэзентацыю тваёй кніжкі (зараз — хіба паўсотні).

Проста заўсёды ёсць і будзе нейкі працент грамадзян, якія складаюць думкі ў радкі і рыфмуюць пачуцці катрэнамі.

А яшчэ, думаецца, паэзія ніколі не будзе састарэлай: жыццё змяняецца, людзі змяняюцца, паэты змяняюцца, радкі і рыфмы 0 таксама змяняюцца. Таму у кожным часе, у кожнай эпохе, у кожным нават годзе заўсёды адшукаецца той самы паэт, які распавядзе самымі дакладнымі словамі самыя патаемныя рэчы.

Добрая паэзія таксама не знікае. Геніі нараджаюцца заўжды. Варта толькі адчыніць тыя старонкі, дзе хаваецца сарамлівая сёнешняя паэзія (не чытаюць, не выдаюць, не ведаюць) — і ты пабачыш новых Бродскіх, новых Барадуліных, новых Ўітманаў.

Паглядзіце, як трапна адказваюць на нашыя турботы і клопаты сёняшнія маладыя беларускія паэты.

svobodnoe-vremya_1.jpg

Піша Стась Карпаў:

Новую зіму мне не перажыць. Запішы.
Восенню буду хварэць на тугу і ангіну.
Ў снежні, пішы, удыхну (і ўдыхнуўшы загіну)
Пах мандарынаў і елак на кірмашы.
Не перанес. Напішы, што зіму і тугу.
Месяц у марным чаканні новага года
Пройдзе ізноў незаўважна і знікне нагода
Нешта чакаць. Не чакаць — запішы — не магу.
Так і пазнач, што не вынес. А лепш, што не стаў.
У верасні з гэтай тугой жыць цяжэй чым з віною.
Выйшаў і йшоў. Напішы, што, здаецца, Дзвіною.
Знік, напішы, што, здаецца, ў раёне Пастаў.
Што ён убачыў ў дарозе? Давай, памагі —
тут спадзяюся, што ты разбярэшся з прадметам.
Я бы сказаў: адпаведна народным прыкметам
Рухаўся, бачачы збольшага пальцы нагі.
Птушак не бачыў і, чуючы іх галасы,
Грэў свае ногі на беразе ў восеньскай ціне
І уяўляў, як ляціць і ляціць павуцінне
Рамам на шыбы і мамам ляціць ў валасы.
Пахлі палі, запішы, тыпаграфскім свінцом -
Жалі ўраджаі на першых палосах газеты
Надрукаваныя, каб перапоўніць клазеты.
Так і пішы. Гэта будзе някепскім канцом.

svobodnoe-vremya_2.jpg

Піша Валярына Кустава:

Жанчына, цяжарная сынам, —
Жанчына, цяжарная Богам.
Не
     чапайце
                    Жанчыну,
якая носіць малога!
Чэрава маці — заслона,
ахова дзіцяці сьвятога.
Айчына, цяжарная сынам, —
Айчына, цяжарная родам.
Не
     чапайце
                    Айчыну,
якая носіць народы!
Зямліца, цяжарная сынам, —
Зямліца, цяжарная воем.
Не
     чапайце
                    Зямліцу
якая выношвае волю!
Сьцябліна, цяжарная сынам, —
Сьцябліна, цяжарная плёнам.
Не
     чапайце
                    Сьцябліну
якая носіць імёны!
Ральліна, цяжарная сынам, —
Ральліна, цяжарная лёнам.
Не
     чапайце
                    Ральліну,
што носіць урод зялёны!
Сьцяжына, цяжарная сынам,
Сьцяжына для пакаленьняў.
Не
     чапайце
                    Сьцяжыну,
якая носіць каменьне!

svobodnoe-vremya_3.jpg

Піша Наста Кудасава:

ПАТОП
Боль, памножаны на ноль,
Не зраўняецца ні з чым.
Быў бы ў сэрцы дзейсны Ной —
І той не здолеў бы ўцячы.
Хай жа не жыве ніхто:
Ні сініца, ні асёл.
Будзь, бязлітасны патоп!
Нішчы маё ўсё!

Мне да болю блізкія гэтыя радкі. Яны даюць тое, што і павінна даваць спраўдная паэзія: адчуванне эмпатыі, еднасці з тымі, хто перажывае тыя ж складаныя і цікавыя дні, што і я.

А вам?  

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (5) Последнее сообщение
Natali16 аватар

zoloto аватар

Прыгожа. Кустава вельмі спадабалася.

Анна Северинец аватар

Ага, моцны верш! 

OLIA аватар

а мне - Карпаў

Анна Северинец аватар

Карпаў наогул, як на мой погляд, будучы беларускі Бродскі. Вельмі цікавы паэт. 

#
Система Orphus