Полная версия сайта Мобильная версия сайта

Аксамітавая Беларусь: Наталка Харытанюк — «свая» пісьменніца

Так здараецца: доўгі час шукаеш добрую родную кніжку, а яна чакае цябе зусім блізка.

Імя Наталкі Харытанюк я сустрэла  ў Сеціве выпадкова: званне — лаўрэат прэміі «Дэбют» за 2010 год,  і назва — «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката».

Праз пару дзен у фрэндстужцы адной з сацсетак выпадкова зазірнула на старонку да сябра і захапілася фоткамі неверагоднай прыгажуні ў шыкоўнай летняй сукенцы. Са здзіўленнем убачыла ўжо знаёмае імя — Наталка Харытанюк. А потым у кнігарні, спехам перабіраючы кніжкі, спынілася раптам на учэпістым, ёмкім, незвычайна змястоўным тэксце… Адвярнула вокладку… І нават не здзівілася. 

Гісторыя Наталкі Харытанюк — сама па сабе сучасны раман.

У 2006 годзе я скончыла ўніверсітэт у родным Берасці. Там я стала філолагам ды настаўніцай ангельскай, нямецкай і беларускай мовы і літаратуры. Далей я паехала вучыцца ў Менск — у магістратуру на замежную літаратуру філфака БДУ, дзе займалася творчасцю ангельскага літаратара Джуліяна Барнза.

Апошнія пяць год я працую выкладчыцай ангельскай мовы. Але гэта знешні сюжэт майго жыцця. Унутраная — самая цікавая — драматургія пачалася ў маім жыцці ў 2004 годзе, калі я, у свае 19 год, прачытала раман «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» Ігара Бабкова — і закахалася. У сам раман, у літаратуру, у такі, незвычайны для мяне, лад мыслення — лабірынавы, і ў самога аўтара, безумоўна. Тады ж я і пачала пісаць — і ў 2010 годзе ў мяне склаўся зборнік апавяданняў «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката».

За яго я атрымала прэмію Дэбют імя Максіма Багдановіча. З улюбёным аўтарам, Ігарам Бабковым, я ўзяла шлюб, і ў нас нарадзіўся сын Багдан.

natalka_harytanyuk_1.jpg

Наталка, чаму — па-беларуску? На жаль, у сёняшніх культурных, чытацкіх, у рэшце рэшт рынкавых умовах беларуская мова для аўтара — гэта свядомае звужэнне аўдыторыі, свядомыя ліліпуцкія наклады, свядомы дрэнны продаж…

У маім жыцці спачатку здарылася беларушчына, а пасля літаратура. Таму я не выбірала, як пісаць — натуральна было на той мове, на якой я думала.

А як мова ўвайшла ў вашае жыцце?

У маім атачэнні не было нікога беларускамоўнага — таму ўсё беларускае прыйшло праз кнігу. Спачатку была «Зямля пад белымі крыламі» Ўладзіміра Караткевіча, якая распаліла любоў, і апантанасць, і нават нейкі шал да Беларусі.

Пасля была кніга Анатоля Кудраўца «Смерць нацыяналіста», якая ўсё радыкалізавала і падштурнула мяне пайсці «адпомсціць» за нацыяналіста — перайсці канчаткова на беларускую.

Нейкі час я падтрымлівала ў сабе гэты баявы дух — чытала беларускую патрытычную лірыку ўголас, голасна, ускараскаўшыся на ўслончыкі ў цэнтры Берасця. Мне было пятнаццаць, і я была ўпэўненая, што змагу ўсё. Вярну да беларушчыны ўсіх.

Беларуская мова так і засталася б для мяне мовай змагання, калі б праз некалькі месяцаў я не натрапіла на эратычнае апавяданне Адама Глобуса, прачытаўшы якое, я не толькі вывучыла два новыя словы — клубы і сцёгны. Я таксама зразумела, што не ўсё так проста ў гэтым свеце.

natalka_harytanyuk_2.jpg

Хто быў вашым літаратурным настаўнікам, на каго арыентаваліся, каго маглі б назваць «уладаром вашых думак»?

Ігар Бабкоў быў і застаецца маім Майстрам. Ён і ўладар думак, і настаўнік. Усе свае тэксты я абавязкова аддаю прачытаць Валянціну Акудовічу — каб пасля пагаварыць з ім пра іх.

Гэта асобная рэдкая асалода — пагаварыць з разумным чалавекам, які яшчэ вельмі добра чуе тон.

Ён жа параіў мне атачаць сябе таленавітымі людзьмі — і я атачыла сваё працоўнае месца партрэтамі Ейтса, Паўнда, Рыльке, Вірджыніі Вулф, Гесэ, Борхеса. Яны і ёсць маімі літаратурнымі арыентырамі.

Аднойчы адзін са студэнтаў у творчай рабоце напісаў нешта кшталту: беларус ніколі не вырашыць сваіх унутраных праблем, калі будзе спрабаваць пісаць пра іх на рускай мове.

Дадумаю яго думку: зразумела, што мова кожнага народа валодае неабходнымі толькі гэтаму народу ўнутранымі ментальнымі рэсурсамі, таму хочаш вырашыць свае базавыя, ментальныя пытанні — пачні размаўляць на роднай мове.

Ці заўважалі вы такую асаблівасць узаемаадносін чалавека і мовы?

Я думаю, Ваш студэнт меў рацыю ў тым сэнсе, што беларус ніколі не вырашыць сваіх унутраных праблем, калі будзе толькі пісаць пра іх — на рускай ці беларускай мове.

Каб зразумець, дзе наша чорнае, а дзе белае, трэба паглыбіцца ў нашу традыцыю.

А адтуль — з традыцыі — нам, магчыма, стане ясна, што ні чорнага, ні белага самога па сабе няма. Як напісана ў Бгагавадгіце, хто гэта зразумее, таму ўжо нічога не будзе страшна — ні правілы, ні парадкі, ні свае, ні чужыя.

natalka_harytanyuk_3.jpg

Вы валодаеце не толькі рускай і беларускай мовамі. Як пісьменнік і лінгвіст, вы напэўна заўважаеце нейкія асаблівыя магчымасці розных моваў. Як бы вы ацанілі англійскую, рускую, беларускую мовы з пункту гледжання носьбіта: што дае нам кожная з іх?

Кожная мова — гэта маска, з-за якой мы можам бессаромна разыгрываць яшчэ адно чыёсьці жыццё. Я так заўжды і раю сваім студэнтам — уявіць, што гэта не яны самі гавораць, а з іх прамаўляе па-ангельску (па-нямецку ці па-кітайску) носьбіт мовы, якім яны захапляюцца.

Таму калі я гавару па-ангельску, свет мне здаецца паслядоўным і лагічным — як празрысты ангельскі сінтаксіс. Як гераіні маёй улюбёнай акторкі Эмы Томпсан.

Калі ж пераходжу назад на беларускую — голас становіцца больш нізкім, амаль як у Бандэраса, а свет здаецца поўным прыгод і неспадзяванак. Пра рускую мову мне цяжка меркаваць — я ёй карыстаюся гады ў рады.

А як наогул вы ставіцеся да сёняшней моўнай сітуацыі на Беларусі?

Ужо спакойна, бо, па-першае, я памятаю: галоўная перамога ў бясконцай барацьбе за беларускую мову — выратаваная душа.

А, па-другое, я бачу, што ў новай сітуацыі ў людзей знікла варожае стаўленне да беларускай мовы. Цяпер дзеці і моладзь з добразычлівым здзіўленнем глядзяць на яе — як на прывабную новенькую ў клясе.

Праўда, пакуль не ведаюць, пра што з ёй пагаварыць. І што на ёй можна прамовіць.

natalka_harytanyuk_4.jpg

На якой мове вы размаўляеце з роднымі? А з дзіцем?

На беларускай. І з сынам таксама.

Ці не баіцеся, што потым дзіценку будзе цяжка адаптавацца ў рускамоўным асяродку?

Не баюся. Ён у нас такі хуліган, што цяжка будзе рускамоўнаму асяродку.

Як на ваш погляд, чаму беларуская літаратура ніяк не знойдзе свайго чытача?

Па-мойму, адсутнасць чытача ў беларускай літаратуры — гэта адзін з тых распаўсюджаных міфаў, які ўжо перастаў адпавядаць рэчаіснасці. Беларускі чытач ёсць і ён — самы верны чытач з усіх вядомых мне чытачоў.   

Але ж і чытачам цяжка: нават тыя, хто гатовы чытаць па-беларуску, ніяк не знойдуць кніжку, ад якой немагчыма было б адарвацца.

Магу гэтым чытачам толькі паспачуваць. Хаця б за апошні год я сустрэла пяць кніжак, якія валодаюць такой вабай, што ад іх не адарвацца — «Паветраны шар» Ігара Бабкова, «Гамбургскі рахунак» Альгерда Бахарэвіча, «Гісторыю аднаго цуда» Сяргея Дубаўца, «Падарунак для Адэлі» Севярына Квяткоўскага, «Імёны» Адама Глобуса.

Каго з сучасных беларускамоўных творцаў вы б параілі абавязкова набыць у дамашнюю бібліятэку?

Гэта і праўда цяжкае пытанне. Бо заўжды трэба ўяўляць — каму раіш. Якая форма душы ў гэтага чалавека. Для ўсіх у мяне парады няма. Але — калі нехта распазнаў ува мне родную душу — то яму, мусіць, таксама будуць цікавыя Алесь Разанаў, Ігар Бабкоў, Галіна Дубянецкая, Наста Кудасава, Ігар Кулікоў, Пятро Васючэнка, Уладзімір Арлоў, Адам Глобус, Ян Максімюк, Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Прылуцкі…

А вашыя кніжкі: каму і чаму вы б параілі іх пачытаць?

«Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката» я б параіла тым, хто ведае хаця б нешта пра звар’яцелае каханне. Каханне, дзеля якога двое гатовыя разбіць галовы, падаючы з аблокаў. «Смерць лесбіянкі» — тым, хто, як і я, любіць Страшнае, і каго ўжо трэба ратаваць ад вантробных жахаў забабоннай містыкі.

«Чароўную казку Берасця» — тым, хто едзе ў падарожжа ў позневосенскае Берасце, каб разам з героямі паблукаць па забытых дворыках і старых садах. «Ейтсіяну» мне было б прыемна, каб прачыталі тыя, хто лічыць сябе паэтам і шаманам.

«Эву Кромэрлінк» я б параіла тым, хто любіць авантуры так, як люблю іх я. Праўда, апошнія тры кнігі яшчэ не напісаныя. А «Смерць лесбіянкі» хаця і напісаная, яшчэ не выйшла з друку.

Заметили ошибку? Выделите текст с ошибкой и нажмите Ctrl+Enter. Благодарим за помощь!
fb 0
tw
vk 0
ok 0
VELVET: Анна Северинец

Комментарии

Всего комментариев (3) Последнее сообщение
Larysa аватар

дзякуй! трэба пачытаць. Калі ласка, калі ёсць спасылкі на Наталкіны кнігі ў сеціве, дайце.

Анна Северинец аватар

Я менавіта ў Сеціве не знайшла. Ёсць у продажы ў "Кнігарні Логвінава". 

zoloto аватар

Дзякуй, пачытаем)))! 

#
Система Orphus